«Ты – святло маё і любоў...» 

Не сакрэт, што ў нашай краіне вуліцы ў гарадах часта мянялі свае назвы. У старажытнай Оршы сумным «рэкардсменам» па перайменаванням можна смела называць невялікую вуліцу, якая знаходзіцца амаль у цэнтры горада. Пасля таго, як на ёй прадпрымальнікам Вайнбергам у 1883 г. быў заснаваны бровар, на карце горада і з’явіўся Вайнбергаў завулак. Піва, дарэчы, славілася далёка за межамі Оршы. Нават атрымала некалькі залатых медалёў на міжнародных выставах.

Па вуліцы Караткевіча ў Оршы 1

Дзесьці ў другой палове 1920-х гг. завулак быў названы ў гонар Усевалада Ігнатоўскага, выдатнага вучонага і арганізатара асветы ў БССР, адметнай постаці новага беларускага Адраджэння. Для аршанцаў ён «асабіста дарагі», бо выказаў меркаванне, што ў 850-х гг. Орша была цэнтрам удзельнага княства. А ў 1928 г. У. Ігнатоўскі наведаў горад i выступiў у «Доме асветы». Праўда, калі яго беспадстаўна абвінавацілі ў «нацыянал-дэмакратызме» (каб пазбегнуь смерці ад рук сталінскіх катаў, ён у 1931 г. скончыў жыццё самагубствам), была «рэпрэсаваная» і назва вуліцы.

Яна стала насіць імя «первого красного офицера», сталінскага маршала Кліма Варашылава. Наогул, 1930-я гг. – гэта вельмi складаны час, калi энтузiязм будаўнiцтва новага жыцця спалучаўся з трагедыяй палiтычных рэпрэсiяў. Вулiцу канца 1930-х гг. можна смела назваць «расстралянай», бо, па сведчанні жыхара вулiцы Я. Сакалова, на ёй было тады 26 дамоў i толькi ў трох з iх не пабывалi агенты НКУС…

Вядома ж, у 1941 г. фашысты і іх мясцовыя памагатыя хутка перайменавалі вуліцу ў нейтральную Браўэрштрасэ (Півавараная вуліца), бо завод працягваў працаваць і ў час вайны. Гэта ці не адзінае прадпрыемства ў горадзе, якое ніколі не спыняла сваю вытворчасць. Доўгі час галоўным піваварам на заводзе працаваў ваеннапалонны чэх Антон Смажак. На жаль, слаўныя часы прадпрыемства ўжо ў мінулым, бо ў 2007 г. піўзавод стаў банкрутам і быў закрыты. Цяпер яго будынкі, якія некалі былі ўнесеныя ў спіс помнікаў як прыклад прамысловай архітэктуры канца ХІХ ст., паціху разбураюцца.

У другой палове 1940-х гг. на вуліцы пачалося будаўніцтва прыватных дамоў. «Iнтэлiгенцкай вулiцай» стала называцца яна, бо большасць пабудаваных дамоў належала настаўнікам, урачам, бухгалтарам.

Менавіта на ёй, у доме № 10, у пасляваенны час жыла сям’я Уладзіміра Караткевіча. Тут ён жыў у 1956 – 1958 гг., калi працаваў настаўнiкам у Оршы. Сюды, на гэтую вулiцу, ён часта прыязджаў у родную хату, дзе добра пісалася. У яго было сваё «рабочае месца» на гарышчы, дзе ён у зацiшку любiў працаваць. Тут з-пад пяра Караткевіча выйшла славутая аповесць «Дзiкае паляванне караля Стаха». Каля роднай хаты й зараз расце каштан, якi Уладзімір Сямёнавіч прывёз з Кieвa I пасадзiў у памяць сяброў i родных, якiя загiнулi.

24 лiстапада 1961 г. вуліца была перайменаваная ў вуліцу Касманаўтаў. З такой назвай яна назаўсёды ўвайшла ў гісторыю прыгожага беларускага пісьменства. «Самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі» прысвечаны верш паэта «Вуліца Касманаўтаў». «Адзіная з тысяч вуліц, ты – святло маё і любоў», – усхвалявана пісаў малады творца. Было б цудоўна, каб так пра сваю вуліцу мог сказаць кожны гарадскі жыхар! А вуліца ў 1987 г. атрымала імя У. Караткевіча – вялікага сына Аршанскай зямлі. У днi святкавання 60-годдзя пiсьменнiка на вулiцы з’явiлiся дзве мемарыяльныя дошкi. Адна – на пачатку вулiцы – з гарэльефам і аўтографам пiсьменнiка, выкананая скульптарам Юрыем Паляковым. Дарэчы, на ёй Караткевіч названы народным пісьменнікам Беларусі (хоць і не меў такога звання афіцыйна, але як ніхто яго заслужыў). Другая – на доме сям’і Караткевiчаў. На жаль, пасля смерці летась ягонага апошняга гаспадара – мужа роднай пляменніцы У. Караткевіча дом стаіць пусты і лёс яго пакуль невядомы…

Па вуліцы Караткевіча ў Оршы 3

70-гадовы юбілей адзначыла летась і, бадай, самае ціхае прадпрыемства на гэтай вуліцы (належыць Таварыству інвалідаў па слыху) «Ніць». Адметна яшчэ гэтая вулачка і тым, што на ёй, у гарадскім радзільным доме, размешчаным насупраць Караткевічавага дома, за амаль паўвекавы перыяд яго існавання з’явіліся на свет больш 60-і тысячаў нованароджаных. Во колькі народу жыло пэўны час на вуліцы Караткевіча!

Вось такая маленькая вуліца з такой вялікай і багатай гісторыяй.

 Віктар ЛЮТЫНСКІ, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнаўца, http://bfk.by/