Правароніўшы талаку, калі грамадзяне рыхтуюць могілкі да катынскага тыдня, KYKY ў 76-ю гадавіну Катыні ўспамінае пра Курапаты – адно з месцаў растрэлу палякаў, дзе таксама пахаваныя тысячы беларусаў, знішчаных у канцы 30-х – пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Расказвае Кандыдат гістарычных навук, гісторык Ігар Мельнікаў.

Пачатак пошукаў праўды

У 1988 годзе савецкую Беларусь «узарвала» навіна: пад Мінскам знайшлі масавае пахаванне людзей. У артыкуле «Курапаты – дарога смерці», які быў апублікаваны ў не самай буйной беларускай газеце «Літаратура і Мастацтва», даследчыкі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў інфармавалі грамадскасць, што ў перадваенныя гады ў лесе ля вёсцы Зялёны Луг пад Мінскам НКУС расстрэльваў людзей. На падставе сабраных археолагамі матэрыялаў беларуская пракуратура пачала следства. Падчас частковай эксгумацыі былі знойдзены астанкі сотняў людзей і шмат рэчаў, якія належалі ахвярам. Акрамя гэтага, былі выяўлены гільзы ад зброі, якой карысталіся каты. Генеральная пракуратура БССР пачала следства па гэтай справе. Тады ж следчыя прыйшлі да высновы, што расстрэлы ў лясным масіве Курапаты ажыццяўлялі супрацоўнікі НКУС. Аднак з-за таго, што асобы, якія ўдзельнічалі ў гэтым злачынстве памерлі, крымінальная справа была спынена.

 

З кожным годам гісторыя курапацкіх пахаванняў усё больш палітызавалася, з-за чаго пакутавала гістарычная праўда.З цягам часу на месцы пахавання ахвяр сталінскіх злачынстваў з’явіўся народны мемарыял. Аднак, што ж на самой справе адбывалася ў канцы 1930-х гадоў побач са старой дарогай з Мінска ў Заслаўе?

Чорны дзень беларускай інтэлігенцыі

Звернемся да ўспамінаў тых, хто бачыў трагедыю сваімі вачамі. Жыхар вёскі Цна Зміцер Бароўскі ўзгадваў, што людзей ў лесе пачалі растрэльваць ў 1935-1936 гадах. «Я ужо быў вялікім. На танцы спрабаваў хадзіць. Але тады стралялі рэдка. Масавыя растрэлы пачаліся ў 1937-м, тады і плот паставілі», – адзначаў сведка.

Вось што адзначаў іншы мясцовы жыхар: «Летам 1937 года памёр мой бацька, і маці пачала падымаць мяне замест яго, каб пасвіць кароў. Мы жылі на хутары, наш дом быў у баку ад вёскі. Кароў пасвілі побач з заслаўскай дарогай. У адзін з першых дзён маёй пастуховай працы, гадзін у пяць раніцы, я ўбачыў, як у лес заехалі грузавыя машыны. Хутка пасля гэтага раздаліся стрэлы. Я не ведаў, што гэта за машыны і чаму страляюць. Пазней мне дарослыя патлумачылі, што расстрэльваюць «ворагаў народа».

Нагадаю, у 1937 годзе па Беларусі, як і па ўсім Савецкім Саюзе прайшла найбольш жорсткая хваля сталінскіх рэпрэсій. «Сёння ў Беларусі не выносяць тых грамадзян, якія добра валодаюць беларускай мовай у пісьме і гутарцы. Такіх прымаюць за рэшткі «цацдэмаўскага атрэб’я». Напрыклад, акадэмік беларускай Акадэміі навук спецыяльна стараецца гаварыць на беларускай мове з памылкамі, каб партячэйка не падазравала яго ў нацыянал-дэмакратызме. Бяспечней выкарыстоўваць ва ўстановах і штодзённым жыцці рускую мову, чым беларускую. Доўга Масква змагалася з ненавіснай «нацдэмаўшчынай». Бальшавікі бачылі яе ў ва ўсім», – так характарызавала рэпрэсіі ў БССР польская газета «Віленскі кур’ер» у 1937 годзе.

