Зусім побач з беларускай сталіцай знаходзіцца нямала месцаў з цікавым гістарычным мінулым і выдатнымі магчымасцямі для адпачынку. Адно з такіх – катэджны пасёлак Ратамка, які лічыцца адносна маладым, бо быў заснаваны каля стагоддзя таму. Аднак суседнічае з ім аднайменная вёска, якая існавала ўжо ў пачатку XVI стагоддзя і спярша належала шляхцічам Радомскім, пазней – Ваньковічам і Небароўскім.

00 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Сённяшняя Ратамка – гэта найперш чыгуначная станцыя, якую рэгулярна праязжаюць мінчукі, што выпраўляюцца на свае лецішчы ў Маладзечанскім кірунку. Як лічаць краязнаўцы, назва вёскі, і адпаведна пасёлка, паходзіць ад рэчкі Ратамкі – прытока Свіслачы.

01 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Ратамка пазбаўлена характэрнай для мегаполіса мітусні і разам з тым мае досыць добрую сацыяльную інфраструктуру – тут працуюць шматлікія крамы, аддзяленні сувязі і банка, гатэль, шэраг аграсядзібаў, шпіталь і аптэка, музычная школа, дом культуры з тэатральным гуртком.

02 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Але найбольшую вядомасць пасёлак здабыў дзякуючы той акалічнасці, што яшчэ паўстагоддзі таму тут пачалося актыўнае развіццё коннага спорту. Зараз у Ратамцы дзейнічае рэспубліканскі цэнтр коннага спорту і конегадоўлі, а таксама маецца адмысловы музей, некалькі манежаў, іпадром, пляцоўкі для трэніровак, вальеры і шмат чаго яшчэ. Дарэчы, гэты комплекс з’яўляецца адным з найбуйнейшых ва Ўсходняй Еўропе сярод устаноў такога кшталту, і штогадова тут ладзіцца больш за дзясятак разнастайных спаборніцтваў, у тым ліку этапы Кубка свету па конным спорце.

03 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Ёсць у Ратамцы і свой храм – праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква з цэглы, унутры багата аздобленая драўлянай разьбой.

04 - Kaliadny vajazh u Ratamku

А ў далёкім 1916 годзе ў сціплай вёсцы Ратамка гасцяваў адзін з самых знакамітых барацьбітаў з “опіўмам для народа” ды ідэолагаў “чырвонага тэрору”, правадыр сусветнага пралетарыяту – Уладзімір Ульянаў-Ленін. Менавіта адсюль ён пісаў свайму сябру і паплечніку Дзяржынскаму: “Дарагі Фелікс, яшчэ крыху, і мы давядзем нашае мастацтва захопу тэлеграфаў да абсалютнай дасканаласці. Наогул, шкада, што ты не паехаў з намі – тут вельмі прыгожыя мясціны і на дзіва танная самагонка ў цыганоў. А пра тое, якія ў Ратамцы дзеўкі жывуць, я нават і казаць не стану…”.

05 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Сімвалічна, што за 10 кіламетраў ад Ратамкі знаходзіцца вядомы турыстычны аб’ект пад гучнай назвай “лінія Сталіна”. Відаць, рэха сацыялістычнага мінулага не толькі па-ранейшаму лунае ў прасторы мясцовых лясоў і пагоркаў, але і наўпрост уздзейнічае на свядомасць некаторых тубыльцаў.

06 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Мала хто ведае, што ў Ратамцы жыў і першы ў гісторыі незалежнай Беларусі тэрарыст – Аляксандр Зюлькоў, які 11 чэрвеня 1996 года ўвайшоў у мінскі дзіцячы садок № 511 з выбуховай прыладай і заявіў, што бярэ закладнікаў: 17 дзетак, выхавацельку і лагапеда. Тэрарыст патрабаваў сваю медыцынскую картку, адваката і журналістаў з расійскай тэлепраграмы “Взгляд” – надзвычай папулярнай на той момант. Наогул, гісторыя Зюлькова – малавядомая трагедыя чалавека з лёсам, скалечаным таталітарнай Сістэмай. Ягоная сястра Ларыса сустракалася з адным чалавекам, а потым адмовіла яму ў працягу стасункаў. Брат таго мужчыны быў участковым міліцыянтам, які з мэтай помсты прыйшоў неяк днём па Аляксандра і, скарыстаўшыся сваім службовым становішчам, прымусова адвёз яго… у “Навінкі”, дзе Зюлькова трымалі амаль месяц, нарэшце вызваліўшы з дыягназам “хранічны алкагалізм і поўная дэградацыя асобы”. Наступныя 10 гадоў Аляксандр займаўся выключна тым, што спрабаваў даказаць незаконнасць свайго ўтрымання ў вар’ятні, і ў выніку, даведзены да адчаю, вырашыў пайсці на злачынства.

07 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Зараз у Ратамцы жыццё ідзе пераважна вельмі мірна і павольна. Нішто, на першы позірк, тут не нагадвае пра праблемы сусветнага тэрарызму, валютны крызіс і глабальнае пацяпленне, асабліва калі ў калядны час трапляеш у сапраўдную зімовую казку з тыповымі беларускімі вясковымі краявідамі…

08 - Kaliadny vajazh u Ratamku

Ірына Шумская, фота аўтаркі