Прытрымліваючыся гістарычнай справядлівасці, горад Бярозаўку Лідскага раёна варта было б назваць Гутаўкай. Менавіта тут у канцы ХІХ стагоддзя была заснавана гута — майстэрня па вырабе шкла. Аднак людзей зачароўвалі ўсё ж не дымныя трубы фабрыкі, а вялікі бярозавы гай, што рос побач. У гонар беластволых прыгажунь і атрымала назву новае паселішча. Будаваліся дамы, з’яўляліся вуліцы, чалавеку і бярозам паступова станавілася цесна, дрэвы высякаліся. Цяпер ад вялікага гаю засталася толькі прыгожая легенда. А вось выраб шкла, наадварот, развіваўся, удасканальваўся, і гуты паступова ператварыліся ў знакаміты шклозавод “Нёман” — адну з галоўных адметнасцей Лідскага краю, флагмана беларускай прамысловасці, які да таго ж дапамагае мясцовым педагогам у выхаванні навучэнскай моладзі.

Радзівілаўская шыкоўнасць

З таго часу, як у ваколіцах Бярозаўкі былі заснаваны гуты “Нёман А”, “Нёман Б” і “Нёман”, шкляныя вырабы трывала ўвайшлі ў штодзённае жыццё мясцовага насельніцтва. Прыйшоў час абеду або вячэры — жыхары Бярозаўкі вось ужо больш за 100 гадоў расстаўляюць на стале шкляныя талеркі, салатніцы; захацелі кавы або чаю — дастаюць шкляныя кубкі. Шкляныя попельніцы, шкляныя графіны, шкляныя шкатулкі (бамбанеркі), шкляныя скрыначкі белага, жоўтага, чырвонага, зялёнага колераў… Калі ўсю гэтую палітру замяніць керамічнымі або металічнымі вырабамі, то Бярозаўка страціць сваю адметнасць, шкляны край пазбавіцца непаўторнасці. Што і гаварыць, нават на гербе горада змешчана выява дэкарыраванага шклянога кубка. Арыгінальныя шкляныя вырабы, якія захоўваюцца ў шафах дамоў беразаўчан, можна параўнаць толькі з шыкоўнымі шклянымі сервізамі з былых радзівілаўскіх палацаў. У гэтым пераканала наведванне гісторыка-краязнаўчага музея “Скарбы продкаў” Бярозаўскай сярэдняй школы № 3, дома былой настаўніцы біялогіі Галіны Браніславаўны Вініцкай, чые бацькі ў даваенны час працавалі на шклозаводзе, і, канечне, самога прадпрыемства, у прыватнасці цэха выпрацоўкі хрусталю і выставачнай залы, дзе прадстаўлены сучасныя шкляныя вырабы.Шкляная казка Панямоння 1

