Навіны, Наша дзейнасць

Скарбы Бярэзінскага краю

Беразіно — невялікі райцэнтр на шашы Мінск—Магілёў. Тут я пачуў пра рупліўцаў беларушчыны, сустрэўся з цікавымі, неабыякавымі людзьмі і пазнаёміўся з іх захапленнямі.

 Скарбы Бярэзінскага краю 1Майстрыха сярод сваіх твораў. Фота з сямейнага архіву Алены Ждановіч

Стваральніца Ганна

Заснавальніца Музею драўлянай лыжкі ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў Ганна Ждановіч (у дзявоцтве Ладуцька) пасля заканчэння культпрасветвучэльні, а затым Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў працавала на Бярэзіншчыне, стварыла калекцыю лялек у беларускіх нацыянальных вышываных строях.

З чаго пачаўся Музей драўлянай лыжкі? Спачатку спадарыня Ганна запрасіла ў горад народных майстроў з розных раёнаў Міншчыны і 17 ліпеня 2010 года правяла ў райцэнтры першае абласное свята-конкурс «Бярэзінскія лыжкары». А пасля таго, як больш за 40 разбяроў падарылі Беразіно свае лыжкі, Ганна Ждановіч пачала дэманстраваць гэтую калекцыю ў хаце сваёй свекрыві. Праз два гады — напярэдадні Другога свята-конкурсу «Бярэзінскія лыжкары» — гэты збор быў перанесены ў залу мясцовага цэнтру рамёстваў, дзе пасля капітальнага рамонту, 26 снежня 2015 года адкрылася музейная экспазіцыя.

Яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў спадарыня Ганна расшукала ў раёне і аб’яднала носьбітаў традыцыйных рамёстваў праз заснаваны ў райцэнтры Клуб майстроў, які пазней атрымаў званне «народнага». Сёння гэты клуб аб’ядноўвае звыш 30 умельцаў, большасць якіх займаюцца вышыўкай, а астатнія — разьбой па дрэву, пляценнем з саломы і лазы, а таксама філігранню (вырабам карцін са скручаных стужак) і скрабукінгам (стварэннем паштовак з розных матэрыялаў). Сябры клубу прымаюць удзел у выставах народнай творчасці, абласных і нацыянальных конкурсах, у традыцыйнай Ночы музеяў, у каляндарных беларускіх святах, а на Новы год разам з дзецьмі пішуць лісты Дзеду Марозу.

Скарбы Бярэзінскага краю 2Заснавальніца Музея драўлянай лыжкі Ганна Ждановіч

Першым у горадзе, хто аднавіў старадаўняе мясцовае рамяство разьбы па дрэве, быў Васіль Мурашка, у якога ад бацькі-разбяра засталіся адпаведныя прылады і такія-сякія веды, уменні і звычкі. Спадар Васіль пачаў рэзаць лыжкі. Яму дапамаглі тутэйшыя майстрыхі, якія аздобілі лыжкі алейнай размалёўкай, саломкай і бісерам, пацягнулі іх лакам. Неўзабаве лыжкі пачалі рэзаць іншыя майстры, у тым ліку Алесь Паскробка і Яўген Осіпаў.

Скарбы Бярэзінскага краю 3Алена Лапыцька ў Музеі драўлянай лыжкі

Вось такую вялікую справу зрабіла неабыякавая спадарыня Ганна. А калі яна адышла ў лепшы свет, яе справу працягнулі сястра — Алена Лапыцька і дачка — Алена Ждановіч.

Скарбы Бярэзінскага краю 4Алена Ждановіч распавядае пра гісторыю музея

Лыжкі Яўгена Осіпава

У музеі захоўваецца 341 лыжка. З іх 94 зрабіў Яўген Осіпаў. Ён выкладаў фізіку і матэматыку ў Лагаўской сярэдняй школе, што амаль у 25-ці кіламетрах ад райцэнтру. Напрыканцы 1990-х гадоў вясковы настаўнік зацікавіўся разбярствам. Спачатку не бачыў аніякай мажлівасці прыкласці фантазію да звычайнай разной лыжкі. Але пакрысе ўцяміў — у гэтай, на першы погляд, простай, але карпатлівай справе непачаты край для творчасці.

