На працягу ўжо доўгага часу наша цікавасць была скіравана да фабрыкі мастацкіх вырабаў, якая мела рэканструкцыю і дзе ўжо распачаты выпуск аналагаў славутых слуцкіх паясоў. Нагадаем, што слуцкія паясы — гэта прадметы магнацкага адзення ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў, выдатныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эпохі беларускага барока.

Мы ж зробім экскурс у гісторыю, старонкі якой пазначаны памяццю пра творы, якія прынеслі славу нашаму гораду.

Гісторыя з паясамі

Поясам чалавек карыстаецца спрадвеку. Яго функцыя — прытрымліваць адзенне, каб было зручней працаваць, паляваць або ваяваць, а таксама захоўваць цяпло цела.

Да пояса чапляліся неабходныя дробныя прадметы (огніва, кашэль), за пояс можна было засунуць сякеру, нож. Падчас падарожжаў у паясы хавалі грошы. Рабіліся яны з розных матэрыялаў: з паласы скуры жывёлы, віліся з вяровак, ткаліся, пляліся.

У першабытны час паясам, як і іншым прыладам, якімі карысталіся, акрамя функцыя-нальнага, надавалі значэнне ма-гічнае. Цела чалавека пояс дзяліў на дзве часткі: верхнюю, што далучалася да неба, і ніжнюю, што сутыкалася з зямлёй.

Разам з такімі дэталямі адзе­н­­ня, што стаялі «на мяжы» з «іншым» асяроддзем, як каўнеры, рукавы, падолы спадніц, кашуль, фартухоў, паясы аздабляліся выявамі магічнага, засцерагальнага значэння. Сэнс многіх з такіх выяў да нашых часоў згубіўся. Як правіла, цяпер яны выкарыстоўваюцца ў традыцыйных народных строях як дэкор у выглядзе арнаменту.

Акрамя функцыянальнага і магічнага, паясы набывалі і значэнне сімвалічнае. Колеры паясоў, напрыклад, і цяпер сімвалізуюць ступень даскана­ласці ва ўсходніх адзінаборствах, тое значэнне мае і чэмпіёнскі пояс ў прафесійным боксе. Здабыць такі пояс — справа гонару.

1 - sluckaja piersijarniaІНІЦЫЯТАР. Наладзіць у Слуцку выпуск шаўковых паясоў вырашыў князь Геранім Фларыян Радзівіл (1715—1760). Па яго загадзе ў 1756 годзе ў Новым горадзе, паміж радзівілаўскім садам і езуіцкім Троіцкім кляштарам, пачалося будаўніцтва драўляных карпусоў буйнай мануфактуры. Завяршылі комплекс да 1760 года. Аднак у тым жа годзе князь памёр. Мастак: Якуб Весель.

З антычнай міфалогіі вядома пра дзявяты з дванаццаці подзвігаў Геракла, калі ён зда­быў пояс царыцы амазонак Іп­паліты, які сімвалізаваў яе ўладу над усімі амазонкамі.
У падзеленым на класы і адпаведныя групы грамадстве паясы сталі таксама прыкметай прыналежнасці да пэўнай касты, саслоўя. Напрыклад, манахі каталіцкіх жабрацкіх ордэнаў падпярэзваліся грубымі вяроў­камі.

1 - sluckija pajasy

Прывілеяваныя асобы карыс­таліся шыкоўнымі дарагімі паясамі, яны перадаваліся ў спадчыну нашчадкам і маглі станавіцца для адных прадметам гонару, а для іншых – зайздрасці.
У старажытнарускім летапісе занатаваны выпадак, калі прычынай раздору і абвастрэння ўсобіцы на Русі стаў пояс. На вяселлі маскоўскага Вялікага князя Васіля ІІ у 1433 годзе яго маці Вялікая княгіня Софья сарвала пояс з запрошанага сваяка князя Васіля Касога, бо ён некалі павінен быў належыць іх продку Дзмітрыю Данскому і ў спадчыну перайсці да князя маскоўскага.

