Ліцвін, які бараніў інтарэсы дзяржавы.
Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі — адзін з двух найбліжэйшых паплечнікаў Тадэвуша Рэйтана на векапомным Сойме Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў 1773 года… Сойм гэты, пры татальнай згодзе амаль усіх паслоў, сенатараў і міністраў, зацвердзіў Першы падзел дзяржавы. Але знайшліся і тыя, хто не стаў на бок подласці… Іх было толькі некалькі чалавек, амаль усе — ліцвіны (беларусы) з Наваградчыны, Міншчыны, Піншчыны… Жамойты ў тым сойме ўдзел не ўзялі, пазрываўшы ўсе свае соймікі. Іхняя чарга бараніць тое, што застанецца ад ВКЛ, а дакладней — Жамойці, надыдзе толькі пры Трэцім падзеле, праз дваццаць гадоў…

14-15.indd

Станіслаў Багушэвіч паходзіў са старажытнага і разгалінаванага тутэйшага роду. Адметнасць, якая вылучала менавіта гэтую галіну са шматлікіх Багушэвічаў, — прыдомак “Мінькоўскія”. Ці то ад злучэння з родам Мінькоўскіх у сівой даўніне, ці то ад аднайменнага маёнтка атрымалі яны такі дадатак, але як было, так было.

Нарадзіўся Станіслаў у маёнтку Літва, Ігуменскага павета Мінскага ваяводства (цяпер арыенцірам можа служыць Івянец, які адыгрывае ў нашай гісторыі не апошнюю ролю). Дакладная дата яго нараджэння невядомая — прыкладна ў 1751 — 1752 гг. Станіслаў быў сынам стражніка полацкага Мікалая і стальнікоўны мінскай Феліцыяны з Быкоўскіх.

Бацьку страціў рана. Адбылося гэта пад час вельмі бурлівага мінскага сойміка 1756 г., калі ў шабельнай сечы сышліся прыхільнікі дзвюх палітычных груповак — Радзівілаў і Чартарыйскіх, да якіх належыў Багушэвіч. Страціўшы кармільца, Багушэвічы аказаліся пад шчыльнай апекай іх сваяка, Антонія Багушэвіча, які запісаў на іх да таго застаўны маёнтак Літва, а таксама апекаваўся шматлікімі сіротамі Мікалая.

На вучобу Станіслава адправілі ў Віленскі Collegium Nobilium, які даваў пад даглядам айцоў-езуітаў выключна добрую адукацыю шляхецкай моладзі. Дарэчы, толькі гэты калегіум у ВКЛ навучаў французскай мове, веданне якой потым вельмі прыдалося Багушэвічу.

На гістарычным Сойме

Ледзь не “наступным днём” пасля заканчэння адукацыйнага працэсу, 24 сакавіка 1773 г., мінскі соймік дае Станіславу прывілей на ротмістра мінскага ваяводства, і ў той жа самы дзень яго і Тадэвуша Валадковіча абіраюць пасламі на Надзвычайны Сойм Рэчы Паспалітай. Паслы ад ВКЛ ведалі, што іх чакае. Ужо амаль год іхнія суграмадзяне на роднай Полаччыне, Магілёўшчыне гвалтам прымушаны былі прымаць прысягу на вернасць расійскай царыцы Кацярыне ІІ, а гэта значыць, што 1 300 000 ліцвінаў у адзін момант сталі падданымі іншай краіны…

Нечуваная да таго часу афера патрабавала надання ёй выгляду “законнасці”, гэта значыць, што паслы павінны былі аднадушна зацвердзіць гэтую анексію. Мала хто з ліцвінаў досыць добра ведаў, што адбываецца ў іншых правінцыях Рэчы Паспалітай — Кароне Польскай (уласна Польшчы) ды Русі (Украіне), — але кожны бачыў, што ВКЛ страціла самыя заможныя землі на ўсходзе, з такімі буйнымі гандлёвымі гарадамі, як Полацк, Невель, Віцебск, Магілёў, Гомель. І шмат хто са сваякоў трапіў у няволю…

Таму рашучасць ліцвінаў бараніць інтарэсы сваёй дзяржавы — Вялікага Княства — і, разам з тым, усёй Рэчы Паспалітай выбухнула на сойме, які распачаўся 19 красавіка 1773 г. Па-першае, ліцвіны былі абураны, і справядліва, узурпацыяй Каронай Польскай права правядзення сойму (чарга прыпадала на Гародню і ВКЛ). Але ў тых варунках, калі гаворка ішла пра існаванне дзяржавы, гэты момант быў толькі адной з зачэпак для яго зрыву. Ліцвіны, на чале якіх стаялі наваградцы Т.Рэйтан і С.Корсак, мінчук С.Багушэвіч і адзінкі з палякаў заблакіравалі пачатак сойму. Яны апелявалі да заканадаўства, да сумлення суграмадзян-паслоў, але не ведалі, што большасць з тых, хто мусіць бараніць дзяржаву, наадварот, прадалі яе…

