На базе Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі адбылася навукова­практычная канферэнцыя на тэму “Гісторыка­-культурны патэнцыял Бярэзіншчыны. Захаванне і аднаўленне сядзібы Патоцкіх”, прысвечаная 515-­й гадавіне з часу першага ўпамінання пра Беразіно. Разам са сталічнымі навукоўцамі, якія падрыхтавалі нямала цікавага матэрыялу аб гісторыі роднага краю і не абмяжоўваліся толькі азначанай тэмай, у мерапрыемстве прынялі ўдзел і нашы землякі. Сярод іх загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Кошман, краязнаўца Ігар Жукоўкі і даследчык літаратуры, выпускніца аспірантуры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова Алена Ждановіч.

Канференцыя ў Беразіно - 5

Мерапрыемству папярэднічала правя­дзенне суботніка мясцовымі краязнаўцамі ля будынка сядзібы Патоцкіх па навядзенні вакол яго парадку. Тады і ўзнікла ідэя наладзіць канферэнцыю, што дасць магчымасць не абмяжоўвацца толькі практычнымі справамі, а больш глыбока і дасканала вывучыць існуючыя археалагічныя і краязнаўчыя матэрыялы па Бярэзіншчыне, якіх сабралася вялікая колькасць. Мэтамі правядзення канферэнцыі сталі таксама жаданне паказаць значнасць нашага рэгіёна, яго гістарычны, культурны і турыстычны патэнцыял.

Як расказаў адзін з арганізатараў канферэнцыі, прадстаўнік таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктар Яўмененка, заўсёды ў кожным рэгіёне ёсць шмат разрозненай інфармацыі аб яго гісторыі, сабранай мясцовымі краязнаўцамі, надрукаванай у газетах ці асобных навуковых зборніках. Але яе патрэбна абагульняць і выдаваць асобнымі зборнікамі. Гэтыя кнігі – добрая падмога ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, можа стаць багатай крыніцай у тым ліку і для турыстычнай работы.

Усе агучаныя падчас навукова­практычнай канферэнцыі матэрыялы пасля мінімальнай апрацоўкі сабраны ў асобную кнігу, якая будзе выдадзена для распаўсюджвання яе ў школах, бібліятэках, мясцовых органах улады, сярод жыхароў раёна і дасць магчымасць стварэння цэльнага малюнка асобных момантаў гісторыі Бярэзіншчыны. Гаварыць пра яе трэба як мага больш. Тым больш, што наш куточак сапраўды вельмі багаты на гістарычныя падзеі і мясціны, у тым ліку і сам горад, які адзначае сваё 515­годдзе. Першае праведзенае мерапрыемства, як запэўніваюць яго арганізатары, не стане апошнім, а з’явіцца магчымасцю і далей, па меры выяўлення і збору цікавай інфармацыі, зноў абмяркоўваць яе, а потым даводзіць жыхарам Бярэзіншчыны праз чарговыя зборнікі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ, http://www.berezino.by/