Соф’я — дачка Вялікага князя літоўскага Вітаўта, а ў сваю чаргу яе дачка Настасся (сястра Васіля ІІ) стала жонкай слуцкага князя Аляксандра Алелькі. У барацьбе паміж нашчадкамі Івана Каліты, падчас якой Васіль ІІ быў аслеплены, з-за чаго атрымаў прозвішча «Цёмны», апошняга падтрымліваў і князь Алелька.
Варыянтам арыстакратычнага пояса былі паясы рыцарскія. Многія памятаюць нядаўнюю гісторыю з унікальнай археала-гічнай знаходкай — рыцарскім поясам Вітаўта.

Да пачатку ХХ стагоддзя ў слуцкай Юр’еўскай царкве захоўваўся рыцарскі пояс, які паданне прыпісвала князю Альгерду. Род князёў Слуцкіх ішоў ад Альгерда, несумненна, што і ахвяраваў царкве гэты рарытэт нехта з князёў Алелькавічаў. На жаль, дзе ён цяпер, невядома.
Пояс трывала ўвайшоў у абіход. Выйсці да людзей без пояса азначала выказваць ім непавагу. І цяпер тых, хто паводзяць сябе непрыстойна, называюць распаясаўшыміся. А адабраць пояс азначала пазбавіць гонару і нанесці абразу.

2 - sluckaja piersijarniaЗАСНАВАЛЬНІК. Справу працягнуў брат Гераніма Радівіла нясвіжскі князь Міхаіл Казімір Радзівіл па прозвішчы Рыбанька (1702—1762), якому перайшла Случчына. Ён вырашыў скарыстаць падрыхтаваную базу і заснаваць вытворчасць паясоў у Слуцку. Ён не толькі размясціў у казармах фабрыкі слуцкіх майстроў, але і перавёў з Нясвіжа сваіх ткачоў. Невядомы мастак сярэдзіны XVIII ст.

Пра літоўскіх сарматаў

З ХVІІ стагоддзя ў Еўропе, дзе заканадаўцай моды паступова станавілася Францыя, пачалі пашырацца касцюмы новага ўзору — камзолы, фракі, новыя вайсковыя мундзіры, у якіх паясы ўжо не мелі той ролі, або прымяняліся іх варыянты: рамяні, хлясцікі. Такі касцюм сутракаем у Англіі, Галандыі, Прусіі, Аўстрыі. У Расіі новы касцюм увёў цар Пётр І пасля свайго падарожжа ў Еўропу.

Аднак магнатэрыя Літвы і Польшчы ў тыя часы трымалася старых традыцый. Да таго ж у Рэчы Паспалітай у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях пашырылася і стала папулярнай тэорыя сарматызму.
У адпаведнасці з гэтай ненавуковай тэорыяй шляхта і магнаты краіны разглядаліся як нашчадкі старажытнага ваяўнічага племе-ні сарматаў. Быццам бы некалі яны прыйшлі на нашы землі і падпарадкавалі мясцовыя плямёны, ператварыўшы іх у сялян.

2 - sluckija pajasy

У асяроддзі магнатэрыі выпра­цоўвалася своеасаблівая сармацкая (рыцарская) культура, пашыраўся сармацкі (шляхецкі) гонар. У мастацтве папулярным стаў варыянт параднага партрэта, які называюць сармацкім.

Адсутнасць інфармацыі пра рэальных сарматаў кампенсавалася звесткамі пра іншыя ўсходнія народы: індыйцаў, персаў, туркаў. У моду пачало ўваходзіць перайманне з усходняй культуры. Радзівілы, напрыклад, у склад сваіх войскаў уводзілі янычарскія роты, арганізоўвалі янычарскія аркестры з адпаведным адзеннем і аксесуарамі (у якасці янычараў, як правіла, выступалі мясцовыя салдаты і музыканты).

Папулярнымі сталі элементы ўсходняга адзення, у тым ліку шаўковыя паясы, якія прывозяцца з Кітая, Індыі, Персіі, Турцыі.

На гэтым, заснаваным на цікаўнасці да Усходу, фоне, князі Радзівілы — слуцкі Геранім Фларыян і яго старэйшы нясвіжскі брат Міхаіл Казімір — вырашылі, як цяпер кажуць, рэалізаваць бізнес-праект: арганізаваць вытворчасць у сваіх уладаннях шаўковых паясоў наўзор усходніх.
Яны ведалі, што ў гора­дзе Станіславе (цяпер Івана-Франкоўск ва Украіне), працуе выдатны ткач, эмігрант з Турцыі Аванэс Маджаранц, таму паслалі да яго па навуку сваіх майстроў. А ў 1758 годзе Міхаіл Казімір запрасіў Маджаранца, які славіўся як майстар тканін польскіх, турэцкіх і кітайскіх, у Нясвіж, дзе той узначаліў невялікую ткацкую майстэрню, дзе пачалі вырабляцца і паясы.

