Аргкамітэт Таварыства аматараў гісторыі імя В.Ластоўскага віншуе ўсіх сваіх сяброў і чытачоў з важным беларускім святам — Днём Волі. Няхай Беларусь будзе заўсёды вольнай і незалежнай! Жыве Беларусь!

Dzen voli - 25 Cakavika

Дзень Во́лі — неафіцыйнае беларускае сьвята, гадавіна ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата).

Сучасная назва сьвята зьявілася ў пачатку 1990-х гадоў. Яе адпаведнік у беларускай дыяспары ЗША — Дзень незалежнасьці.

25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы зрабіліся бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, сталіцай  —  Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12.04.1918). Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя, дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя, Турэччына, УНР.

Упершыню ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. Пазьней сьвяточныя мерапрыемствы праводзіліся ў шэрагу беларускіх местаў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь і інш.), якія апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.

Па Другой сусьветнай вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і гарадох. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром.

З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых гарадох Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя гэтай даце. Адпаведныя масавыя акцыі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся міліцыяй, актывісты, што ўдзельнічалі ў іх, арыштоўваліся.

http://be-x-old.wikipedia.org