25 лютага ў мінскім кафэ “Агінскі” адбылася сустрэча грамадскасці і журналістаў з прадстаўнікамі незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры і Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага. Прысутныя абмеркавалі вынікі дзейнасці Інстытута і Таварыства за апошні год і акрэслілі перспектывы далейшай актыўнасці ў галіне асветніцтва і патрыятычнага выхавання.

2 - Premija Lastouskaga

На мерапрыемстве быў прэзентаваны шэраг кніжных навінак, у тым ліку новыя брашуры з серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры”, заснавальнікам якой з’яўляецца прафесар Анатоль Тарас.

Апроч таго, культуролаг і пісьменніца Ірына Шумская прэзентавала сваю новую англамоўную кнігу пад назвай “Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates, and Poets” (“Самабытная Беларусь. Дарогамі князёў, магнатаў і паэтаў”). Выданне змяшчае шэраг нарысаў пра архітэктурную спадчыну нашай краіны і звязаныя з імі гістарычныя падзеі, прадстаўляе папулярныя ў народзе легенды разам з малавядомымі фактамі з рэчаіснасці. Кніга багата аздоблена ілюстрацыямі Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды і фотаздымкамі – як самой аўтаркі, так і вядомага беларускага фотамастака Сяргея Плыткевіча.

02 - Pasliadouniki Vaclava Lastouskaga

Кніга выйшла невялікім накладам, і зараз яе можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы, бібліятэцы НАН РБ, бібліятэцы ім. Пушкіна, навукова-педагагічнай бібліятэцы, Прэзідэнцкай бібліятэцы, а таксама ў кнігарні “Акадэмкніга” (пр-т. Незалежнасці, 72) і этна-краме “Рагна” (на скрыжаванні вуліц Караля і Сухой). У бліжэйшы час плануецца распаўсюд выдання па замежных бібліятэках, цэнтрах славістыкі і сярод прадстаўнікоў беларускіх дыяспар.

03 - Pasliadouniki Vaclava Lastouskaga

Асобным пунктам праграмы мерапрыемства стала ўрачыстае ўзнагароджанне чарговага лаўрэата прэміі ім. В. Ластоўскага, якой адзначаюцца асобы, што зрабілі значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры.

Па выніках 2014 года лаўрэатам прэміі імя В. Ластоўскага стаў гісторык Ігар Мельнікаў, які атрымаў медаль, адмысловы дыплом і каштоўны падарунак.

4 - Premija Lastouskaga