00У першай палове верасня ў Іркуцку адбылася сяброўская сустрэча сакратара Таварыства аматараў гісторыі ім. В. Ластоўскага Ірыны Шумскай і чальцоў Іркуцкага таварыства беларускай культуры ім. Я. Чэрскага, якое з’яўляецца адным з найбольш актыўных этнакультурных аб’яднанняў у Прыбайкаллі.

На сённяшні дзень Таварыства, створанае амаль два дзесяцігоддзі таму, мае 11 філіялаў ва Ўсходняй Сібіры, падтрымлівае кантакт з энтузіястамі з 14 раёнаў Іркуцкай вобласці. Суполкі аднадумцаў і аматараў беларускай культуры расцягнутыя на 1000 кіламетраў – ад горада Слюдзянка на ўсходзе да вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне на захадзе.Актывістамі Таварыства вядзецца вялікая даследчая праца і збор этнаграфічных матэрыялаў па сібірскіх вёсках, дзе пражываюць патомкі шматлікіх перасяленцаў з Беларусі.

01

Пры Таварыстве паспяхова дзейнічаюць адзіная ва ўсёй Расіі адмыслова беларуская бібліятэка і рэдакцыя бюлетэня-газеты «Маланка», музей-майстэрня «Беларуская хата», маладзёжны клуб «Крывічы» і дзіцячы клуб «Зярнятка», шэраг фальклорных ансамбляў і танцавальных гуртоў.

02

Чальцамі Таварыства рэгулярна ладзяцца разнастайныя імпрэзы і святкаванне традыцыйных беларускіх святаў, да ўдзелу ў якіх ахвотна далучаюцца не толькі этнічныя беларусы, але і іншыя жыхары Прыбайкалля. Заснавальнік Таварыства, харызматычны Алег Рудакоў, добра вядомы ў рэгіёне, дзякуючы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі і плённым высілкам у кірунку папулярызацыі беларускай культуры.

03

Паводле папярэдных дамоваў, на наступны год, у якім будзе адзначацца 170-гадовы юбілей славутага географа, геолага і палеантолага Яна Чэрскага, запланавана выданне чарговага выпуску альманаха “Запісы Таварыства аматараў беларускай гісторыі”, прысвечанага жыццядзейнасці беларусаў у Прыбайкаллі. Усе зацікаўленыя могуць дасылаць свае матэрыялы па азначанай тэматыцы на скрыню: amatary.by@gmail.com

04