Учора ўвечары, 20 студзеня 2015 года, на 86-м годзе адышоў у іншы свет вядомы беларускі гісторык, прафесар Анатоль Грыцкевіч.

hryckiewicz1

Ён нарадзіўся 31 студзеня 1929 года ў Мінску. Быў сябрам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровым сябрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства, ганаровым сябрам Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровым сябрам гісторыка-культурнага клуба “Спадчына”. Апроч таго, ён адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы. Яго аўтарству належаць 7 манаграфій і больш за 1000 навуковых артыкулаў. Выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні быў прызнаны Чалавекам года.

hryckiewicz2

Сярод галоўных тэмаў даследаванняў гісторыка быў Слуцкі збройны чын 1920 года і славутая бітва пад Оршай 1514 года.

Паводле рашэння арганізацыйнага камітэта прэміі імя В. Ластоўскага, якое было прынята ў пачатку студзеня бягучага года, спадар Грыцкевіч быў уключаны ў лік намінантаў на прэмію за падрыхтоўку выдадзенай у мінулым годзе кнігі «Сцягі Оршы», прысвечанай 500-годдзю Аршанскай бітвы (дарэчы, далёкі продак прафесара, баярын Юхно Грыцкевіч, як сведчаць дакументы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, быў удзельнікам тых векапомных падзей і «вярнуўся з Аршанскай бітвы пераможцам»). На жаль, лёс склаўся інакш, і зямны шлях сапраўднага Рыцара Беларушчыны быў спынены пасля цяжкай хваробы.

Сябры Таварыства аматараў гісторыі ім. В. Ластоўскага смуткуюць і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім спадара Грыцкевіча. Вечная памяць!

hryckiewicz3