Прафарыентацыйны, сацыяльны, краязнаўчы

Як ужо адзначалася, шклозавод “Нёман” не толькі выпускае запатрабаваную прадукцыю, але і дапамагае педагогам выхоўваць маладое пакаленне. Гэтая дапамога аказваецца па некалькіх напрамках: прафарыентацыйным, сацыяльным, краязнаўчым. Як паведаміла намеснік дырэктара шклозавода па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных пытаннях і кадрах Валянціна Мітрафанаўна Набагез, на прадпрыемстве рэгулярна праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў як Бярозаўкі, Лідскага раёна, Гродзенскай вобласці, так і іншых рэгіёнаў краіны. Ва ўстановах адукацыі Бярозаўкі існуе традыцыя: кожны навучэнец, асабліва выпускных 9 і 11 класаў, павінен хаця б разок пазнаёміцца з працэсам вытворчасці шкла, а таксама ўмовамі працы сваіх бацькоў, паколькі прадпрыемства горадаўтваральнае і бацькі многіх бярозаўскіх школьнікаў з’яўляюцца яго рабочымі.
— Адзін з кірункаў нашага супрацоўніцтва з установамі адукацыі — гэта работа камісіі садзейнічання сям’і і школе. Галоўная мэта яе дзейнасці заключаецца ў папярэджанні фактаў злоўжывання работнікамі спіртных напіткаў на рабочым месцы. Нярэдка мы наведваем сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, глядзім, у якіх умовах выхоўваюцца дзеці, ці апрануты яны, ці добра харчуюцца, ці паспяхова вучацца, — расказвае Валянціна Мітрафанаўна. Шкляная казка Панямоння 2
Па словах дырэктара Бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Івана Мікалаевіча Кудзія, яшчэ адзін з кірункаў узаемадзеяння завода і ўстаноў адукацыі — правядзенне для навучэнцаў устаноў адукацыі Бярозаўкі бясплатных экскурсій у мастацкі музей шклозавода, дапамога гісторыка-краязнаўчаму музею “Скарбы продкаў” у рамонце памяшкання і папаўненні экспазіцыі. Па словах яго кіраўніка настаўніцы гісторыі Тэрэсы Уладзіславаўны Матусевіч, музей быў урачыста адкрыты 15 снежня 2009 года на базе музейнага гісторыка-этнаграфічнага пакоя. Усе экспанаты (усяго 474, у тым ліку 309 асноўнага і 165 дапаможнага фонду) захоўваюцца ў некалькіх раздзелах экспазіцыі.

