Kreva_1Мясцовыя тапанімічныя назвы – гэта не проста моўныя эквіваленты розных геаграфічных аб’ектаў. Гэта яшчэ і сапраўдная скарбніца ведаў па мовазнаўству, краязнаўству ды шэрагу іншых навук. Вывучаць тапаніміку зусім не сумна, бо за кожнай назвай хаваецца свая гісторыя, свая таямніца.

 Ніколі не думаў, што маю цікавасць да мясцовай тапанімікі абудзяць іншаземцы. І зусім не літоўцы, не палякі і не рускія, з якімі нас, беларусаў, доўгія часы яднала гісторыя, а немцы. Вядома ж, пытанне ўласных назваў мясцовых геаграфічных аб’ектаў і ўчасткаў тэрыторыі цікавіла мяне і раней. Але каб так заінтрыгаваць і натхніць на далейшыя пошукі!

Пачалося з таго, што аднаго разу ў мае рукі трапіла схема размяшчэння нямецкіх баявых пазіцый у Крэве і ваколіцах часоў І сусветнай вайны. Знаходзілася яна ў выдадзенай немцамі гісторыі аднаго з палкоў, які вайной стаяў тут. На схеме, апрача штучна створаных немцамі назваў занятых імі тэрыторый ці ўзведзеных аб’ектаў, падаваліся мясцовыя найменні лясоў, пагоркаў, урочышчаў. У шэрагу выпадкаў яны былі перакладзены на нямецкую мову. Пры ўважлівым вывучэнні і зваротным перакладзе я знайшоў некалькі аб’ектаў, якія да гэтага часу захавалі свае назвы. Знайшліся і такія, што страцілі свае найменні або называюцца цяпер зусім па-іншаму. Пра многія з апошніх я чуў ад старажылаў альбо чытаў у запісках краязнаўцы Пятра Грынкевіча. Адна з такіх назваў зацікавіла мяне найбольш. Яна калі не вырашала адно з заблытаных пытанняў крэўскай гісторыі, то крыху асвятляла яго новай праўдападобнай версіяй.

Да гэтага часу ў гісторыі крэўскага касцёла існуе шэраг белых плямаў. Пакуль нявырашаным застаецца і пытанне пра яго першапачатковае месцазнаходжанне. Вядома, што паўстаў ён у 1387 годзе. Старажытныя архіўныя дакументы і кнігі падаюць даты з жыцця касцёла, звесткі пра колькасць парафіянаў у розныя часы, пра касцельную маёмасць. Аднак ніводзін з дакументаў не ўдакладняе месцазнаходжанне святыні. Прынята лічыць, што ад самага пачатку знаходзілася яна на адным і тым жа месцы – у цэнтры мястэчка, непадалёк ад замка. Толькі ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

На развагі наводзіць адметная назва аднаго пагорка, які знаходзіцца воддаль, крыху паўночней ад гарадзішча. У наш час гэтая назва ўжо знікла з ужытку, але яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, як сведчыць краязнаўца Пётр Грынкевіч, той пагорак называлі Касцельнай гарой альбо папросту – Касцёлам. Словы Грынкевіча пацвярджае якраз тая схема з нямецкай кнігі. На ёй, непадалёку ад “SchwedenSchanze” (Шведскае ўмацаванне, гарадзішча), значыцца і “Kirche” (Касцёл). Пра іншую назву гарадзішча пытанняў не было. Вядома, што па ўсёй Беларусі іх часта называюць то шведскімі горкамі, то шведскімі магіламі. Магчыма, падобную яго назву выкарыстоўвалі некалі і жыхары Крэва. Мяне ж больш цікавіў тапонім “Касцёл”. Наклаўшы пры дапамозе камп’ютара нямецкую схему на сучасную тапаграфічную карту, я лёгка вызначыў, дзе знаходзіцца той пагорак на мясцовасці. Расшыфраваўшы арыенціры, з якімі звязвае пагорак у сваіх запісах Грынкевіч, высветлілася, што гэта адзін і той жа аб’ект. Але адкуль пайшла яго назва? Да сапраўднага ж касцёла — каля двух з паловай кіламетраў.

