Jauhim Karski - 1“Гіпотэзы, пабудаваныя тэарэтычна, што абапіраюцца на невялікую колькасць фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае акурат над сабой базы, і, у выніку, бязвартасныя, тады як факты мовы ніколі ня згубяць значэння”.

Я. Карскі

У другой палове ХІХ стагоддзя беларуская мова ў Расейскай імперыі ўспрымалася як «наречие» рускай мовы вясковага неадукаванага насельніцтва так званага “Северо-Западного края”, а цікавасць да яе ў большасці выпадкаў не выходзіла за межы этнаграфічнага апісання. Аднак на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў менавіта расейская філалагічная навука ў асобе, як ён сам сябе назваў, “природного белоруса”, Яўхіма Карскага даказала самастойны і своеасаблівы характар беларускай мовы, адрознай ад “вялікарускай” і “маларускай”.

Яго працы (і перш за ўсё трохтомныя “Белорусы”) сталі адной з крыніц натхнення для дзеячоў беларускага Адраджэння, якія распрацавалі літаратурную беларускую мову. А “Этнографическая карта Белорусского племени”, складзеная ў 1903 годзе і шматразова перавыдадзеная, да сённяшняга часу застаецца пэўным арыенцірам. Аўтарытэт асобы Яўхіма Карскага для беларускага нацыянальнага руху, напрыклад, увасобіўся ў яго ўдзеле ў Першым Усебеларускім Кангрэсе ў Менску ў снежні 1917 года, разагнанага бальшавікамі, дзе ён быў абраны ганаровым старшынёй прэзыдыюму Кангрэсу.

І гэтаму не перашкаджала яго прыналежнасць да “заходнерусізма” як сродка барацьбы з паланізацыяй, які ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя аказаў уплыў на фарміраванне беларускага нацыянальнага руху. У час калі ідэя аб існаванні асобнага беларускага народа толькі выкрышталізоўвалася мясцовай інтэлігенцыяй, “заходнерусізм” і “краёўства” адыгрывалі станоўчую ролю ў гэтай працы. У адрозненні ад сённяшняга постзаходнерусізма – ідэалогіі па сваёй сутнасці шавіністычнай, накіраванай супраць беларускага народа як паўнавартаснага і незалежнага суб’екта гісторыі. У сваім рэйдэрскім захопніцкім імкненні ў адносінах да Рэспублікі Беларусь яны не спыняюцца ні перад метадамі чорнага піяру ў дачыненні да прадстаўнікоў Айчыннага Пантэону герояў, ні перад выкарыстаннем у якасці сваіх духоўных “айцоў” прозвішчаў таленавітых беларусаў, без дзейнасці якіх нельга ўявіць існаванне сённяшняй Беларусі. Сярод іх – Яўхім Карскі, якога можна прылічыць да ліку “айцоў” беларускага нацыяналізму.

Ва ўспамінах дачкі, Яўхім Карскі застаўся як “вельмі вялікага росту, шыракаплечы, цёмны бляндын з блакітнымі вачыма”, па характару “заўсёды сціплы, сардэчны, просты”.

Яўхім нарадзіўся ў Гродзенскай губерні, у в. Лаша пад Гродна, горадзе, дзе ў яго гонар названа адна з вуліц і абласная бібліятэка.

Ён з’явіўся на свет 1 студзеня 1861 года (20 снежня 1860 па ст.ст.) ад вялікага кахання паміж д’яканам праваслаўнай царквы ў в. Лаша Фёдарам Навіцкім і дзяўчынай з прычытнецкай сям’і Карскіх. Паколькі яго бацьку не было 18 гадоў і ён не меў права ажаніцца, Яўхім атрымаў прозвішча маці (У далейшым Яўхім, як і бацька, таксама жаніўся ў 18 гадоў – на дачцэ праваслаўнага святара). Ён быў старэйшым сынам у вялікай сям’і, дзе акрамя яго было яшчэ сямёра дзяцей.

