Напэўна, усім вядома, што ёсць у Заслаўя свая самабытная першагісторыя, якая адразу пракручваецца ў памяці пры адной толькі згадцы назвы гэтага горада, тая, якую школьнікі чуюць ад настаўніка ўжо ў 4 класе і якую, некалі пачуўшы, бадай што, ужо нельга забыць. Гэтая заслаўская першагісторыя — як пароль пры ўваходзе ў горад, як якісьці ментальны код, набраўшы які, можна з Заслаўем пасябраваць, лепш зразумець яго і ўрэшце назаўжды палюбіць. Калі ты яе не ведаеш, табе наогул няма чаго рабіць у Заслаўі. А таму цяпер мне нічога не застаецца, апрача таго, як коратка пераказаць, нагадаць гэтую гісторыю нашым чытачам — а раптам усё ж нехта яе забыў ці, прынамсі, не памятае дзеючых асоб?
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 1
Дык вось, як апавядае пра гэта Лаўрэнцьеўскі летапіс, у канцы Х стагоддзя на Полацкай зямлі княжыў Рагвалод, у Ноўгарадзе — Уладзімір, а ў Кіеве — брат Уладзіміра па бацьку Яраполк. Уладзімір і Яраполк паміж сабой варагавалі і, каб заручыцца падтрымкай полацкага князя Рагвалода, абодва паслалі сваіх сватоў у Полацк прасіць яго выдаць сваю чатырнаццацігадовую дачку Рагнеду за іх замуж. Калі ж бацька пацікавіўся ў дачкі яе выбарам, тая дзёрзка адказала: “Не хачу разуць сына рабыні! Хачу за Яраполка!” Сынам рабыні Рагнеда назвала Уладзіміра таму, што яго маці была ключніцай у княгіні Вольгі, а разуваць будучага мужа, паводле тагачасных звычаяў, нявеста павінна была падчас вяселля, каб засведчыць сваю пакорлівасць. Натуральна, Уладзімір вельмі разгневаўся, калі сваты, вярнуўшыся, сказалі яму пра адмову Рагнеды. Сабраў войска і пайшоў у паход на Полацк. Войска Рагвалода было пераможана, але Уладзімір гэтым не спатоліў помсту. На вачах паланёнага Рагвалода і яго жонкі ён згвалціў Рагнеду, а потым забіў усіх яе родных — бацьку, маці, братоў. Рагнеду ж Уладзімір зрабіў сваёй жонкай і назваў яе Гарыславай. Потым Уладзімір рушыў у паход на Кіеў, дзе перамог і Яраполка, а Гарыслава стала вялікай княгіняй кіеўскай. Ад Уладзіміра яна нарадзіла чатырох сыноў і дзвюх дачок, старэйшага сына звалі Ізяславам. І вось там у Кіеве здарылася тое, што ўжо мае непасрэднае дачыненне да сённяшняга горада Заслаўе.
Ёсць некалькі версій таго, як усё было. Адна — ёмкая і легендарна-гераічная. Калі Уладзімір спаў, да яго падкралася Рагнеда з мэтай забіць і адпомсціць за родных. Яна ўжо занесла нож над мужам, але той раптам прачнуўся, схапіў яе за руку, вырваў нож і ўжо сам хацеў забіць жонку. І тут на шум прыбег Ізяслаў, засланіў сабой маці і сказаў: “Лепш мяне забі!”
