У біяграфіі жонкі і паплечніцы выдатнага геолага, географа, даследчыка Сібіры Яна Дзяменцьевіча Чэрскага (1845–1892) – Маўры Паўлаўны Чэрскай (у дзявоцтве – Івановай, 1857–1940) – ёсць перыяд, пра які нямногае можна даведацца нават з работ, спецыяльна прысвечаных гэтай неардынарнай жанчыне. Аповед звычайна абрываецца на яе пераездзе пасля смерці мужа з Пецярбурга ў Віцебск (як мяркуецца – у 1894 г.) і аднаўляецца з моманту пераезду ў Растоў-на-Доне ў 1935 г. [1] Саракагадовы прабел запаўняецца толькі скупымі звесткамі, запазычанымі з успамінаў М.П. Чэрскай, якія былі запісаныя ў 1925 г. і апублікаваныя ў 1956 г. [2] Але і пры публікацыі была выключана напоўненая горыччу фраза: «І вось мне ў 69 гадоў даводзіцца гібець па прычыне старасці і няздольнасці да фізічнай працы, жывучы выключна на той даход, які можна атрымаць пры старэчай слабасці» [3].

Тым не менш у Віцебску захаваўся дом, з якім звязаныя апошнія гады знаходжання Маўры Паўлаўны ў нашым горадзе, – гэта будынак клуба для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Востраў Надзеі» па адрасе: вуліца Чайкоўскага, 10 (раней – Лабазная). У 1920‑я гг. у будынку размяшчаўся Дом глуханямых, затым – дзіцячы сад.

Маўра Чэрская Віцебскія гады 1Будынак па адрасе вул. Чайкоўскага, 10 у Віцебску. Тут у 1920-х гадах пражывала Маўра Чэрская. Стан на 2006 г. Фота аўтара.

Пачаткам пошуку стала выяўленне ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці (ДАВВ) «уласнаручнай заявы былой памешчыцы Маўры Паўлаўны Чэрскай» у «Справе аб рэгістрацыі былых памешчыкаў і асоб, якія займалі адказныя пасады пры царскім урадзе» [4]. У заяве Чэрская сцісла распавядае пра сябе, заслугі свайго мужа і крыху падрабязней, чым ва ўспамінах 1925 г., спыняецца на віцебскім перыядзе:

«<…> вярнулася з 10 гадовым сынам у Пецярбург, маючы ўсіх зберажэнняў 1500 р . і 2 вялікія залатыя медалі, паднесеныя мужу Акадэміяй за яго навуковыя працы, не маючы іншых сродкаў на існаванне і слабае здароўе. Акадэмія з вялікай цяжкасцю дабілася для мяне пенсіі ў 33 р. 33 к. [у месяц. – В. Ш.]. На гэтыя сродкі ясна было, што жыць у Пецярбургу і выхоўваць сына немагчыма, то я, змясціўшы сына ў Пецярб<ургскую> гімназію, стала аддаваць яму ўсю пенсію, а сама паехала ў Віцебск, асцерагаючыся зрасходаваць рэшту зберажэнняў. Мне ўдалося купіць пляц зямлі з разбуранымі дамамі на ўскраіне. Тут далучыўся да мяне далёкі сваяк мужа, сын палітычнага М.Ф. Загорскі, зусім глухі, які меў невялікія сродкі, і пабудаваў на маім пляцы новы дом, адрамантаваўшы разбуранае. З тых часоў на працягу 13 гадоў мы працавалі разам, карыстаючыся крэдытам ад людзей, якія верылі нам і далі нам магчымасць прывесці свае дамы ў прыстойны выгляд. Нарэшце, у 1911 г. мы абмянялі свае дамы на фальварак Казімірава Аршанскага павета Высачанскай воласці 180 дзес. кепскай зямлі і прынялі 10 тыс. р. банкаўскага доўгу. Купчая была зробленая на маё імя па прычыне таго, што Загорскі па законах не меў права набываць землі. <…> Сваякоў у мяне ніякіх тут няма, адзіны сын Аляксандр Іванавіч Чэрскі па заканчэнні ўніверсітэта ў 1909 годзе быў кансерватарам музея ва Уладзівастоку, а потым з’ехаў на Камандорскія астравы. З тых часоў больш за 10 гадоў я ніякіх вестак пра яго не маю, а жонка яго, Марыя Мікалаеўна Чэрская, з сынам знаходзіцца ў Гарадку, дзе яна з’яўляецца загадчыцай дзіцячага сада Ліпкі».

