Zvarot-da-skarbau-dauniny-12 ліпеня ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адбылася імпрэза пад рамантычнай назвай “Дарогамі князёў, магнатаў і паэтаў”. Галоўнай тэмай сустрэчы, на якой сабралося некалькі дзясяткаў зацікаўленых асоб (у тым ліку навукоўцы, грамадскія актывісты і аматары беларушчыны), стала захаванне і адраджэнне айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.

Вядучая імпрэзы, культуролаг і пісьменніца Ірына Шумская напачатку распавяла пра дзейнасць Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага, асноўнымі мэтамі якога з’яўляюцца асветніцтва, актывізацыя гістарычнай свядомасці грамадзян і папулярызацыя беларускай гісторыі і культуры.

Прэзентуючы сваю новую кнігу “Шэдэўры нашай даўніны” (выдаведства Харвест, 2014), даследчыца адзначыла, што літаратура па краязнаўстве заўсёды неабходная і запатрабаваная не толькі на ўзроўні супрацоўнікаў турыстычнай галіны і прыхільнікаў самастойных падарожжаў, але сярод усіх неабыякавых да сваёй Бацькаўшчыны людзей.

Zvarot-da-skarbau-dauniny-2Гэтае рускамоўнае выданне спалучае ў сабе шэраг нарысаў, закліканых, з аднаго боку, пашырыць у грамадстве веды пра асноўныя цікавосткі краіны, з другога – праілюстраваць унікальнасць беларускага дойлідства і ягоную адметнасць ад аналагічных збудаванняў у суседніх краінах, асабліва ў Расіі, і ўрэшце рэшт спрыяць фарміраванню больш паважнага стаўлення да аб’ектаў матэрыяльнай культуры розных эпох.

Zvarot-da-skarbau-dauniny-3Рэдактар серый “Невядомая гісторыя” і “100 выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры”, прафесар Анатоль Тарас выказаў меркаванне, што дадзеная кніга напісаная з разлікам не на вузкіх спецыялістаў па гісторыі архітэктуры, а на звычайных жыхароў рэспублікі, мноства з якіх нават і не ўяўляе сабе колькасці і разнастайнасці тых помнікаў, што раскіданыя па розных кутках Беларусі. Пра значнасць выданняў такога кшталту паразважалі таксама кандыдат гістарычных навук, рэдактар сайта “Гістарычная праўда” Ігар Мельнікаў і адзін з вядучых айчынных спецыялістаў у эстэтыцы, акадэмік Вадзім Салееў.

Лірычная частка мерапрыемства была прадстаўлена выступам лаўрэаткі міжнародных вакальных конкурсаў Наталлі Грышчэні (сапрана) і піяністкі Алены Ўрублеўскай. Прагучалі народныя песні і рамансы, а таксама арыя Кармэн з аднайменнай оперы Ж. Бізэ.

Zvarot-da-skarbau-dauniny-6На імпрэзе панавала цёплая, таварыская атмасфера. Аўтарка кнігі агучыла намер у перспектыве стварыць яе англамоўную версію, адаптаваную для замежных чытачоў, што дазволіць зрабіць унёсак у пазіцыянаванне Беларусі ў свеце як самабытнай і па-сапраўднаму еўрапейскай краіны з багатай гісторыяй і культурай.