Як сцвярджаюць навукоўцы, першыя глінабітныя пабудовы ўзніклі ў свеце больш за пяць тысяч год таму. Сёння чырвона-карычневыя помнікі дойлідства ўзвышаюцца на землях Лацінскай Амерыкі і Паўночнай Афрыкі, Азіі і Блізкага Усходу. Характэрны яны для розных культур і рэлігій. Па некаторых ацэнках, будынкі, пры ўзвядзенні якіх часткова ці поўнасцю выкарыстоўвалася гліна, з’яўляюцца жытлом прыкладна трэцяй часткі насельніцтва нашай планеты.

У нашай суседкі Украіны распаўсюджаныя там глінабітныя і саманныя хаты з’яўляюцца не толькі ўтульным мясцовым жытлом, але і сапраўдным нацыянальным брэндам краіны. Прыцягваюць увагу такія непаўторныя спецыфічныя пабудовы і на былой Віленшчыне. І гэтая забытая і недаследаваная спадчына нашага краю налічвае амаль двухсотгадовую гісторыю.
Першай вядомай звесткай аб такім спосабе будаўніцтва з верасу і гліны на Віленшчыне стаў артыкул, які быў апублікаваны ў 1821 годзе ў “Дзённіку Віленскім”. Праўдападобна, што гэты артыкул толькі пацвердзіў факт існавання ў нашых мясцінах старадаўняй традыцыі такога роду будаўніцтва. Працягнуў дадзеныя напрацоўкі прафесар Віленскага Імператарскага ўніверсітэта, загадчык кафедры фізікі, першы прафесар кафедры сельскай гаспадаркі Каэтан Юстын Красоўскі (1784-1854). Вядомая ў віленскіх навуковых колах асоба, настаўнік фізікі паэта Адама Міцкевіча, ён быў аўтарам некалькіх друкаваных прац па аграноміі і садоўніцтву. Аднак найбольшую папулярнасць набыла яго кніга “Спосаб узвядзення гаспадарчых пабудоў з вераса і гліны”, якая выйшла ў Вільні ў 1834 годзе. Перавыдадзеная ў 1839 годзе, яна была пашырана на раздзел аб пакрыцці будынкаў незгаральным дахам.
Апошняе выданне К.Красоўскага для астраўчан асабліва цікавае тым, што ў ім распавядаецца яшчэ і пра тое, што аўтар працы жыў на Астравеччыне і там жа ўзводзіў свае пабудовы. Ён пісаў: “Мой фальварак у Віленскім павеце Каценавічы ляжыць у 2 вярстах ад Полацкага тракта, у 5 вярстах ад Міхалішак і 8 мілях ад Вільні, дзе кожны можа пабачыць пабудовы і пераканацца ў рэальнасці ўсяго, што ёсць тут мною напісана”. Глінабітныя пабудовы гістарычна і экалагічна 2
Пасля закрыцця ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта Каэтан Красоўскі пачаў развіваць гаспадарку ў фальварку Каценавічы, які перайшоў у спадчыну яго жонцы Юзэфе з Пазнякоў. У кароткі тэрмін па таннай тэхналогіі ён узвёў шэраг гаспадарчых пабудоў з верасу і гліны. Такім чынам у 1832 годзе быў пабудаваны бровар, у наступным 1833 годзе – водны млын і аўчарня, а ў 1835 годзе – фальварачная афіцына (памяшканне для прыслужнікаў).
На ўласным вопыце К.Красоўскі пераканаўся, што і ў нашым клімаце будаўніцтва з гліны мае будучыню, бо з’яўляецца самым танным і простым. Як прыклад такіх пераваг ён прыводзіць факт, калі васьмёра работнікаў з дзявятым майстрам пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у 1835 годзе на каменным фундаменце за адзінаццаць дзён вывелі сцены фальварачнай афіцыны.