Зусім верагодна, што першапачаткова тутэйшы каталіцкі храм паўстаў менавіта каля гарадзішча, колішняга сэрца паганскага Крэва. Мы ведаем, што акаталічванне прыхільнікаў старой рэлігіі было адной з умоў Крэўскай уніі. Відаць, у нашым краі такіх людзей было нямала, і Крэва ў шэрагу першых атрымала ад новаабранага польскага караля Уладыслава ІІ Ягайлы свой касцёл. Яго маглі ўзвесці на месцы, на якім дагэтуль знаходзілася паганскае капішча. І, як пра тое піша ў канцы ХІХ стагоддзя складальнік “Археалагічнай карты Віленскай губерні” Фёдар Пакроўскі, якраз тут, за некалькі соцень сажняў на поўнач ад гарадзішча, былі выяўлены старажытныя пахаванні. Вядомыя выпадкі, калі тагачасныя ўладары, прымаючы і распаўсюджваючы хрысціянства, узводзілі новыя храмы на месцах пакланення старым багам і продкам. Відаць, падобнае адбылося і ў Крэве. З часам, калі гарадзішча страціла сваю значнасць, цэнтрам паселішча зрабілася тэрыторыя ля каменнага замка. Туды ж магла быць перанесена і каталіцкая святыня. А памяць пра той першы касцёл доўгі час захоўвалася ў назве пагорка, на якім ён мог размяшчацца.

Непасрэднае абследаванне месца, якім дылетанцкім з майго боку яно не было б, яшчэ больш замацавала веру ў правільнасць выказанай ідэі. Нагрувашчванне ля пагорка валуноў, якім пакланяліся нашы продкі, прадаўгаватыя насыпы, што маглі быць старажытнымі магіламі, цудоўны від адтуль на гарадзішча і на ўсё наваколле, — усё гэта было на карысць меркавання пра святасць месца. Але пацвердзіць або абвергнуць маю гіпотэзу могуць толькі карпатлівае абследаванне мясцовасці вучонымі і археалагічныя раскопкі. Праўда, пры гэтым непазбежна прыйдзецца сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі: у час І сусветнай культурны пласт мясцовасці быў вельмі пашкоджаны пры рыцці акопаў і ад выбухаў, а ў савецкія часы вольная зямля, дзе магчыма, заворвалася пад палеткі.

Нямала белых плямаў і ў гісторыі мясцовай праваслаўнай (а ў пэўны час – уніяцкай) царквы. Але і тут для высвятлення некаторых заблытаных пытанняў на дапамогу нам прыходзіць навука тапаніміка.

Як вядома, у канцы XIX стагоддзя ў Крэве былі чатыры праваслаўныя царквы. З іх толькі адна – Свята-Аляксандра-Неўская – захавалася да нашых дзён. Тры астатнія па тых ці іншых прычынах да нас не дайшлі. У назве пагорка Мікола (альбо Міколка) адбілася памяць пра адну з загінулых цэркваў – Свята-Мікалаеўскую. Былі яшчэ Свята-Троіцкая і Свята-Успенская. У тыя часы мясцовы святар Дамецій Плаўскі, аўтар гісторыка-этнаграфічнага нарысу “Мястэчка Крэва”, спасылаючыся на стогадовай даўніны “візіты” – апісанні цэркваў з іх маёмасцю – зрабіў высновы, што акрамя тагачасных чатырох святыняў у больш далёкія часы тут існавалі яшчэ чатыры. Несумненнасць іх існавання пацвярджалі і народныя паданні, і рэшткі саміх храмаў са старажытнымі надмагільнымі крыжамі побач. Праўда, святар прыводзіць прыклад толькі аднаго такога месца — пляцоўкі пад назвай Царкавішча, якая знаходзілася пасярод лесу за дзве вярсты на захад ад мястэчка. Пра тры астатнія даведваемся зусім з іншай крыніцы.

У пачатку 1889 года ў некаторых расійскіх выданнях, у прыватнасці – yпольскамоўнай “GazecieWarszawskiej”, з’явіўся артыкул, прысвечаны перадгісторыі нядаўна асвечанай крэўскай Свята-Троіцкай царквы, пераробленай з каталіцкага касцёла. Апроч усяго іншага, у публікацыі размова ішла і пра тры крэўскія пагоркі – Васкрасенне, Прачыстай (магчыма – Прачысценскі) і Юр’еву гару. Самі іх назвы, а таксама народны погалас і наяўнасць ва ўзгаданых месцах прыкметаў старажытных могілкаў схілілі аўтара публікацыі да высновы, што там калісьці стаялі аднайменныя цэрквы. Пра месцазнаходжанне Юр’евай ці Юравай гары ведаюць усе. Што там стаялі крыжы – пра тое даведваемся не толькі з вышэй згаданага артыкула, але і з успамінаў крэўскіх старажылаў. Дзе былі Васкрасенскія могілкі і аднайменны пагорак – гэта мы высветлілі пры дапамозе плана мястэчка Крэва 1869 года, які захоўваецца ў школьным музеі. Яны размяшчаліся на Багданаўскай вуліцы на супрацілеглым ад замка баку, дзе доўгі час стаяў калгасны элеватар. А вось месцазнаходжанне пагорка Прачыстай пакуль да канца не высветлена. У згаданай публікацыі пазначана, што размешчаны ён на процілеглым ад Васкрасення баку. Згадзіцеся, для крэўскага ландшафту наводка даволі расплывістая: куды ні кінь вокам – перад табой заўсёды будзе не адзін, а некалькі пагоркаў. Але найверагодней, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе невялікае ўзвышша за колішняй Татарскай вуліцай, дзе яна найбліжэй падыходзіць да Багданаўскай. Там нават і ў нашы дні можна распазнаць сляды закінутых старажытных могілкаў. Многія лічуць іх татарскімі. Самі ж крэўскія татары заўсёды пярэчылі: ніякага мізара ў Крэве не было, ва ўсе часы яны хавалі сваіх супляменнікаў альбо ў Ластаях, альбо ў Даўбучках. Тым больш на надмагіллях, што найлепш захаваліся, яскрава прасочваюцца хрысціянскія сімвалы. Дык чаму б не дапусціць, што менавіта тут і стаяла калісьці Прачысценская царква?

