Шчорсы. Сляды спадчыны 1Шчорсы
Пра Шчорсы, што ў Наваградскім раёне, некалькі стагоддзяў таму ведалі не толькі ва ўсім ВКЛ, але і за межамі княства. Вялікі дэмакрат, рэфарматар і прадпрымальнік Яўхім Храптовіч, які паходзіць з баранавіцкай вёскі Ясянец, стварыў у Шчорсах самы вялікі на тыя часы маёнтак, прадукцыю якога экспартавалі ў Расійскую імперыю і Заходнюю Еўропу. А прыватная бібліятэка, якую сабралі Храптовічы, лічылася найбагацейшай ва ўсёй Усходняй Еўропе.
Учора

 Вялікая гісторыя маленькіх Шчорсаў пачалася ў другой палове XVIII ст., калі вядомы палітычны дзеяч і будучы апошні канцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч пачаў пашыраць тут свой маёнтак. Над стварэннем вялікага архітэктурнага ансамбля ў барочным стылі за пару дзясяткаў кіламетраў ад сталічнага Наваградка ў 1770-я гг. працавалі два італьянскія архітэктары. За некалькі гадоў у Шчорсах паўстаў найбуйнейшы і найбольш прагрэсіўны ў тагачаснай Беларусі маёнтак.

 Атрымаўшы еўрапейскую адукацыю і ўзяўшы курс на дэмакратычныя пераўтварэнні, Яўхім Храптовіч, як піша адзін са знаўцаў гісторыі Шчорсаў Альфрэд Мікус, дазволіў ва ўласным маёнтку «свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці»: адмяніў баршчыну і ўвёў для насельніцтва адзіны грашовы падатак. Фактычна гэта была практыка, характэрная для гарадоў, што валодалі Магдэбургскім правам. Падобныя «вольнасці», уведзеныя Храптовічам у сваім маёнтку, паспрыялі паспяховаму развіццю мясцовай прамысловасці і гандлю.

Шчорсы. Сляды спадчыны 2Вяндлярня ў Шчорсах

Шчорсы. Сляды спадчыны 3

Апроч развіцця традыцыйных дробных рамёстваў, у Шчорсах рабілі вазы і дэталі да іх, выраблялі розныя будаўнічыя матэрыялы, а на Нёмане, што працякае побач, нават была пабудавана майстэрня па вытворчасці невялікіх караблёў. Шчорсаўскія хмельнікі былі адны з самых знакамітых у Беларусі, а піва, якое варылася тут, экспартавалася ажно ў Кёнігсберг. У Заходнюю Еўропу і ў Расійскую імперыю адсюль экспартаваліся таксама хлеб і мука, якую малолі ажно тры мясцовыя млыны. Былі вядомы  Шчорсы і сапраўднымі швейцарскімі сырамі, якія выраблялі тут па арыгінальных рэцэптах.

Апроч гаспадарчых справаў, Храптовіч займаўся і асветаю мясцовых сялян. Адчыніў для іх парафіянскую і аграрную школы.
Яўхім Храптовіч быў вядомым бібліяфілам. У Шчорсах ён сабраў такую бібліятэку кніг, старажытных рукапісаў і дакументаў, якая, па ацэнках сучасных даследчыкаў, лічыцца найбагацейшай на той час ва ўсёй Усходняй Еўропе. Як пісаў вядомы беларускі гісторык і этнограф Адам Кіркор, у бібліятэцы Храптовічаў былі сабраны  ўсе геаграфічныя мапы Літвы і Польшчы, якія «калі толькі і дзе толькі выдадзеныя былі».

Шчорсы. Сляды спадчыны 4Бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах

Шчорсы. Сляды спадчыны 5Бібліятэка Храптовічаў

У свой час гэтай бібліятэкай карысталіся вядомыя гісторыкі, літаратары і астраномы. Пэўны час бібліятэкарам тут быў вядомы беларускі паэт і наш зямляк – Ян Чачот.