Курапаты анатомія нацыянальнай трагедыі 2Супрацоўнікі НКУС на занятках па стральбе, 1930-я гады

Толькі на працягу адной ночы, з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, апрычнікі Сталіна знішчылі больш за 100 выдатных дзеячаў культуры і навукі Беларусі, сярод якіх варта ўзгадаць такія асобы як Платон Галавач, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрась Лявонны. Магілай для гэтых і іншых людзей стаў, у тым ліку, і Курапацкі лес. Дзеля таго, каб быць абвінавачаным у «буржуазным нацыяналізме», хапала размаўляць па-беларуску, ці выказвацца на карысць развіцця беларускай культуры. Менавіта тады, у жудасныя 1930-я, разам з інтэлігенцыяй знішчалася ідэнтычнасць беларускага народа.

Польская паліцыя «ратуе» КПЗБ ад НКУС

Як вядома, ахвярамі сталінскіх катаў былі не толькі грамадзяне БССР. У другой палове 1930-х гадоў у савецкую Беларусь масава бягуць актывісты Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Польскія ўлады распачалі актыўныя рэпрэсіі супраць гэтых людзей. Сяброў забароненай у Другой Рэчы Паспалітай палітычнай арганізацыі арыштоўвалі, судзілі і кідалі за краты. Аднак заходнебеларускія камуністы і камсамольцы нават не здагадваліся, які жах іх чакае ў «краіне працоўных і сялян».

Адзін з жыхароў Стоўбцаў узгадваў ва ўспамінах: «Недзе ў канцы 1938 года некалькіх маіх знаёмых камсамольцаў арыштавала польская паліцыя. Бацька тады сказаў, каб я ішоў ў савецкую Беларусь. Жылі побач з мяжой, ведалі кожную сцежку. Сабралося нас чатыры чалавекі. Перайшлі кардон і на тым баку пачулі: «Стой! Стрелять буду!» Савецкія памежнікі адвезлі ў камендатуру. Там пачалі дапытваць. Цікавіліся, з якой мэтай перайшлі мяжу і якую задачу нам паставіла польская выведка. Я адказваў, што з’яўляюся сябрам камсамольскай ячэйкі, а яны мяне білі жорстка. Пазней, нас чацвярых адвезлі ў Мінск. Там ізноў допыты і катаванні. У рэшце рэшт, далі мне «менш меньшага» – 15 год. Напэўна за тое, што віну сваю не прызнаў. А вось аднавяскоўцаў маіх «тройка» прысудзіла да растрэлу. Відаць, не вытрымалі яны здзекаў і падпісалі прызнанні».

Перад пачаткам Другой Сусветнай вайны не ўсе маладыя хлопцы з Заходняй Беларусі жадалі папоўніць шыхты Войска Польскага. Шмат хто бег ў БССР.

Атрымліваецца гістарычны парадокс. Польскія ўлады, якія паводле судовых прысудаў накіроўвалі заходнебеларускіх камуністаў і камсамольцаў у турмы і лагер у Бярозе-Картузскай, па сутнасці, ратавалі ім жыццё, бо ў СССР гэтых людзей «лічылі агентамі дыфензівы» і прысуджалі да смяротнага пакарання. Ветэран КПЗБ Васіль Ласковіч успамінаў: «Мы не верылі, што ў БССР судзяць і расстрэльваюць камуністаў з Заходняй Беларусі. Але нам прыйшлося паверыць, калі адміністрацыя польскай турмы, у якой мы знаходзіліся, паказала нам польскія газеты, у якіх расказвалася пра судовыя працэсы над «перабежчыкамі». Палякі казалі: «Ну што, камуністы, бачыце, ваш Сталін вас прадаў». Вельмі сумная карціна».

«Шпіён», які хацеў вучыцца

Каб зразумець трагедыю, праз якую прыйшлося прайсці ў канцы 1930-х гадоў беларусам, узгадаю гісторыю 17-гадовага жыхара Заходняй Беларусі Аркадзя Леановіча. Хлопец нарадзіўся на хутары Жукаў Барок у жніўні 1919 года. Сястра Аркадзя ўспамінае, што вучоба яму давалася лёгка, хлопец мог па памяці перамнажаць і дзяліць вялікія лічбы. Да таго ж ён быў і выдатным спартоўцам. Асабліва любіў лыжы. Ніхто не мог з ім спаборнічаць у гонках на іх. У калектыве хлапчукоў-аднакласнікаў Аркадзь быў заўсёды, як кажуць цяпер, нефармальным лідэрам.

