Інстытут беларускай гісторыі і культуры ўручыў чарговую прэмію імя Вацлава Ластоўскага. Гэтым разам ёй быў уганараваны мастак Зміцер Шапавалаў.

— Гэта ўзнагарода невыпадковая, — адзначыў дырэктар інстытута Віктар Яўмененка. — Зміцер – той чалавек, які займаецца візуалізацыяй беларускай гісторыі. Дакладней перыяду часоў ВКЛ. Ён стварае графічны мегапраект пра войска Вялікага княства — малюе ваяроў, батальныя сцэны, узнаўляе вайсковыя строі, абапіраючыся на дакументальныя крыніцы.

Як прызнаўся сам мастак, такая цікавасць да гэтай тэмы ў яго абудзілася пасля знаёмства з беларускай гісторыяй і слыннымі перамогамі нашых продкаў. І хоць у нас было не самае вялікае войска гэта не перашкаджала яму атрымліваць сапраўды вялікія перамогі.

— Асноўную мэту, якую я стаўлю перад сабой — максімальна дакладна паказаць факты, без усялякага пафасу. На жаль, матэрыялу вельмі мала,— прызнаецца мастак. — Магчыма, мая праца натхніць іншых даследчыкаў.

Прэмію імя Вацлава Ластоўскага атрымаў мастак за «падарунак гісторыкам» 1

У хуткім часе павінна ўбачыць свет кніга, прысвечаная вайсковай гісторыі ВКЛ XIV-XVII ст.ст. з малюнкамі Зміцера Шапавалава.

— Для гісторыкаў гэта будзе вялікі падарунак, — адзначыў даследчык гісторыі і выдавец Анатоль Тарас. — Я часта выдаю кнігі, прысвечаныя гэтаму перыяду і пастаянна сустракаюся з праблемай ілюстрацый. Возьмеш польскую, расійскую, нямецкую гісторыі — усё намалявана, а ў нас тут вялікі прабел.

Прэмію імя Вацлава Ластоўскага атрымаў мастак за «падарунак гісторыкам» 2

Інстытут беларускай гісторыі і культуры таксама прадставіў новыя выданні, якія выходзілі ў 2015 годзе — “Записки офицера Красной армии» Сяргея Пясецкага (пераклад з польскай мовы), “Страна Моксель” Уладзіміра Бялінскага, а таксама чарговыя брашуры з серыі “Сто выдатных дзеячаў”(Адам Кіркор, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Яўген Глебаў, Браты Тышкевічы, Уладзімір Караткевіч).

— І ў гэтым годзе без справы сядзець не будзем. Планаў у нас хопіць на доўгія гады, — адзначыў Анатоль Тарас.

Анастасія Зелянкова, http://gazetaby.com/