Навіны

Гістарычная аповесць «Полацкая шляхта» Вайніслава Савіч-Заблоцкага

Імя пісьменніка другой паловы ХIХ ст. Вайніслава Савіча–Заблоцкага (Вайніслава – Казіміра Канстанцінавіча Сулімы-Савіч-Заблоцкага, ураджэнца Полаччыны, стала вядомым у Беларусі адносна нядаўна. Яго творы ў друку з’явіліся толькі ў  другой палове мінулага стагоддзя, а пад пільную ўвагу даследчыкаў яго жыццё і творчасць трапілі толькі ў ХХI-м ст.

1 - Polskaja shliahta

Ён пісаў на польскай, рускай. нямецкай, французкай, беларускай мове, карыстаўся псеўданімамі: Грамадзянін з Белай Русі, Граф Суліма з Белай Русі, Полоцкий Гаврило, Comte Cailima, Павел Завіша і інш.

Цікавая, займальная і пазнавальная аповесць Вайніслава Казіміра Суліма-Савіч-Заблоцкага «Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта», была апублікавана ў часопісе “Полымя” (2004. №1,3,4, 6).

Твор публікаваўся пад рознымі назвамі. Выявіла і пераклала яго з польскай на беларускую мову даследчыца Ж. Некрашэвіч-Кароткая. Перакладчыца перадала ўсе мовазнаўчыя даследаванні пісьменніка, захавала спецыфічныя для Віцебшчыны асаблівасці гаворкі той пары. Цікава, што дзеля захавання каларыту той эпохі ўзноўлены ў творы этыкетныя формы шляхецкіх зваротаў, што ўжываліся на Беларусі: «Ямць», «Ямці» («Ягамосць», «Ягамосці») і інш. Па жанры гэты твор адносіцца да гістарычна-прыгодніцкай прозы. Авантурны элемент робіць гэты твор даволі займальным. Пачынаецца аповесць з характарыстыкі Беларусі тых часоў: “Вядома цэламу свету, дзе ёсць Белая Русь. Зрэшты, аспаньству казаць не трэба, якія толькі дзівосы і цуды у рускай той зямлі крыюцца, бо якімі ўласцівасцямі адарыў яе Стваральнік. Яе глеба не занадта плодная, лясоў і ўсялякіх вод незлічонае ў ёй мноства, а кожны лес поўны звера і птушкі, кожны вадаём – рыбы”».  3 гонарам  апісвае аўтар Заходнюю Дзвіну, Полацкае ваяводства. Асабліва ён засяродзіўся на годнасці беларусаў гэтага краю, як шляхты, так і сялянства: «А той славуты польскі анімуш (дух, нораў, характер) у той правінцыі, на шляхецкіх дварах, а нярэдка нават і ў сялянскай хаце жыве, поўнымі грудзямі дыхаючы”. Менавіта жыццю розных слаёў полацкай шляхты і прысвечаны твор.

У даўнішнім ваяводстве Полацкім пражываюць нашчадкі трох радоў — галоўныя repoi: па-над Дзвіною ў старасвецкім замку жывуць тры браты, дагэтуль нежанатыя стараставы сыны. Просты люд іх заве Шатанамі, ці па назве іх рэзідэнцыі — Арлалёты. У бок Обалі-ракі ў лістоўнічным доме, у паселку Шчарота жыве стары Мечнік (Падканвойны) і яго дачка Зоф’я. Пад Сіроцінам, амаль у вытанчаным палацы, у сваім маёнтку Бельмонт, жыве сын кашталяна — Гажагорскі. Вакол гэтых трох радоў і будуецца сюжэт.

Захавальнікам лепшых традыцый шляхты з’яуляецца стары Мечнік — Падканвойны, сыны яго палеглі пры Касцюшку, засталася толькі прыгожая маладзенькая дачка Зоф’я, якая выхоўвалася ў Вільні. Разам з ёю ў сям’і Мечніка жыла яе сяброўка Гануся. Безумоўна, цікава чытаць пра падрабязнасці выхавання маладых шляхцянак у той час.

Стараставы сыны ўвасабляюць сабою высакародны пласт шляхты, што заўсёды карыстаўся павагай, вызначаўся свавольнасцю, выступаў за незалежнасць сваёй краіны. Былі яны гарачыя і задзірыстыя, дзёрзкія ў душы.

