У выніку  даследаванняў сябрам грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», урэшце стала вядомая ўся траса мінскай «Дарогі смерці» — ад сутарэнняў будынку НКВД БССР і ягонай ўнутранай турмы «Амерыканкі» да расстрэльных ямаў у Курапатах.

Стала вядомая ўся траса «Дарогі смерці» — ад «Амерыканкі» да ямаў у Курапатах 1

Гэты шлях пакутаў і смутку бязвінных ахвяраў сталінізму на пагібель у 1930—1940-я гады пралягаў па цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы Савецкай да Камароўкі, ішоў па Лагойскай шашы, затым па полю паміж Курапатамі і сённяшнім «Экспабелам», рабіў левы паварот на шашу Заслаўе — Калодзішчы і, урэшце, яшчэ раз паварочваў налева, каб завершыцца ў старым глухім хваёвым бары на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.

Пра гэта сябры ініцыятывы паведамілі 7 чэрвеня ў Мінску на круглым стале «Новыя знаходкі ды іхны ўплыў на канцэпцыю мемарыялізацыі Курапатаў і юрыдычны статус помніка», у якім бралі ўдзел больш за 30 сябраў аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял».

Вызначэнне трасы «Дарогі смерці» адбылося ў выніку аналізу фактаў і сведчанняў — адкрытых пісьмовых, вусных і выяўленчых крыніцаў, у тым ліку навуковых справаздачаў, мапаў і планаў розных гадоў, успамінаў сведкаў, а таксама агляду мясцовасці і вывучэння асаблівасцяў яе рэльефу, глебы і расліннасці.

Вялікай падзякі заслугоўваюць першаадкрывальнікі Курапатаў — Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў — аўтары зборніку «Курапаты» (Мінск, Тэхналогія, 1994), журналіст Яўген Гарэлік, які разам з Георгіем Тарнаўскім і Валерам Собалевым напісаў кнігу «Куропаты: следствие продолжается» (Москва, Юридическая литература, 1990), аўтары зборніку «Курапаты» (Архіў найноўшай гісторыі пры грамадскім аб’яднанні «Дыярыуш», Мінск, 2002), архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня, якія ўпершыню ўвялі ў навуковы абарот трасу той часткі «Дарогі смерці», што ішла на ўсход ад Курапатаў, а таксама архітэктары Вадзім Гліннік і Раман Забэла, якія на аснове пісьмовых і картаграфічных матэрыялаў склалі гістарычна-архітэктурны апорны план урочышча. Дзякуючы руплівасці гэтых людзей беларускае грамадства сёння мае надзейнае навукова абгрунтаванае апірышча, што дазваляе працягнуць даследаванне асобных праблемаў мінулага Курапатаў.

Падзяка і ўсім актывістам нашай ініцыятывы, у першую чаргу географу Аляксею Галічу і грамадскаму актывісту Алесю Макаву, якія ахвяравалі часам і высілкамі дзеля высвятлення трасы апошняга невядомага грамадскасці ўчастку «Дарогі смерці» — ад шашы Заслаўе-Калодзішчы да самай высокай кропкі ўрочышча, вышыня якой складае амаль 235 метраў.

“А дарога ў лесе выкатана, як асфальт…”

Мы мелі дзве рабочыя версіі трасы гэтага ўчастку ад Заслаўскай шашы. Першая — наўпрост праз лес у паўднёва-усходнім накірунку. Аднак супастаўленне названага маршруту з нямецкім аэрафотаздымкам Курапатаў 23 чэрвеня 1941 году прымусіла  адмовіцца ад гэтай версіі. Тым больш, што стала вядома — дарога праз лясны масіў у паўднёва-усходнім накірунку была пракладзена толькі пасля вайны, верагодней за ўсё, падчас ўзвядзення ЛЭП. І таму на трафейным здымку адсутнічаюць як траса гэтай дарогі, так і паварот на яе з боку Заслаўскай шашы.

Другая версія не выклікае пярэчанняў, бо пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Як сведчыць нямецкі здымак, на пачатку 1940-х гадоў з боку Заслаўскай шашы толькі адна дарога вяла ў Брод. Менавіта так на той час называўся густы лясны масіў, што, паводле заключэння спецыялістаў, адноўлены пасля вайны на месцы старога лесу, які быў паступова высечаны ў 1941-1945 гадах.

Апошні ўчастак «Дарогі смерці» пачынаецца левым паваротам пад кутом каля 30 градусаў ад Заслаўскай шашы ў паўднёва-заходнім накірунку. Ад месца павароту да перакрыжавання ліні паўднёвай мяжы рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» з трасай Заслаўе-Калодзішчы — 193-195 метраў . Агульная працягласць гэтага ўчастку «Дарогі смерці» складае 485 метраў (тры адрэзкі ў 125, 160 і 200 метраў). Прычым, праз 125 метраў ад пачатку грунтоўка паварочвала налева і ішла па трасе дзейнай зараз лясной дарогі да Курапацкай гары.

Паводле ўспамінаў Дар’і Ігнатаўны Тоўсцік з Цны-Ёдкава 1911 г.н., дарога ў лесе была выкатаная, як асфальт. І гэта не дзіўна, бо калі, як сведчыць Вольга Цімафееўна Бароўская з Цны,1927 г.н., першыя расстрэлы на Бродзе пачаліся ў 1932 годзе і мелі эпізадычны характар, дык з 1937 году сталі масавымі і адбываліся штодзень. Спачатку тройчы ў дзень, а потым безупынна людзей вазілі на забойства, што здзяйсняліся да першых дзён германа-савецкай вайны, Прычым, Мікалай Іванавіч Пацяршук з Цны, 1929 г.н. і ягоны зямляк Уладзімер Канстанцінавіч Бацян, 1928 г.н. узгадвалі выпадкі, калі ў Брод адразу прывозілі ахвяраў на пяці …

Марат Гаравы, http://novychas.by/