Аб тым, што «татарская» тапаніміка выклікае цікавасць, можна пераканацца пад час краязнаўчых канферэнцыяў, а таксама на інтэрнэт-сайтах. І гэтая назва («татарская» тапаніміка) нават замацавалася як устойлівая. Для мяне ў свой час яна стала своеасаблівым водгукам на кнігу прафесара Леанiда Лыча «Назвы зямлi беларускай» (Мінск, 1994), дзе татарскай тапанiміцы аддадзены цэлы раздзел. А ў давяршэнне яшчэ ўзгадаліся мудрыя словы паэта і акадэміка Петруся Броўкі: «Усё пакінуць след павінна».

 Кожны чалавек пакідае па сабе след, а тым больш гэта павінна зрабіць супольнасць прадстаўнікоў аднаго народа, звязанага агульным месцам пражывання, рэлігіяй, традыцыямі. Геаграфічныя назвы могуць стаць амаль што самым яскравым сведчаннем жыцця ў пэўным месцы людзей, якія далі яму найменне. Жыццё татарскага народа на зямлі Беларусі адбілася ў назвах яе мястэчак, гарадоў, вуліцаў, курганоў.

З часу з’яўлення назваў і да нашых дзён захавалася не ўсё. Але пры гэтым яшчэ не кожная з іх зафіксаваная і растлумачаная. Выяўленне, апісанне гісторыі ўзнікнення назваў, падзеяў, асобаў, з імі звязаных, а таксама ўзніклых народных паданняў, твораў мастацтва з цягам часу ўскладняецца, бо ў тапаніміцы адбываюцца зрухі часцей у бок забыцця. З-за таго, што планамернай працы па асвятленні працэсу надання тапанімічных назваў якраз у неабходны час проста не існавала, то многія (большасць з іх ужо былыя) тлумачацца на падставе паданняў, якія не заўсёды вытрымліваюць навуковы аналіз. Але, «мабыць, ні адзін народ-прышэлец не пакінуў пра сябе столькі легендаў, паданняў, як татары» (В. Шур).

Перыядычна новая ўлада змяняе спрадвечныя назвы на новыя і пасля з цяжкасцю вяртаюцца першапачатковыя. Былыя найменні застаюцца толькі ў пісьмовых крыніцах, памяці мясцовых жыхароў, а некаторыя так і адыходзяць у нябыт. ХХ ст. найбольш збядніла ў гэтым сэнсе беларускіх татараў. З усіх адабраных назваў вернутыя адзінкі. І калі населеныя пункты яшчэ «трымаюцца», то іх татарскія куточкі і вулкі ў большасці згубілі не толькі найменні, але і свой матэрыяльны і духоўны след – што зруйнаванае, што забудаванае: найбольш яскравы прыклад – Татарскае прадмесце Мінска. І з гэтай сумнай прычыны ўсё большую святасць маюць для татараў, як і для кожнай нацыянальнай супольнасці, месцы і іх імёны, што зберагаюць памяць аб нашым нешматлікім, але карэнным на землях Беларусі этнасе.

Татарскі след у назвах зямлі беларускай 3

Першыя пасяленні на землях ВКЛ

 Працяглае жыццё татарскага народа на зямлі, што знаходзіцца далёка ад яго прарадзімы, моцна звязала нас з «Зямлёй пад белымі крыламі». З часу пасялення ў 1397 г. вялікай колькасці воінаў хана Тахтамыша ў месцах, вызначаных Вітаўтам Вялікім, мінула больш як 600 гадоў. Але яшчэ да гэтага ў Вялікім Княстве Літоўскім знаходзілі сабе прытулак асобныя групы залатаардынскіх воінаў, якія трапілі сюды ці па добрай волі, ці палоннымі. Татары служылі як абаронцы межаў дзяржавы яшчэ ў войсках Гедзіміна, а Кейстут і Альгерд запрашалі іх да ўдзелу ў сваіх паходах на маскавітаў, палякаў, крыжакаў. Разам з Ягайлам, якога паклікаў на дапамогу маскоўскі князь Дзмітрый, у бітве супраць Мамая ўдзельнічала некалькі татарскіх палкоў, бо большасць ардынскіх князёў не прызналі ўладу Мамая, які не быў чынгізідам і сілай захапіў уладу ў Залатой Ардзе. Цягам усяго ХV ст. у Вялікае Княства ішлі перасяленцы з Крыма. Казімір Ягелончык, Аляксандр, Жыгімонт I пашыралі татарскія асады шляхам ахвяравання новых і новых земляў. Акрамя атрымання земляў зацікаўленасць татараў у службе інтарэсам Рэчы Паспалітай падтрымлівалася яе каралямі захаваннем і пацвярджэннем праз дакументы прывілеяў. У 1561 – 1568 гг. Жыгімонт ІІ Аўгуст выдае татарам прывілеі на шляхецтва. Далей іх пацвердзяць Стэфан Баторый (1576), Жыгімонт III Ваза (1608), Уладзіслаў IV (1634).