У Бельмонце жыццё было зусім іншым. Тут квітнела нізкапаклонства перад іншаземцамі, а беларускімі традыцыямі пагарджалі. На праклятым месцы (бо тут прайшла эпідэмія чумы) пан Кашталян пабудаваў палац,  дзе з’явіліся і звярынцы, цяпліцы, фантаны, гроты. Ён насяліў мястэчка немцамі, французамі,  італьянцамі, людам з усіх бакоў свету, наладжваў вакханаліі. Смяяўся з усяго нашага, апроч французскай мовы іншай не карыстаўся, за што мясцовая шляхта і просты люд яго ненавідзелі. Аднойчы брат пана Старосты пан Ротмістр, які выступаў носьбітам нейкай асаблівай справядлівасці, хаця ва ўсім гэтым звычайна не меў меры, з мноствамшляхты напаў на зборшчыка, змясціў у клеткі заморскіх паноў і паняў і вазіў іх па павеце два тыдні. Самога Кашталяна пачаставаў бярозавай кашай уласнаручна, пасля чаго той з’ехаў з Польшчы.

Доўга маёнтак пуставаў, але пасля сюды прыехаў пан Кашталяніч — граф Ульрых Крыстын Гажагорскі, які яшчэ У Вільні захапляўся паннай Зоф’яй, але без узаемнасці. Таму пан Кашталяніч з дапамогай прагнага габрэя Фроіма спланаваў выкраданне панны Мечнікаўны. Габрэй схіліў на свой бок Золю, пакаёўку панны Зоф’і, бо пагражаў, што аддадуць у салдаты казака Герасіма, яе каханага. На Купалле Золя падсыпала Ганне і ахмістрыні пані Марушэўскай снатворнага зелля і угаварыла Зоф’ю пайсці на ігрышча. Выкраданне, выратаванне апісана ў лепшых традыцыях авантурнага жанру: з’явіўся рыцар-выратавальнік Шатан Старэйшы, які закахаўся з першага погляду і сам павёз Зоф’ю вянчацца ў царкву. Тады было прынята, каб гонар жанчыны.  як зрэнку вока вартавалі ўсе, а хто не трымаўся гэтага звычаю — лічылася, рабіў замах на Рэч Паспалітую. Бацька, празнаўшы пра выкраданне, кінуўся ў пагоню і раптоўна памёр — не вытрымала сэрца, але перад смерцю прасіў перадаць Арлалёту падзяку за дачку. Потым іх шлюб прызналі сапраўдным. Зоф’я сама пакахала Януша Паўла Арлалёта. Яе сяброўка выйшла замуж за яго сярэдняга брата. Канец шчаслівы, нават для Золі з Герасімам, што ў момант выкрадання Зоф’і хутка перайшлі на бок. Арлалёта. Выратаванне Зоф’і Арлалётам перадае ідэю твора: перамагае шляхецкая годнасць, ўсё дадатнае, што звязана з роднаю зямлёю.

Вобраз Зоф’і атрымаўся ў аповесці вельмі светлым і чыстым — вобраз ідэальнай шляхцянкі. Ідэальным у аповесці пададзены і вобраз яе бацькі Падканвойнага (Мечніка). Ён з’яуляецца сімвалам усяго лепшага, што вылучае шляхту Полацкага ваяводства, галоўнае для якой — берагчы годнасць, любіць свой край, шанаваць традыцыі. Гэта даказвае сцэна пахавання Падканвойнага: праводзіць у апошні шлях «Найшаноўнейшага грамадзяніна Полаччыны» сабраліся ўсе саслоуі краю. Дарэчы, абрад пахавання высакароднага прадстауніка шляхты намаляваны гістарычна дакладна.

2 - Polskaja shliahta

Што датычыцца вобразаў другіх герояў аповесці, то тут пісьменнік часта звяртаецца да гумарыстычных сродкаў. Карыкатурна намаляваны вобразы адмоўных персанажаў (граф Загожскі, габрэй Фраім і інш.). Усё гэта, а таксама мноства бытавых падрабязнасцей, надае твору жыццёвасць і ўзнаўляе карціны мінулага Полаччыны.