У мае 1937 года, у апошні год навучання ў гімназіі, Аркадзь Леановіч са сваім сябрам перайшоў савецка-польскую мяжу, якая праходзіла побач, у Коласава. Хлопцы імкнуліся паступіць ва ўніверсітэт у Мінску. Аднак на савецкім баку заходнікі трапілі ў рукі зялёных фуражак. Пасля допыту на заставе іх адвезлі ў Мінск, ва ўнутраную турму НКУС «амерыканку». 17-ці гадовага ўраджэнца хутара Жукаў Барок абвінавацілі ў супрацы з Другім адзелам польскага генштаба (выведкай) і паводле артыкулаў 68а, 22, 71 УК БССР прысудзілі да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны». Праз некаторы час пасля гэтага Аркадзя Леановіча расстралялі… у Мінску.

Пасля пачатку Другой Сусветнай вайны вязнямі мінскіх турмаў сталі і шматлікія польскія грамадзяне, якія трапілі ў рукі чэкістаў пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Падчас археалагічных прац і эксгумацыі ў Курапатах не былі выяўлены рэчы (гузікі, какарды, пагонныя зоркі і г.д.), якія б сведчылі пра растрэлы польскіх вайскоўцаў.

Курапаты анатомія нацыянальнай трагедыі 5Падчас эксгумацыі ў Курапатах

Заходнікаў трымалі ў школе

У Мінску захаваліся некаторыя аб’екты, якія так ці інакш звязаны з жудаснымі сталінскім рэпрэсіямі канца 1930-х гадоў. Пра некаторыя з іх пойдзе гутарка ў гэтым матэрыяле. Мала хто ведае, што летам 1937 года арыштаваных жыхароў Заходняй Беларусі, якія пасля пераходу мяжы жылі ў Мінску, першапачаткова трымалі ў будынку… школы.

«Недзе ў ліпені 1937 года мяне і шматлікіх іншых супрацоўнікаў розных службаў запрасілі ў клуб НКУС. Сабралося нас чалавек 300. Кожнаму было загадана правесці ператрус у замежнікаў, пераважна перабежчыкаў з Польшчы. Мне выдалі пастановы на ператрус і арышт грамадзяніна, які жыў у доме, на месцы якога зараз знаходзіцца стары корпус Інстытута народнай гаспадаркі. Памятаю, жыў гэты чалавек у невялікім пакоі з жонкай, маці і двума дзецьмі. Прозвішча яго я ўжо забыў. Абстаноўка ў пакоі была сціплая. Абшукваць нам асабліва не прыйшлося. Мы з міліцыянерам проста прапанавалі яму ісці з намі, пачакалі, пакуль жанчыны збяруць яму вузялок, адвялі і здалі яго на пункт збора арыштаваных у 4-й школе на вуліцы Кірава», – узгадваў ва ўспамінах інспектар аўтатранспарту НКУС БССР Іосіф Бятанаў.

Курапаты анатомія нацыянальнай трагедыі 7Школа №4 на вуліцы Кірава ў Мінску

Будынак навучальнай установы быў узведзены ў 1936 годзе. Падчас вайны ён значна пацярпеў, аднак у пасляваенныя гады быў адноўлены, і сёння там, як і ў 1930-я, размяшчаецца школа. Вось толькі яе навучэнцы наўрадці ведаюць пра сумную старонку гісторыі сваёй альма матэр.

Магіла ката

На адных мінскіх могілках побач з пахаваннямі савецкіх жаўнераў і партызан спачывае прах таго, хто растрэльваў беларусаў, палякаў, яўрэяў, рускіх у Курапатах. Гутарка ідзе пра палкоўніка дзяржбяспекі Сцяпана Рыгоравіча Кобу. У канцы 1930-х ён служыў начальнікам камендатуры унутранай турмы НКУС у Мінску. Вось як дзейнасць гэтага чалавека характарызаваў адзін з яго калег: «Выконваючы аперацыю па прывядзенні пастанаўленняў аб растрэле над вялікай колькасцю рэпрэсаваных, С. Коба патрэбным чынам правядзенне гэтай аперацыі не арганізаваў. Працэс насіў пакутлівы характар, таму што шматлікія з рэпрэсаваных заставаліся параненымі і па ўказанні С. Кобы іх дабівалі ломам. Калі восенню 1937 года яму далажылі, што адзін з супрацоўнікаў спрабаваў узарваць асуджанага з дапамогай электрадэтанатара, С. Коба заявіў: «Яшчэ не тое рабілі. Галоўнае – хутчэй растрэльваць ды берагчы патроны».