Як паведамляецца ва ўспамінах М.П. Чэрскай 1925 г., да 1925г.  яе нявестка М.М. Чэрская пераехала ў Оршу, дзе працавала прэпаратарам у сельскагаспадарчым музеі. А сын Аляксандр Іванавіч Чэрскі загінуў у 1921 г. на Камандорскіх астравах.

У 1918 г. Маўры Паўлаўне пакінулі 6 дзес. зямлі, і можна было б лічыць, што для яе ўсё шчасліва абышлося. Але, на жаль, яшчэ не раз пажылой жанчыне давядзецца паўтараць свой аповед.

Маўра Чэрская Віцебскія гады 2Будынак па адрасе вул. Чайкоўскага, 10 у Віцебску. Стан на 2013 г. Фота аўтара.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь выяўлена сведчанне таго, што М.П. Чэрская знаходзілася пад пагрозай высялення з сядзібы пасля выхаду пастановы ЦВК і СНК БССР ад 31 студзеня 1925 г. «Аб высяленні памешчыкаў, якія жывуць у гаспадарках, што належалі ім да выдання Закона аб зямлі 26.X.1917 г.». У пратаколе пасяджэння Цэнтральнай камісіі па высяленні былых памешчыкаў пры Народным камісарыяце земляробства БССР ад 15 жніўня 1925 г. паведамляецца:

«<Слухалі:> заяву гр. Чэрскай – муж і сын – навукоўцы, загінулі на навуковай працы, сама был. прыслуга, выйшла замуж за Чэрскага, калі ён быў сасланы ў Сібір. <Пастанавілі:> Пастанову Акруговай камісіі адмяніць» [5].

У кастрычніку 1929 г. у лісце да вучонага сакратара Камісіі Акадэміі навук па вывучэнні Якуцкай АССР Паўла Уладзіміравіча Вітэнбурга Маўра Паўлаўна апісвае свае прыгоды ў 1925 г.:

«<…> даводзілася самой старой, мне ўжо 75 гадоў [6], хворай і слабой, ехаць у Мінск і хадайнічаць асабіста і Мінск мяне не пакінуў, але колькі мне давялося перажыць пакут, грошай не хапіла на зваротны шлях, знаёмых у мяне ў Мінску няма, прыходзілася трое сутак прасіць на вуліцы, бо за № няма чым было заплаціць. З сялянамі я жыла ў самых лепшых адносінах, пры высяленні мяне яны склалі паперу з самым лепшым водгукам пра мяне. Прасілі пакінуць мяне, бо я ім карысная пастаянна, даглядаю за хворымі, і гэтую паперу с/с адмовіўся засведчыць, але ў Мінску ўсё ж такі прынялі і без подпісу с/с, і з таго моманту ўвесь час мне не дае спакою мясцовая ўлада, па-рознаму прыцясняючы <…>» [7]

Маўра Чэрская Віцебскія гады 3Маўра і Ян Чэрскія. Фота 1891 г.

З пачаткам у 1929 г. палітыкі «суцэльнай калектывізацыі» і «ліквідацыі кулацтва як класа» М.П. Чэрская была прылічана да асоб, якія ў схаванай форме эксплуатавалі парабкаў, а таму, адпаведна, падлягалі індывідуальнаму абкладанню. Падставай для гэтага паслужыла тое, што, не маючы магчымасці самастойна апрацоўваць зямлю, Маўра Паўлаўна прыняла ў члены двара беззямельнага селяніна. Але паколькі сама 72‑гадовая «памешчыца» была фактычна непрацаздольнай, увесь цяжар падатку лёг бы на «парабка» – Фёдара Матусевіча. Захаваўся акт допыту гэтага селяніна, у якім ён даказваў непасільнасць для яго індывідуальнага падатку і лічыў неабходным «Чэрскую М., як асобу, што не прымала ў работах па гасп-цы ніякага ўдзелу, а таксама і двух названых мною іншых такіх жа членаў яе сям’і выключыць з гэтай гасп-кі»[8].

Члены раённай падатковай камісіі прымаюць усё ж кампрамісную пастанову:

«Прымае пад увагу сацыяльнае становiшча гаспадаркi i залiчаных батракамi членаў двара, якiя фактычна з’яўляюцца гаспадарамi i кiруюць апошнiм, што датычыцца г-кi Чэрскай дык яна драхла i атрымлiвае пэнсiю, з прычыны чаго у гаспадар. не можа прымаць належнага ўдзелу, па гэтаму iндывiд. вучот адмянiць як супрэчашчы законадаўству на гэты конт, вучоў в звычайным парадку» [9].