Аповесць яскрава перадае норавы шляхецкага асяроддзя Полаччыны канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. У ёй моцна гучаць і фальклорныя матывы: гэта і «Дума пра Арлалетаў», вясельныя песні, паданне пра Гарыславу (Рагнеду); жудасная і прыгожая легенда пра Жэраўскае возера, казка пра вужынага караля,  ярка намаляваная карціны Купальскага свята і   народнага гуляння ў “празнік Вазнясення”, дзе апісана адзенне дзяўчат, жынчын, мужчын і даводзіцца, што найбольш улюбёны колер жыхароў Полаччыны – белы, традыцыі, і звычаі — усё гэта, а таксама мноства бытавых падрабязнасцей надае твору жыццёвасць і ўзнаўляе карціны мінулага Полаччыны. У творы паказана, што амаль уся шляхта чакала прыходу Напалеона як вызваляльніка народаў (да таго часу, калі Напалеон, паказаў чаго варты яго “свабоды” было яшчэ далёка) і ненавідзела кацапаў (рускіх). Уладзімір Арлоў  у “ Таямніцы Полацкай гісторыі“  таксама піша пра гэта [1]. Хаця ў аповесці  вуснамі мудрага Янука Сялявы выказваецца думка: «Найгоршае няшчасце для народа – дазволіць ашчаслівіць сябе іншаму народу».

Твор Вайніслава Савіча–Заблоцкага “Полацкая шляхта”  унікальны,  шматпланавы, прасякнуты глыбокім патрыятычным пачуццём.      Апублікаванне яго вызвала вялікую цікавасць чытачоў і шырокі рэзананс у асяроддзі літаратуразнаўцаў. З’явіліся рэцэнзіі інфармацыйна-рэкамендацыйнага характара [9] і даклады, артыкулы ў навуковых зборніках, якія дакладна асвятляюць канкрэтныя праблемы твора, яго мастацкія вартасці. Усе даследчыцы, якія аналізавалі гэты твор з розных пунктаў гледжання высока  яго ацанілі і далі толькі станоўчыя водгукі. Артыкулы  так дакладна асвятляюць канкрэтныя праблемы твора, што рацыяналным падаць іх у форме дайджаста.

Сама перакладчыца аповесці Жана Некрашэвіч-Кароткая,  дзякуючы якой гэты твор пабачыў свет, апублікавала пра гэты літаратурны помнік  некалькі артыкулаў у навуковых зборніках і ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Першую публікацыю яна назвала: “Энцыклапедыя шляхецкага жыцця: аповесць В. Савіча–Заблоцкага” і зрабіла глыбокі аналіз з пункту гледжання перакладчыка-лінгвіста. “Гэты твор, — піша навукоўца, — бясспрэчна належыць да лепшых помнікаў айчыннага прыгожага пісьменства” [6]. Далей  Ж. Некрашэвіч-Кароткая адзначае, што аўтар стварыў інтрыгу ўжо на ўзроўні загалоўка”Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта. Жаніцьба Ягамосці Шатана Старэйшага” (у сучасным літаратуразнаўстве гэты твор называюць найчасцей “Полацкая шляхта”), да таго у тэксце маюцца загалоўкі “З аповядаў пана Паўла Завішы” ,  а першы аповяд называецца “Не тыя часы, не тыя людзі”.   Інтрыга захоўваецца на працягу ўсёй аповесці і не адпускае чытача,  узмацняючы заацікаўленасць.  Ж. Некрашэвіч-Кароткая называе Савіча–Заблоцкага пісьменнікам–лінгвістам і лічыць яго найпершым дасягненнем яго, “тое, што ён намагаецца ўзнавіць элементы жывой гутаркі жыхароў Полаччыны — як шляхты так і простага люду. У мове гэтых людзей як і ў гісторыі іх краю перапляліся самыя розныя па паходжанні элементы: лацінскія ідыёмы і лацінскія макаранізмы, старапольскія лексемы і граматычныя формы, французскія словы”. Хутчэй за ўсё аўтар свядома ўскладняе гэту “мяшанку”. Гэта звязана з яго народніцкімі поглядамі і імкненнем літаратурна апрацаваць беларускую  мову. Савіч–Заблоцкі сам робіць аўтарскія каментарыі і  экскурсы ў гісторыю таго ці іншага выраза. Аўтарка артыкула  робіць выснову, што каларытная і багатая мова твора — вынік доўгай і крапатлівай працы пісьменніка па зборы і апрацоўцы матэрыялаў, звязаных з пісьмовай і маўленчай культурай насельніцтва Беларусі (пераважна — віцебска-полацкага рэгіёну)”. Савіч–Заблоцкі не толькі зафіксаваў выразы, звароты, фразы, але  ён тут выступіў як даследчык моўнага арэалу, прытым ён прапанаваў свае лінгвіністычныя заўвагі, спрабаваў разважаць пра магчымую этымалогію. ”Моўны дыяпазон Савіча–Заблоцкага ўражвае: лацінская, нямецкая, французская, нямецкая, англійская, літоўская і беларуская, якая ў польскамоўным тэксце прысутнічае як на  ўзроўні асобных слоў і фраз, так і на ўзроўні цэлых тэкстаў, пераважна фальклорнага характару” Выключна важныя для аўтара паняцці – “Рэч Паспалітая”, “Бог”,  “Польшча” – заўсёды вылучаюцца курсівам і маюць мэту: на зрокавым узроўні  паказаць Радзіму, расказаць пра яе. Шляхта, якая жыве патрэбамі і турботамі свайго народа, — ідэал для аўтара твора.

