18 студзеня сябры Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага скіраваліся ў падарожжа па маршруце “Сынкавічы – Слонім – Альбярцін”, падчас якога сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовай творчай эліты і атрымалі шмат цікавых звестак пра Слонімшчыну.

00 - Slonim (skroz nietry historyi)

Першым пунктам вандроўкі стала вёска Сынкавічы, адметная адным з найбольш значных помнікаў айчыннага дойлідства – царквой Святога Міхаіла, у магутным абрысе якой яскрава выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў.

01 - Slonim (skroz nietry historyi)

Існуе легенда, што Сынкавіцкую царкву заснаваў князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пераследу з боку Ягайлы. Аднак сучасныя гісторыкі архітэктуры схіляюцца да меркавання, што храм, хутчэй за ўсё, быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя і выконваў не толькі сакральную, але і абарончую місію.

02 - Slonim (skroz nietry historyi)

Апроч царквы ў Сынкавічах калісьці месцілася тры сядзібы. Дзве з іх былі зруйнаваныя, а тая, што захавалася да нашых дзён, патрабуе рэстаўрацыі. Таксама ў вёсцы можна паглядзець на стары бровар і вяндлярню. Стан будынкаў ды іх выгоднае месцазнаходжанне міжволі спараджаюць думку, што пры наяўнасці добрага інвестара там мажліва было б стварыць файны агра-турыстычны комплекс.

03 - Slonim (skroz nietry historyi)

Па дарозе з Сынкавіч да Слоніма можна зазірнуць у кафэ ля трасы, аздобленае фігурай жалезнага цмока. Апошні стаіць, прыкуты ланцугом. Відаць, для таго, каб у некаторых не надта сумленных людзей не ўзнікала спакуса здзейсніць нелегальную прыватызацыю гэтай незвычайнай інсталяцыі. Ідэя прамоцыі Беларусі ў якасці “краіны цмокаў” відавочна дасягнула і абшараў Слонімшчыны.

04 - Slonim (skroz nietry historyi)

Пра сам Слонім напісана нямала кніг і артыкулаў, яму прысвечана мноства паэтычных радкоў. Вось як выказаў любоў да сваёй малой радзімы вядомы філолаг Алег Лойка:

“Я вырас, захапляючыся тут

Высокім небам, Шчары ціхім звонам,

Агністым сонцам, лесам задумённым,

Мурамі і людзей жыццём штодзённым,

І сэрцам палюбіў я гэты кут —

Цябе, мой старадаўні родны Слонім.

А мясцовыя камунальшчыкі выказалі даніну павагі гораду вельмі своеасабліва – усталяваўшы на цэнтральнай плошчы копію Эйфелевай вежы. Маўляў, няма чаго бадзяцца па нейкіх там парыжах у пошуках прыгод, бо тут і сваёй прыгажосці хапае.

05 - Slonim (skroz nietry historyi)

Нельга абмінуць увагай мясцовы краязнаўчы музей імя І. Стаброўскага, які можа пахваліцца змястоўнай і разнастайнай экспазіцыяй, якая характарызуе асаблівасці тутэйшай флоры і фауны, распавядае пра жыццё нашых продкаў у старажытныя часы.

06 - Slonim (skroz nietry historyi)

07 - Slonim (skroz nietry historyi)Музей дапамагае сфарміраваць комплекснае ўяўленне пра гісторыю Слонімшчыны і змяшчае цэлы шэраг унікальных артэфактаў.

 08 - Slonim (skroz nietry historyi)

09 - Slonim (skroz nietry historyi)

“Кароль Жыгімонт І Стары ў 1532 годзе надаў Слоніму магдэбургскае права, якое ўводзіла ў горадзе самакіраванне. А 1558 год можна лічыць годам заснавання знакамітых слонімскіх кірмашоў, бо менавіта тады кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст увёў у горадзе два двухтыднёвыя кірмашы,” –

піша ў сваёй кнізе пад назвай “Слонімскі буквар” краязнаўца і літаратар Сяргей Чыгрын.

10 - Slonim (skroz nietry historyi)

Існаваў некалі ў Слоніме і свой драўляны замак, ад якога цяпер захаваліся толькі пагоркі. Пра найбольш значныя гістарычныя факты, а таксама спецыфіку сучаснага культурнага жыцця ў рэгіёне з імпэтам распавялі слонімскія мастакі Леанід Богдан і Андрэй Сідараў.

11 - Slonim (skroz nietry historyi)

Будынак слонімскага тэатра ўпрыгожаны мемарыяльнай дошкай з выявай Міхала Казіміра Агінскага – гэта падарунак скульптара Л. Богдана роднаму гораду. Варта адзначыць, што тэатральная культура на беларускіх землях у часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай была вельмі высокага ўзроўню. У прыватнасці, у тэатры Агінскага (1771–1791 гг.) працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, мясцовы беларускі хор і балет. Балетная трупа дык наогул цалкам складалася з “тутэйшых” – танцоры былі падрыхтаваныя ў Слонімскай балетнай школе. Паміж 1777–1780 гг. у Слоніме італьянскім архітэктарам быў пабудаваны “Дом оперы”, які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для складаных дэкарацый і розных сцэнічных эфектаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (між іншым, частка сцэны затаплялася вадой з канала Агінскага і па ёй плавалі лодкі).