Другая версія — больш разгорнутая, але менш гераічная. Калі, прачнуўшыся, Уладзімір схапіў Рагнеду за руку з нажом, тая пачала галасіць: “Ужо мне горка стала! Бацьку майго ты забіў, зямлю яго паланіў! А цяпер і мяне не любіш, і дзяцей маіх не любіш!” (На той час язычнік Уладзімір, акрамя Рагнеды, сапраўды меў мноства жонак — калі яму было глядзець за Рагнедай-Гарыславай і яе дзецьмі?) Пачуўшы гэтыя словы, Уладзімір вырашыў не забіваць жонку адразу, а загадаў ёй апрануцца ў адзенне, у якім яна была падчас вяселля, і чакаць, пакуль ён прыйдзе і пакарае яе смерцю з усімі неабходнымі рытуаламі. Тая выканала яго волю, апранулася і стала чакаць, але паспела шапнуць свайму сыну Ізяславу, каб той узяў аголены меч і, як прыйдзе Уладзімір, выйшаў перад ім ды сказаў: “Бацька, ты тут не адзін. Сын будзе сведкам”. Так яно і адбылося. Убачыўшы Ізяслава і пачуўшы ад яго гэтыя словы, Уладзімір спачатку разгубіўся, потым доўга раіўся з баярамі, што яму рабіць, і ўрэшце саслаў Рагнеду разам з Ізяславам у вярхоўе Свіслачы, у невялікую крэпасць, якую ў гонар сына назваў Ізяслаўлем.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 2
Тым часам у 988 годзе Уладзімір прыняў хрысціянства, пакінуў сабе толькі адну жонку (грэчаскую царэўну Анну), а Рагнедзе прапанаваў выбраць сабе мужа сярод сваіх баяр. Князёўна і на гэты раз адказала яму адмовай: “Пабыўшы царыцаю, не хачу рабою быць ні зямному цару, ні князю”. Яна прыняла пострыг пад імем Настасся, па некаторых звестках, нават заснавала ў Заслаўі манастыр, у якім і памерла ў 1000 годзе. Ізяслаў перажыў яе на год і, ужо будучы князем полацкім, памёр у 1001 годзе.
Ні магіла Рагнеды, ні рэшткі заслаўскага манастыра так і не былі знойдзены. Паводле падання, яе пахавалі на беразе ракі, якую потым у яе гонар назвалі Чарніцай, гэта значыць манашкай. Безумоўна, і невялікая рачулка Княгінька, якая цячэ побач, таксама атрымала сваю назву ў гонар дачкі Рагвалода.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 3
Затое дакладна вядома месца, дзе стаяла крэпасць, у якую Уладзімір саслаў Рагнеду разам з сынам Ізяславам і дзе, хутчэй за ўсё, і была яна пахавана. Сёння гэтае святое для кожнага заслаўчаніна месца называецца гарадзішчам “Замэчак” (яшчэ яго называюць магілай Рагнеды) і з’яўляецца адным з самых значных археалагічных помнікаў Заслаўя. Крэпасць была пабудавана ў апошняй чвэрці X стагоддзя на вяршыні ўзгорка, які на 24 метры ўзвышаецца над балоцістай поймай ракі Чарніца. Вакол быў узведзены кальцавы вал вышынёй да 5 метраў, на якім высілася зрубавая абарончая сцяна з брустверам і дахам, а ўнізе надзейнай перашкодай для нападаў ворагаў служылі бязводны роў і частакол. “Замэчак” уражвае правільнасцю сваёй геаметрычнай формы, што, зрэшты, цалкам адпавядала тагачаснай тактыцы абароны. Дарэчы, на думку некаторых навукоўцаў, саму Рагнеду, калі яна жыла ў крэпасці, ахоўвалі ваяры венгерскага паходжання.
А побач з гарадзішчам яшчэ да сярэдзіны ХІХ стагоддзя знаходзіўся курган, у сувязі з якім беларускі этнограф і даследчык даўніны Павел Міхайлавіч Шпілеўскі ў той час запісаў адно дзіўнае паданне. Нібыта калісьці даўным-даўно тут у прыгожым замку жылі дзве сястры-князёўны. Старэйшая была прыгажуняй, а малодшую прыгажосцю бог абдзяліў. Праўда, адзін князь, які неяк праязджаў праз Заслаўе і ўбачыў сясцёр, закахаўся менавіта ў малодшую нягегліцу, надумаў з ёй ажаніцца. Старэйшая страшэнна засмуцілася, бо сама пакахала князя. І, каб перашкодзіць шлюбу, пайшла давядзьмаркі па злыя чары. Тая дала ёй зелле, усё расказала, як і што з тым зеллем трэба зрабіць. Але калі яна лесам вярталася з зеллем дадому, чагосьці моцна спужалася і кінулася са страху ў раку. Малодшая ж сястра, не падазраючы ні аб чым, з усёй пашанай і любоўю распарадзілася, каб яе пахавалі каля замка ды яшчэ насыпалі там курган.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 4
Але вернемся да Рагнеды. У сваёй кнізе “Ажываюць сівыя стагоддзі” гісторык ужо нашага часу Георгій Штыхаў займальна распавядае пра тое, як у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ён разам са сваімі студэнтамі займаўся археалагічнымі раскопкамі на “Замэчку”. Вось невялікі ўрывак.