Літаратуразнаўца Марына Дварэцкая разглядае аповесць “Полацкая шляхта ў кантэксце еўрапейскага літаратурнага працэсу. Лейтматыў артыкула — нацыянальная ідэя. У артыкуле” Шляхцічы і месцічы ў “Полацкай шляхце” Вайніслава Савіча–Заблоцкага”  яна падрабязна прааналізавала тыпалогію створаных вобразаў як прадстаўнікоў розных саслоўяў  Полаччыны тых часоў.

 “Існуе  меркаванне, — піша М. Дварэцкая, — што найбольш выдатныя  ўзоры  гістарычнай  раманістыкі  пісаліся  ў  часы,  калі  краіне  не  хапала  трывалай  асновы,  той прыступкі  нацыянальнай  свядомасці  і  годнасці,  на  якую  павінен  абаперціся нацыянальны рух. Ва ўсе часы еўрапейскія нацыі падчас барацьбы за незалежнасць узгадвалі і выводзілі на першы план сваіх выдатных дзеячаў  гераічнага  мінулага  і  слаўнай  сучаснасці. У Беларусі  такую  задачу узяў на сябе граф В. Савіч-Заблоцкі” [5].

 “Асноўную   задачу, — лічыць аўтарка  артыкула, —  В. Савіч-Заблоцкі  – бачыў у  рэпрэзентацыі   сваёй Радзімы. Менавіта Беларусь, з яе гісторыяй, з яе краявідамі і паданнямі, з яе зямлёй і людзьмі з’яўляецца  адным з галоўных персанажаў твора.

В. Савіч-Заблоцкі пісаў твор, знаходзячыся ў Заходняй Еўропе, што  абумовіла панарамнасць бачання роднай зямлі і роднага народа”.

 “У творы перад намі паўстаюць прадстаўнікі розных слаёў грамадства… Трэба заўважыць, што ўсе характары выпісаны даволі дэталёва. Характэрнай асаблівасцю “Полацкай шляхты” з’яўляецца адсутнасць у ёй вобразаў сялян як актыўных удзельнікаў падзей. У аповедзе прымаюць удзел пераважна служкі і дваровыя людзі. Толькі ў некаторых сцэнах (свята  Купалля,  пахаванне Мечніка) адзначаецца  прысутнасць “простага  народу”, праўда, тут   ён  выконвае ролю “масоўкі”.  Але  не варта забывацца  на вельмі істотны момант: аўтар пісаў не для беларускіх сялян, а для адукаваных еўрапейскіх чытачоў, паставіўшы перад сабой задачу адкрыць для Еўропы Беларусь і яе жыхароў”.