Паказанні Ф. Матусевіча, верагодна, сталі асновай для нататкі, што знеслаўляла Маўру Чэрскую, апублікаванай 16 кастрычніка ў газеце «Віцебскі пралетар», аўтар якой заклікаў райвыканкам «звярнуць увагу на выхадкі Чэрскай»[10].

У роспачы Маўра Паўлаўна зноў звяртаецца па падтрымку у Акадэмію навук да П.В. Вітэнбурга. У лісце ўдава славутага навукоўца апісвае свае жыццёвыя цяжкасці:

«<…> У той час, як я набыла хутар, праўда, хоць ён быў не ў бліскучым стане, але я з усяе сілы старалася падтрымаць яго, але з тае пары, як уступіў у гаспадарку Фёдар Матусевіч, то я ўжо не магла гаспадаркай кіраваць і гаспадарка ішла да разрухі, сама не ведаю чаму: ці яго недасведчанасць, ці ўжо проста нядбайнасць. Вось як, напрыклад, калі пойдзе дождж, то ў кватэры даводзіцца ўвесь посуд збіраць, каб падставіць супраць дзюр у даху, і не ведаеш, куды паставіць ложак, каб ён не замок, і ў дадатак ўжо хутка 2 гады, як труба завалілася, і ён чакае, каб я прыехала з горада і паставіла; надворныя пабудовы, хлеў, свіран у такім жа стане.

Не гледзячы на такое разбурэнне сельсавет прызначыў падаткаў у гэтым годзе больш за 100 рублёў, і я вельмі непакоюся, каб усе гэтыя падаткі не ўсклалі на мяне, паколькі я лічуся да гэтага часу гаспадыняй двара.

Улічваючы вышэйпададзенае, мяне вельмі засмучае, што ўвесь гэты паклёп кладзецца на мяне, якая носіць імя нябожчыка Чэрскага, ніколі нічым не заплямленага, таму мне хацелася б расследаваць гэта ў законным парадку <…>.

Шаноўны Павел Уладзіміравіч, Вы мяне прабачце, што я абцяжарваю Вас такім доўгім лістом, але я скарысталася Вашай прапановай і хацела апісаць усе маё становішча, у якім я зараз знаходжуся.

Са шчыраю пашанай і глыбокай павагай, М. Чэрская. Лістапада 1 дня 29 г. Адрас мой: Лабазная № 10.» [11]

Маўра Чэрская Віцебскія гады 4Маўра Чэрская. Фота пачатку 1920-х гг. (?). Змешчана ў выданні: Якутия. Сборник статей. Л.: Изд. Акад. Наук, 1926.

У канцы студзеня 1930 г. зноў аднаўляецца справа аб індывідуальным абкладанні Маўры Паўлаўны, і 1 лютага 1930 г. на пасяджэнні прэзідыума Высачанскага райвыканкама прымаецца рашэнне абкласці Чэрскую падаткам ў індывідуальным парадку [12]. На сходзе беднаты 21 лютага 1930 г. прагучалі выступленні ў абарону былой памешчыцы, але іх не прынялі да ўвагі, і Маўра Паўлаўна была раскулачана [13].

І ўсё ж у М.П. Чэрскай знайшліся абаронцы, якія пайшлі іншым шляхам. 3 мая 1930 г. у Наркамат рабоча-сялянскай інспекцыі БССР паступіла адносіна загадчыка бюро расследаванняў рэдакцыі «Нашай газеты», якая выдавалася ў Маскве, з просьбай правесці расследаванне па матэрыяле, што быў дасланы ў газету. Аўтар, прозвішча якога рэдакцыя не раскрывала, назваў свой артыкул «Гісторыя аднаго галавацяпства» і пасля расповеду пра заслугі сям’і Чэрскіх заклікаў да справядлівасці:

«Абуральнае стаўленне. З аднаго боку ўрад СССР у падзяку за навуковыя заслугі цэлым мясцінам прысвойвае імя «Чэрскага», з другога боку мясцовыя галавацяпы хочуць выселіць у гэтыя ж мясцовасці сям’ю гэтага ж Чэрскага, г.зн. туды, дзе яна паклала столькі працы і энергіі па даследаванні і дзе страціла ўсё, што было так каштоўна для яе, – мужа і сына…» [14]

І бюракратычны апарат закруціўся ў адваротны бок. У адказ на хадайніцтва Маўры Паўлаўны на пасяджэнні 25 мая 1930 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў рашэнне аднавіць М. Чэрскую ў выбарчых правах, праве на атрыманне пенсіі і прапанаваў Віцебскаму акруговаму выканкаму даць распараджэнне мясцовым органам вярнуць Чэрскай асабістыя рэчы, якія не маюць дачынення да вядзення сельскай гаспадаркі [15].

