Так называлася падарожжа па маршруце Дзісна-Бяздзедавічы-Полацк, якое здзейсніла 14 снежня група аматараў беларускай гісторыі. Экскурсію праводзіў старшыня Беларускага дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

00 - Shliaham Batoryja

Кандыдатура Стэфана Баторыя (а па-нашаму, Сцяпана Батуры) – нашчадка старажытнага роду з Трансільваніі – разглядалася ў якасці будучага караля Рэчы Паспалітай ўжо ў 1573 г. Аднак тады быў абраны Генрых Валуа. У час выбараў 1576 г. стаўку на Баторыя зрабіла шляхта, прапанаваўшы яму ажаніцца на Ганне Ягелонцы – апошняй прадстаўніцы дынастыі. Такім чынам стваралася бачнасць працягу праўлення Ягелонаў, а трон Рэчы Паспалітай заняў сталы, адукаваны, з выразнымі поглядамі на ролю ўладара ў дзяржаве і на палітычную сітуацыю ў Еўропе чалавек, да таго ж вопытны палкаводзец і дасведчаны дыпламат.

У самым маленькім у сучаснай Беларусі гарадку пад назвай Дзісна кароль Рэчы Паспалітай правёў нямала часу. Менавіта Баторый загадаў умацаваць мясцовую крэпасць і замак на паўвостраве, ініцыяваў злучэнне каналам Дзвіны з рэчкай Дзісенкай. Сёння гэты перакоп носіць імя Стэфана Баторыя.

01 - Shliaham Batoryja

На той час Дзісна была квітнеючым горадам. Месцазнаходжанне на шляху з варагаў у грэкі здаўна забяспечвала ёй добры прыбытак. Аднак пасля вайны з Масковіяй, празванай “крывавым патопам”, а таксама пасля Паўночнай вайны Расіі са Швецыяй горад моцна пацярпеў і страціў вялікую колькасць насельніцтва. Апроч таго, у 1700 годзе пажар знішчыў большасць драўляных збудаванняў у горадзе, а ў 1712 годзе чума амаль пагалоўна выкасіла горад, пасля чаго ён страціў сваю былую веліч.

02 - Shliaham Batoryja

На працягу цэлых 128 гадоў (з 1793 да 1921 гг.) Дзісна з’яўлялася цэнтрам павета, які ахопліваў тэрыторыю Мёршчыны, Шаркоўшчыны, Глыбоччыны і Пастаўшчыны. У 1870 годзе тут пабудавалі праваслаўную Васкрасенскую царкву з цэглы, так званую «мураўёўку». У 1773 годзе быў пабудаваны цагляны касцёл, які зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі.

03 - Shliaham Batoryja

04 - Shliaham Batoryja

У 20-я гады мінулага стагоддзя Дзісна была адным з цэнтраў актыўнасці кантрабандыстаў, бо ў гэтай мясцовасці па рацэ Заходняя Дзвіна акурат праходзіла мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю.

Сёння Дзісна ўяўляе сабой правінцыйнае мястэчка, у якім, тым не менш, захавалася частка ўнікальнай шэраговай забудовы канца XIX – пач. XX ст., а таксама іншыя цікавыя аб’екты. У прыватнасці, з улікам таго, што раней у горадзе значную частку жыхароў складалі жыды, тут дзейнічала адразу некалькі сінагог. У былым будынку адной з іх цяпер працуе мясцовы выканкам.

05 - Shliaham Batoryja

06 - Shliaham Batoryja

Побач знаходзіцца жылы будынак з чырвонай цэглы – у мінулым гімназія, якую, між іншым, наведваў Вацлаў Ластоўскі. Пазней ён узгадае Дзісну ў сваім апавяданні-прыпавесці «Разбойнік» пра выпраўленне Еўфрасінні Полацкай у Іерусалім і пра камень-разбойнік, які перагарадзіў ёй дарогу: «Ладдзя паплыла з вадой міма вострава, а разбойнік усё стаяў, пахінёны наперад, быццам слухаючы і ўглядаючыся ўдалечыню, і так стаіць ён па сённяшні дзень, супроць таго месца, дзе Дзісенка злучаецца з Дзвіной, подаль ад берага вострава, каторы пазней празвалі Папоўскім за тое, што багацце і зямлю таго разбойніка воласць аддала папу да царквы Ўваскрасення, што была на той бок Дзісенкі на пясках».