 “Кожны з характараў твора можа быць абагульнены да пэўнага тыпу: Мечнік – прадстаўнік старой высакароднай шляхты, што жыве ў маёнтку, дзе ўсё сведчыць пра ўклад мінулага стагоддзя. Такога героя мы бачым і ў  рамане “Война и мир” Л. Талстога (стары граф Балконскі), у паэме “Пан  Тадэвуш” А. Міцкевіча (Суддзя). Тыпалагічна блізкі яму – Януш Павел Арлалёт.  Еднасць  гэтых  двух  шляхціцаў заяўлена яшчэ ў назве твора – “Арлалёты і Падканвойны”. Стары Мечнік –  прадстаўнік  той высакароднай  ва ўсіх адносінах  шляхты, якая ўжо рэдка сустракалася на той час. У выніку, дзве магутныя галіны родаў злучаюцца ў адну, бо Арлалёт становіцца спадкаемцам  старога шляхціца, пабраўшыся з яго дачкой. Абодва беларускія мужы нават па знешнім выглядзе супрацьпастаўлены Гажагорскаму “.

М. Дварэцкая  зазначае, што В. Савічу-Заблоцкаму ўдаліся жаночыя вобразы, якіх тут мноства і якія раней зусім мала былі прадстаўлены ў беларускай літаратуры. Таксама створаны тыпічныя вобразы яўрэяў, якіх  у Полацку тады  была большасць.

Даследчыца робіць выснову: ” … мы маем права казаць ужо пра пэўныя літаратурныя тыпы,  некаторыя з  якіх  можам  назваць  нацыянальнымі”.

У працы Алены Плешкуновай  “Сінтэз узвышанага ў мастацкім творы” (на матэрыяле аповесці Вайніслава Савіча-Заблоцкага “Полацкая шляхта”) разглядаецца названы аспект твора [7].

“Вельмі яскрава паказаны ўзаемаадносіны паміж камічным і ўзвышаным у аповесці В. Савіча- Заблоцкага “Полацкая шляхта”. Нельга назваць гэты твор камічным, бо мэта аповеду зусім не забавіць чытача, а давесці яму гісторыю народа , абудзіць у чытачоў гонар за Радзіму . Але апавядаючы пра сур’ёзныя рэчы, аўтар часта звяртаейцца да гумару і іроніі, і гэта не перашкаджае мастацкім задачам пісьменніка.

“В. Савіч-Заблоцкі валодае гумарыстычным светасузіраннем, ён бачыць смешнае ў самым сур’ёзным,падсвядома паварочвае любую з’яву яе камічнай гранню. Аўтар дае іранічныя каментары амаль усім учынкам сваіх персанажаў, робіць філасофскія абагульненні іранічнага гучання наконт палітыкі і гісторыі, адкрыта смяецца з іншаземных парадкаў і з’яў”.

“Менавіта сінтэз узвышанага і камічнага з’яўляецца галоўнай асаблівасцю творчай манеры В. Савіч-Заблоцкага. Гэта праяўляецца на ўсіх узроўнях тэксту. На ўроўні архітэктонікі  — адразу кідаецца ў вочы выкарыстанне аўтарам прыёму”кніга ў кнізе”, бо акрамя шматлікіх легенд , паданняў песень, арганічна ўключаных у мастацкую тканіну аповесці, пісьменнік уводзіць графічна вылучаныя ўнутраным загалоўкам эпізоды. Гэта містафікацыйны ліст і прадмова аўтара. Уключаная ў тэкст аповесці кніга пана Дыдака “Lumey, або Светач найяснейшы…”, устаўное “Апавяданне пра Караля –Вужа”, “Прамова Ротмістра”  — усе названыя элементы аповесці выконваюць функцыю ўзвышэння (узвелічэнне рэальнай гісторыі краю, яго культурнаы, народных здабыткаў і народнай маралі адпаведна) і адначасова ўтрымліваюць у сабе камічныя сродкі”.

 “На сюжэтна-кампазіцыйным узроўні сінтэз камічнага і узвышанага праяўляецца ў чаргаванні сур’ёзных сцэн і камічных эпізодаў, велічных экскурсаў у гісторыю краіны і жартаўлівых побытавых сцэнак “.

У аповесці прысутнічаюць не толькі чыста сатырычныя вобразы (граф Гажагорскі), гуманрыстычныя вобразы (пані Схаластыка), але і такія, дзе спалучаюцца элементы узвышэння і камізму (пан Дыдак). Анекдот пра Старасту, што разбурыў цэлае крыло дома, па якім хадзіў няварты свайго звання кароль,  падкрэслівае яго маральныя вартасці, ухваляецца яго ўчынак. На моўным узроўні  таксама сінтэз камічнага і узвышанага сустракаецца даволі часта”.