Цяпер пагаворам пра іншыя мясцовыя назвы.

З пераносам цэнтра Крэва ў новае месца – да замка, жыццё ля гарадзішча не спынілася, як тое адбылося, напрыклад, з Гальшанамі. Праўда, два ўтвораныя такім чынам абшары развіваліся далей зусім па-рознаму: у новым цэнтры пачало фармавацца мястэчка, а ля гарадзішча працягваў існаваць вясковы лад. Гэтая розніца адбілася нават у назвах, якія замацаваліся ў народзе за новай часткай Крэва і за старой: Места (горад) і Закрэўе. Апошняя пазней пачала называцца Выганам, а ранейшае яе найменне замацавалася за выселкамі, што ўтварыліся побач у лесе. “Местачковыя” і “выганскія” – так дзялілі самі сябе мясцовыя жыхары ажно да 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Апошнім часам назва “Места” трансфармавалася пакрысе ў “Цэнтр”, а па-ранейшаму яго называюць толькі людзі ў гадах.

Яшчэ адна вялікая частка Крэва мае і захоўвае сваю адметную народную назву. Гэта – Радзівонаўка. Кажуць, так называлася вёска, якая даўным-даўно знаходзілася тут, а з часам згубіла сваю самастойнасць і злілася з Крэвам. Афіцыйна – гэта вуліца Савецкая. Але за сваю гісторыю яна паспела пабываць і Прускай, і Касцюшкі, і Панарскай. Толькі нягледзячы на такую разнастайнасць афіцыйных назваў, мясцовыя жыхары ва ўсе часы ўпарта называлі вуліцу Радзівонаўкай. Радзівонаўскім названы ў адной з крыніц ХІХ ст. і ручай, які ля замка ўліваецца ў Крыўлянку. Праўда, некаторыя аўтары таго ж часу называюць яго Шляхцянкай. Другая назва, у адрозненне ад першай, падаецца менш верагоднай і штучнай. Магчыма, яе прыдумалі выпадковыя госці Крэва. А вось Дамецій Плаўскі, які ў тыя ж гады выдаў свой нарыс “Мястэчка Крэва”, наогул сведчыў, што ручай ля замка быў тады безназоўным. Дарэчы, такім ён застаўся і да нашых дзён: ніхто яго тут Шляхцянкай не называе, для ўсіх гэта проста “ручай”.

Найбольш правільна, “па-народнаму”, называе Плаўскі і нашу рэчку. Афіцыйна – гэта Краўлянка (па-руску – Кревлянка). У Плаўскага, як і ў народзе да нашага часу – Крыўлянка (Кривлянка). У старых кнігах можна натрапіць і на такія варыянты: Крэўка, Крэвянка, Крэўля.

Назіраецца вялікая разнастайнасць і ў напісанні назвы самога нашага мястэчка. У розных кнігах, рукапісах, на старых картах я натрапіў на дзясяткі два спосабаў адлюстравання яго імя кірыліцай і лацініцай. Дзесьці — асаблівасці арфаграфіі той ці іншай мовы, дзесьці – памылкі аўтараў ці перапісчыкаў, а часам і нейкія асэнсаваныя падтасоўкі, — усё гэта вылілася ў гэткую разнастайнасць. Тут можна пісаць асобнае даследаванне. Я ж лічу, што найбольш правільны варыянт той, які зафіксаваны ў сучаснай беларускай мове, дзе “як чуецца, так і пішацца”. Менавіта такі варыянт – з літарай “а” на канцы – сустракаецца і ў першых летапісных крыніцах, дзе ўзгадваецца Крэва.