Belarusians_1903 - Jauhim Karski - 2

Фёдар Навіцкі марыў, каб яго дзеці атрымалі адукацыю, якая з’яўлялася білетам у лепшае жыццё. І Яўхім годна выканаў запавет бацькі. Пасля пачатковай школы ён 10 гадоў правучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі, а затым у 1885 годзе скончыў і Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут ды сам стаў выкладчыкам – у адной з Віленскіх гімназій. У гэты ж год з’яўляецца першая навуковая праца Карскага, якой адкрываецца доўгі шлях навукоўца ў вывучэнні беларускай мовы – а «Обзор звуков и форм белорусской речи» (1885).

У гэтай працы вучоны паспрабаваў паказаць месца «белорусского наречия», якую ў сістэме ўсходнеславянскіх дыялектаў і моваў расейскія навукоўцы разглядалі як:

  1. Падмова паўднёвага вялікарускага дыялекту (І.І. Сразьнеўскі й А.А. Патэбня).
  2. Падмова маларускага (украінскаага) дыялекту (Міклошыц, Аганоўскі).
  3. Самастойны дыялект рускай мовы, такі ж як вялікарускі і маларускі (М. Надзеждзін, М. Максімовіч). Надзеждзін увогуле ў 1841 годзе апублікаваў працу, у якой сцвярджаў, што спачатку было толькі дзве ўсходнеславянскія мовы – беларуская (або балтыйская) і маларуская (або пантыйская). Вялікаруская ж мова з’яўляецца толькі пазнейшым творам, які паўстаў у выніку змешвання беларускай і маларускай моваў.

Сам Карскі першапачаткова быў прыхільнікам канцэпцыі П. Жыцецкага, згодна з якой беларуская мова – гэта адзін з вялікарускіх дыялектаў, але дыялект незалежны і раўнаважны іншым. Такога ж погляду навуковец прытрымліваўся і ў 1893 годзе пад час магістэрскага экзамена, калі ён стаў выкладчыкам рускай мовы ў Варшаўскім універсітэце.

Jauhim Karski - 3Навуковае выхаванне Карскага адбывалася на глебе расейскай навукі з яе поглядамі, гіпотэзамі і тэорыямі адносна насельніцтва Беларусі і мовы яе народа. Таму нядзіўна, што ва ўмовах толькі распачатага складвання беларускай літаратурнай мовы, звязанай перш за ўсё з асобай Францішка Багушэвіча, Карскі разглядаў беларускую гутарковую мову спачатку як дыялект («наречие») вялікарускай, паступова ж прыйшоў да разумення яе як цалкам роўнай вялікарускай і ўкраінскай мовам. Супольным здабыткам усіх трох усходнеславянскіх моваў Карскі лічыў расейскую літаратурную мову, якая, на яго думку, павінна была заставацца ў ролі агульнай літаратурнай мовай усходнеславянскіх народаў. Аднак інтэнсіўнае развіццё нацыянальнага руху, праца адраджэнцаў пачатку ХХ-га стагоддзя садзейнічала перарастанню беларускай мовы ў літаратурную яе форму.

Руплівая дзейнасць Карскага па збіранню лінгвістычнага матэрыяла ўвасобілася ў яго шматлікіх навуковых працах, дзе закладаліся падставы для разумення беларускай мовы як самастойнай. Гэта праяўлялася перш за ўсё ў выяўленні яе асаблівасцей, якія, па словах навукоўца, “развіліся, праўдападобна, самастойна, без пасярэдніцтва суседзяў” і вывучэнні “старабеларускай мовы”. Менавіта з падачы Карскага за мовай заканадаўчых актаў часоў Вялікага княства Літоўскага замацавалася назва “старабеларускай”, аб чым ён зрабіў паведамленне на 9-ым Археалагічным з’ездзе, які адбыўся ў Вільні ў 1893 годзе:

«Спрашивается после этого – как же удобнее назвать старое западно-русское наречие? Называть его «языком русским», без всякой прибавки, не удобно потому, что этим словом мы обозначаем лишь общее понятие – единого русского языка, подразделяя его на наречия. Не подходит и название «язык литовский», так как с понятием литовского языка у нас соединяется совершенно другое представление: можно бы подумать, что белорусское наречие восприняло элементы литовского языка, чего с ним в действительности не произошло. Даже в лексическом отношении литовский язык не оказал на него почти никакого влияния. Не может быть речи и о названии его наречием польского языка, так как оно лишено тех черт, которые выделяют польский язык из других славянских языков. Лексические заимствования еще не придают ему черт того языка, откуда они пришли: последние определяются исключительно звуками и формами. – По нашему мнению, старое западно-русское наречие, будучи разговорным в устах образованного общества, постоянно опиралось на язык простого народа местного белорусского племени. Вследствие указанного обстоятельства, по преобладанию в нем элементов белорусской речи, и называть его следует белорусским языком, прибавляя разве для отличия от современного белорусского наречия название старого. Белорусским наречием его называют Буслаев, Огоновский, Житецкий, Соболевский, Недешев, Владимиров и др. новейшие исследователи».