07 - Shliaham Batoryja

Дзякуючы намаганням мясцовых актывістаў за апошнія гады ў горадзе было зроблена вельмі шмат у кірунку адраджэння гістарычнай памяці і добраўпарадкавання. Але пытанні развіцця інфраструктуры, прыцягнення інвестыцый і прадухілення няспыннай міграцыі маладых людзей у абласныя цэнтры і сталіцу па-ранейшаму стаяць вельмі востра.

08 - Shliaham Batoryja

09 - Shliaham Batoryja

Паміж вёскамі Мышчына і Бяздзедавічы можна паглядзець цікавы аб’ект культавага дойлідства – капліцу Корсакаў у псеўдарускім стылі, пабудаваную з бутавага каменю і цэглы ў 1910 годзе. Цікава, што гэтае збудаванне аднойчы да такой ступені ўразіла амерыканскіх турыстаў, што яны ўсур’ёз планавалі выкупіць помнік, разабраць яго, перавезці на радзіму і скласці наноў.

10 - Shliaham Batoryja

Наогул, Корсакі – старажытны татарскі род, які здаўна пасяліўся на беларускай зямлі і здабыў шляхетныя прывілеі. У рускай версіі яны, адпаведна, сталі Корсакавымі. Да гэтага роду належалі, сярод іншых, Язэп Корсак (1570-1643) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, ваявода мсціслаўскі, які ўласным коштам узброіў атрад і бараніў ад маскавітаў Дзісенскі замак, фундаваў кляштары базылянаў у Беразвеччы і кармелітаў у Глыбокім; Юльян Корсак (1806-1885) — польскамоўны паэт, выпускнік Віленскага ўніверсітэта, перакладчык твораў Вяргілія, Гарацыя, Дантэ, Шэкспіра, Шылера, Байрана; а таксама Мікалай Рымскі-Корсакаў (1844-1908) – славуты рускі кампазітар і грамадскі дзеяч.

11 - Shliaham Batoryja

І ўрэшце галоўным пунктам падарожжа стаў старажытны Полацк, які, паводле меркавання вядомых беларускіх археолагаў Г.В. Штыхава і С.В. Тарасава, быў цэнтрам племяннога аб’яднання крывічоў. Хуткаму развіццю Полацка спрыяла яго выгоднае размяшчэнне на гандлёвым шляху з Рыжскага заліва да Кіева і Чорнага мора, праз вярхоўі Заходняй Дзвіны да краін Усходу (частка шляхоў з варагаў у грэкі і з варагаў у арабы). У Х–ХІІІ ст.ст. горад з’яўляўся цэнтрам Полацкага княства, якое можна лічыць калыскай беларускай дзяржаўнасці. Сёння ў горадзе маецца шэраг адмысловых помнікаў, звязаных з нашай славутай мінуўшчынай. Адзін з іх прысвечаны вялікаму князю Ўсяславу Чарадзею.

12 - Shliaham Batoryja

Нельга абмінуць увагай і жаночы Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, пабудаваны дойлідам Іаанам па загаду Еўфрасінні Полацкай паміж 1152 і 1161 гг. (па другіх звестках – пасля 1128–1129 гг.).

У аскетычным Спасаўскім саборы манашка ў сталым веку адразу папярэджвае наведвальнікаў:

  • Фрэскі рукамі ня трогаць, фатаграфіраваць нільзя!

І пачынае распавядаць пра тое, што “пекла насамрэч існуе, таму ўсім неабходна пасціцца і маліцца”.