Шкляныя скарбы

У раздзеле “Ля вытокаў шкляной вытворчасці” расказваецца пра гісторыю заснавання мясцовых гут. Старыя фотаздымкі, ксеракопіі дакументаў па гісторыі шкляной вытворчасці краю сабраны ўдзельнікамі клуба “Пошук” на аснове дакументаў Вільнюскага і Варшаўскага архіваў. Каштоўныя фотаздымкі, копіі каталогаў фірмы “Столле і сыны” 1911 і 1939 гадоў, а таксама біяграфічныя звесткі пра тэхнічнага дырэктара Фелікса Столле былі набыты ў выніку перапіскі з Данутай Столле-Гросфелд і польскім прафесарам Паўлам Банасем. У выніку збору матэрыялаў для гэтага раздзела школьнікі стварылі пад кіраўніцтвам Тэрэсы Уладзіславаўны даследчыя работы “Мая малая бацькаўшчына”, “Зараджэнне гутнай вытворчасці ў нашым краі”, аформілі прэзентацыю “Зараджэнне шкляной вытворчасці ў нашым краі”.
Падчас знаёмства з раздзелам “Зараджэнне і росквіт горада Бярозаўкі” наведвальнікам расказваецца пра гісторыю горада і завода ў 20—30-я гады XX стагоддзя. На аснове сабранага матэрыялу юнымі пошукаўцамі створана работа “Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Гісторыя горада Бярозаўкі”, аформлены альбом сямейных здымкаў Столле і Краеўскіх, прэзентацыі “Гісторыя роднага горада ў 1920—30-я гады”, “Гісторыя касцёла Заслання Святога Духа”. У наступных раздзелах “Бярозаўка ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Наш горад сёння”, “Гісторыя адукацыі роднага краю” расказваецца пра ветэранаў вайны, дасягненні і ўзнагароды шклозавода “Нёман”, працоўныя сямейныя дынастыі, сучасныя архітэктурныя помнікі, творчасць заслужаных дзеячаў мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямёнавіча Мурахвера і Людмілы Міхайлаўны Мягковай, прадстаўлены матэрыял па гісторыі адукацыі на аснове матэрыялаў Варшаўскага і Навагрудскага архіваў. У выніку збору экспанатаў для раздзела “Наш горад сёння” была створана найбольшая колькасць даследчых работ: “Шклозавод “Нёман” у пасляваенны час”, “Іх імёнамі названы вуліцы”, “Воіны-афганцы — ураджэнцы Бярозаўкі”, “Працоўныя дынастыі шклозавода “Нёман”, “Творчасць мастакоў і майстроў-самавучак”, “Культурнае жыццё нашага горада”, “Героі працоўнай славы”, “Летапіс горада Бярозаўкі”, “Гісторыя адукацыі роднага краю”. Шкляная казка Панямоння 3
Пасля адкрыцця музея дзейнасць школьнага клуба “Пошук” не была спынена. Цяпер юныя краязнаўцы апрацоўваюць успаміны жонкі былога камерцыйнага дырэктара завода Яніны Столле (Краеўскай), што тычацца перадваеннага перыяду. Працягваецца даследаванне мясцовых могілак, заснаваных у 1905 годзе. Удзельнікі клуба даглядаюць магілы прадстаўнікоў роду Столле і Краеўскіх. Вынік плённай работы юных краязнаўцаў — прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсаў акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
— Па просьбе Дануты Столле-Гросфелд мы займаліся пошукам месца і прычыны смерці тэхнічнага дырэктара шклозавода ў даваенны час Фелікса Столле. Нядаўна нам патэлефанавалі з Масквы з перадачы “Чакай мяне” і паабяцалі дапамагчы ў пошуках. Памятнай атрымалася сустрэча ў кастрычніку мінулага года з унукам Фелікса і яго сям’ёй. У першы дзень госці наведалі шклозавод, яго мастацкі музей. Вечарам адбылася ўрачыстая памінальная імша ў касцёле Заслання Святога Духа, першапачатковы будынак якога быў узведзены на сродкі фірмы “Столле і сыны”. На другі дзень навучэнцы паказалі адметныя мясціны горада, наведалі могілкі. Пасля абеду прайшла цікавая сустрэча ў сценах школы, на якую былі запрошаны паважаныя людзі горада, супрацоўнікі завода. Школьнікі правялі экскурсію па музеі на беларускай і польскай мовах. Напрыканцы быў арганізаваны канцэрт з удзелам узорнага ансамбля танца “Крышталікі”. Госці былі вельмі расчулены і ўдзячны за цёплы прыём. Пасля сустрэчы з нашчадкамі гэтага роду мы атрымалі доступ да іх сямейнага сайта, матэрыялы з якога выкарыстаны пры складанні прэзентацый, радаводаў былых уладальнікаў завода, — расказвае кіраўнік музея.
Па словах Тэрэсы Уладзіславаўны, сустрэчу з нашчадкамі былых уладальнікаў завода праводзілі ўдзельнікі савета гісторыка-краязнаўчага музея, у склад якога ўваходзяць 5 настаўнікаў і 14 вучняў. Яны займаюцца ў сектары пошукавай работы (Т.У.Матусевіч, С.В.Емельяновіч, Юлія Сідор, Наталля Радзішэўская, Карына Абізур), сектары экскурсаводаў (Л.В.Карабач, Кацярына Бухцінава, Лілія Мязітава, Настасся Козел, Інга Марозава, Алена Яржэмская), фондавым сектары (Т.А.Курчэйка, Кацярына Шаўлоўская, Дар’я Зубкова, Яна Руткоўская), сектары масавай і прапагандысцкай работы (Л.С.Урбановіч, Дар’я Дагіль, Рэната Дзяковіч, Настасся Гусарова). Менавіта ўдзельнікі сектара экскурсаводаў і знаёмяць з інфармацыяй раздзелаў:
— Дзесьці ў 1875 годзе мясцовы памешчык Зянон Антонавіч Ленскі заснаваў гуту ва ўрочышчы Устрынь-Боркі, што прыкладна за 4 кіламетры ад Бярозаўкі. У той час там працавалі 15 рабочых, дзейнічала адна печ, выпускалася аконнае шкло. У дакументах гута Ленскага ўпершыню ўспамінаецца толькі ў 1883 годзе, таму менавіта гэты год лічыцца годам заснавання нашага горада. Ленскі аказаўся не вельмі добрым прадпрымальнікам і быў вымушаны ў 1891 годзе здаць гуту ў арэнду Вільгельму Краеўскаму і Юліусу Столле. Гэтыя энергічныя людзі ўлічылі попыт на мастацкае шкло і ў 1894 годзе ва ўрочышчы Магадзіна на землях памешчыцы Ганны Смальян заснавалі новую гуту “Нёман Б”. Тут было ўсталявана найноўшае на той час абсталяванне, што дазваляла вырабляць прадукцыю па эскізах і чарцяжах. У 1894 годзе паміж гутамі была пракладзена тэлефонная лінія, першая ў Лідскім павеце. У 1899 годзе Столле і Краеўскі выкупілі гуту “Нёман А” Ленскага, а ў 1900 годзе сталі ўладальнікамі і гуты “Нёман”. У 1905 годзе Краеўскі ўтапіўся ў Нёмане. Столле сплаціў долю яго сям’і, і фірма “Краеўскі і Столле” была перайменавана ў “Столле і сыны”. Шкляная казка Панямоння 4
Цікавым перыядам гісторыі Бярозаўкі з’яўляюцца 20—30-я гады XX стагоддзя, калі шклозавод “Нёман” праславіўся далёка за межамі Беларусі. Варта адзначыць, што пры падтрымцы завода ў Бярозаўцы будаваліся сацыяльна значныя аб’екты, у тым ліку і школы. Многія традыцыі захаваліся і да сённяшняга часу.

