Бадай, можна сцвярджаць з упэўненасцю, што стаўленне народа да сваёй спадчыны ў значнай ступені адлюстроўвае яго адносіны да ўласнага мінулага. Дзеля аховы помнікаў у нашай краіне складзены дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Аднак, мноства надзвычай цікавых аб’ектаў у гэты спіс на дадзены момант не ўваходзіць, што ўскладняе іх ахову. Напрыклад, старыя могілкі ў мястэчку Радашковічы, што ў Маладзечанскім раёне, не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак маюць значную гістарычную вартасць. У гэтым можна лёгка пераканацца, наведаўшы могілкі.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 1
Калі здалёк падыходзіць да старых Радашковіцкіх могілак, то ў вочы адразу кідаецца іх дамінанта – каменная капліца Святога Яна Непамука. Стаіць яна ў самым цэнтры могілак, падзяляючы іх на каталіцкую і праваслаўную часткі.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 2
Каб патрапіць да капліцы, трэба прайсці праз вельмі цікавую агароджу – каменную з каталіцкага боку і цагляную з праваслаўнага (на цяперашні момант цаглянае агароджа прасела і месцамі развалілася, пасялковыя улады знеслі яе цалкам і пакуль нічога не зрабілі каб яе аднавіць). І вось – вас сустракае адзін з самых загадкавых аб’ектаў старых могілак. Будаўніцтва капліцы Святога Яна Непамука было распачатае ў 1863 годзе са смерцю аднаго з прадстаўнікоў шляхецкага роду Валадковічаў – уладальнікаў маёнтка Новы Двор. Гэты чалавек быў пахаваны на славутых могілках Пэр-Лашэз у Парыжы, але, згодна з воляй памерлага, сэрца яго было перавезенае на Радзіму і пахаванае на Радашковіцкіх могілках у спецыяльна пабудаванай для гэтай мэты капліцы.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 3

Цікава, што пры будаўніцтве капліцы разам са звычайнымі валунамі былі выкарыстаныя надмагільныя камяні, якія, відаць, засталіся ад ранейшых, на той момант ужо занядбаных пахаванняў. Гэты факт дае нам падставу меркаваць, што самі могілкі шмат старэйшыя за капліцу.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 4
Нажаль, тоўстыя каменныя сцены не здолелі зберагчы сэрца Валадковіча. Шматлікія войны, а пасля савецкая навала не шкадавалі гэтай зямлі. У выніку, у пачатку 21 стагоддзя капліца стаяла без даху, вокнаў і дзвярэй.Так выглядала капліца ў 2006 годзе. 

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 5
І толькі ў 2008-2009 гг капліца Святога Яна Непамука была адноўленая дзякуючы пробашчу Радашковіцкага касцёла Святой Троіцы Валянціну Станкевічу.
Вакол капліцы сканцэнтраваныя самыя старыя з тых пахаванняў, якія дайшлі да нашага часу. Так, недалёка ўзвышаецца мармуровы крыж, пад якім спачываюць некалькі Валадковічаў.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 6

 Непасрэдна каля самой капліцы знаходзіцца цэлая група надзвычай цікавых пахаванняў. Гэта магілы роду Сніткаў, сярод якіх можна ўбачыць пахаванне Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай (Сніткі) – жонкі Браніслава Тарашкевіча.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 7
Побач знаходзіцца сімвалічнае пахаванне Радаслава Тарашкевіча – іх адзінага сына, які загінуў на Вялікай Айчыннай вайне.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 8
Радаслаў служыў у партызанскай брыгадзе “Штурмавая” і быў забіты падчас прарыву блакады ў раёне возера Палік [5, с. 26]. Трошкі ніжэй можна ўбачыць крыж з імем Алены Адамаўны Уласавай – маці Аляксандра Уласава – рэдактара выдаўца «Нашай Нівы» і аднаго з кіраўнікоў ТБШ.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 9

