00У кастрычніку сябры Таварыства аматараў гісторыі ім. В. Ластоўскага зрабілі візіт у мястэчка Ракаў, якое ў мінулыя часы знаходзілася на памежжы Усходняй і Заходняй Беларусі і дагэтуль захавала сваю адметную гісторыка-культурную спецыфіку.

Сёння вёска Ракаў Валожынскага раёна, што месціцца на беразе маляўнічай рэчкі Іслач, мае афіцыйны статус аграгарадка, хоць па мноству відавочных прызнакаў і прысутнай тут атмасферы, яго можна аднесці да тыповых беларускіх мястэчак з багатай гісторыяй. Цяжка ўявіць, але ўсяго стагоддзе таму тут дзейнічала больш за сотні разнастайных крамаў і некалькі дзясяткаў рэстаранаў і кавярняў.

Як вядома, 18 са­ка­ві­ка 1921 го­да ў Ры­зе была пад­пі­са­на мір­ная дамова, згод­на з якой за­ход­няя час­тка цяперашняй Мін­шчы­ны ад­ышла да та­га­час­най поль­скай дзяр­жа­вы. У лік гэтых тэрыторый увайшоў і Ракаў, які тады пачаў выконваць місію важнага памежнага пункта і своеасаблівага “эльдарада” для кантрабандыстаў.

01

Сёння занятак па нелегальным перасоўванні тавараў праз мяжу характэрны хіба што для пэўных жыхароў Гародні і Бярэсця. А ракаўчане больш заклапочаныя стварэннем спрыяльных ўмоў для жыцця на сваёй малой радзіме, забяспячэннем моладзі працоўнымі месцамі і ўласным жытлом, каб новае пакаленне не збягала ў пошуках прывіднага шчасця ў сталіцу, да якой крыху больш за 20 кіламетраў.

02

Пачуць беларускую мову ў Ракаве можна досыць часта. Па-беларуску размаўляюць нават некаторыя супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі. Па ўсім відаць, што любоў да айчыннай гісторыі для жыхароў – не пусты гук: у мястэчку паспяхова дзейнічае цэлы шэраг культурных устаноў (музей-галерэя Янушкевічаў, музей поліэтнічнай культуры, дом фальклору, музычная школа). Дадамо да гэтага разнастайныя майстэрні: па вырабу керамікі, вытворчасці мастацкага шкла, рэканструкцыі народных інструментаў.

03З Ракавам была звязаная жыццядзейнасць кампазітараў Міхала Агінскага і Міхала Грушвіцкага, філосафа Мар’яна Здзяхоўскага, пісьменнікаў Элізы Ажэшка, Сяргея Пясецкага, Уладзіміра Караткевіча і мноства іншых славутых асоб. Зараз асветніцкія традыцыі тут працягваюцца дзякуючы актыўнасці прадстаўнікоў добра вядомых родаў Янушкевічаў, Рагойшаў, Кашкурэвічаў і г.д. А блізкае суседства двух культавых збудаванняў – касцёла Маці Божай Ружанцовай (1906) і Спаса-Прэабражэнскай царквы (1793), якая была перад тым уніяцкім храмам, – нібы сімвалізуе спрадвечную рэлігійную талерантнасць беларусаў. Дарэчы, усю прастору паміж касцёлам і царквой раней займала вялікая гандлёвая плошча.

04

Зараз ракаўскі кірмаш выглядае больш сціпла, а да старажытных традыцый дадаліся некаторыя навацыі – напрыклад, у выглядзе супермаркета з банкаматам.

Між іншым, першыя згадкі пра паселішча на месцы сучаснага Ракава адносяцца да XIV стагоддзя, а ў наступным годзе мястэчка будзе адзначаць сваё 550-годдзе (паводле архіўных звестак пра перадачу вялікакняжаскага ўладання магнатам Кезгайлам). Калісьці тут існаваў цэлы замкавы комплекс, пра які зараз нагадвае маленькае сімвалічнае збудаванне з каменьчыкаў.

05

Нягледзячы на некаторую занядбанасць асобных будынкаў, дух еўрапейскасці і прадпрымальніцтва тут не знік – нездарма ж Ракаў раней валодаў Магдэбургскім правам, а найсмачнейшыя партыі знакамітай кракаўскай кілбасы вырабляліся зусім не ў Кракаве, а ў ракаўскай капцільні спадарыні Федаровічавай, пра што, сярод іншага, можна даведацца з аповедаў мясцовых краязнаўцаў.

06