12 - Slonim (skroz nietry historyi)

Зараз у Слоніме ствараецца рэгіянальная суполка мастакоў, дзейнічае мастацкая галерэя, ладзяцца творчыя плэнэры. Па словах мастака-аніматара Андрэя Сідарава, у горада маюцца ўсе падставы для таго, каб стаць адмысловым культурным цэнтрам не толькі ў межах рэспублікі, але і на міжнародным узроўні. Мясцовыя крэатыўныя адметнасці закранулі нават навагоднюю елку – у Слоніме яна выглядае крыху па-авангарднаму.

13 - Slonim (skroz nietry historyi)

Шмат аб’ектаў слонімскай шараговай забудовы і культавага прызначэння выклікаюць жаданне больш шчыльна пазнаёміцца з гісторыяй горада, які згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам, хоць відавочна быў заснаваны значна раней.

14 - Slonim (skroz nietry historyi)

15 - Slonim (skroz nietry historyi)Савецкая эпоха пакінула тут свой непазбежны след, які замацаваўся ў тапаніміцы і адпаведных скульптурах. Як гэта звычайна бывае, шлях да камунізму ў айчынных рэаліях пралягае або праз краму, або праз царкву, на якія любіць скіроўваць руку “правадыр пралетарыяту”, помнікі якому ўсталяваныя паўсюдна па рэспубліцы. У Слоніме ўвасобіўся ў жыццё другі варыянт – праз царкву.

16 - Slonim (skroz nietry historyi)

Аднак і больш высакароднае мінулае тут не забыта. Напрыклад, гарадскі герб, атрыманы Слонімам у 1561 годзе па хадайніцтве вялікага канцлера Льва Сапегі, па-ранейшаму працягвае выконваць ролю “візітнай карткі” горада.

17 - Slonim (skroz nietry historyi)

Маляўнічы канал Агінскага сёння абмялеў і зарос кустамі, патрабуючы ачышчэння і добраўпарадкавання. А ў былыя часы на слонімскай прыстані штогадова грузіліся і праходзілі па Шчары некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі.

18 - Slonim (skroz nietry historyi)

Былая рэзідэнцыя Пуслоўскіх пад рамантычнай назвай Альбярцін калісьці знаходзілася ў прыгарадзе Слоніма, але ўжо больш за паўстагоддзя таму ўвайшла ў межы горада. Дагледжаны будынак з чырвонай цэглы, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, раней выконваў місію стайні, цяпер – гэта моладзевы цэнтр. У савецкую эпоху ў будынку дзейнічаў рэстаран, наконт чаго мясцовыя жыхары нават жартавалі, што пры панах тут елі коні, а пры саветах – пачалі карміць людзей.

19 - Slonim (skroz nietry historyi)

Сядзібу ў Альбярціне ў пачатку XIX ст. збудаваў Войцэх Пуслоўскі, маршалак Слонімскага павета і вядомы вытворчы магнат. Менавіта ён першым пачаў адраджаць мануфактурную вытворчасць на беларускіх землях пасля далучэння іх да Расійскай імперыі. Сёння палац Пуслоўскіх з шыкоўнымі мармуровымі львамі на ўваходзе – гэта бібліятэка і адначасова месца паломніцтва слонімскіх вяселляў.

20 - Slonim (skroz nietry historyi)

Адразу за палацам у добрым стане захаваны і колішні жылы флігель Пуслоўскіх, дзе ў савецкі час размяшчаўся Палац спорту. Як атрыбуты нядаўняга мінулага, са сцен будынка пазіраюць барэльефы савецкіх лёгкаатлетаў.

21 - Slonim (skroz nietry historyi)

У перыяд існавання БССР Альбярцін пераназвалі ў пасёлак Фабрычны, дзякуючы  папяровай фабрыцы Пуслоўскіх. Яна працуе і ў нашы дні як Слонімскі папярова-кардонны завод “Альбярцін”.

Побач з сядзібай захавалася велічная дуброва, пасаджаная Пуслоўскімі ўздоўж берагоў рэчкі Іса. А мясцовае вадасховішча з вадаспадамі і фальваркавым млынам збірае ў сваіх ваколіцах не толькі рыбакоў, але і ўсіх прыхільнікаў рамантычнага адпачынку на прыродзе. Цікавосткі Альбярціна прывабліваюць таксама і тых, хто ўспрымае беларускую гісторыю не як сціплы летапіс “вясковага і прыгнечанага люду”, а як неабсяжную крыніцу памяці, мудрасці і гонару аднаго з годных еўрапейскіх народаў.

22 - Slonim (skroz nietry historyi)

 Ірына Шумская, фота аўтаркі