Менавіта вывучэнне “старабеларускай мовы” Карскім стварала ўмовы для разумення таго, што беларуская з’яўляецца не проста дыялектам вялікарускай. У 1903 годзе навуковец здзейсніў этнаграфічную экспедыцыю па Беларусі, нападставе матэрыяла якой і з’явіўся на свет першы том энцыклапедыі беларусазнаўства – “Белорусы”, дзе ва ўступным раздзеле адзначана залежнасць развіцця мовы ад прыроды краю і яго тэрыторыі: “…мова развіваецца разам з народам і падлягае розным зменам, звязаным з пераменамі ў жыцці самога народу. Гэтыя змены ў мове залежаць ад рассялення народу па розных краінах пры ягоным разрастанні і ад тых вонкавых уплываў, пад якія даводзіцца яму падпадаць у часе свайго самастойнага жыцця. Ужо ў першую пару існавання таго ці іншага племені, фізічныя асаблівасці занятай ім краіны так ці інакш адбіваюцца на выпрацоўванні ягонага характару, які, у сваю чаргу, накладае свой пэўны адбітак і на самую мову. Гэтая сувязь між моваю і прыродаю краю трывае несупынна праз увесь час існавання народу. Прырода накладае свой пэўны адбітак на народную творчасць, змушаючы яго знаходзіць адпаведныя формы для выяўлення свае красы, свайго багацьця, ці — свае беднасці. Напаследак, і сам вонкавы ўплыў аднаго народу на іншы…, на ягоны быт, светаадчуванне і мову, знаходзіцца таксама ў цеснай залежнасці ад прыроды краю: ад характару ягоных межаў, даступнасці і спраўнасці шляхоў спалучэння; народ з адкрытымі натуральнымі межамі лягчэй падлягае вонкавым уплывам за той, у якога межы няпрыступныя”.

Jauhim Karski - 4

Нават пасля таго, як у 1905 годзе Карскі стаў рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, якую займаў да 1910 года, а таксама рэдактарскую працу ў часопісе “Русский филологический вестник”, вучоны не спыняў даследаванне беларускай мовы, мэту якога бачыў у збіранні як мага больш поўнай ступені фактаў старой “заходнерускай мовы” і сучасных яму беларускіх гаворак, таму што “Гіпотэзы, пабудаваныя тэарэтычна, і абапертыя па невялікую колькасць фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае пад сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэння”. У пэўнай ступені дадзеная думка, занатаваная ў другім томе “Беларусаў” (1911) адносіцца і да поглядаў самога Карскага, галоўнымі аўтарытэтамі для якога ў пытаннях фанетыкі і гісторыі мовы быў Шахматаў, у пытаннях марфалогіі – Сабалеўскі, у галіне сінтаксісу – Патэбня. Працы Карскага ніяк не супярэчылі асноўным ідэалагічным поглядам на беларускі народ і яго мову. Таму нядзіўна, што рэдактар штотыднёвага часопіса “Окраина России» Кулакоўскі пісаў: “Апошнім часам загаварылі аб асаблівай беларускай мове. Выраз “беларуская мова” пачаў ужывацца нават у некаторых афіцыйных актах па Міністэрству народнай асветы. Але мы смеем сцвярджаць, што гэтая беларуская “мова” існуе толькі тэарэтычна. Даволі толькі зазірнуць у капітальную працу нашага аўтарытэтнага вучонага Я. Карскага, каб зрабілася ясным, што існуе толькі беларускі дыялект («наречие»), а не беларуская мова”.