Шчорсы. Сляды спадчыны 6У сярэдзіне былога будынка бібліятэкі ў Шчорсах

Шчорсы. Сляды спадчыны 7Фрагменты арыгінальнага паркету ў былой бібліятэцы Храптовічаў

Сення

На жаль, шыкоўны барочны палац Храптовічаў быў спалены ў вайну. А вось астатняя частка маёнтка захавалася яшчэ ў тым выглядзе, які дазваляе і сёння меркаваць пра былыя маштабы маёнтка.

З цэнтральнай часткі былога комплекса захаваліся абодва флігелі, карэ гаспадарчых карпусоў з аркадамі (раней тут стаяла жывёла, размяшчаліся карэтныя гаражы) і вежа-вяндлярня з чырвонай цэглы і з гонтавым дахам. Добра захаваўся і прысядзібавы парк з дасканалай сістэмай прастакутных сажалак. Прагульвацца гэтымі сцежкамі – адно бясконцае задавальненне.

Шчорсы. Сляды спадчыны 8Парк у Шчорсах

Шчорсы. Сляды спадчыны 9Скульптура ў старым парку Храптовічаў

Але, бадай, найбольшай каштоўнасцю, што мы захавалі ад былых часоў да нашых дзён, – будынак бібліятэкі Храптовічаў. Самі фонды бібліятэкі даўно знаходзяцца ва Украіне, а таксама за іншымі межамі Беларусі. А белы двухпавярховы будынак бібліятэкі з вольнай тэрасай на другім паверсе па-ранейшаму глядзіцца ў адну з сажалак. Сёння будынак легендарнай бібліятэкі паступова занепадае, хаця на ім і вісіць шыльда са шматзначнымі словамі «ахоўваецца дзяржавай».

Прыкладна за кіламетр ад цэнтральнай часткі маёнтка, у кірунку Наваградка,  знаходзіцца былы гаспадарчы двор Храптовічаў, які мае назву «Мураванка». Гэта ўражвальны па памерах комплекс самых розных будынкаў з чырвонай цэглы. Перакладаючы на сучасныя паняцці – гэта прамысловы раён маёнтка XVIII – XIX стст. Менавіта тут выраблялі знакамітыя швейцарскія сыры, варылі піва і пяклі хлеб, якія пасля з’яўляліся на сталах нават літоўцаў і пецярбуржцаў. На жаль, былы гаспадарчы двор Храптовічаў сёння зарастае хмызняком і пераўтвараецца ў руіны.

Шчорсы. Сляды спадчыны 10Колішні гаспадарчы двор

Шчорсы. Сляды спадчыны 11Гаспадарчы двор у Шчорсах

Шчорсы. Сляды спадчыны 12

Шчорсы. Сляды спадчыны 13Фрагмент гаспадарчага будынка

Сярод найлепш захаваных архітэктурных помнікаў у Шчорсах вылучаецца старая Дзімітраўская царква (ад пачатку – уніяцкая, цяпер – праваслаўная), пабудаваная ў XVIII ст. французскім архітэктарам на замову Храптовіча.

Шчорсы. Сляды спадчыны 14Царква Дзімітрыя Солунскага ў Шчорсах

Газета «Наша ніва» згадвае цікавы выпадак, як у 2004 годзе ў гэту царкву трапіла шаравая маланка, але храм тады не загарэўся – загарэўся сельсавет, які знаходзіцца насупраць. Акурат у яго адскочыў вогненны шар ад царквы.

Шчорсы. Сляды спадчыны 15Званы Дзімітраўскай царквы

Як даехаць?

Каб трапіць з Баранавіч у Шчорсы, спачатку трэба даехаць да Наваградка альбо да Карэліч, адкуль да колішняй вёскі Храптовічаў ездзяць рэйсавыя аўтобусы.

http://www.intex-press.by/