Памкненні Гераніма Фларыяна

Адзначым, што ткацтва на Случчыне развівалася здаўна. У ХVІІІ стагоддзі ў горадзе дзейнічалі некалькі ткацкіх майстэрняў, на адной з якіх, дарэчы, выраблялі і шаўковыя паясы. Таму некаторыя цяперашнія даведнікі прыводзяць як пачатак вырабу слуцкіх паясоў 1730-я гады.
Тады край належыў Нойбургам — нашчадкам Людвікі Караліны Радзівіл-Нойбургскай, дачкі слуцкага князя Багуслава Радзівіла.

Яны былі іншаземцамі, жылі ў Германіі, з-за чаго іх права на край ставілася пад сумненне, а за Случчыну змагаліся нясвіжскія Радзівілы і іншыя магнаты. Перамаглі Радзівілы, і з 1744 года ўладаром Слуцкага княства стаў Геранім Фларыян.

3 - sluckija pajasy

Асоба гэта арыгінальная і супярэчлівая. Быў ён вельмі багаты і жорсткі. У сваіх пачынаннях імкнуўся дасягнуць вышэйшага ўзроўню. Марыў нават стаць каралём Рэчы Паспалітай. Яго войска, у прыватнасці артылерыя, не саступала каралеўскаму. Хацеў паставіць сабе ў Слуцку конны манумент, і калі б ідэя была рэалізавана, гэта была б першая конная статуя ў нашай краіне.

І вось ён вырашыў у Слуцку заснаваць буйную мануфактуру і наладзіць выпуск шаўковых паясоў. Па яго загадзе ў 1756 годзе ў Новым горадзе, паміж рэгулярным радзівілаўскім садам і езуіцкім Троіцкім кляштарам, для яе быў выдзелены пляц у 2,4 гектары і пачалося будаўніцтва драўляных вытворчых і жылых карпусоў. Завяршылі комплекс да 1760 г. Аднак у тым жа годзе слуцкі князь памёр бяз­дзетным, яго ўладанні перайшлі да брата Міхаіла Казіміра.

Маджарскія і Радзівілы

Нясвіжскі князь вырашыў скарыстаць падрыхтаваную ў Слуцку вытворчую базу. Ён не толькі размясціў там слуцкіх майстроў, але і перавёў з Нясвіжа сваіх ткачоў, утварыўшы адзіны калектыў. Кіраваць ім даручыў Маджаранцу, якога тады ўжо звалі Янам Маджарскім.

У комплекс фабрыкі шаўковых паясоў уваходзілі два выцягнутыя ў даўжыню паралельныя адзін аднаму карпусы. У адным з іх, які быў двухпавярховым, меліся два вялікія вытворчыя памяшканні і пяць меншых, а таксама сталярная майстэрня і месца для адміністрацыі.

Меліся таксама і дадатковыя збудаванні, у тым ліку казармы з адзінацаццю пакоямі, дзе жылі майстры і працаўнікі фабрыкі, амбар, стайня, калодзезь.

Хоць вытворчасць паясоў у Слуцку вядома з 1730-х гадоў, ды і ў Нясвіжы, як бачым, яны ўжо ткаліся, тым не менш афіцыйнай датай пачатку дзейнасці Слуцкай радзівілаўскай фабрыкі шаўковых паясоў лічыцца 1760 год.

Установу называлі персі-ярняй, бо спачатку за ўзор браліся персіцкія паясы (рабілі і такія, якія называлі французскімі, парыжскімі і кітайскімі). А слава яе засна-вальніка дасталася князю Міхаілу V Казіміру Радзівілу, які ў гісторыі вядомы пад мянушкай Рыбанька. Міхаіл Казімір перажыў свайго слуцкага брата на два гады. З 1762 года гаспадаром Нясвіжа і Случчыны стаў яго сын Караль Станіслаў.

3 - sluckaja piersijarniaКнязь Караль Станіслаў Радзівіл па прозвішчы Пане Каханку (1734—1790). Невядомы мастак 2-й паловы XVIII ст.