 “Іронія дапамагае пісьменніку і звярнуцца да свядомасці беларусаў, якія забываюцца на сваё гістарычнае мінулае: “Адкінулі прэч усю мінуўшчыну,і, далібог , не ведаю,ці не было і ў небе рэвалюцыі”. Камічны сродак у гэтым прыкладзе і ў многіх іншых служыць дзеля узвышэння: “А ёсць у нас таксама й гарады, дзе карамелі і марцыпан як быццам раслі калісьці!..”. Такая гіпербала прымушае чытача не толькі ўсміхнуцца, але і сур’ёзна задумацца над мінулым сваёй Радзімы.

3 - Polskaja shliahta

Узвелічэнне роднай краіны, яе гісторыі, народа – скразны матыў у аповесці Вайніслава Савіча–Заблоцкага “Полацкая шляхта”.  Амаль заўсёды ўзвышэнне Радзімы робіцца з дапамогай камічных сродкаў. Пісьменнік сакралізуе гісторыю народа, ідэалізуе сам народ і пры гэтым не цураецца камічных элементаў у апісаннях: “З дзяцінства нашыя дзяўчаты выхоўваліся так, як выхоўваюць каня, каб ён умеў выносіць вершніка з поля бітвы”. Гэта значыць так выхоўвалі,  каб у любых жыццёвых нягодах яны маглі справіцца з сітуацыяй, уратаваць сябе і залежных ад іх асоб, сямейнікаў  хутчэй за ўсё, зноў жа узвелічэнне беларускіх дзяўчат.  Сінтэз узвышанага і камічнага з’яўляецца своеасаблівай, адметнай рысай стылю В. Савіча-Заблоцкага, якая робіць яго творчасць непаўторнай і запамінальнай”.

Бахановіч Наталля выступіла ў зборніку «Актуальныя праблемы паланістыкі 2006» з артыкулам «В. Савіч-Заблоцкі як майстра апавяданя (на матэрыяле “Полацкай шляхты”), у якім зрабіла поўны аналіз твора [4].

Дследчыца зазначае, што “Полацкая шляхта” адносіцца да тых твораў, што задавальняюць духоўныя патрэбы беларускага народа, але былі вымушаны самавыяўляцца на мове суседніх народаў. Гэты арыгінальны ”двухмоўны” твор з’явіўся ў выніку зліцця беларускіх рэалій  і польскай мастацкай традыцыі.

 “Тэматыка “Полацкай шляхты”: з аднаго боку – паказ дэградацыі пэўных слаёў беларускай арыстакратыі, з другой паказ лепшых яе прадстаўнікоў, іх мыслення і дзейнасці. Ідэя твора –выяўленне працэсаў фарміравання рэвалюцыйна-дэмакратычных настрояў беларусаў – сцвярджаецца як вобразам , так і моўным ладам на працягу ўсяго твора. Праблемы ж ставіла само жыццё:  у аповесці (так вызначыў жанр “Полацкай шляхты” сам аўтар) гучаць думкі аб неабходнасці працягу барацьбы за вызваленне народа, аб вяртанні былой Рэчы Паспалітай, аб захаванні вернасці былым маральным ідэалам і іншыя. Праз увесь тэкст праведзены лейтматыў  “залатой свабоды”, пра якую забыліся жыхары былой Рэчы Паспалітай”.  Гэта было вельмі актуальна на той час, калі з’явіўся твор: роздум над паняццем свабоды, незалежнасці асобы і народа.

Аўтарскі светапогляд заўсёды вызначае выбар канфлікту. Тут ён падвоены: унутраны і знешні. Знешні  — барацьба паміж Янушам Арлалётам і яго сябрынай і Гажагорскім за Зоф’ю Мечнікаўну, унутраны  заключаецца ў выяўленні працэсу фарміравання самасвядомасці лепшых прадстаўнікоў беларускай шляхты, у паказе тых крокаў , што яны пачалі рабіць, каб змяніць сітуацыю у краі. Даследчыца апісвае літаратурныя прыёмы, якімі карыстаўся пісьменнік каб абазначыць нормы прысутнасці у тэксце аўтара.