 Без сумневу, увагу наведвальнікаў прыцягнуць яшчэ дзве магілы каля капліцы. Гэта пахаванні 1910 і 1911 гадоў, аздобленыя надзвычай прыгожымі помнікамі. Асабліва ўражвае пахаванне 1911 года са скульптурай Езуса на магільнай пліце.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 10
Непадалёк, але ўжо з другога боку капліцы, знаходзіцца помнік, выкананы ў падобным стылі – надмагілле са скульптурай Маткі Боскай.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 11
Гэта пахаванне 1902 года, тут ляжыць Анэля Чаховіч – жонка ўдзельніка паўстання 1863—1864 гг. Зыгмунда Чаховіча. Сам Чаховіч таксама пахаваны на Радашковіцкіх могілках, але дакладнае месцазнаходжанне яго магілы невядомае, бо помніка ці крыжа не захавалася.
Непасрэдна каля помніка Анэлі Чаховіч можна ўбачыць досыць занядбанае пахаванне: за металічнай агароджай не бачна ні помніка, ні пліты з-за буйных зарасцей з травы і кветак.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 12
Тут, па словах Ірыны Уладзіславаўны Ніжанкоўскай, пахаваны Юрый Ляскарыс з жонкай Антанінай – гаспадар фальварку Даўбарова і далёкі нашчадак візантыйскіх імператараў [2].
Бліжэй да каменнай агароджы могілак знаходзіцца цэлы комплекс воінскіх пахаванняў 1919 – 1920 гадоў.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 13
Тут спачываюць польскія жаўнеры, якія загінулі падчас Польска-Савецкай вайны. Усе магілы адзначаныя каменнымі крыжамі, дзе ўказаныя імёны загінулых (калі вядомыя).

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 14
У цэнтры комплексу ўзвышаецца вялізны агульны крыж з надпісамі, датаваны 1930 годам: згодна з умовамі Рыжскага міру, мястэчка Радашковічы было перададзенае Польшчы і да 1939 года з’яўлялася памежным горадам, а польскія ўлады дбайна ставіліся да сваёй гістарычнай памяці.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 15
Нямала адметных помнікаў знаходзіцца і на праваслаўнай частцы могілак. Калі прайсці да яе не праз асобныя вароты, а накіравацца ўглыб могілак, можна заўважыць некалькі досыць цікавых дэталяў. У прыватнасці, вартая ўвагі сімволіка на помніках. На шматлікіх пахаваннях савецкага перыяду замест традыцыйных пяціканцовых зорак усталяваныя або выгравіраваныя крыжы. Так, нягледзячы на тое, што мястэчка ў 1939 годзе стала тэрыторыяй БССР, у мясцовых жыхароў надоўга захавалася ментальнасць заходніх беларусаў.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 16
Сярод іншых цікавых сімвалаў варта назваць і знакі прафесійнай прыналежнасці. Напрыклад, на магільным помніку вельмі паважанага ў мястэчку доктара М.М. Наймарка не ўбачыш крыжа. Замест яго выгравіраваная чара з атрутай, вакол якой абвітая змяя.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 17
Яшчэ адно пахаванне, якое выдзяляецца на фоне астатніх, – гэта магіла камандзіра партызанскай брыгады імя Ракасоўскага Аляксандра Васільевіча Раманава. Брыгада імя Ракасоўскага дзейнiчала з лiпеня 1942 года на поўначы Вiцебскай вобласцi, а з другой паловы 1943 года — у былой Вiлейскай вобласцi. Адным з партызанаў гэтай брыгады быў П.М. Машэраў [1; 4].