Караль Станіслаў быў адчайны авантурыст і патрыёт, сапраўдны «сармат». Ён любіў напаказ выказваць павагу і любоў да сваёй шляхты, за што і яго празвалі «Пане Каханку». Палітычныя хістанні гэтага князя прымусілі яго пэўны час жыць за мяжой. Яну Маджарскаму з ім як гаспадаром персіярні прыходзілася перапісвацца. Урэшце з князем у 1776 го­дзе была заключана дамова, Маджарскі стаў арандатарам фабрыкі.
Князь праславіўся як неверагодны марнатраўца. Ён з лёгкасцю разбазарваў свае грошы, таму браў пазыкі, у тым ліку і ў Маджарскіх.

У Слуцк Ян Маджарскі прыбыў з жонкай і сынам Лявонам. Неўзабаве Радзівіл вылучыў ім для пражывання фальварак Сёлкі — пасяленне за горадам, на паўдарозе да Лучнікоў. Цяпер гэта гарадскі квартал у раёне металааб’яднання. Пазней у іх трыманні аказаўся і фальварак Івань.

4 - sluckija pajasy

Кіраваў персіярняй Ян прыкладна да 1778-80 гадоў, потым арандатарам стаў яго сын Лявон. Менавіта пры ім персіярня дасягнула росквіту, а слуцкі пояс набыў свой класічны выгляд. Быў ён, як правіла, двухбаковы, двух- або чатырохліцавы, з шыкоўнымі арнаментаванымі канцамі, да якіх прышываліся махры. Паясы, у якіх акрамя шаўковых прымяняліся залатыя або сярэбраныя ніці, называліся літымі.
Заслугі Лявона ў справе арганізацыі дзейнасці персіярні былі адзначаны ўрадам, і яму ў 1790 годзе надалі шляхецкае званне.

У 1790 годзе Случчына перайшла ў спадчыну пляменніку Караля Станіслава князю Дамініку. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай ён знаходзіўся пры двары рускага цара, аднак у сувязі з тым, што Напалеон абяцаў адрадзіць Рэч Паспалітую, перайшоў да яго і прыняў удзел у вайне 1812 года на баку французаў. Загінуў у 1813 годзе. Пасля смерці Дамініка Радзівіла Слуцк застаўся яго дачцы Стэфаніі.

Пасля далучэння нашага краю да Расійскай імперыі дзейнасць слуцкай персі-ярні пачала занепадаць. З Расіі на адзенне прыйшла новая мода, у якой пояс ужо не меў таго месца як раней. А нашэнне старога касцюма з поясам разглядалася як дэманстрацыя апазіцыйных настрояў адносна новай улады. Пасля паўстання 1831 года нашэнне старога касцюма ўвогуле было забаронена.

4 - sluckaja piersijarniaКнязь Дамінік Радзівіл (1786—1813). Невядомы мастак 1-й трэці XIX ст. (фрагмент

Лявон Маджарскі ў 1795 годзе вырашыў адмовіцца ад арэнды, аднак канчаткова дамову з Радзівіламі скасаваў у 1807 годзе. Кіраўніком персіярні стаў адзін з лепшых ткачоў, вучань Яна Маджарскага Юзаф Барсук.

Сям’я Маджарскіх з Сёлак перамясціліся ў маёнтак Манькаў. Лявон жыў да 1811 года, быў пахаваны на бернардзінскім некропалі ў Слуцку (цяпер тэрыторыя маслабазы). Магчыма, што там пахаваны і яго бацька.

У Лявона былі сыны Антон і Ян, аднак ні яны, ні іх дзеці ткацтвам не займаліся. Па мужчынскай лініі род неўзабаве згас, дзяўчаты выходзілі замуж і мянялі прозвішчы. Напрыклад, унучка Лявона Альжбета выйшла замуж за ўбельскага шляхціца Часлава Манюшку. У іх нарадзіўся сын Станіслаў, які стаў вядомым музыкантам і кампазітарам.

5 - sluckaja piersijarniaКнягіня Стэфанія Радзівіл (1809—1832). Невядомы мастак XIX ст. (фрагмент)

Эпілог

Колькасць заказаў на паясы паступова змяншалася (хаця акрамя іх выпускаліся і іншыя тканіны), змяншалася і колькасць работнікаў.