13 - Shliaham Batoryja

Відавочна, што такі спецыфічны лад жыцця адпавядае ўнутраным патрэбам толькі пэўнай катэгорыі асоб, таму асноўная частка прадстаўніц жаночага полу аддае перавагу больш звыклым і прыемным заняткам.

14 - Shliaham Batoryja

Надзвычайную цікавасць прадстаўляе гісторыя Полацкага езуіцкага калегіума, пра якую змястоўна распавёў Антон Астаповіч. Гэтая фактычна першая ў Беларусі паўнавартасная навучальная ўстанова была заснавана ў 1580 годзе па загадзе караля Стэфана Баторыя. Першым рэктарам калегіума стаў вядомы прапаведнік Пётр Скарга. У 1582 г. у горадзе была дадаткова заснавана яшчэ і семінарыя, разлічаная на выхаванне і адукацыю дзяцей збяднелай шляхты. У 1812 г. ка­ле­гі­ум ператварыўся ў По­лац­кую езу­іц­кую ака­дэ­мі­ю, а зараз у памяшканнях гэтай легендарнай установы дзейнічае Полацкі ўніверсітэт.

15 - Shliaham Batoryja

За сваю шматвекавую гісторыю Полацк зведаў многа вялікіх трагедый. Адной з іх быў захоп полацкіх земляў маскоўскім царом Іванам ІV Жахлівым, якога ў расійскай гістарычнай літаратуры часта называюць “выдатным дыпламатам, філосафам, таленавітым пісьменнікам”. Заможная Полаччына даўно вабіла гэтага крыважэрнага маньяка, які пад эгідай “вызвалення праваслаўных ад прыгнёту і аб’яднання рускіх земляў пад уладай Масквы” скіраваў у лютым 1563 г. сваё велічэзнае войска на горад горад з дзевяцівежавым замкам, які на той момант быў не ў стане адбіць гэты напад.

Полацк ператварыўся ў суцэльнае пажарышча. Гарадскі скарб, уласнасць усіх заможных асоб цар прысабечыў і адаслаў у сваю сталіцу. Акупанты абвясцілі ўсіх жыхароў палоннымі, панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да тырана. Стральцы на вачах у мужоў і бацькоў гвалцілі паважных кабет і маладзенькіх дзяўчатак. Шляхту, мяшчанаў, усіх, хто хаваўся ў горадзе і ваколіцах, цар загадаў паланіць і гнаць на ўсход. Пры гэтым людзей амаль не кармілі і не апраналі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах.

Апроч таго, Іван Жахлівы патрабаваў без ваганняў пазбаўляць жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму і належыць да іншых канфесій. Горкі лёс напаткаў каталікоў, якіх бязлітасна пасеклі шаблямі. А з улікам таго, што на той час у горадзе пражывала і нямала жыдоў, ім выпала страшная доля – загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны. Пскоўскі летапіс апавядае: «которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Таму, як азначыў спадар Астаповіч, першы маштабны халакост у Еўропе адбыўся менавіта ў сярэднявечным Полацку.

16 - Shliaham Batoryja

Былы цэнтр Полацкага княства знаходзіўся пад уладай маскоўскага цара, які нахабна дадаў да сваіх шматлікіх тытулаў яшчэ і званне “вялікага князя Полацкага”, больш за шаснаццаць гадоў – з 1563 да 1579 года. І зразумела, што адпомсціць акупантам і вярнуць народу вольнасць было справай гонару, за якую з плёнам ўзяўся кароль Стэфан Баторый. Улетку 1579 года 40-тысячнае войска сабралася ў Свіры на Мядзельшчыне. Гэта была найлепшая пяхота і конніца нашай краіны, а таксама найміты з Польшчы, Вугоршчыны і Нямеччыны. Але большасць збройнай моцы Стэфана Баторыя складалі продкі сучасных беларусаў, бо менавіта наша радзіма знаходзілася тады ў найбольшай небяспецы. Са Свіры доўгія калоны пяхотнікаў, харугвы кавалерыі, артылерыя, абозы, аточаныя лёгкімі заслонамі вершнікаў, рушылі на ўсход. Ішлі тым старадаўнім полацкім шляхам, па якім хадзіў некалі на Маскву вялікі князь Альгерд. Адначасова, апераджаючы войска, паімчаў ганец з лістом да Івана Жахлівага. У гэтым лісце Стэфан Баторый па-рыцарску папярэджваў непрыяцеля аб пачатку ваенных дзеянняў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е за трое сутак актыўных і несупынных штурмаў “бацька гарадоў беларускіх” быў вызвалены ад маскоўскага прыгнёту.

