Shliaham slavutyh ramantykau - 01Напярэдадні старажытнага беларускага свята “Дзяды” актывісты Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага скіраваліся ў падарожжа на Навагрудчыну па маршруце “Мір – Завоссе – возера Свіцязь – Навагрудак – Любча – Шчорсы”, каб ушанаваць памяць знакамітых землякоў, сярод якіх паэты Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Вінцэнт Каратынскі і іншыя.

Першым пунктам наведвання стала мястэчка Мір, дзе знаходзіцца замкава-паркавы комплекс, які ўваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Shliaham slavutyh ramantykau - 02

Мірскі замак з’яўляецца самым буйным і адзіным у краіне некультавым аб’ектам з захаваных нешматлікіх узораў самабытнай беларускай готыкі з элементамі барока і рамантызму. Пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя магнатам Юрыем Ільінічам, замак пазней належаў  Радзівілам, Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.

Shliaham slavutyh ramantykau - 03

У выходны дзень у мястэчку, якое ў часы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (скарочана – ВКЛ) было шырока вядомым па ўсёй Еўропе, віруе жыццё. Турысты ахвотна даследуюць найбольш папулярны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а мясцовыя жыхары бавяць час на кірмашы і ў паўсядзённых клопатах.

Shliaham slavutyh ramantykau - 04

У цяперашні перыяд наша краіна можа лічыцца ўжо не столькі краінай замкаў, сколькі краінай сядзіб і шляхецкіх маёнткаў. Бо замкавых комплексаў захавалася не так ужо і шмат, а вось будынкаў, дзе гадавалася не адно пакаленне тутэйшай шляхты, налічваецца каля дзвюх сотняў. Адзін з такіх – адноўлены фальварак сям’і Міцкевічаў у вёсцы Завоссе.

Shliaham slavutyh ramantykau - 05

Менавіта тут 24 снежня 1798 года нарадзіўся і правёў свае юнацкія гады вялікі паэт Адам Міцкевіч, багатая творчая спадчына якога належыць адразу некалькім народам. 8 верасня 1998 года ў Завоссі адкрыўся музей, які прадстаўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ ст.: драўляныя будынкі, пакрытыя чаротам, у цэнтры аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіронак (лямус), далей абора, гумно, лазня каля стаўка, студня-жураў.

Shliaham slavutyh ramantykau - 06

Гасцей сядзібы з адкрытай душой сустракае дырэктар музея Анатоль Еўмянькоў, які эмацыянальна распавядае пра былых гаспадароў фальварка. Паводле ягоных словаў, першыя дакументальныя ўспаміны аб Завоссі паходзяць з 1775 года, калі шляхціч рода Рымвідаў, гербу «Пагоня», Ёзаф Міцкевіч (родны брат дзеда Адама) з Навагрудскага павета падаў позву ў Навагрудскі суд на шляхціча таго ж павета М. Яновіча, уладальніка маёнтка Завоссе, аб спагнанні з Яновіча пазыкі ў суме больш за 700 злотых. Справа ў судзе разглядалася некалькі разоў, і ў выніку Яновіч, які не змог выплаціць пазыку, па рашэнні суда павінен быў аддаць сядзібу Міцкевічу як заклад. Аднак, жыць тут браты Міцкевічы пачалі толькі праз тры гады пасля суда, сілай забраўшы тое, што ім належала па праву.

Shliaham slavutyh ramantykau - 07

У аснову экспазіцыі пакладзены звесткі, узятыя з паэмы «Пан Тадэвуш». Пераходзячы з пакоя ў пакой, наведвальнікі музея могуць уявіць жыццё незаможнай шляхты ў часы Рэчы Паспалітай. Пра гэта згадваў, у прыватнасці, брат Адама Міцкевіча, Францішак: «…мелі маёнтак досыць шчуплы, ні багацця, ні тытулаў не мелі, але з цнот уласных былі слаўнымі, са згоды ў сям’і, з любові да бліжніх, з літасці да бедных, з любові да Бога, з шчырасці, з праўды, з гасціннасці, з растаропнасці, сумленнасці, добрай гаспадарнасці, выхаваных дзетак, а ў цэлым – з любові да каханай Літвы, зямлі мілай, Айчыны нашай«. Як вядома, пішучы “О, Літва, мая Айчына!”, Адам Міцкевіч меў на ўвазе зусім не сучасную Літоўскую Рэспубліку, а тэрыторыю летапіснай Літвы, большасць якой займалі менавіта беларускія землі.

