Наша дзейнасць

Па слядах Нальшанскага княства

23 жніўня сябры Таварства аматараў гісторыі ім. В. Ластоўскага і незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры здзейснілі вандроўку па маршруце “Валожын-Крэва-Гальшаны-Баруны”. Асноўным пунктам візіту стала мястэчка Крэва, дзе адбыўся этнакультурны фестываль керамікі, што праходзіў у межах свята “Пад знакам Лялівы”.

Kreva - 2

Дзякуючы намаганням мясцовых энтузіястаў і майстроў-керамістаў на суботнім кірмашы перад наведвальнікамі паўстала жывая гісторыя рамёстваў. Пры жаданні можна было ўласнаручна смайстраваць керамічную рэч, або набыць ужо гатовыя вырабы – ад архаічных свістулек да сучасных кубкаў і сталовых талерак.

Kreva - 3

Апроч керамікі, турысты з захапленнем разглядалі і набывалі вырабы з лазы, тканіны, жалеза, традыцыйныя беларускія выцінанкі, цацкі і лялькі, сурвэткі з вышыўкай і смачныя пернікі з непаўторным аўтарскім дызайнам.

Kreva - 4

Усталяванню святочнай атмасферы спрыялі выступленні фальклорных гуртоў, сярэднявечныя забавы і гульні, а таксама выдатнае надвор’е.

Kreva - 5

Для ўсіх ахвотных была арганізавана экскурсія ў народны гісторыка-краязнаўчы музей, які месціцца на пагорку, у будынку крэўскай школы. Настаўнік Міхаіл Міхалькевіч цікава і душэўна распавёў пра надзвычай багатую гісторыю мястэчка і каменнага замка, узгадаў шматлікія легенды і незвычайныя факты з жыцця мясцовых жыхароў.

Kreva - 6

У сваю чаргу краязнавец Аляксандр Камінскі зазначыў, што адносна гісторыка-культурнай спадчыны Крэва даследчыкамі назапашана шмат разнастайных матэрыялаў, якія варта прэзентаваць шырокай грамадскасці.

Kreva - 7

Нагадаем, што ў наступным годзе будуць адзначацца 630-я ўгодкі Крэўскай уніі – дынастычнага пагаднення паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Хочацца спадзявацца, што гэта падзея прыцягне больш увагі сучаснікаў да адраджэння легендарнага мястэчка, якое згадвалася ў летапісе яшчэ ў XIII стагоддзі ў якасці цэнтра старажытнага Нальшанскага княства.

Kreva - 8

1 Comment

  1. Лявон

    З задавальненнем наведаў бы гэтае свята… але ж дзе аб ім пачуеш да свята?

Leave a Reply

Theme by Anders Norén