У сваёй працы Красоўскі сцвярджае, што “не толькі бровары, стайні, вазоўні, аборы, стадолы і хлявы можна будаваць з верасу і гліны, але нават аўстэрыі (буйная карчма) на тракце, жыллё для людзей, фальваркі, афіцыны і г.д.”.
Па яго метаду сцены ўкладваліся слаямі, чаргуючы верас і гліну. Пры адсутнасці верасу Каэтан Красоўскі раіў выкарыстоўваць любы нізкі куст, галлё вярбы, крывой бярозы, італьянскай таполі, сасны ці ядлоўцу. На яго думку, матэрыялы з дрэва звязвалі гліну, не дазвалялі ёй празмерна сціскацца і трэскацца, рэгулявалі вільготнасць паветра ўнутры памяшкання. Гэтая рэкамендацыя замены верасу галлём або ядлоўцам стала ключом для далейшага развіцця новых цікавых канструкцый.
Творчым прадаўжальнікам і актыўным прапагандыстам падобнага спецыфічнага будаўніцтва, які істотна ўдасканаліў дадзены метад, стаў будаўнічы майстар Мікалай Невяровіч. Распрацаваная ім сістэма “дрэвагліннага” будаўніцтва была ў 1900 годзе заўважана Віленскім сельскагаспадарчым таварыствам і аўтара нават папрасілі зачытаць рэферат на чарговым пасяджэнні. Рэферат у хуткім часе быў надрукаваны на рускай мове. Гэтую працу перадрукоўвалі яшчэ тры разы ў выглядзе брашур або невялікіх кніжак.
Да нашых дзён захавалася даволі грунтоўная, у 116 старонак, яго кніга “Парады вясковага вогнетрывалага будаўніцтва з гліны і дрэва альбо бетону і дрэва”, якая пабачыла свет у 1930 годзе ў Вільні. Цікава, што кніжка выдадзена сумеснымі намаганнямі Дзяржаўнага сельскагаспадарчага банка і Віленскага таварыства гурткоў і сельскагаспадарчых арганізацый – гэта істотна падкрэслівае прэстыж выдання і сведчыць пра важнасць самога “метаду Невяровіча”. Багата ілюстраваная кніжка-даведнік была прызначана “ў першую чаргу тым, хто, карыстаючыся з размешчаных у ёй па рад, жадаў уласнаручна ўзнесці сваё жыллё і гаспадарчыя муры”. Спецыфіка яго метаду ўзнясення будынкаў заключалася ў тым, што дробнапамернае дрэва для ацяплення памяшканняў (паленні) выкладвалася радамі і спайвалася глінай. Мікалай Невяровіч лічыў сваю сістэму таннай, простай, даступнай для выканання нават жанчынам і падлеткам. Аўтар прадмовы да кнігі У.Рэйхман, перакладаючы на польскую мову тэкст ранейшых рускамоўных выданняў, стварыў неалагізм, ці новую назву – “дрэвагліннае будаўніцтва”.
У канцы сваёй працы М.Невяровіч пазначыў 35 будынкаў, якія былі выкананы паводле яго аўтарскай сістэмы да 1930 года. Большасць з іх знаходзілася ў межах тагачаснага Ашмянскага і Віленска-Трокскага паветаў. Сапраўдным анклавам тут выглядалі Солы і бліжэйшыя маёнткі, дзе паўстала больш за дзясятак будынкаў, узведзеных па дадзенай тэхналогіі. Між іншым, у сваёй кнізе аўтар пакінуў свой адрас: “Пошта Солы, павет Ашмянскі, паштовая скрыня №12”. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што Невяровіч паходзіў якраз з ваколіц Солаў.
Час і лёс не пашкадавалі большасць сольскіх “дрэваглінных” пабудоў, але да сённяшніх дзён захавалася некалькі будынкаў, зробленых па “метаду Невяровіча” ў Солах, Асіпанах, Ажугерах і Жупранах.