Аўтар тут хаваецца за вобразам апавядальніка, наратара, дзевяностагадовага шляхціца, які па просьбе дачкі згаджаецца апісаць цікавыя выпадкі з жыцця, хаця пісьменніцкую справу лічыць нізкай для сябе, шляхціца.Яго імя Савіч- Заблоцкі адкрывае толькі ў эпілогу- Павел Завіша (дарэчы, пад такім псеўданімам Савіч- Заблоцкі друкаваўся у “Виленским вестнику” ). Гэта твор не аўтабіяграфічны, бо створаны вобраз апявядальніка.  Праз прызму светаўспрымання гэтага вобраза паказаны ў аповесці ўсе падзеі, факты з жыцця герояў твора, апавядальнікі стаіць на той пазіцыі, што не збіраўся друкаваць твор, бо нізка ацэньвае яго. Тут прамая аналогія з Савічам- Заблоцкім , які хаваўся за мноствам псеўданімаў.

Формы выказвання у творы: маналог, дыялог, унутраны маналог.

Наратар не выдае сябе, ён нябачны, але паўсюды прысутнічае і адкрывае нам разнастайную палітру беларускіх традыцый, вераванняў, бытавых дэталяў.  Легенды гучаць як з вуснаў апавядальніка, так і іншых герояў.Таму – гэта твор шматузроўневы”.  Н. Бахановіч параўноўвае яго з гавэндамі – польскім гутаркамі.

 “Апавядальнік мае выразна акрэсленыя палітычныя погляды  яны скіраваны на узнаўленне былой Рэчы Паспалітай з яе маральнымі нормамі і устаноўкамі. Рэалізацыю гэтай скіраванасці В. Савіч-Заблоцкі усклаў на Паўла Януша Арлалёта.   Яго  вобраз сканцэнтраваў патрыятычную ідэю . Ён мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Станаўленне свядомасці Арлалёта пабудавана а некалькіх вузлавых напружаных момантах. Першы – адчутае і перажытае ў партрэтнай зале перад партрэтамі Ротмістра і маці сваёй. Другі — ў садзе песня: “ Бо не для паноў – для люду Пан панам даў дні”. Арлалёт разумее, што яго прызначэнне – працягваць справу бацькоў, працягваць змагацца за волю народа. Да яго ўрэшце прыходзіць жаданне ажаніцца і нарадзіць дзяцей, якія ў сваю чаргу працягнуць справу бацькі. Развіццё дзеяння толькі пацвярджае ўжо пазначаныя зрухі ў поглядах і перакананнях”.

Н. Бахановіч таксама заўважае, што асноўнай асаблівасцю стылю В. Савіч-Заблоцкага з’яўляецца ўменне чаргаваць розныя танальнасці, узвышанае з камічным.  Даследчыца прыводзіць доказы, што твор не закончаны , хаця “ сам аповед канешне, мае цэласнасць, завершанасць”.

Параўнальны аналіз вобразаў шляхы і іх жыцця зрабіла вучоны — філолаг  Ванда Бароўка ў артыкуле “ Шляхецкі свет у паэме “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча і аповесці “Полацкая шляхта” Войслава Савіча –Заблоцкага” [3].

 “Значнае месца ў творчасці ўраджэнцаў беларускай зямлі займала асэнсаванне шляхецкага жыцця. Шляхта ўспрымалася многімі польскімі аўтарамі як той пласт насельніцтва, што нёс маральную адказнасць за за лёс дзяржавы і найбольш ярка рэпрэзентаваў характары суайчыннікаў.”

В. Бароўка адзначае, што ў абодвух творах шмат агульнага ў раскыцці правінцыйнага шляхецкага жыцця, і па  гістарычным часе дзеяння ў  творах яны таксама блізкія:  канец ХVIII — пачатак ХIХ ст.  Праследжваецца рэалістычная тэндэнцыя ў  адлюстраванні рэчаіснасці з элементамі рамантызму, тое ж і ў  абмалёўцы патрыятычна настроеных асобаў. В. Бароўка застанаўліваецца на падрабязнай характарыстыцы твораў, іх мастацкіх  асаблівасцях, робіць іх глыбокі параўнальны аналіз.

Але  у адносінах да твора “Полацкая  шляхта” зноў жа,  як і ў артыкуле “Вайніслаў Савіч-Заблоцкі” даследчыца дапусціла  блытаніну з прозвішчамі родаў  Мечніка і Кашталяна [2].