Дзе нараджаецца хрусталь

У 1939 годзе быў выдадзены другі каталог фірмы “Столле і сыны”, які налічваў 1828 вырабаў (першы выйшаў у 1911 годзе і налічваў 1527 вырабаў). У нёманскім шкле адлюстроўваліся новыя плыні мастацтва Заходняй Еўропы (канструктывізм, мадэрн, кубізм і інш.) і адначасова захоўваліся традыцыі мясцовага шкларобства канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Некаторыя вырабы з каталога 1939 года захоўваюцца ў музеі “Скарбы продкаў”. Гэта, напрыклад, туалетныя прыборы № 1579 ружовага, фіялетавага, ліловага колераў, № 1321 ружовага колеру, вазы №№ 988, 999, 1056, 1822, попельніца № 1138, чарніліца № 1133, крушон для кампоту № 1675, прыбор для лікёру № 666, № 924, сальнічкі, маслёнка, посуд для цукру, посуд для ікры, хлебніца № 1295, графіны для напіткаў № 437—454, чарка на ножцы № 163. Каштоўным экспанатам з’яўляецца і копія радзівілаўскага кубка вырабу Урэцкай мануфактуры XVIII стагоддзя.
— Але гэта што. Трэба абавязкова наведацца ў госці да былой настаўніцы біялогіі Галіны Браніславаўны Вініцкай, бацькі якой працавалі на заводзе ў даваенны час. Вось у яе калекцыя, дык калекцыя, яшчэ больш багатая, чым у школьным музеі! — адзначыла Тэрэса Уладзіславаўна.
Так і ёсць. Калі пазней, пасля экскурсіі па школьным музеі, разам з Тэрэсай Уладзіславаўнай і сакратаром школы Янінай Мечыславаўнай Скрэндай мы завіталі ў госці да Галіны Браніславаўны і жанчына пачала даставаць з шафы шкляныя вырабы, то міжволі падумалася: а ці не карысталіся падобнымі сталовымі прыборамі, напрыклад, Радзівілы? Цалкам магчыма. Нават правільней сказаць — безумоўна. Сваім гасцям Галіна Браніславаўна не толькі паказала ўнікальныя шкляныя вырабы, але і паведаміла, у якіх цяжкіх умовах стваралася раней гэтая прыгажосць. Тэрэса Уладзіславаўна дапоўніла цікавы аповед успамінамі, якія ёй пашчасціла запісаць разам з навучэнцамі ад сваякоў былых рабочых завода. Шкляная казка Панямоння 5
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя працоўны дзень пачынаўся ў залежнасці ад таго, калі ў печах заканчвала варыцца шкло, і працягваўся ад 12 да 14 гадзін. Працэс стварэння вырабаў адбываўся так: майстры захоплівалі на канец трубкі вадкае шкло і хутка выдзімалі шклянку, чарку, раўнялі краі. Хлопчыкі і дзяўчынкі 12—13 гадоў насілі шкляныя вырабы да канвеерных печак, дзе шкло праходзіла тэрмаапрацоўку. Рабочыя гуты, асабліва дзеці, пакутавалі ад сухасці паветра і спёкі, якая летам была невыноснай, часта гублялі прытомнасць. Зімой адчынялі дзверы, ад чаго ў людзей развіваўся хранічны рэўматызм, ад пастаянных скразнякоў яны часта хварэлі на прастудныя захворванні. Пастаянны гул дзясяткаў колаў стаяў у шліфавальным аддзяленні. У драўляных скрынях лапатамі перамешвалі шкляную масу, кварцавы пясок, соду і вапняк. Мел і соду прасейвалі на спецыяльных сітах, было шмат пылу, якім дыхалі рабочыя. Цяжкай была праца і каля пячэй, у якіх варыцца шкло. Спачатку падрыхтоўвалася шыхта. У гарачым выглядзе яна падавалася ў печ, дзе канчаткова варылася. Потым уручную, сілай уласнага подыху, майстры выдзімалі вырабы. Шкло нараджалася ў дымнай, запоўненай сярністым ці чадным газам гуце. Вось у такіх умовах і ствараліся мастацкія вырабы, якімі мы захапляемся і сёння.
Канечне, з таго часу многае змянілася. Больш дасканалай стала тэхналогія вытворчасці шкла, праца рабочых больш бяспечная. Аднак і цяпер выдзімаць прыгожыя кубачкі могуць толькі фізічна вынослівыя людзі. Нават некалькі хвілін, праведзеных каля печы, дзе пры тэмпературы 1200 градусаў выпрацоўваецца хрусталь, для старонняга чалавека падаюцца сапраўдным пеклам. Можна толькі па-добраму пазайздросіць моцы і цярпенню людзей, якія ў такіх няпростых умовах ствараюць тую шкляную казку, часцінка якой у выглядзе фужэраў, салатніц, графінаў, кубкаў ёсць у кожнай беларускай сям’і.