Shliaham slavutyh ramantykau - 08

Побач з асноўным будынкам сядзібы стаіць двухпавярховы свіронак. Унізе знаходзяцца розныя гаспадарчыя прылады і прыстасаванні, у тым ліку: жорны, бочкі для квашэння агуркоў і капусты, кубельцы для сала, засекі для збожжа, вагі і шмат іншага. Наверсе – пакойчык юнага Адама ў летнія часы, калі той прыязжаў на спатканні з каханай Марыляй з сям’і Верашчакаў.

Shliaham slavutyh ramantykau - 09

Уваходзячы ў сядзібу, экскурсанты найперш трапляюць у сені, якія дзеляць будынак на дзве паловы: адна для паноў, другая – для чэлядзі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой – сталовую. Адтуль адны дзверы вядуць у гасцёўню, другія – да спальні. За спальняй знаходзіцца малы пакойчык і аптэчка. У другой палове дома маецца камора для запасаў і кухня.

Shliaham slavutyh ramantykau - 10

Адчуць дух эпохі Рамантызму дапамагае пераапрананне аднаго з удзельнікаў вандроўкі ў шляхетны строй мінулых часоў. Выглядае гэта вельмі эфектна і нібы падкрэслівае, што беларуская культура была не толькі сялянскай, як гэта часта сцвярджаецца, але і панскай!

Shliaham slavutyh ramantykau - 11

Падчас вандроўкі нельга было абмінуць увагай чароўнае возера Свіцязь. Колькі пакаленяў людзей захаплялася яго магічнай прыгажосцю! Свіцязь – вельмі цікавы прыродны аб’ект: у яго не ўпадае ніводная рэчка, а выцякае толькі адна – Сваротва; узровень вады ў возеры заўсёды аднолькавы, на яго не ўплываюць ні засухі, ні ліўні, ні вясновыя разлівы. Сузіраючы дасканаласць наваколля, лёгка зразумець, чаму Беларусь называюць краінай паэтаў. Балады, прысвечаныя легендарнаму возеру, былі напісаныя не толькі славутымі рамантыкамі – Адамам Міцкевічам, Тамашам Занам і Янам Чачотам. Гэтую традыцыю працягваюць і сучасныя аўтары. Напрыклад, Міхась Башлакоў прысвяціў гэтаму цуду прыроды наступныя радкі:

Шчыміш успамінам,
Красою палоніш,
Слязінкай Айчыны
Зіхціш на далоні…

Shliaham slavutyh ramantykau - 12

Дзесьці тут, на фоне старых дрэваў, адбываліся рамантычныя спатканні Адама Міцкевіча з Марыляй, загартоўваўся нязломны дух філаматаў-філарэтаў, а таксама ўдзельнікаў патрыятычных паўстанняў супраць іншаземнай акупацыі.

Shliaham slavutyh ramantykau - 13

Далей група аматараў беларускай гісторыі рушыла ў Навагрудак – былую сталіцу ВКЛ, якая ў бягучым годзе адзначае 970-годдзе з даты першых летапісных узгадак.  Заснавальнікам Вялікага княства лічыцца Міндоўг. Шэраг даследчыкаў сцявярджае, што менавіта паходжанне Міндоўга з роду полацкіх князёў Рагвалодавічаў дазволіла навагрудскаму веча (паводле “права дзедзічнага”) запрасіць яго на пасаду князя.

Shliaham slavutyh ramantykau - 14

Сляды былой велічы ілюструюць руіны некалі магутнага замка, збудаванага ў XIV–XVI стагоддзях. Цагляная пяціпавярховая вежа Шчытоўка ўражвае нават у напаўзруйнаваным стане. Але яшчэ больш – і хутчэй адмоўна – уражвае характар рэстаўрацыйнай дзейнасці, якая вядзецца на суседняй, Касцельнай вежы. Збудаванне з сучаснай цэглы рэзка кантрастуе па выглядзе са старажытнымі парэшткамі замка. На жаль, на дзяржаўным узроўні дагэтуль няма разумення, што рэстаўрацыя – гэта ювелірнае майстэрства, а не стварэнне імітацыі, якое можна даручаць тым, хто ўчора будаваў кароўнікі і шматпавярховыя панэлькі, кіруючыся вядомым прынцыпам “каб было”.

Shliaham slavutyh ramantykau - 15

Больш прыемны настрой узнікае пры візіце ў Дом-музей Адама Міцкевіча, які ўпершыню адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у верасні 1938 года. А з 2001 года тут месціцца абноўленая экспазіцыя, якую штогадова аглядаюць тысячы турыстаў, у тым ліку і з далёкага замежжа.

Shliaham slavutyh ramantykau - 16

Падчас экскурсіі па музеі можна даведацца пра мноства цікавых і малавядомых фактаў з біяграфіі творцы, пра асяроддзе, у якім выхоўваўся будучы геній, пра асаблівасці ягонага жыцця ў эміграцыі і бясконцую тугу па родных мясцінах. “Дом на радзіме быў шырокім светам усіх маіх вытокаў”, — сцвярджаў аўтар паэмы “Пан Тадэвуш”.

