OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Куда мне до неё! Она была в Париже,

И я вчера узнал — не только в нём одном.

В. Высоцкий

У Пастаўскім раёне ёсць вёска з адметнай назвай — Парыж. Паводле падання, такое найменне ёй даў сам Напалеон Банапарт. А было гэта ў час вайны з французамі 1812 года.

Неяк раніцай жыхары вёскі ўбачылі, што на Сароцкай гары з’явіўся невялікі атрад казакаў. Відаць, яны меліся там адпачыць, бо рассядлалі коней, расклалі вогнішчы, пачалі варыць кашу. Але потым хутка агонь пагасілі і некуды зніклі. Пад абед да вёскі падышлі французскія войскі. І ў гэты момант на іх з засады наляцелі казакі. Завязаўся бой. Французы занялі абарону і чакалі падмацавання. Праз дзве гадзіны, калі з боку Ласькіх пачаў набліжацца яшчэ адзін напалеонаўскі атрад, казакі вымушаны былі адступіць. Было гэта, верагодна, 4 ліпеня.

Прайшло некалькі дзён, і ў вёску ўвайшлі галоўныя сілы французскай арміі. Якраз на карэце са світай пад’ехаў Напалеон. Быў час абеду.

Імператару накрылі стол на адным з узгоркаў, дзе ён і прыпыніўся. Аглядаючы навакольныя краявіды, Банапарт прыйшоў у захапленне ад убачанага.

— Якія маляўнічыя мясціны! — усклікнуў ён. — Тут прыгожа, як ў парках Парыжа! Давайце назавем гэту вёсачку так: маленькі Парыж.

Наступнай раніцай вясковых жыхароў сабралі на сход. Пяцёра гвардзейцаў пачалі тлумачыць вяскоўцам, што цяпер іх паселішча будзе называцца Парыж. Размову вялі праз мясцовага пана. Той перакладаў, як мог. А ў канцы весела спытаў: «Ну як, згодны стаць парыжанамі?» «А што? Парыж дык Парыж, толькі б кароў не чапалі», — адказалі сяляне.

Як сведчыць паданне, кароў французы ўсё ж забралі на патрэбы арміі, а назва засталася. Пан ад яе быў у захапленні, а сяляне паступова прывыклі.

Ігар Пракаповіч, краязнаўца. З кнігі “1812. Вайна на Пастаўшчыне” – Мінск: Кнігазбор, 2013.

парыжане

парыжская вежа

парыжскі краявід