Скарбы Бярэзінскага краю 5Яўген Осіпаў са сваімі творамі

Так, у мінулым годзе разбяр пачаў ствараць калекцыю лыжак з розных гатункаў дрэваў і кустоўя, каб паказаць усю іх унутраную і вонкавую прыгажосць — тэкстуру і колеры, лісты і ягады ліпы, крушыны, рабіны, яблыні, вязу, таполі, каштану, іншых раслінаў. На сённяшні дзень у гэтай серыі ўжо ёсць 25 твораў. Аўтар жадае стварыць поўны збор з усіх гатункаў дрэваў і кустоўя, што растуць на тэрыторыі Беларусі.

 Скарбы Бярэзінскага краю 6Гэтая дубовая разная лыжка даўжынёй больш за 22 метры — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінеса…

Зараз майстар разам са сваімі напарнікамі Уладам Макавецкім і Алесем Паскробкам стварае найбольшую лыжку ў свеце даўжынёй звыш 20 метраў. Для гэтай унікальнай працы ва ўрочышчы Муравіцкі каля вёскі Задвор’е ў Мачаскім сельсавеце быў спілаваны стары засохлы дуб, якому не менш за 300 гадоў. Да лета майстры мяркуюць выразаць незвычайную лыжку з выявамі элементаў народнага арнаменту, гербу горада Беразіно і казачным сюжэтам пра прыгоды легендарнага Бярэзінскага цмоку. Гэтая вялізная лыжка будзе ўпрыгож­ваць тэрыторыю мясцовага цэнтру рамёстваў і, спа­дзяюся, стане прыкметным турыстычным аб’ектам гораду над Бярэзінай.

Скарбы Бярэзінскага краю 7Лыжка «Мядзведзь вельмі любіць мёд». Разбяр Яўген Осіпаў

Мара пра музей

Алена Ждановіч па мячу паходзіць са старадаўняга шляхецкага роду беларускіх татараў Ждановічаў з-пад Смілавічаў, што на Чэрвеньшчыне. Магчыма, гэтым таксама тлумачыцца яе прага да захавання гістарычнай спадчыны.

Пасля заканчэння філфаку і аспірантуры Магілёўскага дзяржуніверсітэта ўзначальвала працоўную групу па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Зараз спадарыня Алена на адпачынку па дагляду за дзіцём, аднак вось ужо трэці год працоўная група з двух штатных супрацоўнікаў збірае і апрацоўвае рэчавыя, пісьмовыя і выяўленчыя артэфакты, што стануць грунтам музейнай экспазіцыі. Прычым большасць рэліквій — са збораў мясцовага краязнаўцы, інжынера-будаўніка Ігара Жукоўскага. Падчас акцыі «Створым музей разам, альбо Скарбы з гарышча» ён і іншыя жыхары раёну перадалі рэліквіі ў фонды будучай установы культуры.

Алена марыць пра музей, які зацікавіць малых і дарослых, нешта накшталт выспы скарбаў, дзе можна будзе атрымаць не толькі разнастайныя звесткі пра родны край і яго знакамітых людзей, але і адпачыць ва ўтульнай кавярні.

Скарбы мінуўшчыны

У горадзе захаваўся выбітны помнік архітэктуры нацыянальнага значэння — класічная двухпавярховая мураванка першай паловы XIX стагоддзя на правым стромкім беразе ракі Бярэзіна, умацаваным бутавай падпорнай сценкай. У гэтым арыгінальным будынку некалі знаходзілася сядзіба Патоцкіх, затым школа і склад. Зараз помнік занядбаны і патрабуе неадкладных працаў па кансервацыі і рэстаўрацыі. Скарбы Бярэзінскага краю 8

Скарбы Бярэзінскага краю 9Былая сядзіба графоў Патоцкіх

Менавіта сваім складаным мінулым і прывабнай архітэктонікай гэтая рамантычная мураванка над ракою найбольш адпавядае майму ўяўленню пра музейнае памяшканне. Тым больш, што сярод ураджэнцаў Бярэзіншчыны — выбітныя беларускія мастакі браты Гараўскія: партрэтыст і пейзажыст Апалінар і пейзажыст Іпаліт, творы якіх апяваюць прыгажосць беларускіх краявідаў і народны побыт, а таксама акварэліст Гілярый.