“Будзеце шукаць магілу Рагнеды? — запыталася бабулька, калі мы з групай студэнтаў Мінскага педагагічнага інстытута з’явіліся на гарадзішчы з рыдлёўкамі. — Недзе ж яе пахавалі, — працягвала дапытлівая старая, адчуўшы па нашым выглядзе, што на такую знаходку тут мы не спадзяёмся.
— Скажыце, калі ласка, хто выкапаў гэтыя ямы? — запытаўся я, паказваючы на пяць вялікіх прамавугольных ям, што пашкодзілі палову пляцоўкі і не мелі нічога агульнага са звычайнымі археалагічнымі раскопкамі.
— Тут стаялі фашысты ў час мінулае вайны, — адказала бабуля.
— Нягоднікі. Сапсавалі гістарычны помнік, — абураліся студэнты, аглядаючы глыбокія ямы ў жоўтым грунце, якія ішлі па краі пляцоўкі ля вала. Прыкмет культурнага пласта нідзе не было відаць”.
А потым гісторык піша пра тое, як яны заклалі невялікі раскоп недалёка ад цэнтра пляцоўкі гарадзішча і неўзабаве знайшлі прасніцу для верацяна, шмат керамікі, лязо жалезнага ножыка, нават шкляную пацерку. Але… “У яме не было ніякіх прыкмет пахавання. Відавочна, яна мела нейкае гаспадарчае прызначэнне.
— Дык што ж было на “Замэчку” ў старажытныя часы? — дапытваліся ў мяне студэнты.
— Думаю, што тут знаходзілася ў ХІ—ХІІ стагоддзях сядзіба нейкага феадала. Паблізу ёсць рэшткі неўмацаваных паселішч, дзе, напэўна, жылі сяляне.
— А дзе ж быў горад? — не адступаліся студэнты.
— Горад… Яго трэба знайсці, — заключыў я”.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 5
Трэба сказаць, што тады, у 60-х, далейшыя пошукі старажытнага горада прывялі Георгія Штыхава і яго студэнтаў на гарадзішча “Вал”, а гэта, бадай, другі па знакавасці археалагічны помнік Заслаўя. Яго гісторыя пачалася на мяжы ХІ і ХІІ стагоддзяў, калі крэпасць, у якой жыла Рагнеда, паступова страчвала сваё стратэгічнае значэнне ў якасці фарпоста (за 20 кіламетраў адсюль пачаў будавацца значна больш моцны дзядзінец старажытнага Менска), а аддаленасць “Замэчка” ад гандлёва-рамесніцкага цэнтра стварала ўсё большыя і большыя нязручнасці ў кіраванні і ў гарантаванні бяспекі паспалітых жыхароў пасёлка. У адрозненне ад гарадзішча “Замэчак” з яго правільнай геаметрыяй, гарадзішча “Вал” мае форму няправільнага чатырохвугольніка і займае значна большую плошчу. Невыпадкова тут паўстаў ужо менавіта замак, а не замэчак. Спачатку, натуральна, драўляны, які часта гарэў і гэтак жа часта аднаўляўся. А ў канцы ХVІ стагоддзя тагачасны ўласнік Заслаўя Ян Глябовіч збудаваў тут магутны мураваны бастыён — таўшчыня фасаднай сцяны дасягала 2,4 метра! Тады ж, у канцы ХVІ стагоддзя, унутры заслаўскага замка Янам Глябовічам быў пабудаваны і так званы кальвінскі збор (пратэстанцкі храм) — адзінае мураванае збудаванне замка, якое захавалася да нашых дзён (вартыя жалю рэшткі вялікай брамы можна не лічыць). Дарэчы, пратэстанцкім ён быў зусім нядоўга. Ужо сын Яна Глябовіча Мікалай перадаў яго ў першай палове ХVІІ стагоддзя каталікам, а ў 1839 годзе касцёл трапіў у склад Мінскай царкоўнай епархіі і стаў Праваслаўнай царквой, што, зрэшты, зусім не перашкаджае нам любавацца яго лаканічнай готыка-рэнесанснай прыгажосцю і сёння. З 1990 года храм дзейнічае як Спаса-Праабражэнская царква.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 6