Маўра Чэрская Віцебскія гады 5Мясцовая жыхарка А.Ф. Драбцова на месцы былога маёнтку Казімірава ў сучасным Віцебскім раёне. Фота Л. Ляшчовай, травень 1999 г.

Малох рэпрэсій адно абпаліў М.П. Чэрскую. Пра далейшае яе жыццё ў Віцебску ў 1930‑я гг. нам нічога невядома. У 1935 г. разам з нявесткай і ўнукам Маўра Паўлаўна пераехала ў Растоў-на-Доне. Апошнія месяцы жыцця М.П. Чэрскай прайшлі ў Таганрогу ў Доме састарэлых навукоўцаў, дзе яна памерла 18 снежня 1940 г.

У выніку аналізу планаў зямельных участкаў суседзяў М.П. Чэрскай, выяўленых у віцебскім абласным архіве, удалося лакалізаваць маёнтак Казімірава ў ваколіцах вёскі Шапечына Віцебскага раёна [16]. Сакратар сельсавета Н.А. Мастыкова і мясцовыя старажылы дапамаглі вызначыць размяшчэнне сядзібы на мясцовасці ў двух кіламетрах ад Шапечына, уніз па цячэнні ракі Сухадроўкі. Там былі выяўленыя развалы камянёў і цэглы старога вырабу, якія выступалі з зямлі. Тэрыторыя сядзібы распахана. Ручай, што ўпадае ў Сухадроўку непадалёк, мясцовыя жыхары да гэтага часу называюць «Чэрскі».

[1] Зарин В., Зарина Е. Первые русские женщины-путешественницы // Вокруг света. 1951. № 3. С. 44–45; Зарин В., Зарина Е. Путешествие М.П. Черской. М., 1952; Гурвич С.С. Последние годы М.П. Черской // Известия Всесоюзного Географического общества. 1955. Т. 87. Вып. 4. С. 363–364; Гурвич С.С. Они были на Дону. Ростов н/Д., 1960. С. 38–47.
[2] Черский И.Д. Неопубликованные статьи, письма и дневники. Иркутск, 1956. С. 300–309.
[3] Пецярбургскі філіял Архіва Расійскай Акадэміі навук (далей – ПФА РАН), ф.47, воп.1, спр.114, арк.36 адв.
[4] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці (далей – ДАВВ), ф. 1651, воп. 1, спр. 10, арк. 28–29. Апублікавана з выпраўленнем арфаграфіі і пунктуацыі: Шишанов В.Я. Мавра Черская… // Вiцебскi рабочы. 1998. № 191-192. 29 снежня. С. 4.
[5] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 6, воп. 1, спр. 517, арк. 99 адв.
[6] У некаторых дакументах сустракаюцца памылкі ва ўказанні ўзросту М.П. Чэрскай. Гл., напрыклад: ДАВВ, ф. 1651, воп. 1, спр. 10, арк. 28 адв.
[7] Ліст М.П. Чэрскай П.В. Вітэнбургу. Адзначана як уваходнае 8 кастр. 1929 г. (ПФА РАН, ф. 47, воп. 1, спр. 184, арк. 119).
[8] ДАВВ, ф. 591, воп. 2, спр. 191, арк. 3–4.
[9] ДАВВ, ф. 591, воп. 2, спр. 191, арк. 2. Захаваны арфаграфія і пунктуацыя арыгінала.
[10] Липовые «трудовые хозяйства» // Віцебскі пралетары. 1929. № 239. 16 кастрычніка. С. 4.
[11] ПФА РАН, ф. 47, воп. 1, спр. 184, арк. 121 і адв.
[12] ДАВВ, ф. 591, воп. 2, спр. 191, арк. 7.
[13] ДАВВ, ф. 591, воп. 1, спр. 230, арк. 130 адв.–131.
[14] ДАВВ, ф. 10073, воп. 3, спр. 244, арк. 124–130 адв.
[15] ДАВВ, ф. 591, воп. 1, спр. 88, арк. 253.
[16] ДАВВ, ф. 71, воп. 4, спр. 12, арк. 12, 13.
Аўтар: Валерый Шышанаў, намеснік дырэктара
Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, http://vitebsk4.me/news/past/czerskaja