Shliaham slavutyh ramantykau - 17

У музеі можна пабачыць некаторыя асабістыя рэчы, што належалі вялікаму рамантыку, а таксама нататкі вершаў, зробленыя ягонай рукой. Магчыма, многія будуць здзіўленыя той акалічнасці, што пасля паўстання 1831 года кнігі Міцкевіча ў Расійскай імперыі забаранілі, а адказнасць за іх захоўванне была такой жа, як і за нелегальнае захоўванне зброі!

Shliaham slavutyh ramantykau - 18

Хоць Міцкевіч, як і большасць тагачасных айчынных літаратараў, пісаў свае радкі па-польску, ён неаднойчы публічна выказваў вялікае замілаванне ў дачыненні да беларускага фальклору, рэха якога выразна адчуваецца ў творчасці паэта. А беларускую мову ён і ўвогуле лічыў “самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш змененай”.

Shliaham slavutyh ramantykau - 19

Значна менш вядомы за свайго знакамітага суайчынніка, Вінцэнт Каратынскі нарадзіўся недалёка ад Любчы і ўвайшоў у гісторыю як паэт, перакладчык і аўтар краязнаўчых нарысаў пра Навагрудчыну. Невядома, што сказаў бы Каратынскі пра сённяшні ўзровень развіцця беларускай культуры і стаўленне нашчадкаў да справы захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Але характар ментальнасці шараговага беларускага абывацеля, апісаны Каратынскім, зусім не страціў сваёй актуальнасці і ў нашы дні:

Панок або крыжык а люд утрапёны
Аднолькава нізка схіляе галовы
I адбівае пакорна паклоны
Прад панам сусвету і панам вясковым.

Shliaham slavutyh ramantykau - 20

Галоўная цікавостка Любчы (апрача маляўнічай панарамы ракі Нёман) – гэта замак ХVI стагоддзя, які зараз перажывае рэканструкцыю, дзякуючы шматгадовым намаганням мясцовых энтузіястаў і валанцёраў з усёй рэспублікі. Аднаўленне замка ператварылася ў школу рэстаўрацыі для многіх добраахвотных памочнікаў, якія рэгулярна збіраюцца тут пад эгідай мясцовага дабрачыннага фонду «Любчанскі замак». Разам з тым, цыбулепадобны купал над адной з вежаў выклікае заканамерныя пытанні наконт гарманічнасці агульнага выгляду замкавага ансамбля.

Shliaham slavutyh ramantykau - 21

Нягледзячы на тое, што дзверы ў мясцовую царкву св. прарока Іллі (год пабудовы – 1910 г.) былі зачыненыя, тутэйшая жыхарка сталога ўзросту запэўніла нас, што варта толькі патэлефанаваць святару, і ён ахвотна адчыніць храм адмыслова для спазнелых наведвальнікаў, усё пакажа і раскажа.

Shliaham slavutyh ramantykau - 22

Але часу на гутаркі з боскім служкам не ставала, бо наперадзе чакаў апошні аб’ект маршрута – палацава-паркавы комплекс, руіны якога месцяцца на ўскраіне вёскі Шчорсы. Выбітны грамадскі актывіст і апошні канцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч заснаваў тут у XVIІІ стагоддзі найбольш прагрэсіўную ў тагачаснай Беларусі гаспадарку і найбуйнейшую ва ўсёй Усходняй Еўропе бібліятэку, у якой даводзілася бываць і працаваць многім дзеячам навукі і культуры, у тым ліку Яну Чачоту. Горка і сумна глядзець зараз на занядбаныя сцены гмахаў, што перажылі шэраг гістарычных трагедый, але не перажылі людской абыякавасці. Няўжо немагчыма знайсці сродкі хаця б на элементарную кансервацыю руінаў? І зусім ужо незразумела, навошта было высякаць алею з рарытэтнымі дрэвамі, якія яшчэ менш за дзесяцігоддзе таму ўпрыгожвалі дарогу да сядзібы?

Shliaham slavutyh ramantykau - 23

Паводле А. Міцкевіча, Айчына, нібы чалавек, – таксама мае душу, якая можа балець. Шкада, што далёка не кожны сучасны беларус мае здольнасць адчуваць гэты боль, знітаваны як з агульнапрынятым пасіўным стаўленнем да гісторыка-культурнай спадчыны ў прыватнасці, так і са станам развіцця нашай нацыянальнай самасвядомасці ў цэлым.

Shliaham slavutyh ramantykau - 24

Ірына Шумская, фота аўтара