Калі казаць пра паходжанне назвы нашага мястэчка, то тут таксама няма адзінай думкі. Адны вам скажуць, што яна пайшла ад наймення славянскага племені крывічоў. Іншыя будуць стаяць на тым, што ў аснове назвы – імя вярхоўнага літоўскага паганскага святара Крэва-Крэвейты.Магчыма таксама, што назва паселішча ўтварылася ад старажытнага слова балцкага паходжання “krievi”, што абазначае “дрыгва, балота”. Не будзем адкідваць гэтую версію, бо мясцовасць паабапал рэчкі Крыўлянкі сапраўды была моцна забалочанай. Існуе мноства іншых, больш экзатычных версій. І хто ведае, можа менавіта сярод іх хаваецца ісціна.

Калі з тлумачэннем назвы мястэчка да гэтага часу застаюцца пытанні, то крыху прасцей справы з імёнамі крэўскіх вуліц. Хаця, і тут прыйшлося крыху пакарпець, каб ва ўсім разабрацца.

Цяпер іх у Крэве толькі шэсць, на вачах з’яўляецца сёмая. Але пагартайце старыя дакументы школьнага краязнаўчага музея і паспрабуйце скласці спіс усіх назваў крэўскіх вуліц, якія трапяць вам пад руку. У выніку гэтай працы ў вас узнікне пытанне: “А ці не вымірае Крэва?” Бо ў спісе будзе каля дваццаці найменняў.

Але не спяшайцеся рабіць высновы. Вазьміце лепш старыя карты мястэчка. Параўнайце старажытную планіроўку з сучаснай. Акажацца — амаль адно і тое ж. Дык куды ж дзеўся той тузін вуліц, якіх вы не знайшлі на плане сучаснага Крэва? А іх і не было. Былі толькі розныя імёны і псеўданімы тых шасці, якія існуюць і ў наш час. Але спачатку — пра імёны.

Закончылася I сусветная вайна. Лінія фронту, якая пралягала праз Крэва каля трох гадоў, амаль поўнасцю сцёрла наша мястэчка з твару зямлі. Засталіся толькі моцна разбураныя сцены замка ды Свята-Аляксандра-Неўская царква з разбітай званіцай. Усе драўляныя пабудовы былі спалены. На іх месцы буйна разрасліся крапіва ды палын.

Нягледзячы на такое спусташэнне, мястэчка пачало адраджацца. I што цікава, адноўленыя вуліцы з’яўляліся менавіта там, дзе яны былі да вайны. Нават назвы іх засталіся такімі, якія яны атрымалі шмат вякоў назад. Чаму так? Можа, невядомая сіла цягнула былых бежанцаў на звыклае старое месца? Магчыма. Але гэта імкненне тлумачыцца яшчэ і тым, што размяшчэнне вуліц, якое склалася тут у даўнія часы, было найбольш выгодным. Нават з назваў іх можна здагадацца, чаму тая ці іншая вуліца з’явілася менавіта тут. Глядзіце самі.

Па-першае, мястэчка развівалася вакол пабудаванага тут у часы Гедыміна замка. Таму і стаў ён сэрцам паселішча на ўсе часы. Тут, на Рынкавым пляцы, збіраліся кірмашы, вырашаліся ўсе местачковыя праблемы. Вядома ж, вуліца, якая тут праходзіла, называлася Замкавай. Па-другое, многія вуліцы раскінуліся паабапал рэчкі Крыўлянкі. Такое размяшчэнне было зручным для вядзення гаспадаркі і заняткаў ганчарным промыслам. Адна з вуліц атрымала назву Зарэчнай. Па-трэцяе, некаторыя вуліцы размясціліся ў накірунку да іншых населеных пунктаў і нават краін. Так з’явіліся назвы Смаргонская, Барунская, Багданаўская і Пруская.

Здаралася, вуліцы атрымоўвалі свае назвы ад тых, хто на іх жыў, альбо ад таго, якімі адметнымі рысамі яны вылучаліся. Так узніклі імёны крэўскіх вуліц Татарская і Пескавая.

Усе пералічаныя назвы знаходзім у апісанні Крэва, зробленым яшчэ ў 1789 годзе. I пражылі крэўскія вуліцы пад сваімі імёнамі ажно да 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Праўда, у час І сусветнай вайны немцы па-свойму спрабавалі адкарэкціраваць карту нашай мясцовасці. Як ужо гаварылася, яны захавалі многія мясцовыя назвы, часам пераклаўшы іх на нямецкую мову. Разам з гэтым, усе свае пазіцыі, дарогі, іншыя стратэгічныя, а часам і прыродныя аб’екты яны надзялілі новымі імёнамі. Такім чынам, поруч з названымі ў гонар сваіх камандзіраў лагерам Рэхенбаха, пагоркам Хофмана, умацаваннем Гіндэнбурга і да таго падобных, прыпісаліся і такія “мірныя” тапонімы, як умацаванні Летняе і Вясёлае, дарогі Святочная і Кухонная.