Казка працягваецца

Па словах Валянціны Мітрафанаўны Набагез, вялікая ўвага на прадпрыемстве ўдзяляецца мадэрнізацыі вытворчасці. Напрыклад, уведзена ў дзеянне энергазберагальная падстанцыя, запушчаны новыя машынныя лініі па выпуску шклавырабаў. Сёння нёманскае шкло экспартуецца ў краіны Еўропы і свету. Працоўныя кадры для шклозавода рыхтуе Нёманскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, выпускнікі якога кожны год папаўняюць рады прафесійных выдзімальшчыкаў. Сувенірную прадукцыю, якую можна ўбачыць у выставачнай зале завода, стварае творчы калектыў мастакоў пад кіраўніцтвам Васіля Дзмітрыевіча Самахвалава. На прадпрыемстве працуюць дынастыі мастакоў-самавучак: Багінскія, Шыманскія, Міхайлавы і інш. А вось традыцыі сучаснага мастацкага афармлення вырабаў былі закладзены Уладзімірам Сямёнавічам Мурахверам і Людмілай Міхайлаўнай Мягковай. Удзел прадпрыемства ў шматлікіх міжнародных выставах і кірмашах дазваляе гаварыць, што нашу краіну ведаюць у тым ліку дзякуючы прадукцыі шклозавода “Нёман”, які характарызуецца як надзейны і стабільны партнёр. Шкляная казка Панямоння 6
У аснове гэтай надзейнасці і ляжыць нялёгкая праца майстроў-гутнікаў. Дзякуючы бацькам бярозаўскіх навучэнцаў, шкляная казка працягваецца. Яе часцінкі і далей будуць з’яўляцца ў беларускіх сем’ях, а таксама ўстановах адукацыі.

Аўтар: Ігар ГРЭЧКА, http://nastgaz.by/