Гарадзішча “Вал” — гэта сапраўды адна з самых прыгожых мясцін Заслаўя. Куды ні глянь, тут адкрываюцца фантастычныя краявіды з “пагоркамі” (колішнімі валамі і насыпамі), вадой недзе далёка ўнізе і бяскрайнім небам у вышыні… Для аматараў фотапейзажу — проста рай.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 7
Угледзецца ж непасрэдна ў сівую гісторыю ў Заслаўі можна шмат дзе яшчэ. Гэта і курганныя могільнікі сярэдзіны Х — пачатку ХІІ стагоддзя (даследчыкі сцвярджаюць, што такіх земляных насыпаў паўсферычнай формы раней у Заслаўі было больш за тысячу, да нашых дзён засталося каля пяцідзесяці), і архітэктурная спадчына XVIII стагоддзя, звязаная найперш з імёнамі фундатара тагачаснага ўладальніка Заслаўскага графства Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага і выдатнага італьянскага дойліда Карла Спампані (Палацава-паркавы комплекс Пшаздзецкіх і мураваны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі), і, безумоўна, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, які ў сваю чаргу ўключае ў сябе такія структуры, як музейна-выставачны комплекс, этнаграфічны комплекс “Млын”, музей-ДОТ і дзіцячы музей міфалогіі і лесу.
Пры ўсім гэтым багацці старадаўняй архітэктурнай спадчыны і наогул слядоў мінулага, мабыць, нельга сказаць, што гістарычнае ў Заслаўі пераважае над сучасным ці наадварот. Тут усяму адведзена сваё месца, і, больш за тое, такое адчуванне, што гісторыя і сучаснасць тут з мірам ідуць адна да адной на сустрэчу, каб расказаць адна адной пра сябе. Лепшае сведчанне гэтага — з’яўленне ў гістарычным раёне Заслаўя такіх бонусаў сёлетняга Дня беларускага пісьменства, як Дзіцячы парк культуры і адпачынку са штучным вадаёмам і помнік князю Ізяславу работы беларускага скульптара Аляксандра Прохарава. Усё гэта — нават вельмі сучасныя аб’екты, але яны арганічна ўпісваюцца ў адшліфаваны стагоддзямі гарадскі ландшафт. Па мне, дык шкада будзе толькі аднаго — калі праз якія-небудзь N-цаць гадоў Заслаўе, за якім сёння афіцыйна замацаваны статус горада-спадарожніка Мінска і якому цяпер суджана будавацца неверагодна хуткімі тэмпамі, канчаткова сальецца са сталіцай і стане яе мікрараёнам Заслаўе. Вось гэтага вельмі не хацелася б ні для сябе, ні для тых, хто будзе жыць праз дзесяцігоддзі. Бо Заслаўе — гэта ўнікальны самакаштоўны горад, які быў такім на працягу ўсёй сваёй тысячагадовай гісторыі. Як сказаў паэт, горад, які радуецца Рагнедзе…
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 8
А вандраваць па Заслаўі, вывучаць яго можна па-рознаму. Як кажуць, і ўздоўж, і ўпоперак. Калі нават не маеш пад рукой карты, добрыя заслаўчане падкажуць табе, як прайсці да таго ці іншага цікавага аб’екта. Калі ў мінулыя выхадныя я знаходзіўся ў Заслаўі ў камандзіроўцы і, парабіўшы ўсе неабходныя справы, вырашыў у самоце паблукаць па горадзе, канцавым прыпынкам майго маршруту стала гарадзішча “Замэчак”, хаця з яго як з месца заснавання старажытнага паселішча, магчыма, варта менавіта пачынаць агляд Заслаўя.