Пасля Рыжскага міру нашы землі апынуліся ў складзе Польшчы. Нягледзячы на тое, што большасць мясцовага насельніцтва была беларусамі, праводзілася палітыка паланізацыі. Пацярпелі ад яе нават крэўскія вуліцы. Многія з іх атрымалі новыя імёны. Дакладней кажучы — псеўданімы. Бо ніякага сэнсу, акрамя ідэалагічнага, гэтыя перамены не мелі. Тады больш пашанцавала вуліцам Замкавай і Зарэчнай. Яны захавалі свае назвы. Дарэчы, толькі адной Зарэчнай удалося ва ўсе часы захоўваць імя, атрыманае пры нараджэнні. Вуліцы Барунская стала называцца Ашмянскай, Прускай было дадзена імя Касцюшкі. А вось Смаргонская была перайменавана ў гонар тагачаснага лідара Польшчы Пілсудскага, вуліца Багданаўская набыла імя Панятоўскага, а маленькая Пескавая стала называцца гучным імем Напалеона, чалавека, які крыху больш ста гадоў назад быў у гэтых краях у якасці заваёўніка.

Прыйшоў 1939 год. На змену адной ідэалогіі прыйшла іншая. I, вядома ж, “панска-польскія” назвы вуліц не маглі існаваць. Здавалася б, ёсць шанец вярнуць ім першапачатковыя імёны. Часткова так было і зроблена: на карце Крэва ізноў з’явіліся Смаргонская і Багданаўская. Невялікі адрэзак апошняй, праўда, нейкі час значыўся ў дакументах як вуліца Школьная. Барунская, як тое было і “за Польшчай”, працягвала называцца Ашмянскай. А вось колішняя Татарская цяпер атрымала імя Дзяржынскага, а Пруская (ці Касцюшкі), пабыўшы непрацяглы час Панарскай, стала Савецкай. Пескавая ж, якая ў міжваенны перыяд насіла імя Напалеона, а некаторы час пасля вайны называлася Маладзечанскай, пазней зусім згубіла сваю назву, стала лічыцца часткай вуліцы Зарэчнай. Такі ж лёс напаткаў і Замкавую, якая таксама перастала існаваць як самастойная і ўвайшла ў склад вуліцы Дзяржынскага.

3 такімі назвамі жывуць крэўскія вуліцы і па сёння. На вачах з’яўляецца яшчэ адна, яе так і назвалі Новай. Але можа стацца, што пройдзе час, пастарэе вуліца і яе жыхары, і імя Новая заменяць на які-небудзь псеўданім. Бо не хочуць у нас помніць, з чаго ўсё пачыналася! А вось у Парыжы, напрыклад, самы старажытны мост ужо на працягу многіх стагоддзяў так і называецца Новым.

Не толькі вуліцы могуць пахваліцца разнастайнасцю сваіх найменняў. Здараецца, што і іншыя аб’екты на карце Крэва і ваколіц мяняюць з часам свае назвы альбо валодаюць некалькімі. Праўда, змены пры гэтым адбываюцца найчасцей не па нечаму распараджэнню, а самастойна, міжволі. Мы ўжо казалі, як Места зрабілася Цэнтрам, ведаем, што гарадзішча яшчэ называлася Шведскім умацаваннем. А такіх прыкладаў мноства. Не будзем, праўда, браць пад увагу новаствораных “пад даўніну” імёнаў, якімі надзяляюць на інтэрнетных форумах тую ж Юраву гару захопленыя яе хараством выпадковыя госці. У іх гэта ўжо гара Ярылава ці Паганская. А вось яшчэ адна з найвышэйшых кропак мясцовасці раней сапраўды называлася інакш, чым у наш час. Цяпер гэта – гара Маяк. Назва пайшла ад размешчанай на ёй назіральнай супрацьпажарнай вышкі, падобнай да маяка. У самым канцы 2013 года тут былі ўзведзены ветракі для выпрацоўкі электрычнай энергіі, у сувязі з чым пагорак з цягам часу можа атрымаць нейкую іншую назву. І ўжо мала хто ведае, што першапачаткова гэты геаграфічны аб’ект называўся Крыжамі. Пра тое сведчаць старажылы. Назва зафіксавана таксама і ў згаданай вышэй нямецкай кнізе. Там пагорак значыцца як “Kreuzberg” (даслоўна — Крыжовая гара). Толькі цяжка ўжо сказаць: былі тыя крыжы, ад якіх пайшла назва, надмагільнымі, прыдарожнымі ці проста сімвалічнымі, як на Трохкрыжовай, былой Крывой, гары ў Вільні? Дарэчы, Крывая гара прысутнічае і на карце Крэва. На ёй таксама ўзведзены крыж, у дадзеным выпадку — надмагільны. Пад ім пахаваны байцы расійскай арміі, якія загінулі ў час І сусветнай вайны.