Аднак сваімі працамі, галоўным чынам «Обзором звуков и форм белорусской речи» і II-ім томам «Белорусов» Карскі заклаў падставы для з’яўлення першых граматык беларускай мовы Тарашкевіча і Лёсіка, першых нарысаў беларускай літаратуры і першых яе хрэстаматый.

А змешчаная ў першым томе  “Этнографическая карта Белорусского племени”, нягледзячы на пэўныя памылкі, стала адной з першых картаў “Беларусі”, і згуляла не столькі навуковую, колькі палітычную ролю. Нават нягледзячы на тое, што па трапнай заўвазе Я. Насыткі, сам Карскі ў гэтай карце акрэсліў “вобласць, якая хутчэй належыць беларускай мове, чым этнасу”.

Пасля падзення царызма, Карскі актыўна супрацоўнічае з беларускім нацыянальным рухам. У 1917 годзе ён распрацоўвае сваю новую “Этнографическую карту Белорусского племени”, удзельнічае ва Усебеларускім кангрэсе ў снежні 1917 года, дзе чытаў свае лекцыі пра этнаграфічна-моўную прастору Беларусі, яе межы, пра беларускую мову і літаратуру. На кангрэсе Карскі быў абраны ганаровым старшынёй прэзідыума. А ў сваіх палітычных поглядах схіляў да так званых “абласнікоў”, які разглядалі Беларусь у складзе Расіі. Але гэта для таго часу нядзіўна, поколькі такая пазіцыя доўгі час была дамінуючай нават у асяродку нацыянальна арыентаваных палітыкаў. Сітуацыя пачала мяняцца толькі з пачаткам першай суственай вайны, і асабліва ў 1917-1918 гг.

Тады ж Карскі актыўна працаваў над ідэяй з’яўлення ў Беларусі ўніверсітэта. У 1918 года па даручэнні ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ён апрацаваў праект статута беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які быў апублікаваны ў “Вольнай Беларусі” разам з праектам прафесара Мітрафана Доўнар-Запольскага. Пасля гэтага вучоны пакінуў Радзіму і перабраўся ў Петраград, дзе яго абралі прафесарам універсітэта, дзе ён чытае прыватны курс беларусазнаўства ўсім зацікаўленым і дзе з нагоды падзелу Берасцейскага перамір’я ён як старшыня Таварыства абароны Беларусі змяшчае ў часопісе “Чырвоны шлях” артыкул “Беларусь. Берасцейская мірная ўмова”.

Jauhim Karski - 5

У верасні 1919 г. Карскі ў Вільні для слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў чытаў лекцыю пра беларускую мову, падчас якое ахарактарызаваў яе як раўнапраўную іншым мовам, а не як дыялект, «нарэчча», у адваротнасьць таму, як ён звычайна лічыў. У сувязі з гэтым у віленскай газеце “Крыніца” (№ 3 ад 7 верасьня 1919) гаварылася: “2 верасьня, у беларускай гімназіі, прафэсар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша — ня гутарка якая, але мова так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі. Лекцыя была прадусім назначана для беларускіх вучыцялёў-курсантаў, апрача гэтых, было многа гасьцей”. У гэты ж час Карскі актыўна друкуецца ў беларускім перакладзе ў часопісах і газетах “Беларусь”, “Звон”, “Рунь”, “Вольны сцяг”, пераважна на тэмат гісторыі беларускай літаратуры.

У ліпені 1921 года ў Менску быў адкрыты Беларускі Дзяржаўны Універсітэт, узначаліць які павінен быў менавіта Яўхім Карскі. Аднак гэтага не дазволілі зрабіць бальшавіцкія ўлады, якія бачылі ў навукоўцы перш за ўсё царскага паслугача. Сваю крыўду Карскі выліў на прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, што прагучала ўжо ў трэцім томе «Белорусов» (1922).

У 1924 годзе ў кнізе «Русская диалектология» Карскі падкрэсліў арыгінальнасць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускай мовы, у адносінах да якой усё роўна да 1928 года працягвае ўжываць характарыстыку  “наречие”.

