Hamienka AliehНавошта людзям фальклор? Я неяк быў на Віцебшчыне, і мне запала ў розум слова «спадкі». Кантэкст размовы: «А ці ты прынесла тыя спадкі?» Потым, калі больш дакладней паразмаўляў, то зразумеў існасць гэтага слова, найбліжэйшыя рускія адпаведнікі якога: «пожитки», «наследие» ці «барахло». Слова «спадкі» відавочна аднакарэннае са словам «спадчына». Яправакацыйна пажартую, перайначу Купалу: «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся спадкі». Таму, што такі падыход больш запамінальны і абвастрае рознабаковыя погляды на тое, што ёсць «беларуская спадчына» і што ёсць «беларускі фальклор» у сённяшні час — бурлівы, агрэсіўны, мульцікультурны час «мазаічнай культуры» і глабалізацыі.

Увогуле, паняцце «фальклор» пачало ўжывацца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Кантэкст быў такі: імперыі набывалі моц, пашыралі ўплыў, трэба было аналізаваць і вывучаць лад жыцця карэнных жыхароў калоній з мэтай эфектыўнага кіравання і выкарыстання захопленага патэнцыялу. Адны калоніі добразычліва прымалі новых гаспадароў, хрысціянскія каштоўнасці, іншыя не скараліся, не падпарадкоўваліся і гатовы былі актыўна змагацца нават тады, калі іх роду-племені пагражала поўнае знішчэнне. Чаму так? У чым адрознасць між тымі і іншымі? На гэтае пытанне спрабавалі адказваць тагачасныя мысляры, прапануючыідэі, якія сталі падмуркам сучаснай сацыялогіі, аксіялогіі, этналогіі.

Важна заўважыць, што фальклор, як спалучэнне ангельскіх слоў «folk» (народ) і «lore» (веды, мудрасць), тагачасныя даследчыкі пачалі вывучаць перадусім на прыкладзе тых плямён, народаў, якія былі паяднаны рознымі высілкамі (часам надзвычай крывавымі) у сваіх уласных краінах. Гэтыя даследаванні ўладам былі цікавыя, але не віталіся, калі праходзілі без кантролю. Справа ў тым, што такія даследаванні «народнай мудрасці» маглі абудзіць небяспечныя нацыянальныя рухі, спрыяць развалу падуладнай дзяржавы, імперыі. Па выніках даследаванняў фалькларысты, у некаторым сэнсе «ад імя народу», маглі сцвярджаць: гэта — мудрасць нашага народу, а гэта — не мудрасць, і не нашага народу. Ці іншыя варыянты: роднае — чужынскае, шкоднае — карыснае, разам — паасобку, вызваліцелі — акупанты і г.д. Адзінае, што маглі дзяржаўныя (імперскія) ідэолагі гэтаму эфектыўна супрацьпаставіць — кантроль за спадкаемнасцю, трансляцыяй фальклорнай спадчыны і адпаведны лозунг – «грамадзянства важнейшае за нацыянальнасць».

Зразумела, усе гэтыя акалічнасці не абмінулі Беларусь і паўплывалі на сённяшні стан нашага народа, грамадства, краіны. У рэшце рэшт, «ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся спадкі». А што з імі рабіць? Вывучаць рэшткі таго, што суцэльным ужо ніколі не будзе? Навошта? Іншы ракурс гэтай праблемы — як карыстацца гэтай назапашанай мудрасцю, ведамі?

Існуюць розныя слушныя прапановы, якія складнікі вылучаць ў фальклоры.

         Але прапаную ўласныя чатыры складнікі фальклору, або плыні «ведаў пра…», кожная з якіх утрымлівае паняцце «нацыянальная спадчына» і яднае ў сабе:

— спадчыну трансляцыі мудрасці, ведаў (мову, вербальную і невербальную трансляцыю і г.д.,);

— спадчыну мастацтваў (архітэктуру, музыку, танец, спевы, тэатр, літаратурныя жанры, выяўленчыя жанры, і г.д;)

— спадчыну ладу жыцця (святочна-абрадавы комплекс, традыцыйную кухню, традыцыі міжасобасных зносін, паводзін і г.д);

— спадчыну асяроддзя-ландшафту (светапогляд, сакральныя зносіны між асобай і родам, «землякамі», ландшафтам (у сэнсе паводле Л. Гумілёва), «роднай зямлёй», краінай, Сусветам).