Крыху далей ад Маяка (ці Крыжоў), у ланцугу пагоркаў, што з паўднёвага ўсходу суправаджаюць Зарэчную вуліцу, вылучаецца Ксяндзова гара. Назва гэта таксама цяпер рэдка ўжываецца. Адкуль яна пайшла – пакуль дакладна невядома, як невядома і паходжанне назваў іншых роднасных тапонімаў – Ксяндзова балотца і Ксяндзоў Кут.

У літаратуры і ў фальклоры часам можна натрапіць на мясцовыя назвы аб’ектаў, месцазнаходжанне якіх у наш час устанавіць вельмі складана. Пра якую рэчку Закоту вёў размову Рамуальд Зянкевіч, калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя апісваў крэўскія помнікі даўніны? Назвы такой у наш час нібыта не існуе. Ды і рэчкі, якая размяшчалася б у вярсце ад гарадзішча, здаецца, таксама няма. Можа гэта адзін са шматлікіх ручаёў, што ўпадаюць у Крыўлянку?

У нарысе Дамеція Плаўскага “Мястэчка Крэва” і запісках Пятра Грынкевіча таксама сустракаюцца назвы аб’ектаў, месцазнаходжанне якіх пакуль застаецца загадкай. Магчыма, што яны цяпер называюцца інакш альбо зусім страцілі свае імёны. А колькі таямніц нашай даўніны можна было б разгадаць, каб мы дакладна ведалі, дзе знаходзяцца тыя Царкавішча, Вулічышча, Прагонка, пагорак Магіла Вяля! Пра апошні аб’ект, які таксама называлі Веліканавай гарой, Пётр Грынкевіч піша, што ён знаходзіцца каля гарадзішча. Але сёння ніхто дакладна не пакажа тое месца, можна толькі выказваць меркаванні. Вялікая верагоднасць таго, што Магіла Вяля і пазначаны на нямецкай схеме баявых пазіцый тапонім Sarghöhe – адзін і той жа аб’ект. І сапраўды, размешчаны ён крыху паўночней ад гарадзішча, а прыблізны пераклад з нямецкай мовы – “пагорак з труной, магільны пагорак”.

Яшчэ адзін тапонім на той жа схеме прыцягнуў нашу ўвагу. Гэта – Rombold-Wäldchen (гай Рамбольда, Рамбольдаў гай). Месцазнаходжанне аб’екта – таксама побач з гарадзішчам. Нягледзячы на тое, што на схеме ён размешчаны на баку расійскіх пазіцый, я спачатку палічыў, што назва – адзін з нямецкіх новаствораў у гонар некага з іх военачальнікаў. Аднак гісторык Яўген Уласавец прапанаваў версію, што геаграфічны аб’ект мог быць названы нашмат раней у гонар літоўскага князя Румбольда (у некаторых крыніцах яго называюць Рамбольдам, Румбольтам). Сапраўды, быў такі дзяржаўны дзеяч у Вялікім Княстве Літоўскім на мяжы XIV і XV стагоддзяў. У Вікіпедыі са спасылкай на іншую крыніцу падаецца нават, што гэты князь валодаў паловай Блужы ў Крэўскім павеце. Праўда, Блужа, па-мойму, знаходзіцца зусім у іншым месцы, да Крэўскага павета яе прыпісалі, хутчэй за ўсё, з-за недакладнага перакладу першакрыніцы з лацінскай мовы. Тым не менш, імя вядомай на тыя часы асобы сапраўды магло адбіцца на адным з крэўскіх тапонімаў.