Уладанні татараў узніклі ў канцы ХV – пачатку ХVI стст. на заходніх межах княства ў прадмесцях Вільні, Трокаў, Навагрудскім, Мінскім, Лідскім, Ашмянскім, Брэсцкім паветах. У Слоніме пастаянныя жыхары з ліку татараў з’явіліся ў канцы ХVIII ст., але ўжо раней татарскія маёнткі існавалі ў яго ваколіцах. Да канца ХVIII ст. межы татарскай аседласці выглядалі кампактна і былі пазначаныя гарадамі: Вільня, Навагрудак, Мінск, Полацк. Значныя асады меліся вакол Гродна, Беластока. У ХIХ ст. узніклі досыць буйныя татарскія пасяленні ў Глыбокім, Докшыцах, Відзах, Мядзелі. У другой палове ХIХ ст. адносна кампактныя групы татараў жылі ў Слуцкім, Навагрудскім, Ашмянскім, Брэсцкім, Пружанскім, Віленскім паветах. У ХIХ ст. павялічылася колькасць гарадскіх жыхароў, выраслі абшчыны ў Мінску, Ляхавічах, Слоніме, Смілавічах. Жылі татары ў наваколлях Міра, Сіняўкі, Узды, Капыля, Смалявічаў, у Мышы пад Баранавічамі, у старой частцы Гомеля – Беліцы.

З часам колькасць беларускіх татараў не павялічваецца, а памяншаецца, і цяпер не дасягае нават 10 тысячаў чалавек. У свой час жылі ў вялікай колькасці, а цяпер засталося няшмат татараў у Слуцку, Нясвіжы, Клецку, Мышы, Дзятлаве. Па адным чалавеку застаецца ў Лоўчыцах блізу Навагрудка, Ардзе непадалёк Клецка, Мінчаках на Мядзельшчыне. Існуюць месцы, назвы якіх ужо толькі нагадваюць аб сваіх колішніх насельніках (Асмолава, Сандыкаўшчызна і інш.).

Татарскія тапонімы: якія яны і ці шмат іх?

 У памяці зямлі Беларусі налічваецца каля трох соцень тапонімаў цюркска-татарскага паходжання. Найбольш іх на тэрыторыі сучаснай Міншчыны. Пра тое, як і адкуль узніклі татарскія назвы населеных пунктаў, іх ваколіцаў, пэўных гарадскіх раёнаў або вуліцаў, можна даведацца як з гістарычнай літаратуры, архіўных матэрыялаў, так і з фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, з некаторых літаратурных крыніцаў.

Вядомы спецыяліст у галіне тапаніміі В. Жучкевіч вылучае вельмі важны момант для пошукаў вытокаў назвы: «Сапраўднай афіцыйнай формай тапоніма трэба лічыць вусную сучасную беларускую форму тапоніма, тую, якая існуе ў карыстанні народа». З другога боку, трэба мець на ўвазе, што нязвыклыя для вымаўлення мясцоваму насельніцтву словы з цягам часу прынялі іншую форму, напрыклад, змяніўшы альбо згубіўшы адзін ці некалькі гукаў (вуліца Амуратаўская ў Мінску – ад татарскага імя Амурат – стала Амуратарскай). Дадаваліся да першапачатковай асновы славянскія словаўтваральныя фарманты.

Нельга не адзначыць, што былі выдатныя памкненні з боку саміх татараў у справе захавання спадчыны. Група татарскай моладзі, якая вучылася ў Пецярбургу, у 1907 г. стварыла нелегальны Акадэмічны гурток польскіх мусульманаў (выхадцаў з Рэчы Паспалітай). Яго сябры з асаблівым захапленнем узяліся за даследаванне татарскіх паселішчаў у Літве і Польшчы. Сярод гэтай моладзі былі браты Крычынскія, якія пазней здзейснілі свой каштоўны ўнёсак у стварэнне татарскага музея ў Вільні.

Пры больш шырокім падыходзе неабходна звярнуць увагу на найменні, што маюць дачыненне да жыцця татараў, але па сваім афармленні не з’яўляюцца вытворнымі ад цюркізмаў, татарскіх патронімаў (Ліда, Крэва, Мір і інш.), ці з цягам часу змянілі не толькі сваё гучанне, але і былую назву.

Аўтар: Разалія АЛЕКСАНДРОВІЧ, http://bfk.by/