11.03.2015 На пачатку ХХ стагоддзя ў Слонімскім павеце, у пяць разоў большым за сённяшні Слонімскі раён, налічваліся тысячы курганаў, якія сустракаліся як па адным, так і групамі ў некалькі дзясяткаў амаль пры кожнай вёсцы. Раскіданыя па ўсім абшары нашага краю, яны называліся капцамі, валатоўкамі, татарскімі, турэцкімі, шведскімі ці французскімі гарамі або могілкамі.

Kraj kurganou

Каб не наклікаць гнеў Божы

Курганы, на думку нашых продкаў, былі святымі месцамі і кепскія адносіны да іх маглі пацягнуць за сабою гнеў Божы. Яшчэ ў мінулым стагоддзі захоўваўся звычай на Радаўніцу: перш чым ісці на могілкі да сваіх родных, заходзіць на курганы і пакідаць там ежу. Аднак страх перад забабонамі паступова адступаў, асабліва калі тутэйшыя людзі назіралі, як старажытныя насыпы руйнуюцца пры будаўніцтве дзяржавай дарог, узвядзенні панамі гаспадарчых пабудоў. Ды і селянін заўсёды меў патрэбу ў ворнай зямлі, гліне і жвіры. У выніку курганы бесцырымонна знішчаліся і бясследна знікалі. А ў апошнія гады да плуга аратага дадалася дзейнасць так званых “чорных археолагаў”, якія знішчылі не адну сотню курганаў з мэтаю асабістай нажывы, назаўсёды пазбавіўшы беларускі народ цэлых старонак айчыннай гісторыі.

Курган — гэта зямельны насып над пахаваннем або засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыка ў курганах з’явіўся каля 5 тысяч гадоў таму, і ён вядомы на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Беларусі пераважная колькасць курганоў створана ў канцы І — пачатку ІІ тысячагоддзя. Галоўная іх прыкмета — правільная форма: акруглая, чатырохвугольная ці падоўжаная.

Першыя курганы змяшчалі рэшткі трупаспалення (крэмацыі), якое нашы продкі практыкавалі да прыняцця хрысціянства ў Х ст. Першапачаткова нябожчыка спальвалі па-за межамі курганаў, пазней — на месцы будучага кургана. Рэшткі збіралі ў гаршчок, побач з якім змяшчалі пахавальны інвентар (арнаментаваны посуд, крамянёвыя і бронзавыя прылады працы, упрыгожванні) і насыпалі над імі невялікі ўзгорак. У ХІ-ХІІІ стст. пашыраецца абрад трупапалажэння, калі ў курганах сталі хаваць цела нябожчыка. У ХIV ст. на змену курганным пахаванням прыходзяць грунтавыя.

Сустракаюцца таксама насыпы без пахаванняў, або так званыя кенатафы (з грэцкай мовы “пустая магіла”). Яны насыпаліся на ўшанаванне памяці памерлых. Іх маглі рабіць у тым выпадку, калі нябожчыка немагчыма было пахаваць на радзіме ў сувязі, напрыклад, са смерцю на чужыне. Звычай гэты абапіраўся на веру ў тое, што душы памерлых, якія не ма-юць магіл, не знаходзяць заспакаення.

Татарскія могілкі

Побач з вёскай Моўчадзь, на полі, размяшчаўся курган, які мясцовыя жыхары называлі татарскімі могілкамі. Але для Слонімшчыны больш характэрнымі было ўжыванне характарыстыкі “татарскія” не столькі ў адносінах да курганоў, колькі да шматлікіх узвышшаў, параскіданых па нашым краі. Так, на паўночным захадзе ад Азярніцы маецца Татарская гара. Татарскія, або паганскія, могілкі знаходзіліся каля вёскі Юхнавічы. Гэта было невысокае, абнесенае ровам узвышша, на якім размяшчаліся аселыя ў зямлю, а таксама ляжачыя і стаячыя камяні. Усе яны звязваліся з пераселенымі ў Беларусь у часы Вялікага князя Вітаўта ў канцы ХІV ст. татарамі.