У гонар каго названы Данькава і Лякуцева (Якуцава) горы, Пэтушавы кусты, чаму такую назву маюць Сітняе балотца, Карыціна, Талякоўшчына, Туманоўшчына, Нябогава, Лукі (Лукавыя), Малаткі, Бабін лог – пра гэта можна толькі здагадвацца. Многія ўчасткі тэрыторыі захавалі найменні былых фальваркаў, засценкаў, хутароў і нават вёсак, якія тут калісьці размяшчаліся. З гэтага шэрагу – тапонімы Гіршчына, Наргелава, Людвінова, Ярмоліна, Бучына. Іх назвы, як і назвы іншых зямельных надзелаў, часта ўтвараліся ад імя, прозвішча, мянушкі альбо занятку таго, хто імі валодаў. Яшчэ ў дзяцінстве мы ведалі, дзе чыя была зямля да стварэння калгаса. Анціны і Сакалоўскія кусты, Трацякоў сасоннік, Ясевы лагі, Паляноўскага, Пуда, Стапуліхі, Федкавічаў сад – усё казала само за сябе. Нават пазначаны на той жа нямецкай схеме Feigheits-Wäldchen (вольны пераклад – лес Жахаў, Страшны гай) мог быць усяго толькі Страхавым гаем, дзе слова “Страх” – зусім не эмацыйны стан, а даволі распаўсюджанае ў Крэве прозвішча. Дзякоўшчына – яшчэ адзін тапонім, утвораны ад прыналежнасці зямельнага надзелу: так дагэтуль называюць месца, дзе калісьці была зямля дзяка мясцовай царквы.

Наш жа асабісты сямейны надзел знаходзіўся за Зялёнай гарой. Назву сваю яна атрымала, што таксама нярэдка здараецца, па знешніх прыкметах ці па падабенству. Такім жа чынам утварыліся і тапонімы Бярозы, Дубнягі, Катлоўка (ад слова “катлавіна”), Вялікі камень. Даволі шырокая роўная пляцоўка за Катлоўкай называецца Лядадромам. Хутчэй за ўсё, гэта — трансфармацыя ў прастамоўі чужога і цяжкага для вымаўлення слова “аэрадром”. Пляцоўка сапраўды да яго падобна, і нават магчыма, што ў час І сусветнай вайны яна выкарыстоўвалася для пасадкі нямецкіх самалётаў.

Назва Аселіца пайшла ад месцазнаходжання – за сялом. Яшчэ адзін прыклад утварэння тапоніма ад размяшчэння аб’екта — Татарскія горы. Так называецца мясцовасць паміж колішняй Татарскай вуліцай і вёскай Клышкі. Магчыма, тапонім утварыўся і ад назвы вуліцы, і ад таго, што на гэтым участку знаходзіліся татарскія надзелы. Сапраўды, некаторыя назвы участкаў мясцовасці ўтвараюцца ад таго, што на іх размяшчаецца. Здараецца, што ад аб’ектаў, якія далі назву той ці іншай мясціне, гэтая назва толькі і засталася, самі яны расталі ў часе. З гэтага шэрагу – тапонімы Сад, Вулачка, Могальнік, ужо ўзгаданыя намі Касцельная гара ля гарадзішча, пагоркі Мікола, Васкрасенне і Прачыстай. Магазыншчынай звалі пагорак на Багданаўскай, ля якога вуліца рэзка паварочвае ў бок Чухнаў. Назва пайшла ад таго, што там за царскім часам былі пабудаваны зернавыя склады гэтак званага запаснога хлебнага магазіна. Адзін з такіх складоў у пачатку ХХ стагоддзя быў аддадзены на патрэбы адроджанай каталіцкай парафіі. Спачатку там размяшчалася капліца, пазней на гэтым месцы пабудавалі касцёл, які, аднак, праіснаваў усяго пару гадоў, бо ў час Першай сусветнай ён быў знішчаны. Тады ж трапілі пад знішчэнне і многія іншыя аб’екты, памяць пра якія засталася толькі ў тапанімічных назвах. А вось многія лясныя дарогі, пракладзеныя вайскоўцамі ў час Першай сусветнай вайны, існуюць да нашага часу. Яны так і называюцца Ваеннымі лініямі. А ў час вайны яны, пра што сведчыць той самы нямецкі план баявых пазіцый, часта насілі імёны каго-небудзь з камандзіраў падраздзяленняў, якія размяшчаліся тут: Dorn-Schneise (лінія Дорна – камандзіра 374-га палка), Тitz-Schneise і г. д.

У Крэве ёсць некалькі штучных вадаёмаў, выкапаных людзьмі для развядзення рыбы альбо для купання. Каб адрозніваць іх адзін ад другога, яны таксама атрымалі назвы. Крэўскім возерам назвалі даволі вялікае вадасховішча, створанае на паўднёвым ускрайку вёскі ў пачатку 70-ых гадоў ХХ стагоддзя. У балоцістай мясціне недалёка ад касцёла знаходзіцца ставок Рыбнік. Цікава, што ў беларускай мове зафіксавана адно значэнне гэтага слова – спецыяліст па рыбалоўству, работнік рыбных промыслаў. Ёсць яшчэ, праўда, аднайменная рыбная страва і такое ж прозвішча. У нас жа, аналагічна ўтварэнням кшталту “пчальнік”, “цялятнік”, гэты тэрмін абазначае яшчэ і месца для развядзення рыбы.

