У апошні дзень лютага прадстаўнікі Таварыства аматараў гісторыі ім. В. Ластоўскага наведалі цікавую выставу пад назвай «Вікінгі і балты: паўночная сага», якая будзе працаваць да канца сакавіка ў Доме-музее першага з’езду РСДРП. Выстава арганізавана мінскім клубам эксперыментальнай археалогіі “True Varing” і віцебскім клубам ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання “Naglfar”.

01 - Balty i vikingi - paunochnaja saga

На выставе прадстаўлены шэраг прадметаў, якія характарызуюць побыт насельніцтва Скандынавіі і балцкіх плямёнаў – суседзяў старажытнабеларускіх зямель – у т. зв. Эпоху вікінгаў – эпоху ранняга Сярэднявечча (VIII-XII стст.). Акрамя рэканструкцый адзення і яго аздаблення, а таксама зброі і побытавых рэчаў, на выставе паказаны арыгінальныя рэчы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея – матэрыялы з раскопак у Прудніках (фібулы, ўпрыгажэнні, наканечнікі стрэлаў), а таксама косткі з рунічнымі надпісамі з паселішча Маскавічы на Браслаўшчыне, якое ў XII-XIII ст. з’яўлялася парубежнай крэпасцю на паўночна-заходняй ускраіне Полацкага княства.

02 - Balty i vikingi - paunochnaja saga

У інфармацыйнай частцы экспазіцыі адзначаецца, што ў дахрысціянскі перыяд на працягу некалькіх стагоддзяў тэрыторыя сучаснай Беларусі была амаль цалкам заселена балцкімі плямёнамі, якіх потым асімілявалі славяне.

Найбольшая ўвага надаецца разгляду асаблівасцяў жыццядзейнасці такіх плямёнаў, як куршы, лівы, латгалы, зямгалы, бірка, а таксама жыхароў легендарнай выспы Готланд.

03 - Balty i vikingi - paunochnaja saga

Фота з сайта — http://maystra.livejournal.com/197803.html