Турэцкія могілкі

За 12 км ад Слоніма, паблізу паштовай дарогі, знаходзіўся курган, які, па легендзе, быў насыпаны туркамі і таму сярод людзей атрымаў назву “Турэц”. “Турэцкае” гарадзішча, абведзенае валам, маецца побач з мястэчкам Дзярэчын, у лесе недалёка ад былога маёнтка Мяхоўск. А пры самім маёнтку, паблізу былой хаты ляснічага, існаваў калодзеж, які людзі празвалі “турэцкай студняй”.

Дадзеныя месцы захоўва-юць у сваіх назвах памяць пра часы рабаўнічых нападаў на землі Слонімшчыны войск Крымскага ханства, якое ў сярэдзіне XV ст. ўзнікла на тэрыторыі слабеючай Залатой Арды і з’яўлялася васалам турэцкай дзяржавы — Асманскай Порты. Крымскае ханства актыўна супрацоўнічала з Маскоўскай дзяржавай, якая вяла шматлікія войны з дзяржавай нашых продкаў — Вялікім княствам Літоўскім.

За 1474-1569 гг. татары здзейснілі 75 набегаў на ВКЛ, 15 з якіх спазнала і беларуская зямля. Татарская конніца дасягала Беларусі за 8-10 дзён і за дзень магла праходзіць па 180-220 км. Яны прыносілі разбурэнні і спусташэнні. У 1502, 1503 і 1506 гг. татарскія загоны, наступленне якіх было скаардынавана з ваеннымі дзеяннямі Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ, дасягнулі Слонімшчыны.

Толькі пасля перамогі пад Клецкам 5 жніўня 1506 года татарскія напады зменшыліся. Аднак на ўспамін пра іх засталіся ўзвышшы з назваю “турэцкія”, хоць правільней было б называць іх “татарскімі”.

Гэта прыклад працэсаў развіцця і выбіральнасці народнай памяці. Паколькі “татары” спрадвеку жылі на нашай зямлі, то яны ўспрымаліся тутэйшымі ўжо як “свае”. У разуменні мясцовых жыхароў на нашы землі прыходзілі “туркі”, нядобрая слава пра якіх у XVI ст. ішла па ўсёй Еўропе. Тым больш Крымскае ханства ўспрымалася не інакш як частка турэцкай дзяржавы.

Шведскія горы

Самай распаўсюджанай у адносінах пахавальных насыпаў Слонімшчыны з’яўляецца назва “шведскія горы” або “шведскія курганы”. У народнай памяці іх з’яўленне звязвалася з падзеямі Вялікай Паўночнай вайны ХVIII ст. паміж Швецыяй і Расіяй, Карлам ХІІ і Пятром І. Арэнай гэтай барацьбы стала Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла і Беларусь.

Шведскія курганы расцягнуліся трыма лініямі па былым Слонімскім павеце: 1) ад мястэчка Дварэц, праз Горкі і Ісаевічы да Слоніма, 2) Едначы, Паўлавічы, Васілевічы, 3) праз Дзярэчын, Старую Весь, Азярніцу і Мыслава. Таксама яны знаходзяцца каля вёсак Галынка, Высокае, Салавічы і Лушнева. Іх размяшчэнне супадае з рухам шведскіх войск і іх аддзелаў вясною 1706 года.

У выніку Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў амаль кожны трэці беларус загінуў. Асабліва жудаснымі падаюцца гэтыя вынікі, калі дадаць да іх страты вайны сярэдзіны XVІI ст. з Маскоўскай дзяржавай, падчас якой насельніцтва Беларусі скарацілася напалову. Ізноў тэрыторыя нашага краю стала заезджым дваром замежных войскаў. Як шведская, так і расійская арміі цалкам забяспечваліся за кошт рабавання беларускіх сялян. Складанасць заключалася ў тым, што ваявала паміж сабою таксама мясцовая шляхта. Так, шведаў падтрымлівалі Сапегі, якія валодалі Дзярэчынам, Азярніцай і Ружанамі, а рускіх — Агінскія і Караль Радзівіл, які атрымаў у 1704 годзе Слонімскую эканомію. Суседзі вынішчалі ўладанні адзін аднаго пры дапамозе замежных войскаў. Быў спустошаны і Слонім.