Не здолеўшы прадухіліць падзел краіны, за які выказалася большасць “абаронцаў» Айчыны, паслы сарвалі покрыў легітымнасці з гэтай найвялікшай аферы таго часу. Свет убачыў сапраўдны стан рэчаў — і маланкай паляцела ад адной еўрапейскай сталіцы да другой сумная навіна… Але ніхто не наважыўся стаць на абарону Рэчы Паспалітай, бо яе лёс вырашалі дазвання мілітарызаваныя дзяржавы — Расійская імперыя і Прусія, да якіх наўздагон далучылася Аўстрыя.

Падзел, хоць і не легітымна, але адбыўся. Мужныя, нязломныя патрыёты — Рэйтан, Корсак і Багушэвіч — сталі вядомыя ва ўсім свеце. Іхнімі імёнамі доўгі час называлі сваіх дзетак не толькі ліцвіны, але і палякі. А іх подзіг быў адзначаны не толькі нашымі гісторыкамі, але і высока быў ацэнены расійскімі, бо мужнасць, шчырасць грамадзяніна заўсёды надзвычай цэніцца ў любым грамадстве.

Лёс трох Герояў

Лёс, які напаткаў трох галоўных “віноўнікаў” тугі агрэсараў, на здзіўленне, падобны ў нейкіх момантах. І мы не кажам пра культавы статус іх асоб у ВКЛ ды нават у Кароне Польскай (разам з Руссю), якая, хоць і была ўдвая большая па тэрыторыі, чым наша краіна, але так і не знайшла сярод сваіх 114 паслоў-сенатараў-міністраў такіх герояў для Ушанавання.

Гаворка ідзе пра асабістае жыццё. Першы момант, які выклікае ўвагу, — спроба тых, хто верхаводзіў на сойме 1773 — 75 гг. у 1780-м “разлічыцца” са сваімі галоўнымі ворагамі: Рэйтанам, Корсакам і Багушэвічам. Усе яны, Героі Айчыны, зведалі ледзяны “подых смерці”, а ў выпадку з Тадэвушам Рэйтанам мары і надзеі здраднікаў спраўдзіліся напоўніцу: ён быў забіты…

Станіслаў Багушэвіч да канца жыцця карыстаўся вялікай пашанай на Міншчыне, бо нават пакінуўшы пост суддзі мінскага, доўгі час па-сяброўску судзіў месцічаў, неаднаразова аднадушна (!) абіраўся паслом на Галоўны Трыбунал ВКЛ. Пад час вайны 1812 г., калі ў вызваленым Мінску ў сэрцах гараджан нарадзілася надзея на аднаўленне страчанай дзяржаўнасці — Вялікага Княства — 15 жніўня Багушэвіч, разам з Антоніем Ваньковічам, быў абраны на Сойм Генеральнай Канфедэрацыі. У гэты самы дзень Мінск святкаваў імяніны Напалеона Банапарта, і месцічы ў гонар вызваліцеля перайменавалі плошчу Верхняга рынку ў Пляц Напалеона. Дарэчы, менавіта гэты дзень можна з поўным правам лічыць днём заснавання грамадзянскай авіяцыі Беларусі: у неба над Мінскам быў запушчаны паветраны шар, у гандоле якога знаходзіліся вершы ды прывітальныя словы на адрас Банапарта…

Праз два месяцы пасля тых падзей былы капітан Станіслаў Багушэвіч быў прызначаны камісарам у новаствораны 20-ты ўланскі літоўскі полк, а яго жонка Тэрэза з Іваноўскіх шмат ахвяравала на патрэбы лазарэтаў для нашых войскаў…

Ізноў загадка

Існуюць дзве версіі даты смерці Станіслава Багушэвіча: 27 жніўня 1819 года або 29 жніўня 1817-га. Першая змешчана на пахавальнай пліце (не захавалася), другая паходзіць з радзівілаўскіх архіваў.

Пліта, якая была над трунамі Станіслава і Міхала (яго брата), знікла, відаць, пасля вайны, бо ў касцёле не хапала месца для захавання бульбы і гуркоў. Таму дакладна сказаць, дзе ў сутарэннях знаходзіцца яго магіла, цяпер нельга.

На вялікі жаль, ні імя Багушэвіча, ні ягоны подзвіг ніякім чынам не згадваюцца нашымі суайчыннікамі. Не згадваюцца і не шануюцца. Але хацелася б верыць, што разам з вяртаннем імёнаў Тадэвуша Рэйтана і Самойлы Корсака вернецца і імя Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага, Ганаровага жыхара Мінска, гонару ўсёй Беларусі…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ, http://www.kimpress.by