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 18
Патрапіўшы на праваслаўную частку могілак, немагчыма не заўважыць брацкую магілу салдат Вялікай Айчыннай вайны, якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На мемарыяльных дошках – дзесяткі прозвішчаў загінулых ваякаў, і за кожным – свой лёс.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 19
Тут жа, праваруч ад азначанай брацкай магілы, знахоздіцца яшчэ адна – помнік экіпажу капітана Маслава, пад якім пахаваныя рэшткі членаў экіпажа. Надпіс на помніку паведамляе нам, што 26 чэрвеня 1941 года ў раёне мястэчка Радашковічы паветраны таран здзейсніў экіпаж самалёта Аляксандра Маслава; акрамя самога камандзіра на борце былі Уладзімір Балашоў, Бахтурас Бейскбаеў і Рыгор Рэўтаў. Усім ім на сённяшні дзень прысуджаныя званні герояў. Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 20

Дарэчы, гэта не адзіны паветраны таран, што адбыўся ў небе над Радашковічамі. У раёне мястэчка таксама гераічна загінулі экіпажы Гастэлы (напэўна, найбольш вядомы) і Прэсайзена. Вельмі важна, што памяць аб усіх трох экіпажах увекавечаная не толькі ў каменных помніках, але і ў зборах музея вогненных і паветраных таранаў, што размяшчаецца ў сценах Радашковіцкай школы-інтэрната.
Няцяжка заўважыць, што Радашковіцкія могілкі багатыя на ваенныя пахаванні. Апошняй вайной, якая забрала жыцці тысяч беларусаў, стала вайна ў Афганістане. Жыхары мястэчка, якія належаць да пакалення 60-х гадоў, памятаюць, як вярталіся на Радзіму ацынкаваныя труны іх аднагодкаў. Сёння на Радашковіцкіх могілках можна знайсці некалькі пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў. Напрыклад, кіруючыся да варот, можна заўважыць магілу дваццацідвухгадовага салдата Аляксандра Корзіка.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 21
Тут скончваецца нашае знаёмства з могілкамі і з тымі выбітнымі асобамі, што калісьці праславілі свой край.
Сапраўды, старыя Радашковіцкія могілкі ўяўляюць сабой багатую крыніцу для вывучэння мінулага мястэчка, таму надзвычай актуальным з’яўляецца пытанне іх захавання. Неабходнасць надання могілкам статусу помніка гісторыі ўжо была раней агучана ў друку [2]. Хацелася б спадзявацца, што заклікі гісторыкаў і краязнаўцаў не застануцца без увагі. Бо народ, які не мае мінулага, страчвае і будучыню.

Старыя могілкі ў Радашковічах невядомая каштоўнасць 22
Спіс літаратуры
1. Бригада им. К.К. Рокоссовского [Текст] // Памяць : Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад.: К.І.Козак, А.І.Кузняцоў; рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]; маст. Э.Э. Жакевіч]. — Минск : БЕЛТА, 2001. — С. 259 – 260.
2. Гатальскі, І. Нашчадак візантыйскіх імператараў жыў на Меншчыне [Тэкст] / Ігар Гатальскі // Туризм и отдых. — 2006. — № 26 (6 июля).— C. 41, 44.
3. Крупянькова, А. Цюбецейка для Івана Георгіевіча [Тэкст] / Анжаліка Крупянькова // Маладзечанская газета. — 2010. — 12 мая. — С. 4.
4. Расолька, С. Тым слава, хто носiць медаль партызана за подзвiгi ў жорсткiх баях [Тэкст] / Сяргей Расолька // Звязда. — 2005. — № 78 (25410). — C. 2.
5. Шаплыко, Ф.И. Радошковичи православные [Электронный ресурс] / иерей Фома Иванович Шаплыко; Белорусская интернет-библиотека “Камунікат”. — Электронная книга в PDF-формате.

Аўтар: Наталія Волкава.
Фота: Уладзімір Садоўскі, http://yozas-gubka.livejournal.com/

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу хацелася б шчыра падзякаваць Ніжанкоўскай Ірыне Ўладзіславаўне, чые ўспаміны зрабілі магчымым напісанне гэтага артыкула.