Гэты чалавек зрабіў выдатную кар’еру ў органах дзяржбяспекі. Лаўрэнцій Цанава цаніў падначаленага. Ён нават загадаў, каб кабінет Кобы быў насупраць апартаментаў наркама. Адзін з ахоўнікаў «амерыканкі» узгадваў: «Удзельнічалі ў растрэлах многія супрацоўнікі камендатуры – Нікіцін, Коба, Ермакоў, Якаўлеў. Вярнуўшыся позна ноччу у НКУС, яны потым у сталовай распівалі спіртныя напоі, якія ім выдаваліся па загадзе. За што, не ведаю. Магчыма, і за шкоднасць працы».

У сакавіку 1941 года Сцяпан Коба стаў камендантам Адміністрацыйна-гаспадарча-фінансавага аддзела НКДБ БССР. У лістападзе 1941-га яго адкамандзіравалі ў Асаблівы аддзел НКУС Рэзервовага фронту. Са снежня 1941-га Сцяпан Коба – камендант Адмысловага аддзела НКУС Заходняга фронту, з траўня 1943-го па сакавік 1945-го – камендант АГУ НКДБ БССР, з кастрычніка 1946-га – намеснік начальніка адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела МДБ БССР. Са жніўня 1952 г. любімчык Цанавы – камендант МДБ БССР.

Памёр 45-гадовы Коба ва ўласным кабінеце, на два месяцы перажыўшы Сталіна.

Курапаты анатомія нацыянальнай трагедыі 8

 

Былы чэкіст Іван Стэльмах так апісваў свае уражанні ад знаёмства з начальнікам камендатуры: «Пасля вайны, калі я ўжо працаваў намеснікам міністра МДБ, мне давялося займацца разборам лістоў сваякоў тых людзей, каго ў 1930-х гадоў прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення свабоды без права перапіскі. Я вырашыў звярнуцца па дапамогу да Кобы і запытаў яго, які лёс гэтых людзей. Ён хітра ўсміхнуўся, а пазней сказаў, што гэтыя прысуды азначалі растрэл. Тады ж, памятаю, Коба паведаміў мне па сакрэту, што акцыі гэтыя праводзіліся ў лясным урочышчы пад Мінскам. […] Не саромеючыся, Коба расказаў, што растрэлы ён праводзіў сам разам з іншымі супрацоўнікамі камендатуры, сярод якіх былі Нікіцін і Ермакоў. Стралялі ў галаву з наганаў, бо, па словах Кобы, гэта самае надзейная зброя. За ноч растрэльвалі, як правіла, не менш за 10 чалавек. Пасля «аперацый» іх удзельнікам абавязкова выдавалі спірт. […] Коба распавёў мне тады, што аднойчы мясцовыя жыхары, якія збіралі ў лесе грыбы, знайшлі свежую магілу і раскапалі яе. Прыйшлося, казаў Коба, выехаць у тую вёску, яна была побач з месцам пакарання, знайсці гэтых людзей і строга іх папярэдзіць, каб маўчалі, інакш ім прыйдзецца дрэнна».

Тых, хто, нажаль, і праз больш чым 20 год, якія прайшлі з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці, так і не змаглі цалкам усвядоміць усе этапы беларускай гісторыі. Сёння неабходна зрабіць усё, каб сучасныя беларусы зразумелі, што тады, у 1930-1940 гг. сталінскія злачынцы нанеслі жудасны ўдар па нацыянальнай свядомасці нашага народа. Наступствы начных растрэлаў у Зялёным Лузе мы, на жаль, адчуваем па сённяшні дзень.

Аўтар: Ігар Мельнікаў, http://kyky.org/