Не без падказкі прахожых, якія паказалі дарогу, я прыйшоў туды, адолеўшы добрыя два, а то і ўсе тры кіламетры ад Цэнтральнай плошчы. Узняўся на цэнтральную пляцоўку, дзе стаіць памятны крыж. Пастаяў там, агледзеўся. Потым вярнуўся крыху назад і на схіле, у месцы, дзе добра праглядаюцца і ўзыход на пляцоўку, і сама пляцоўка, вырашыў крыху адпачыць. Сеў на мяккую познажнівеньскую заслаўскую траву.
Глядзеў здалёк на Рагнедзін крыж, час ад часу ўглядаўся ў неба… І Рагнеда сама да мяне прыйшла. Хоць хацелася падумаць пра нешта сваё, яе ўяўны вобраз неадчэпна паўставаў перад вачыма. І змянялі адна адну то вусцішныя, то жаласлівыя карцінкі. Радасных не было. Вось яна, можна сказаць, яшчэ падлетак, церпіць прылюдны здзек і прыніжэнне. Вось яна, маладая маці, прысцікаючы да грудзей сыночка, адзінага на ўсім свеце заступніка, едзе ў далёкі і страшны сваёй невядомасцю свет. Вось яна ўпершыню скідае дарагія ўборы князёўны і пераапранаецца ў чорнае манаскае адзенне. Вось яна, першая беларуская манахіня-чарніца, ціха канае і ледзь прыкметна ўсміхаецца ўпершыню толькі на смяротнай пасцелі… А дзе ж ты, радасць Рагнеды-Гарыславы-Настассі? Бог ты ці Ізяслаў?
І тут пачалі адбывацца нейкія амаль містычныя рэчы. Раптам з-за дрэў, якія атачаюць пляцоўку гарадзішча, выйшаў “Ізяслаў” — звычайны заслаўскі хлопчык гадоў дзесяці—дванаццаці з паветраным змеем у руках. Спыніўшыся недалёка ад крыжа, ён стаў запускаць свайго змея, а той… ці мо мне тады здавалася… пачаў рабіць у паветры піруэты, акрэсліваючы ў небе крыж. Я глядзеў на гэта, не мог паверыць сваім вачам і не мог адвесці вачэй. Хлопчык знік гэтак жа нечакана, як і паявіўся.
Крыж Рагнеды і неба Ізяслава 9
Але гэта было яшчэ не ўсё. Схамянуўшыся, я ўжо думаў ісці, як нешта неадольна-прыцягальнае прымусіла мяне глянуць рэзка ўверх па-над дрэвамі. Потым — туды, дзе памятны крыж. Зноў — уверх па-над дрэвамі. Потым зноў — туды, дзе крыж… Так паўтарылася яшчэ некалькі разоў, я ніяк не мог зразумець, у чым справа. І раптам мне гэта адкрылася: малюнак, які ўтваралі дрэвы на пад’ёме на гарадзішча “Замэчак”, амаль паўтараў той малюнак, які ўтваралі шаты зусім іншых дрэў, калі ўглядаўся праз іх у неба. Тая ж дзіўная брама, толькі праз адну ты рэальна ідзеш і прыходзіш да крыжа, а праз другую ты быццам узносішся на неба.
Мне хапіла ў той дзень “містыкі”. Зрабіўшы пару фота, рэзка ўзняўся і пайшоў на станцыю Беларусь.
Мікола ЧЭМЕР, http://ray.ng-press.by/
Фота аўтара.