22 лютага аматары беларускай гісторыі далучыліся да ўсеагульнага святкавання Масленіцы (або Валосся) – старажытнага свята славянскіх народаў, звязанага з культам прыроды – адраджэннем плодных сілаў зямлі. Галоўная скіраванасць абраду святкавання – праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту ў гаспадарцы.

01 - Valossie-starazhytnaje sviata bielarusau

Традыцыйна Масленіца ўключае ў сябе пакланенне культу продкаў, сям’і і шлюбу; спалучае шэраг жывёлагадоўчых абрадаў з земляробчымі; прадугледжвае катанне з горак, адведванне бабак-павітух, спальванне пудзіла. Масленіца, у адрозненне ад іншых святаў, якія ўяўляюць сабой ужо хрысціянскія версіі, з’яўляецца амаль поўнасцю язычніцкім святам. Масленічны тыдзень заканчваўся тым, што людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе магчымыя крыўды.

Цікава і тое, што Масленіца – адно з нямногіх святаў народнага календара, якое было прынята і ўхвалялася на ўзроўні афіцыйнай ідэалогіі ў часы СССР. Масленіца злівалася з агульнасаюзным святам «Провады рускай зімы», хоць традыцыі развітання з зімовай халадэчай, натуральна, былі ўласцівыя далёка не толькі рускім. Між іншым, у Беларусі вылучаюцца рэгіёны, дзе Масленіцу не святкавалі зусім, але шмат і такіх мясцовасцяў, дзе захаваліся архаічныя, адметныя масленічныя звычаі.

02 - Valossie-starazhytnaje sviata bielarusau

Напрыклад, абрад спальвання пудзіла ўяўляў сабой не толькі важны момант ачышчэння агнём, але і своеасаблівы момант калектыўнай псіхатэрапіі. Канцэнтрацыя энергіі і вера ўсіх супольнікаў былі накіраваныя на выгнанне смерці, хваробаў, голаду, няшчасцяў.

03 - Valossie-starazhytnaje sviata bielarusau

Наогул, даследчыкі лічаць, што Масленіца адзначалася ў гонар бога Велеса, які з’яўляўся ахоўнікам жывелы. Велес на працягу года зберагаў статак, надаваў яму сілу, клапаціўся пра павелічэнне, таму адзначэнне Сырнай сядміцы было ўрачыстай падзякай богу-ахоўніку.

Нездарма больш архаічнай назвай Масленіцы лічыцца “Валоссе” (“Валосы”, “Валося”), непасрэдна звязанае з імем бога Велеса. З прыняццем хрысціянства адным з цэнтральных момантаў свята стаў чацвер на масленічным тыдні, у які ўшаноўваўся святы Уласій, што выступаў у ролі намесніка язычніцкага Велеса.

У сучаснай Беларусі старажытнае свята адзначаюць рэгулярна, вельмі ахвотна, і з наступнымі пажаданнямі:

Тым, хто радзiўся,

каб весялiўся!

Хто пасварыўся, каб памiрыўся!

Хто спрацаваўся, каб мацаваўся!

Каб дзяды не ведалi бяды,

а ўнукi не бачылi мукi!

Каб нiколi рукавок

не быў за ручнiчок!

Каб вялiся свiннi i авечкi,

а мы ўсе жылi, як чалавечкi!

Ірына Шумская, фота аўтаркі