Знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч Вандалін Шукевіч нарадзіўся ў 1852 годзе ў маёнтку каля вёскі Нача на Лідчыне. У гэты час зусім недалёка ад Начы, у маёнтку Шаўры, яшчэ працаваў вялікі гісторык гістарычнай Літвы Тэадор Нарбут. Верагодна, само паветра гэтых мясцін — сэрца старадаўняй Літвы — нарадзіла ў абодвух даследчыках вялікае замілаванне да гісторыі роднага краю, якое вылілася ў шматгадовую апантаную даследчыцкую працу.

«Навуковых інтарэсаў мужа не разумела»

Вандалін нарадзіўся ў сям’і адваката Аляксандра Шукевіча і Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача ў Лідскім павеце з’яўляўся маёмасцю маці будучага гісторыка. Менавіта мясцовасць вакол роднай Начы ўсё жыццё вывучаў археолаг Вандалін Шукевіч.

Пасля нараджэння Вандаліна бацькі развяліся, і ўвесь цяжар выхавання лёг на маці і бабулю. Яны былі добра адукаванымі і, разам з тым, глыбока веруючымі жанчынамі. Менавіта маці і бабуля фарміравалі характар будучага вучонага і займаліся яго адукацыяй. У маёнтку была добрая бібліятэка з цікавымі кнігамі, стаяла фартэпіяна, на якім іграла маці і дзеля чаго з Вільні выпісваліся ноты.

Першай жонкай Вандаліна была Браніслава, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. З ёй меў сына Рамана Зыгмунта і дачку Ванду Аліну. Пасля смерці Браніславы, у 1888 годзе, Шукевіч ажаніўся другі раз з Юліяй Камінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Зыгмунт і Генрых. Другі шлюб аказаўся вельмі няў-
далым, паміж мужам і жонкай не было нічога агульнага. Юлія была асобай простай і не разумела навуковых інтарэсаў мужа, часта сварылася на яго за пакупку кніг і часопісаў. Бо лічыла гэта марнатраўствам часу і грошай. Вельмі крыўдзілася на мужа з‑за таго, што ён выдаткоўваў вялікія грошы на раскопкі. Сяброў-вучоных, якія адведвалі Шукевіча ў Начы, называла старымі дармаедамі. Спрэчкі і лаянкі ўсё больш узмацняліся, і ў выніку ў 1902 годзе Юлія пакінула дом мужа і перасялілася да сваіх бацькоў.

«Наша мінулае натхняе на барацьбу»

Стары драўляны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Начы, пабудаваны ў 1750 годзе, існаваў да 1910 года.

«Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек» 1

Паступова Вандалін усё больш паглыбляўся ў заняткі археалогіяй, траціў на гэта ўвесь вольны час. Выбітны рускі археолаг А. Спіцын лічыў, што менавіта Шукевіч знайшоў і даследаваў каменныя магілы. Ён пісаў: «Гонар адкрыцця і даследавання каменных магіл Лідскага павета належыць тутэйшаму землеўладальніку Вандаліну Аляксандравічу Шукевічу (маёнтак Нача)». Каменныя магілы — пахавальныя помнікі X — XVІІ стагоддзяў, вылучаны сучаснай навукай у асобны археалагічны тып старажытнасцяў беларускага Панямоння.

Паміж 1884 і 1894 гадамі Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях — усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Напрыклад, каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых — разнастайныя бронзавыя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага.

Археалогія стала галоўным захапленнем Вандаліна Шукевіча. Завязаліся знаёмствы з шырокавядомымі вучонымі: Зыгмунтам Глогерам і Эразмам Маеўскім з Варшавы, а таксама перапіска з дацэнтам Уладзімірам Дземетрыкевічам з Кракава, з прафесарамі-археолагамі з Пецярбурга Э. Вальтэрам і А. Спіцыным. «Поспех спадара Шукевіча, — пісаў апошні, — тлумачыцца не столькі багаццем помнікаў даўніны ў раёне яго дзейнасці, колькі сістэматычнасцю яго дзейнасці». Пасля ІX археалагічнага з’езда, які адбыўся ў 1893 годзе ў Вільні, Шукевіч наладзіў перапіску і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам, быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства.

Восенью 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Трокскі, Лідскі і Радунскі замкі. Вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне».

«Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек» 2Вандалін Шукевіч — заснавальнік беларускай археалогіі 

«Браты-беларусы з крыві і косці»

Шукевіч займаўся не толькі навукай і захаваннем гістарычных помнікаў, але і журналістыкай, якая, дарэчы, давала навукоўцу сталы прыбытак. Вывучаючы публікацыі Шукевіча таго часу ў «Кур’еры Літоўскім», удалося адшукаць надзвычай цікавы артыкул земляка ў падтрымку беларускай мовы і адукацыі: «Некаторыя «нават выходзяць з сябе» з абурэння ад смеласці «нейкіх там» беларусаў, якія пачынаюць пачуваць у сабе нацыянальную адметнасць… Пытанні будучыні цэлых народаў не могуць вырашацца іроніяй, падтасоўкай фактаў ці фразеалогіяй узроўню сярэднявечнай схаластыкі. Бо народ, які абуджаецца да супольнага жыцця па ўласнай мадэлі, не патрабуе нянек, не прымае ніякага націску. Насуперак усяму ён выквітнее з часам цудоўнай кветкай цывілізацыі, уносячы новы элемент у духоўны даробак гэтай цывілізацыі». І таму «нельга забываць пра братоў беларусаў з крыві і косці, якія насуперак усяму самаўсведамляюцца і хочуць захаваць сваю нацыянальную адметнасць».

Усё жыццё Шукевіча вельмі цікавіў фалькор, шмат гадоў даследчык збіраў і апрацоўваў этнаграфічны матэрыял. Свае археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Вандалін Шукевіч захоўваў у маёнтку ў Начы, потым перадаў у музей Таварыства сяброў навук у Вільні, а таксама ў зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве.

Віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый і змен улад былі амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны. Затое ў Кракаве, на шчасце, калекцыі Шукевіча захаваліся. Ёсць яны таксама ў музеях Вільні, Кракава і Масквы.

Леанід Лаўрэш, краязнаўца, http://zviazda.by/