На Бярэзіншчыне нарадзіліся і прадстаўнікі старажытнага беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў. Гэта — паслядоўнік рамантызму, вядомы партрэтыст Валенцій Ваньковіч, сын якога Ян быў актыўным удзельнікам нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць царскага самаўладдзя 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, камандзірам Берасцейскага паўстанцкага атраду. Разам з Кобрынскім атрадам Рамуальда Траўгута атрад Яна Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну. Празаік і журналіст Мельхіёр Ваньковіч вядомы сваімі гістарычнымі аповесцямі «Шпіталь у Ціхінічах» і «Вестэрплятэ», нарысамі і рэпартажамі «Монтэ Касіна» і «Ад Стоўбцаў да Каіра», а таксама ўспамінамі «Туды і сюды».

А народжаны ў маёнтку Багушэвічы, што на Бярэзіншчыне, прадстаўнік старажытнага каталіцкага шляхецкага гербу «Трубы» Баляслаў Свентаржэцкі мужна кіраваў паўстаннем 1863–1864 гадоў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, за што па загаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка была знішчаная спадчынная сядзіба паўстанца.

Пра вядомага беларускага літаратуразнаўцу, крытыка і перакладчыка Міколу Прашковіча, які родам з бярэзінскай вёскі Гарадзішча, Уладзімір Арлоў у сваёй кніжцы «Імёны Свабоды» напісаў: «Ён сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і Адамам Мальдзісам. Ён часта браў квіток да Зэльвы, дзе жыла грамадзянка БНР — нязломная Ларыса Геніюш, якая ў сярэдзіне 1960-х амаль штотыдзень пісала яму вялікія цёплыя лісты, называючы «дарагім Міколам».

Мікола Прашковіч не баяўся казаць пра каланіяльнае становішча Беларусі ў складзе СССР і вынішчэнне ўсяго нацыянальнага. На пачатку 1970-х ён пашыраў самвыдавецкую працу вядомага ўкраінскага дысідэнта Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя?» і збіраў грошы калегам ва Украіне, пацярпелым ад рэпрэсіяў.

У выніку Міколу Прашковіча як беларускага нацыяналіста разам з іншымі сябрамі дысідэнцкага «Акадэмічнага асяродку» звольнілі з Акадэміі навук БССР. Ён працаваў грузчыкам, карэктарам, а 2 лютага 1983 года, спаралізаваны ад цяжкіх перажыванняў, згарэў у бацькоўскай хаце, не здолеўшы выбрацца з агню падчас пажару.

* * *

Скарбы Бярэзінскага краю 10Лыжкі прыдатныя і на лялькі для дзіцячага тэатру…

І прымроілася мне экспазіцыя «Скарбы Бярэзінскага краю…», прысвечаная гэтым найвыбітнейшым асобам Бацькаўшчыны. З іх партрэтамі, копіямі мастацкіх твораў і кнігамі. З успамінамі і прысвячэннямі гэтым постацям. Для такой экспазіцыі ўсе астатнія сабраныя рэліквіі будуць мець дапаможны характар. Бо нашы краязнаўчыя музеі павінны ж калі-небудзь распавесці пра тых, хто назаўжды ўвайшоў у нацыянальны пантэон, хто і праз стагоддзі будзе годна ўслаўляць беларусаў сярод іншых народаў свету. Бо без усведамлення нашай лучнасці з гэтымі сапраўднымі і моцнымі асобамі мы ніколі не зможам «людзьмі звацца».

Мне падаецца, што такі музей у былой сядзібе Патоцкіх можна стварыць нават пры сённяшніх складаных эканамічных умовах.

Аўтар выказвае падзяку арганізатару вандроўкі дырэктару грамадскага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (Рыга, Латвія), намесніку старшыні Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктару Яўмененку і яго сям’і.

Аўтар: Марат Гаравы, http://novychas.by/

2 Comments

  1. Антон

    Дзякуй вялічэзны аўтару за ідэю і матэрыял. Выдатныя людзі, і іх справа бясцэнная. Алена Ждановіч — сьветлы і, сапраўды, неабыякавы чалавечак. Няхай ім шчасьціць , справа ладзіцца, а пажаданьні спраўджваюцца.

  2. Антон

    На маю думку, варта было б узгадаць у артыкуле і выдатнага сына Бярэзінскай зямлі і змагара за Беларушчыну — Міколу Равенскага.

Leave a Reply

Theme by Anders Norén