У цэлым артыкул абгрунтавана  паказвае значнасць твора і яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Адно ўжо тое, што ён параўноўваецца з творам класіка  польскай літаратуры  беларускага паходжання  Адамам Міцкевічам “Пан Тадэвуш” ўзвышае у нейкай ступені нашага зямляка.

Аповесць Вайніслава Казіміра Суліма-Савіч-Заблоцкага «Полацкая шляхта» —  невычэрпная крыніца ведаў пра жыццё на Полаччыне  ў  канцы ХVIII — пачатку ХIХст. Яна ставіць аўтара ў  рад  цікавейшых пісьменікаў Х1Х стагоддзя, робіць выразнікам беларускай нацыянальнай ідэі – самаідэнтыфікацыі нацыі.

Гістарычная аповесць “Полацкая шляхта” – неацэнны сродак патрыятычнага выхавання, таму павінна быць выдадзена асобнай кнігай.  Мэтазгодна было б ўключыць яе ў  адпаведныя навучальныя праграмы. У нашым рэгіёне гэты твор павінен вывучацца абавязкова, хаця б на ўзроўні факультатыва.

 Літаратура:

  1. Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі / У. Арлоў. – Мінск: Папуры, 2008. – 608с.
  2. Бароўка, В.Вайніслаў Савіч Заблоцкі / Ванда Бароўка // Літаратурныя постаці Віцебшчыны: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў.- Віцебск, 2008. – С. 62-78.
  3. Бароўка, В. Шляхецкі свет у паэме “Пан Тадэвуш “ Адама Міцкевіча і і аповесці “Полацкая шляхта “Войслава Савіч- Заблоцкага / Ванда Бароўка // Мелодии, краски, запахи “малой родины” Адама Мицкевича : сборник научных работ / ГрГУ имени Я. Купалы ,- Гродно, 2008. –С. 150-160.
  4. Бахановіч, Н. В. Савіч-Заблоцкі як мйстра апавядання (па матэрыялах “Полацкай шляхты”/ Наталля Бахановіч // Актуальныя праблемы паланістыкі 2006 / рэд. С. Важнік, А. Копынава? – Мінск, 2006. – С. 15-22.
  5. Дварэцкая М. Шляхцічы і месцічы ў “Полацкай шляхце” Вайніслава Савіча-Заблоцкага. // Працы кафедры гістторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вып. 9.? – Мінск ВТАА:Права і эканоміка, 2008. – С. 94-97.
  6. Некрашэвіч-Кароткая , Ж. Энцыклапедыя шляхецкага жыцця: аповесць В. Савіч –Заблоцкага “Полацкая шляхта” / Ж. Некрашэвіч-Кароткая // Паланістыка =Полонистика=Polonistyka 2002/2003 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. – Мінск, 2004. – 2004. – С.249-259.
  7. Плешкунова А. Сінтэз узвышанага і камічнага ў мастацкім творы (на матэрыяле аповесці Вайніслава Савіча-Заблоцкага “Полацкая шляхта”) / А. Плешкунова // Працы кафедры гістторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вып. 9. – Мінск ВТАА:Права і эканоміка, 2008. – С. 151-156.
  8. Русецкий А. В. “Граф Сулима”-Дисненский /А. В. Русецкий, Ю. А.Русецкий // Художественная культура Витебщины: Поозерье, Подвинье, Верхнее Поднепровье /А. В. Русецкий, Ю. А.Русецкий. – Витебск, 2008. – С. 331 – 333.
  9. Сопікава, В. Каханне па-полацку напрыканцы ХVIII стагоддзя / В. Сопікава // Літаратура і мастацтва.-  2005. –  1 красавіка; Краязнаўчая газета.- 2005. -№ 9.

 Валянціна Сопікава, краязнаўца, http://kraeved.ihb.by

1 Comment

  1. Šarkoŭski pan

    Ўсё гэта цікава. Але вось толькі дзе ж яго знайсьці тое «Полымя» за 2004 год. Пра «Полацкаю шляхту» чуў даўно. Шукаў, але безвынікова. Аблічбавалі б, калі маеце. Шмат бы хто ўдзячны быў.

Leave a Reply

Theme by Anders Norén