17 - Shliaham Batoryja

Ганарліва ўзносяцца ў нябёсы вежы Полацкага Сафійскага сабора, заснаванага ў XI ст. і адноўленага ў XVIII ст. Арыгінальны будынак храма, на жаль, не захаваўся, засталіся толькі ягоныя фрагменты: рэшткі ніжніх муроў, слупоў і апсідаў. Яны занатавалі ў сабе памяць пра невытлумачальнае злачынства, якое адбылося тут падчас Паўночнай вайны. Яшчэ адзін “выдатны дыпламат” з Расіі – цар Пётр І, знаходзячыся ў нецвярозым стане, уварваўся разам са сваімі салдатамі ў сабор, які тады належаў уніятам. Простых вернікаў на той момант у храме не было, там маліліся толькі шасцёра святароў і манахаў. Цар з сарказмам запатрабаваў зладзіць яму па святой Сафіі экскурсію. У кожным алтары Пётр спыняўся і пытаўся пра паходжанне абразоў. Пасля смелага аповеду пра пакутніцкую смерць Язафата Кунцэвіча, забітага натоўпам праваслаўных, царом, які ненавідзеў уніятаў, апанаваў дзікунскі шал. Ён разам з салдатамі забіў настаяцеля і манахаў-базыльян, загадаўшы іхнія целы спаліць, а попел развеяць над Дзвіною, каб магілы не сталі месцам паломніцтва. Пра гэтую падзею згадваецца, у прыватнасці, у Віцебскім летапісе. Да таго ж, у прытворы сабора салдаты ўсталявалі парахавое сховішча, дзе ў 1710 годзе адбыўся выбух, пасля чаго Сафійскі сабор быў амаль цалкам зруйнаваны і заставаўся ў такім стане да 1738 года. Зараз у адноўленым саборы дзейнічае музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала.

18 - Shliaham Batoryja

А вось мясцовы краязнаўчы музей месціцца ў цагляным будынку лютэранскай кірхі, якая была ўзведзена дзесьці паміж 1905–1912 гг. на месцы старой драўлянай кірхі. Адбылося гэта пасля імператарскага загаду ад 17 красавіка 1905 года аб верацярпімасці, што выклікала ў Полацку пераход часткі праваслаўных у лютэранства.

19 - Shliaham Batoryja

Такім чынам, сучасная Полаччына – гэта край не толькі маляўнічых краявідаў, але і багатай гісторыка-культурнай спадчыны, якая хавае мноства таямніц. Напрыклад, дагэтуль невядома, дзе знаходзіўся першы хрысціянскі манастыр святога Іанна, заснаваны ў Х стагоддзі на тэрыторыі Паўночнай Беларусі скандынаўскім місіянерам Торвальдам. Разам з тым, шматлікія крыніцы сведчаць пра актыўную дзейнасць Торвальда ў Полацку, дзе ён жыў з 986 г. да свайго скону ў 1002 г. Таму цалкам верагодна, што распаўсюд хрысціянства ў Беларусі пачаўся ад вікінгаў, а зусім не дзякуючы князю Ўладзіміру, як гэта прынята лічыць.

20 - Shliaham Batoryja

Аўтарка:  Ірына Шумская, фота аўтара