Напрыклад, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя дзейнічала ад 25 да 28 варштатаў, за якімі працавала больш за паўсотні работнікаў, а на пачатку ХІХ стагоддзя іх засталося 12. У 1828 годзе на фабрыцы працавалі толькі адзін майстар і адзін падмайстар, мелася чатыры варштаты, з якіх у рабоце быў адзін.

У 1844 годзе фабрыку паясоў вырашылі зачыніць. Цалкам вытворчасць тут спынілася ў 1846 годзе. Гэта быў час, калі Слуцк з уласнасці Льва Вітгенштэйна (яго жонкі Стэфаніі ўжо не было) перайшоў у дзяржаўную казну.

Жылы корпус персіярні на планах Слуцка пачатку ХІХ стагоддзя абазначаўся як палац князёў Радзівілаў. Як сведчыць слуцкі гараднічы барон Сталь, на працягу 1815 — 1830-х гадоў у ім размяшчаліся кватэры начальнікаў палкоў, што знаходзіліся ў горадзе і павеце.

Спачатку гэта быў Літоўскі ўланскі полк, пазней на змену яму з’явіўся Польскі ўланскі полк. Дзейнічалі палкі пад верхавенствам брата рускага цара Вялікага князя Канстанціна. Тут, на кватэры начальніка палка, летам 1825 года на ноч спыняўся рускі цар Аляксандр І, калі ехаў з Пецярбурга ў Крым.
У вытворчых памяшканнях станкі заставаліся да канца 1850-х гадоў. Без дагляду яны прыходзілі ў заняпад.

6 - sluckaja piersijarniaКнязь Леў Пятровіч Вітгенштэйн (1799—1866). Мастак Ф.Кругер 1836 г. (фрагмент)

Пляц з будынкамі былой персіярні Леў Вітгенштэйн яшчэ ў 1836 годзе падарыў свайму ўрачу Аляксандру Мацкевічу. У яго крыху пазней гэты пляц выкупіў мясцовы ўрач Юльян Рамашка.
Пасля яго палова маёмасці была набыта слуцкім ўрачом Канстанцінам Францкевічам, а на другой палове пляца размясцілася гарадское аддзяленне Расійскага грамадства міласэрнасці і Земская ўправа.
У Грамадзянскую вайну два дамы Земскай управы з яшчэ некалькімі пабудовамі згарэлі ў жніўні 1920 года падчас пажару, які ўчынілі адступаючыя з горада польскія войскі.

Пасля ўсталявання Савецкай улады, з 1923 года, будынкі, якія засталіся на месцы былой персіярні, былі прыстасаваны для размяшчэння рамесных майстэрняў бляхароў і кавалёў.
У 1930-я гады там былі ўзведзены новыя ліцейны і механічны цэхі, а майстэрні рэарганізаваны ў Слуцкі чыгуна-ліцейны механічны завод. Цяпер гэта завод «Эмальпосуд» — адзін з галоўных аб’ектаў на вуліцы Камсамольскай.

7 - sluckaja piersijarniaНА ПЛАНЕ ГОРАДА. Слуцкая персіярня, дзе вырабляліся знакамітыя паясы, размяшчалася на вуліцы Сенатарскай (цяпер вуліца Камсамольская). Яна займала ўчастак, на якім зараз знаходзіцца завод «Эмальпосуд». На фрагменце плана XVIII ст. комплекс будынкаў персіярні пазначаны лічбамі 7 і 9.

Сама вуліца Камсамольская таксама мае цікавую гісторыю. Ад пачатку гэта была не проста вуліца, а бульвар. Заснаваў яго ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя слуцкі князь Багуслаў Радзівіл наўзор бульвараў, якія ў тыя часы стваралі еўрапейскія манархі ў сваіх сталіцах. Ён стаў першым бульварам у нашай краіне.
У розныя часы слуцкі бульвар меў назвы: вуліца Шырокая, вуліца Сенатараская, цяпер — Камсамольская. Гэта адзіны «аўтэнтычны» помнік, які захаваўся да нашага часу і «памятае» радзівілаўскую персіярню з яе выдатнымі майстрамі і вяльможнымі заказчыкамі.

Ігар Ціткоўскі, краязнаўца, http://kurjer.info