Юрый ІІІ Юр’евіч Алелькавіч, 455 год з дня нараджэння якога было адзначана ў мінулым годзе  — адзін з апошніх прадстаўнікоў славутага роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, які валадарыў краем на працягу дзвюх соцень гадоў. Яго бацька Юрый ІІ Юр’евіч быў адным з буйнейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, уваходзіў у склад Рады ВКЛ. Маці Кацярына Тэнчынская з’яўлялася дачкой ваяводы Кракава — тагачаснай сталіцы Польшчы. Юрый ІІІ меў яшчэ двух малодшых братоў — Сімяона ІV і Аляксандра.

У адрозненне ад сваіх знакамітых продкаў, апошнія браты Алелькавічы не праявілі сябе як значныя гістарычныя асобы. Усе яны пражылі, на жаль, вельмі мала. Жыццё іх прыпала на складаны і неспакойны час.

Завет сынам

Дзеля барацьбы з агульным ворагам Польшча і Літва аб’ядналіся ў агульную Рэч Паспалітую, што, акрамя станоўчых момантаў, прывяло да канфесійных спрэчак. Афіцыйным быў аб’яўлены каталіцызм, а  праваслаўныя, да якіх адносіліся князі Алелькавічы, і пратэстанты адсоўваліся на другі план.
У сваім завяшчанні сынам Юрый ІІ нагадваў трымацца праваслаўя. Па дасягненні паўналецця кожны з іх павінен быў атрымаць свой удзел — частку Случчыны і частку горада. Юрый ІІІ атрымаў Стары Слуцк з Верхнім і Ніжнім замкамі і шэраг населеных месцаў краю.

Слуцкі князь, які перапісаў Евангелле 1БАЦЬКА БЛАГАВЕРНАЙ САФІІ СЛУЦКАЙ. Юрый ІІІ Юр`евіч Алелькавіч — адзін з апошніх прадстаўнікоў славутага роду слуцкіх князёў Алелькавічаў. Гравюра А.Зубчанінава (з арыгінала XVI ст.)

Пад уплывам Еўропы

Княгіня Кацярына ў адпаведнасці з завяшчаннем у свой час выправіла сыноў у вандроўку па Еўропе. Для тагачасных літоўскіх магнатаў гэта было агульнапрынята. Іх дзеці наведвалі двары еўрапейскіх уладароў, з многімі з якіх меліся сваяцкія сувязі. Слуцкія князі пабывалі ў Германіі і Італіі. Там яны праявілі цікаўнасць да пратэстантызму, але ўрэшце малодшыя браты прынялі каталіцызм (хаця адносна Аляксандра гэта застаецца пад пытаннем). Старэйшы Юрый застаўся праваслаўным.

Страчаная магіла

Жонкай Юрыя ў 1584 годзе стала дачка падляшскага ваяводы Кацярына Кішчанка. Праз год у іх нарадзілася дачка Сафія. Аднак у 1586 годзе князя Юрыя ІІІ Алелькавіча не стала. Пахавалі яго ў Верхнім замку, ва Успенскім саборы. Пазней над яго пахаваннем узвялі асобную капліцу. На жаль, парэшткі князя Юрыя   страчаны.

Слуцкі князь, які перапісаў Евангелле 2Слуцкае Евангелле. Кніга па­мерам 38,8 на 25,2 см змяшчае 256 старонак. Напісана ­­­цар­­­­коўна­­­­­­­­славян- скай мовай у дзве калонкі па 20 радкоў карычневымi чарнiламi з выкарыстаннем кінавары і золата. Фота: blagobor.by

Слуцкі князь, які перапісаў Евангелле 3СВЯТА-ТРОІЦКІ МАНАСТЫР. Да пачатку XX ст. тут захоўваліся падораныя Юрыем III пацір, посах і Чацвера­евангелле. Гравюра А.Зубчанінава

Вяртанне рэліквіі

Пасля рэвалюцыі пацір, посах і Евангелле Юрыя Алелькавіча забралі ў Мінск. Падчас вайны яны прапалі. Але Евангелле знайшлося. Цяпер яно з`яўляецца адной з гістарычных каштоўнасцей Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адцыфраваныя і факсімільна выдадзеныя копіі яе цяпер можна ўбачыць у многіх бібліятэках краіны, у тым ліку і ў слуцкай. Гэта кніга называецца «Слуцкае Евангелле, альбо Евангелле Юрыя Алелькавіча».

Ігар Ціткоўскі, краязнаўца, http://kurjer.info