У пачатку сакавіка сябры Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага здзейснілі азнаямляльную паездку па маршруце “Лагойск – Хатынь – Лепель – Бярэзінскі запаведнік”, падчас якой абмеркавалі праблемы захавання гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны з мясцовымі жыхарамі.

01 - U poshukah cmokau

Паводле паданняў, старажытны Лагойск займаў значную плошчу і стаяў там, дзе пазней выраслі густыя лясы. Гэта пацвярджаюць рэшткі старажытных руінаў і курганоў, якія зараслі лесам. У былыя часы ў Лагойску існаваў замак, пра які зараз нагадвае Замкавая гара ды арыгінальны выгляд універсама “Замкавы”.

02 - U poshukah cmokau

Напэўна, кожнаму з беларусаў неабходна хаця б аднойчы наведаць мемарыяльны комплекс “Хатынь”, які знаходзіцца ў Лагойскім раёне. Некалі гэта была звычайная мірная беларуская вёска, якая налічвала 26 двароў. Раніцай 22 сакавіка 1943 года за 6 кіламетраў ад яе партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. У перастрэлцы загінуў нямецкі афіцэр. У хуткім часе пасля здарэння Хатынь акружылі нацысцкія карнікі. Яны сагналі ў свіран старых, жанчын, дзяцей, зачынілі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. З ахопленага полымем будынка жывым удалося вырвацца толькі 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму. Ён паспрабаваў вынесці і свайго параненага сына, але не змог яго выратаваць.

03 - U poshukah cmokau

Наогул, у часы Другой сусветнай вайны былі спалены разам з жыхарамі 628 беларускіх вёсак. 186 з іх так і не былі адбудаваныя. Мемарыял ахвярам фашызму на Лагойшчыне адметны сваёй лаканічнасцю і выразнасцю. Выключна моцнае эмацыйнае ўздзеянне дасягаецца адзінствам з прыродай і гукавым суправаджэннем – званы Хатыні гучаць адначасова кожныя 30 секунд.

04 - U poshukah cmokau

У гарадку Лепель апошнім часам адбыўся шэраг цікавых змен, звязаных з абуджэннем гістарычнай свядомасці і адраджэннем гісторыка-культурнай спадчыны. Апрача таго, што на выяве мясцовага герба трывала ўмацавалася знакаміты вершнік з “Пагоні”, дадзены край яшчэ і праславіўся як месца жыхарства міфалагічных цмокаў, дзякуючы гістарычнаму раману Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Дзе можна знайсці цмокаў сёння – ахвотна распавядуць мясцовыя жыхары.

05 - U poshukah cmokau

Адна з такіх незвычайных істот уладкавалася каля станцыі “Лепельрайгаз”. Засмучае толькі тое, што створаная адносна нядаўна скульптура ўжо мае шэраг пашкоджанняў, таму мясцовым актывістам варта было б узяць гэтую рэліктавую фігуру пад свой пільны нагляд.

06 - U poshukah cmokau

Пры ўкараненні разумнай маркетынгавай стратэгіі ў недалёкай будучыні лепельскія цмокі могуць пачаць канкурыраваць са знакамітым на ўвесь свет кракаўскім цмокам, а таксама з таямнічай пачварай з возера Лох-Нэс. Бо калі як след прыгледзецца да маляўнічых лепельскіх ваколіц, міжволі мільгае думка: “Ну чым мы горш за іншых еўрапейцаў? Хіба што нашы самабытныя культурныя традыцыі, паданні і легенды не настолькі добра разрэкламаваныя ў свеце”.

07 - U poshukah cmokau

У выніку намаганняў неабыякавых да гісторыі роднага краю грамадзян, якія імкнуцца зрабіць жыццё на сваёй малой радзіме больш прывабным, а таксама дзякуючы руплівасці скульптара Льва Аганава, у гарадскім парку Лепеля з’явілася адмысловая цікавостка – помнік Цмоку.

08 - U poshukah cmokau

Па суседству з Цмокам пасялілася яшчэ адна міфалагічная гераіня – Русалка. Яе задуменны выгляд, відаць, выкліканы непакоем за працэс далейшага добраўпарадкавання мястэчка… У прыватнасці, мясцовым уладам даўно ўжо варта было пабудаваць у месцы масавага адпачынку прыстойную грамадскую прыбіральню.

09 - U poshukah cmokau

Да ліку пазітыўных гарадскіх навацый таксама варта аднесці ўсталяванне ў парку помніка Льву Сапегу – славутаму палітыку, дыпламату і мецэнату, аднаму з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў у Вялікім Княстве Літоўскім, імя якога непасрэдным чынам звязана з гісторыяй мястэчка. Цікавасць выклікаюць і замацаваныя на муры ўздоўж касцёла Святога Казіміра дыхтоўна аздобленыя фатаграфічныя выявы з мінулага Лепельшчыны.

10 - U poshukah cmokau

На зваротным шляху да Мінска група аматараў гісторыі скарысталася магчымасцю азнаёміцца з асаблівасцямі прыродаахоўнай дзейнасці і наведала Бярэзінскі біясферны запаведнік, які ў бягучым годзе адзначае 90-годдзе свайго існавання.

11 - U poshukah cmokau

Тэрыторыя пад запаведнік была выбрана невыпадкова: менавіта тут, у верхнім цячэнні ракі Бярэзіны з яе шматлікімі прытокамі, у месцах з цяжкадасяжнымі ляснымі і балотнымі масівамі захоўваюцца папуляцыі лася, мядзведзя, дзіка, бабра, выдры, еўрапейскай норкі, рысі, зубра і іншых жывёл, многія з якіх знаходзіліся на мяжы знішчэння.

12 - U poshukah cmokau

Тут засталіся некранутыя куточкі дзікай прыроды, дзе гарманічна суіснуюць сотні відаў флоры і фаўны. Асноўная частка лясной плошчы пакрыта хвойнымі пародамі: саснякамі і ельнікамі. Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца дрэвастоі на балотах, дзе бесперапынна, на працягу многіх стагоддзяў, адбываюцца натуральныя эвалюцыйныя працэсы. Водна-балотныя ўгоддзі ахоўнай тэрыторыі ўяўляюць сабой унікальны прыродны комплекс з разнастайнымі тыпамі балот (верхавыя, пойменныя і нізінныя) і разгалінаваную сетку вялікіх і малых рэк.

13 - U poshukah cmokau

Дарэчы, галоўным гістарычным помнікам тэрыторыі з’яўляецца Бярэзінская водная сістэма, збудаванне якой дазволіла ўсталяваць скразную водную сувязь паміж рэкамі Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў.

Цалкам верагодна, што і тут, у нетрах гэтага сусветна вядомага прыроднага абшару, хаваецца чарговы беларускі цмок, закліканы назіраць за тым, якую спадчыну мы пакінем пасля сябе нашчадкам.

14 - U poshukah cmokau

Ірына Шумская, фота аўтаркі