Назвы іншых вадаёмаў утварыліся, у асноўным, ад імёнаў, прозвішчаў ці мянушак тых, каму яны належалі. Напрыклад, ёсць у нас сажалкі Маркава, Мамэртава, Сяргейчыкава, Будаёва і іншыя. Трыгрыбцава сажалка з нядаўняга часу называецца Рускім возерам. Хтосьці жартам ахрысціў гэтак невялічкі ставок па мянушцы колішняга гаспадара – Вані Рускага, і мясцовая дзетвара ўжо ўспрымае тую назву ўсур’ёз і як спрадвечную.

Цікава назіраць, як некаторыя тапанімічныя назвы трапляюць у фразеалагізмы. Радзей гэта адбываецца з мікратапонімамі, а вось назвы населеных пунктаў знаходзяць там сваё месца даволі часта. Імя нашага мястэчка, ужытае ў разнастайных устойлівых выразах, можна пачуць не толькі ў Крэве і ў суседніх вёсках. “Каб ты цягаў камяні на Крэва!” – гэткі праклён існаваў здаўна нават і ў некаторых кутках Заходняй Украіны. У нас жа да гэтага часу бытуе нямала іншых застылых выразаў, у якіх знайшлі сваё адлюстраванне мясцовыя назвы. І часам цяжка ўжо дакапацца, як яны ўтварыліся. “Крэўская вада” – так могуць назваць у Залессі і бліжэйшых да яго вёсках нечаканага памочніка, які пасадзейнічае хутчэйшаму завяршэнню той ці іншай працы. Такую ж назву мае там таксама і жоўтая вада, якая бывае ў рэчцы некаторы час пасля паводкі. Чаму такое разыходжанне ў значэннях выразу (магчыма, што першапачаткова нейкая сувязь усё ж была) і па якой прычыне там прысутнічае тапонім “Крэва” – пра гэта можна толькі гадаць. “Выбраў дарогу праз Крэва” – гэткія словы скажуць у Заскавічах таму, хто абраў у сваіх дзеяннях не самы просты шлях альбо рашэнне. Там жа ў адносінах да няспрытнага і марудлівага чалавека ўжываюць выраз “кілун крэўскі”. “Крэўскі ганчар”, “крэўскі жыд” – так маглі сказаць у бок любога жыхара нашага мястэчка, незалежна ад яго роду заняткаў, нацыянальнасці і веравызнання. Гэта, так бы мовіць, своеасаблівы сінонім словаў “крэўчанін”, “крэўскі”. Праўда, словазлучэнне “жыд крэўскі” можа мець і больш канкрэтныя семантычныя адценні – так у нас ахарактэрызуюць чалавека хітрага, скрытнага альбо прыжымістага, што, дарэчы, на думку нашых суседзяў, нібыта ўласціва ўсім крэўскім. У сваю чаргу крэўскія ўжываюць у сваёй гаворцы выразы, у якіх прысутнічаюць назвы іншых населеных пунктаў. Пра гальшанцаў і валожынцаў у нас таксама маглі сказаць “жыд гальшанскі” або “жыд валожынскі”. А вось “шляхціцам багушоўскім” назавуць у нас фанабэрыстага, але разам з тым някчэмнага чалавека. “Варона гярвяцкая” – кінуць у бок няўважлівага ці нязграбнага. Пра нешта рэдкае, няшчыльнае у нас кажуць “як карандоўскія хаты”. Выраз пайшоў ад назвы вёскі Каранды, дзе дамы сапраўды стаяць далёка адзін ад другога. “Як я шоў з Вайташоў” – гэткімі словамі суправаджаюць нешта зацягнутае, маруднае, бо калі ісці ў Крэва з той вёскі пехатой, то гэта насамрэч зойме добры кавалак часу. На пытанне: “Ты куды збіраешся (ідзеш)?”, у нас часам можна пачуць незадаволены адказ: “У Баргалішкі на фэст!” Этымалогія тут простая. Баргалішкі – драбнюсенькая вёска, былы фальварак, і ніякага там фэсту ніхто ніколі не праводзіць. І калі чалавек так адказвае, то дае суразмоўцу зразумець, што не яго гэта справа, куды ён ідзе, альбо жадае, каб той не чапіўся з дакучлівымі допытамі.

Час ідзе, адны мясцовыя назвы ўпарта трымаюцца за жыццё, другія мяняюцца пад уплывам абставін. Але і тыя, і іншыя захоўваюць у сабе адбітак імклівай рэчаіснасці. Зазіраючы раз-пораз у гэтыя сховы, мы глыбей пазнаём свет, у якім жывём.

 Аўтар: Аляксандр Камінскі, краязнаўца, http://kreuski.livejournal.com/