Сляды спадчыны. Грушаўка 1

Грушаўка – вёска ў Ляхавіцкім раёне, што знаходзіцца за пяць кіламетраў ад райцэнтра. Вёска-легенда. Вёска-сімвал нашага гісторыка-культурнага заняпаду і нацыянальнай амнезіі. Месца паломніцтва палякаў на радзіму Тадэвуша Рэйтана, славутай гістарычнай асобы агульнай беларуска-польскай гісторыі, якога суседняя з намі нацыя, у адрозненне ад беларусаў, даўно называе сваім нацыянальным героем.

УЧОРА

Першыя звесткі з апісаннем мясціны пад назваю Грушаўка датуюцца яшчэ канцом XV ст. За гісторыю маёнтка гаспадары Грушаўкі мяняліся неаднаразова, а сама сядзіба неаднойчы разбуралася і паўставала зноў. А вось у канцы XVII ст. за верную службу польскаму каралю Грушаўка перайшла ў рукі знакамітага нямецкага роду Рэйтанаў. Ужо Дамінік Рэйтан паставіў на гэтым месцы класічны панскі палац з двума флігелямі, мастацкай галерэяй, шыкоўнай тэрасай, а паблізу палаца быў разбіты сад. Прыкладна так даўней выглядалі шляхецкія фальваркі ў Беларусі. Толькі падобная мясціна магла даць нашай гісторыі славутае імя Тадэвуша Рэйтана, сына Дамініка.

Паляк паходжаннем, але ліцвін (беларус) па духу і светапоглядзе, ён з гонарам казаў пра сябе: “Я ліцвін, да касцей ліцвін!” Менавіта імя нашага земляка стаяла наперадзе імёнаў тых нямногіх патрыётаў свайго краю, якія спрабавалі абараніць яго ад гібельнага падзелу паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, за што і аддалі сваё жыццё.

У канцы ХІХ ст. у Грушаўцы паўстае новы драўляны дом у мадэрным стылі, шкілет якога і сёння пазірае пустымі вачніцамі на наваколле.

Сляды спадчыны. Грушаўка 2

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Згаданы дом насамрэч з’яўляўся сапраўднаю англійскаю вілаю. З беларускага лесу была зроблена толькі рама дома. Усё прывезенае з Еўропы аздабленне для сядзібавых пакояў (цудоўныя фрэскі і разьба па дрэве, узорны паркет, гатычныя лесвіцы з моранага дубу і каванага чыгуну, грубкі з кафлі галандскага майстра Эрнста Тэльхерта) месцілася на сарака вялізных вазах. Дом меў таксама карцінную галерэю, паляўнічую залу з чучаламі звяроў і птушак, фінікавую аранжарэю.

Ужо напрыканцы ХІХ ст. у гаспадарцы функцыянавалі водаправод і каналізацыя, выкарыстоўвалася электрычнае асвятленне. На тэрыторыі сядзібы знаходзіліся тры азяркі, спалучаныя між сабой вадаспадамі. Пчалярства, вырошчванне садавіны, збожжа, лекавых раслін, а таксама ўласны паравы млын прыносілі гаспадарам немалыя прыбыткі. У памяць свайго слыннага родзіча Тадэвуша Рэйтана гаспадары заснавалі музей.

Бясконцыя войны і рэвалюцыі ў пачатку ХХ ст. неаднаразова парушалі ідылічнае жыццё гаспадароў маёнтка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
У агні першай сусветнай вайны быў знішчаны архіў Рэйтанаў і частка фамільнай бібліятэкі, у якой нярэдкімі былі кнігі накшталт томіка Цыцэрона выдання XVI ст. Аднак апошні свой уздых шляхецкая сядзіба зрабіла пасля ўварвання сюды ў 1918 годзе Чырвонай Арміі. Найстарэйшыя жыхары мясцовасці і сёння памятаюць вогнішчы са старажытных кніг і дарагіх карцін, біццё дарагога посуду, масавыя крадзяжы, учыненыя салдатамі савецкага войска. У 1940 годзе па дарозе ў Сібір памерла Аліна Рэйтан, апошняя з фаміліі Рэйтанаў.

СЁННЯ

Дарма што Грушаўка выглядае цяпер цалкам занядбанай, тут і сёння, безумоўна, ёсць на што паглядзець. Пад шатамі старых дрэў тут найлепш адчуваецца ціш і спакой, запаволенасць жыцця пачатку ХХ ст. Праз гады закінутасці яшчэ лёгка прасочваецца колішні арыгінальны план маёнтка. Да сядзібавага дома з паўкруглымі ганкамі і сёння вядуць ацалелыя пад старымі прысадамі брукаванкі. Побач з домам даволі добра захаваліся мураванка і флігель, у якім калісьці жыў Тадэвуш Рэйтан. Праваруч ад сядзібавага дома месцяцца дзве стайні з чырвонай цэглы, пабудаваныя ў неагатычным стылі. Будынкі і сёння прыемна ўражваюць сваімі экзатычнымі формамі, якія працягваюць эксплуатавацца мясцовымі гаспадарнікамі.

Сляды спадчыны. Грушаўка 5

Адразу за сядзібавым домам стаіць мураваная майстроўня. Яшчэ далей рэшткі разбуранага бровару, насупраць якога знаходзіцца маляўнічая саджалка. На другім беразе саджалкі месціцца ўражвальнае сваімі маштабамі гумно. Драўляны каркас гумна складзены з агромністых дрэў, якіх, запэўніваюць мастацтвазнаўцы, у Беларусі даўно не вядзецца.

Дужа цікаўны падарожнік або аматар даўніны здолее адшукаць у прысядзібавым парку рэшткі былой лядоўні і разбураную аранжарэю, а таксама экзатычныя дрэвы, сярод якіх вылучаецца найбуйнейшы ў Беларусі, як сведчыць мастак Сяргей Чарановіч, кіпарысавік гарохаплодны. Найбольшую архітэктурную каштоўнасць уяўляе сабою радавая капліца Рэйтанаў, пабудаваная ў пачатку ХХ ст. у модным па тым часе стылі неаготыкі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мураваная каплічка месціцца ў ляску, крыху воддаль ад комплексу астатніх будынкаў маёнтка. Да яе вядзе пад’язная алея, высаджаная велічнымі лістоўніцамі. Яшчэ не так даўно капліца страціла свае каштоўныя вітражы.

Як распавяла карэспандэнтам “IP” мясцовая жыхарка, бабуля Ніна, гадоў 15 таму капліца пацярпела ад нашэсця вандалаў, якія шукалі скарбаў.

Сёння на капліцы вісіць шыльда “Помнік архітэктуры. Ахоўваецца дзяржавай”. Вылучаны першыя сродкі на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі на аднаўленне будынка. Аднак пра аднаўленне ўсяго архітэктурна-паркавага комплексу гаворкі, на жаль, не вядзецца.

Сляды спадчыны. Грушаўка 7

Алесь Гізун, краязнаўца, http://www.intex-press.by
ФОТА — Людмілы Пракопавай і Зміцера Веліча