Z varagau u greki - 00Напрыканцы верасня прадстаўнікі Таварыства аматараў беларускай гісторыі ім. В. Ластоўскага наведалі першы ў СНД прысвечаны скандынаўскай культуры фестываль гістарычнай рэканструкцыі “З варагаў у грэкі”, які праходзіў па маршруце Бярозаўка-Масты-Гародня па рацэ Нёман.

Фестывалі гістарычнай рэканструкцыі – з’ява не толькі папулярная ў еўрапейскіх краінах, але і карысная. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць абуджэнню цікавасці насельніцтва да гістарычных ведаў і азнаямленню з разнастайнымі традыцыямі тых народаў, якія пакінулі сляды на зямлі нашых продкаў у былыя часы.

Z varagau u greki - 01Культура вікінгаў і яцвягаў займае досыць значнае месца ў айчыннай гісторыі, таму, відаць, невыпадкова, што першы сярэднявечны фестываль такога кшталту адбыўся менавіта ў Беларусі.

Z varagau u greki - 02

Як паведаміў адзін з арганізатараў імпрэзы Павел Дарафей, у яго са школьных гадоў была мара збудаваць сапраўдны карабель вікінгаў. Мару ўдалося здзейсніць, дзякуючы дапамозе сяброў і шэрага валанцёраў. У выніку экіпажы беларускага “Яцвяга” і ўкраінскай “Фрэі” пераадолелі значны адрэзак шляху па Нёману, каб на фінальным этапе высадзіцца на бераг у цэнтры Гародні.

Z varagau u greki - 03

Падчас фестывалю можна было азнаёміцца з асаблівасцямі побыту і адзення вікінгаў, пабываць у ролі лучніка, навучыцца майстраваць розныя карысныя прылады з дрэва, паназіраць за працай каваля і паслухаць сярэднявечную музыку.

Z varagau u greki - 04

Адным з ключавых элементаў праграмы былі паядынкі ваяроў-рэканструктараў. У калектыўным спаборніцтве перамагла каманда з Украіны, якая ў якасці прыза адтрымала металічны флюгер, адмыслова выраблены ювелірам паводле старажытнага ўзору з Нарвегіі.

Z varagau u greki - 05

Арганізацыя фестывалю суправаджалася мноствам арганізацыйных і фінансавых цяжкасцяў і фактычна рабілася на голым энтузіязме. У будучыні куратары мерапрыемства, якія па сумяшчальніцтву з’яўляюцца яшчэ і арганізатарамі музея жывой гісторыі “Панёманскае гарадзішча” ў Бярозаўцы, плануюць улічыць усе недахопы і хацелі б зрабіць фестываль рэгулярным.

Z varagau u greki - 06

Што са шматлікіх планаў у далейшым атрымаецца ўвасобіць у жыццё – пакажа час. Але ўжо сёння відавочна, што зварот да культуры вікінгаў і яцвягаў мог бы стаць добрым падмуркам для развіцця перспектыўнага накірунку event-турызму і прыцягнуць у Беларусь замежных аматараў актыўнага адпачынку.

Z varagau u greki - 07