Пасля паспяховых дзеянняў арміі караля Карла ХІІ пад Гроднам, яго войскі на пачатку сакавіка 1706 года размясціліся ў Жалудку, адкуль шведскія аддзелы здзяйснялі напады на слонімскія вёскі. А ў першай палове красавіка шведская армія прайшлася па Слонімшчыне, праз Дзярэчын і Азярніцу, і 14 красавіка ўвайшла ў Ружаны.

Дзеянні шведскіх войскаў, кантрыбуцыі і здзейсненыя імі разбурэнні паўплывалі на фарміраванне вобраза “шведа”. Гэта дапаўнялася прапагандай каталіцкай царквы супраць пратэстантаў, якімі ў большасці сваёй і з’яўляліся шведскія жаўнеры.

Гісторык Андрэй Катлярчук адзначае, што нашы продкі лічылі шведаў чараўнікамі. У кнізе “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” ён прыводзіць наступны факт, які можа растлумачыць такія адносіны: з пачаткам кожнай вайны беларусы хавалі жыта ў хлебных ямах, але шведы заўсёды іх знаходзілі. Яны добра ведалі законы тэрмадынамікі: жыта выдзяляе цяпло, і таму раніцай шведскія жаўнеры шукалі мясціны, дзе не было расы. Аднак сяляне бачылі ў гэтым дапамогу цёмных сіл.

Вобраз “шведа” шырока ўвайшоў у фальклор. Напрыклад, у вёсцы Скварцы на Койданаўшчыне захавалася паданне пра тое, што ў адным з мясцовых курганоў пахаваны шведскі жаўнер, які выразаў усю вёску. Калі яго забілі і пахавалі, забыліся пакласці рукавіцу ў магілу. І з таго часу швед-мярцвяк блукае ўначы па вёсцы і шукае сваю рукавіцу.

Легенды пра чарадзейства шведаў былі распаўсюджаныя і на Слонімшчыне. Так, каля вёскі Явар сённяшняга Дзятлаўскага раёна мелася мясцовасць пад назваю Камяніца. Там ляжаў камень з выбітым на ім крыжам і надпісам. Каля каменя ў даўнія часы працякаў ручай, які пачынаўся за тры вярсты ад Явара і ўпадаў у рэчку Яварку. У час адной з навальніц ручай настолькі разліўся, што ў ім патануў фурман князя Ра-дзівіла, які вяртаўся дахаты. Над яго магілай і быў пастаўлены згаданы камень. Вычэрпванне ручая мясцовыя жыхары прыпісвалі чарадзейству нейкай шведкі. Калісьці, падчас шведскай вайны, гаворыць легенда, за войскам ехала жонка шведскага военачальніка. Пры пераправе праз гэты ручай у яе патануў сабачка. Шведка за гэта скляла ручай, прычым яго выток заткнула руном (авечай шэрсцю) і накрыла патэльняй. З тых часоў ручай зусім высах.

Побач з вёскамі Явар, Лядзіна, Валоўнікі, Гернікі і Гнаінскія, а таксама пры дарозе з вёскі Нахорнікі ў вёску Мараўнік, ва ўрочышчы Бор каля вёскі Раготна існавалі некалькі дзясяткаў шведскіх курганоў. У канцы 1950-х гадоў шэраг з іх быў даследаваны Славяна-літоўскім атрадам Прыбалтыйскай археалагічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Ф.Д. Гурэвіч, якія займаліся вывучэннем Панёмання і выяўленнем помнікаў у рэгіёне.

Васіль Герасімчык, краязнаўца, http://www.gs.by/ru