У 1926 годзе супраць Карскага ў друку пачалі з’яўляцца паклёпніцкія артыкулы, у якіх навуковец абвінавачваўся як «бывший верноподданный ректор императорского варшавского университета». Падставаю стала навуковая камандзіроўка ў Белград, падчас якой ён назваў дабраўпарадкаванасць Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай значна лепшай, чым Савецкай Беларусі, а таксама назваў Львоў “старым рускім горадам”, а таксама яму ставілася ў віну сувязь з чарнасоценцамі і белагвардзейцамі. Выказацца ў сваю абарону Карскаму не дазволілі, нягледзячы на шматлікія спробы.

З нагоды згортвання ў СССР палітыкі «коренизации» пачалася паступовая чыстка эліт савецкіх рэспублік ад “нацдэмаў”. Адной з яе ахвяраў стаў і Я. Карскі, які ў 1929 годзе быў зняты з пасады дырэктара Музея антрапалогіі і этнаграфіі. А ў 1930 годзе пасля з’яўлення свайго апошняга артыкула па беларускаму мовазнаўству «Червенский говор» вучоны быў арыштаваны і кінуты ў вязніцу ГПУ “за прыналежасць да антысавецкіх арганізацы”. А 29 красавіка, на 71-м годзе жыцця Яўхім Фёдаравіч Карскі памёр, пакінуўшы нашчадкам так і не завершаных “Беларусаў”, чацвёртым томам якіх павінен быў стаць «Словарь белорусского наречия».

Jauhim Karski - 6

Гаворачы пра Карскага, варта прыгадаць словы гісторыка Вітаўта Тумаша, які ў 1961-м годзе пісаў у сваёй няскончанай працы: “Разглядаючы асобу Карскага як вучонага на фоне яго гістарычнае пары, трэба ў канцы адцеміць і яшчэ адзін, і, найбольшы парадокс: тое вартаснае, што ён у беларусаведзе пакінуў, даў ён у вялікай меры дзякуючы акурат таму, што быў беларусом тыпу «обшчэрускага», а не беларускім незалежнікам. Калі-б ён далучыўся да паўгалоднае ахвярнае жменькі патрыятычных пісьменьнікаў-публіцыстых «Нашае Нівы», такіх шырокіх умоваў да сыстэматычнае навуковае працы, якую даваў яму расейскі афіцыяльны імпэрыяльны навуковы апарат, напэўна ён-бы ня меў. Напісаў-бы тады, хіба, нямала патрыятычных артыкулаў, а мо на’т і вершаў, якія тады былі ў асаблівай модзе, але ў галіне мовы праўдападобна ня здолеў-бы даць і столькі, колькі далі Тарашкевіч ці Лёсік, бо ў папярэдніках яму не ставала-б моваведа фармату й аўтарытэту Карскага. Пісаць «Беларусаў», у кажным выпадку, ня было-б тады каму”.

Сам Карскі зазначыў, што “любоў да сваёй непрыгляднай радзімы – выдатная рыса кожнага беларуса”. Яго працы даказвалі аўтахтоннасць беларусаў на тэрыторыі, якую яны займалі, а таксама прыцягвалі ўвагу да эпохі Вялікага княства Літоўскага, калі беларускі народ адыгрываў значную ролю ў жыцці Усходняй Еўропы, меў багатую літаратуру на “старабеларускай мове”. Нягледзячы на прыналежнасць да “заходнерусізма”, Карскі актыўна супрацоўнічаў і падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, адным з духоўных “айцоў” якога быў.

P.S. Сёння ў постзаходнерусісцкіх публікацыях распаўсюджаныя выказванні кшталту таго, што Яўхім Карскі скептычна, або ўвогуле адмоўна ставіўся да палітыкі “беларусізацыі” па ўмацаванню пазіцый беларускай мовы ў Савецкай Беларусі. Аднак насамрэч Карскі проста казаў, што “белорусизация должна идти естественно, без принуждения и притеснения лиц, воспитанных на русской культуре”.

Аўтар:  Васіль Герасімчык, http://nomos.by/

Аб аўтары: Васіль Герасімчык, гісторык, магістр гістарычных навук РДГУ (Масква). Нарадзіўся ў 1987 г. на Слонімшчыне, скончыў гістарычны факультэт ГрДУ імя Я.Купалы і магістратуру гістарычнага факультэту РДГУ (Масква). Сфера навуковых інтарэсаў: фармаванне беларускай мадэрнай нацыі, праваслаўныя ў паўстанні 1863 г.