Нельга не ўзгадаць прыхільнае стаўленне і папулярызацыю гэтай сістэмы будаўніцтва нашым вядомым земляком Люцыянам Жалігоўскім. Не толькі словам, але справай генерал Жалігоўскі падтрымліваў “дрэвагліннае” будаўніцтва ў краі. Калі ў міжваенны час у Тургелях пачалі ўзводзіць па гэтай тэхналогіі клуб, ён штодня прысылаў са свайго маёнтка Анджэева 3-4 падводы для падвозу будаўнічых матэрыялаў. Святліца складалася з залы на 400 месцаў і сцэны, мела гардэроб і два пакоі для гаспадарчых спраў. Праца, якую выканалі шэсць муляраў пад наглядам інжынера, цягнулася ўсяго чатыры тыдні. Асноўная частка працы заключалася ў падвозе гліны і жвіру, якіх было ўжыта адпаведна 1500 і больш за 700 вазоў. За арматуру ў 70 сантыметровых сценах служылі лапы елкі і жвір. Сцены клуба ператрывалі вайну і з цягам часу, па сведчанні мясцовых жыхароў, толькі набывалі моц і трываласць. Глінабітныя пабудовы гістарычна і экалагічна 3
Глінабітнае будаўніцтва лічыцца самым экалагічным. Гліна выдатна рэгулюе вільготнасць у памяшканнях, таму ў іх заўсёды захоўваецца камфортны для чалавека мікраклімат. Сцены пабудоў “дыхаюць”, добра захоўваюць цяпло зімою, а ў спякоту даюць прыемны халадок. Гліна не дазваляе развівацца цвілі і бактэрыям, спыняе ўзнікненне мікрабіялагічных забруджванняў. Як паказала практыка, у глінабітных хатах людзі практычна не маюць праблем з алергіяй, не хварэюць прастуднымі захворваннямі. Як недахоп можна адзначыць нетрываласць сцен – пры зацяканні вады з-за дрэннага даху пабудова даволі хутка можа ператварыцца ў прыродны матэрыял.
Ёсць звесткі, што многія эмігранты з нашых мясцін у пачатку мінулага стагоддзя перанеслі “дрэвагліннае” будаўніцтва ў ЗША і Канаду. Як гэта заўсёды бывае: калі мы самі не скарыстаем уласныя напрацоўкі, то гэта зробяць іншыя. Так сталася і з гэтай мясцовай будаўнічай тэхналогіяй. У сучаснай нізкатэхналагічнай замежнай архітэктуры, з новымі падыходамі да ўмацавання сцен, адбыўся сапраўдны бум на жыллё з гліны і дрэва. З кожным годам у замежжы пашыраецца кола прыхільнікаў “дрэвагліннага” будаўніцтва, хуткімі тэмпамі растуць розныя інтэрнэт-супольнасці па дадзенаму пытанню. Сёлета ў Польшчы выйшла ў свет рэпрынтнае выданне кнігі Мікалая Невяровіча, што сведчыць пра актуальнасць “дрэвагліннага” будаўніцтва і ўвагу да яго з боку нашых суседзяў. Упэўнены, што прыйдзе час, калі мы таксама часткова вернемся да такога ўнікальнага будаўніцтва, прыгадаўшы, што традыцыя ўзвядзення пабудоў з гліны і дрэва мае ўласную багатую гісторыю і мясцовыя карані.

Як высветлілася, і на Астравеччыне захавалася некалькі такіх пабудоваў. Адна з іх знаходзіцца ў вёсцы Будрані.
Уладзіслаў Іванавіч Коўшык, амаль 80-гадовы гаспадар хлеўчука, зробленага з гліны і верасу, расказаў:
– Некалі гэта была панская канюшня. Даўжынёй каля 100 метраў. Пабудавалі яе настолькі даўно, што нават мой дзед не памятаў, калі. Дрэва даўно згніло б, а глінка, бач, трымаецца. Мне 100 метраў непатрэбныя былі, дык я трактарам разбурыў лішняе і зрабіў хлевушок пад свой памер.

——————————
Аўтар: Уладзімір ПРЫХАЧ, http://www.ostrovets.by/