         Такую з’яву як досвед, назапашаны вопыт, які адбіўся на антрапалагічнай і генетычнай спадчыне, магчыма разглядаць асобна, а магчыма — у межах першай і чацвёртай плыні. Трэба дадаць: палітычная, тэрытарыяльная, эканамічная, гістарычная ды іншая матэрыяльная і нематэрыяльная нацыянальная спадчына ў фальклорную спадчыну не трапляюць толькі таму, што пры адпаведных «выкліках» (тут у сэнсе паводле А. Тойнбі) могуць змяняцца, перапісвацца, дэвальвавацца, перасоўвацца, знішчацца. І зразумела, што ўсе чатыры прапанаваныя плыні «фальклорнай (нацыянальнай) спадчыны» павінны ўзаемадзейнічаць між сабою і ўяўляцца суцэльнай з’явай. Менавіта таму фальклор трэба разглядаць, вывучаць, захоўваць, выкарыстоўваць (калі хочаце — манетызаваць) толькі ў кантэксце «нацыянальнай культурнай спадчыны».

         Важна падкрэсліць: дзяржаўныя ўстановы, свядома ці міжволі, і ў нас, і ў замежжы імкнуліся абмежаваць статус і ўплыў тых, хто вывучаў народную мудрасць, да «бяспечнага ўзроўню». (Фалькларыст – значыць, павінен займацца песнямі і танцамі, або легендамі і анекдотамі. Ці ўвогуле фальклор — гэта «частушкі пад гармошку».) І, самае галоўнае, імкнуліся ажыццяўляць кантроль за трансляцыяй фальклорнай спадчыны. Гэты працэс немагчымы без стварэння падрыхтаваных вобразаў, імператываў (імператыў тут — загад, патрабаванне), як трэба ўяўляць народ (фолк) і ягоную спадчыну.

Трэба заўважыць, што гэтыя вобразы-імператывы ствараюцца не толькі «ўладарамі трансляцый» унутры краіны, але і фарміруюцца звонку. Прыклады: «сыр-гадзіннік-банк», «матрошка-какошнік-балалайка», «каўбой-пісталет-ранча», «бульба-зубр-радыяцыя». Гэтыя іміджавыя імператывы кавалачкаў фальклору наўмысна рыхтуюць нас разважаць не каштоўнасцямі, а вобразамі-сімваламі, якія мы падсвядома атаясамліваем з гэтымі каштоўнасцямі. Прасцей: Свабода — віза ў пашпарце; Радзіма — край азёраў, буслоў, аграгарадкоў; Вера — канфесіянальная прыналежнасць; Любоў — сэкс; Паспяховасць — фінансавая заможнасць; Розум, Гонар, Сумленне — камуністычная партыя і г.д. Пры гэтым адзначу: мысленне такімі «настойліва рэкамендаванымі» вобразамі вельмі ўдала дзейнічае на падсвядомасць любога чалавека, у тым ліку тых, хто мае стрыжань свядомасці нацыянальнай спадчыны, але з’яўляецца «чорнай варонай» сярод «крумкачоў-альбіносаў». Супрацьстаяць гэтаму можна толькі праз асэнсаванне фальклорнай спадчыны і падрыхтаванасць да стварэння, трансляцыі ўласных вобразаў-імператываў. Свядомая асоба (тут — асоба з асэнсаваным усведамленнем нацыянальнай спадчыны) здольна мець уласныя вобразы-імператывы ці сімвалы каштоўнасцей.

