Узнікненне першых аптэкаў і развіццё аптэчнай справы ў Беларусі, асабліва на Полаччыне, цяпер мала асветленае. Амаль адсутнічаюць звесткі аб развіцці аптэчнай справы ў Полацку ў XVI – XVIII стст.

Полоцк на старых открытках

 Лекары і аптэкары на Полаччыне

 У той час сярод лекавых сродкаў значнае месца займалі зёлкі. У выдадзеных беларускім гарадам граматах на самакіраванне сярод іншых прывілеяў даваўся і дазвол на гандаль «перецем, имберем, микдалом, гвоздикой, кветом мушкатовым, кгалканом, цытваром и иншыя зельямі дорожшие фунтом» – так было напісана ў грамаце Полацку 14 кастрычніка 1498 г.Чытаць далей…

Доўгі час лекары самі займаліся гатаваннем лекаў і іншых сродкаў з мясцовай сыравіны расліннага, жывёльнага, зрэдку мінеральнага паходжання. Вядома, што ў XV ст. з Беларусі ў Маскву прывозілі лекі, якія тады называліся «атрута».

Аптэкі ў Беларусі ўзгадваюцца ўжо ў сярэдзіне XVI ст. У XVI – XVIII стст. на Беларусі было каля 40 аптэкаў, у тым ліку ў Полацку. Да XVIII ст. праца аптэкара аддзялілася ад рамяства лекара, а лекі сталі выгадным таварам, трыманне ж аптэкаў – прыбытковай галіной гандлю. Да канца XVIII ст. у аптэках гатавалі не толькі лекі, але і парфумерыю, кандытарскія вырабы і алкагольныя напоі, гандлявалі і ўсходнімі пахкімі сродкамі (шафран, перац, імбір, карыца).

Аптэкі належалі не толькі прыватным асобам, але і каталіцкім кляштарам або езуіцкім калегіумам. Манахі мелі вялікі прыбытак ад аптэкаў, таму што іншаземныя лекі атрымлівалі значна хутчэй, чым ад сваіх братоў з манаскіх ордэнаў. На тэрыторыі Полацкага езуіцкага калегіума была ўзведзеная аднапавярховая аптэка з мансардай, сутарэннем і сушыльняй для зёлак. Лекавыя сродкі збіралі як у месцах сапраўднага росту, так і на спецыяльных аптэкарскіх агародах, часткі завозілі з-за мяжы. Была і фармацэўтычная лабараторыя, дзе гатавалі медыцынскія сродкі. Можна меркаваць, што лекары-езуіты для гатавання лекаў выкарыстоўвалі ваду з крыніцы, што знаходзілася на тэрыторыі мястэчка «Спас». Пасля таго як ваду адстойвалі, на донцы быў зямельны асадак, а вада атрымлівала гаючыя ўласцівасці.

Доўгі час справа аптэкарская і лекарская былі непадзельнымі. Аптэкар Станіслаў з Полацка называў сябе ў чалабітнай рускаму цару «лекарем» (у 1654 г.), а цар і ваявода ў перапісцы называлі яго «аптэкарам». У некаторых лістах з Рускай дзяржавы выказваліся патрабаванні даслаць з беларускіх гарадоў не толькі «зелья», але і «лекарей», як, напрыклад, было «велено Полоцкого аптекаря Ивана Михайлова к Москве», што сведчыць аб значнасці, аўтарытэтнасці і прафесіяналізме лекараў і аптэкараў Полацка.

У 1761 г. польскі кароль Аўгуст ІІІ выдаў грамату манаскаму ордэну бернардынцаў на адкрыццё аптэкі ў Полацку. Вядома таксама, што ў 1765 г. пры ўніяцкім манастыры існавала аптэка.

Гісторыя аптэчнай справы на Полаччыне 2

Лекі для Масквы

 Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1792 г. Полацк адышоў да Расійскай імперыі. У губернях былі арганізаваныя Прыказы грамадскай апекі, якія адкрывалі і ўтрымлівалі богаўгодныя ўстановы (бальніцы, сіроцкія прытулкі, дамы смуткуючых). Можна лічыць, што з іх узнікненнем звязаны пачатак дзяржаўнага лекавага забеспячэння бальніцаў і адкрыццё дзяржаўных аптэкаў. У Полацкай губерні Прыказ з’явіўся ў 1781 г., пры ім дзейнічала аптэка. Шматпрофільныя аптэкі-лаўкі ператвараюцца ў спецыялізаваныя фармацэўтычныя ўстановы. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. медыка-фармацэўтычная навука мела агульны поспех, і аптэчная справа атрымала навуковую аснову.

Для збору лекавых раслінаў існавала некалькі аптэкарскіх агародаў, дзе былі «сажены травы, кои в росписи для собирания написаны, а тех трав на лугах, полях и в лесах нет». Для павелічэння аптэкарскіх агародаў расліны пастаўлялі з прыватных гадавальнікаў і аптэкарскіх агародаў іншых рэгіёнаў. У 1666 г. полацкі ваявода І. Сумарокаў дакладваў цару Аляксею Міхайлавічу аб зборы і адпраўцы ў Маскву 20 пудоў карэння кансаліды чорнай, сабранай у Полацкім павеце з травою і зямлёю, а пасля абяцаў выслаць сушанае карэнне.

Акрамя таго, распаўсюджванне расійскага аптэчнага заканадаўства (1789, 1836 г.) абумовіла дзяржаўны кантроль і рэгламентацыю аптэчнай справы, што выявіла высокія патрабаванні да адкрыцця і работы новых вольных (прыватных) аптэкаў.

У канцы XIX ст. у горадзе працавалі тры прыватныя аптэкі. Першая належала Прашынскаму і размяшчалася на вуліцы Віцебскай, другая належала Гінзбургу на Верхнепакроўскай у доме Левіта, трэцяя – удаве Правіхорыя на вуліцы Віцебскай у памяшканні дома Энштэйна. Акрамя таго, у горадзе была аптэка пры Кадэцкім корпусе, дзе лекавыя сродкі адпускаліся навучэнцам і служачым гэтай навучальнай установы. Таксама ў горадзе працавалі дзве аптэчныя крамы, што знаходзіліся ва ўласнасці прыватных асобаў.

Гісторыя аптэчнай справы на Полаччыне 3А ў пачатку ХХ ст., згодна з даведнікам, выдадзеным у прыватнай друкарні Х. Клячко ў 1910 г., насельніцтва горада (больш за 50 тысячаў чалавек) абслугоўвалі аптэкі і аптэчныя крамы, дзе можна было атрымаць кваліфікаваную медыцынскую кансультацыю. Аптэка Беластоцкага і Лунца (старая аптэка) – на вуліцы Віцебскай (сёння праспект К. Маркса), Баярынблюма пад жалезным арлом – на Ніжнепакроўскай, а на вуліцы Азараўскай – аптэка Яўрэйскага дабрачыннага таварыства, дзе бясплатна выдавалі лекі бедным. Аптэчныя крамы Капейкіна, Піруцінскага, Эмануэля, Дайноўскага, Блінніка знаходзіліся на вуліцы Віцебскай.

 Аксана КОЗЕЛ, краязнаўца, http://bfk.by/