Дазволю сабе іншыя адвольныя прыклады тых жа каштоўнасцей: Свабода — упэўненасць у магчымасцях; Радзіма — Беларусь; Вера — пакуты за богападобнасць; Любоў — дабрачынная адказнасць; Паспяховасць — павага нашчадкаў; Розум, Гонар, Сумленне — падмурак уласнай духоўнасці. Зразумела, вобразы-імператывы каштоўнасцей павінны быць у кожнага свае, але, калі размова тычыцца нацыянальных каштоўнасцей, нацыянальных аксіялагічных прыярытэтаў, то вызначэнні гэтых імператываў павінны быць гамагеннымі (аднастайнымі па паходжанні). Вядомае назіранне: калі ў якую-небудзь краіну прыязджаюць кітайцы або арабы, то яны вязуць з сабой усё. Кніжкі, адзенне, стравы, традыцыі, лад жыцця. А беларус, як толькі пераязджае, напрыклад, у Галандыю, — ён недзе праз тры тыдні ўжо галандзец. Іншымі словамі, імгненна ажыццявілася падмена вобразаў-імператываў, якія звязаны з нацыянальнымі каштоўнасцямі.

Важнымі дзяржаўнымі сімваламі (у гэтым кантэксце агульна-прынятымі вобразамі-імператывамі) моцнай краіны з’яўляецца папулярны вобраз-слоган нацыянальнай ідэі і агульнанацыянальныя сімвалы-помнікі. Такая з’ява сведчыць аб тым, што фальклорныя (нацыянальныя) традыцыі і дзяржаўныя інстытуты вынайшлі агульную платформу — нацынальную ідэю і сфармулявалі яе праз такі сімвалічны дэвіз і сімвал-помнік. Не буду паглыбляцца ў механізм узаемапранікнення азначэнняў «нацыянальная ідэя — дзяржаўная ідэалогія», а звярну ўвагу на вядомыя дэвізы нацыянальных ідэй і нацыянальныя сімвалы-помнікі краін, якія ўяўляюцца імперыямі. ЗША: дэвіз нацыянальнай ідэі — «Краіна Мары» і помнік — статуя Свабоды; Расія: «Русь Святая» і ваяўнічы «Мы трэці Рым, чацвёртаму не быць!» і помнік — Крэмль; Францыя: «Свабода, роўнасць, братэрства» і Эйфелева вежа, Кітай: «Краіна каля неба» («Паднябесная») і Кітайская сцяна; Брытанія: «Божае і маё права» і Біг Бэн і г.д. І для нас, беларусаў, вельмі важна пачаць працэс асэнсавання — як можа адбыцца стварэнне платформы міжнацыянальнай (фальклорнай) спадчынай і дзяржаўнымі інстытутамі для фармавання і прызнання (тут і звонку) нашых дэвізаў і помнікаў. Канешне, і сёння мы можам абвесціць дэвізам нешта з шэрага: «Блакітнавокая», «Краіна буслоў і зуброў», «Людзьмі звацца…», «Людзі на балоце» ці «Людзі на дарозе», а помнікам — Помнік Перамогі, Нацыянальную бібліятэку, Нясвіжскі палац, Белую вежу і г.д. Але Вас асабіста які варыянт задавальняе? А Вашага дзеда, брата, жонку, дачку?

Фальклор, нацыянальны фальклор, асэнсаваны як аб’яднанне плыняў нацыянальнай спадчыны неабходны людзям як «філасофскі камень», які можа стварыць эліксір неўміручасці нацыі. Няма, напрыклад, у цыганоў сваёй краіны, арміі, эканомікі, але ёсць нацыянальная фальклорная спадчына, таму гэты народ неўміручы. Не было калісьці ў жыдоў сваёй краіны, але яны захоўвалі свае традыцыі, каштоўнасці, лад жыцця, і ў выніку — аднавілі мову, дзяржаву. А што чакае краіны, у якіх ёсць эканоміка, тэрыторыя, дзяржава, урад, армія, танкі, бомбы, але няма нацыянальнай ідэі, нацыянальнай спадчыны?..

Дык навошта людзям фалькор? Каб жыць!

Аўтар: Алег Хаменка, музыкант і культуролаг