У часы, калі ў трэндзе разьвіцьцё і аздабленьне гарадоў, гісторыяй вёсак займаюцца лічаныя адзінкі. Пастаўскі краязнаўца Ігар Пракаповіч — адзін зь іх.

Гісторык, краязнаўца і пісьменьнік Ігар Пракаповіч не адзін год займаецца дасьледаваньнем гісторыі Пастаўшчыны. Так, напрыклад, у часе кампаніі “Зробім лепш!”—2013 ім і групай зацікаўленых асобаў была сабраная вялікая колькасьць матэрыялаў пра зьнікаючыя і невялікія вёскі Пастаўскага раёну. Сёлета спадар Пракаповіч у супрацаўніцтве зь іншымі аўтарамі выдаў кніжкі пра вёскі Рымкі, Вялікія Споры, Задзеўе, Дунілавічы.

На думку Пракаповіча, краязнаўства — гэта той шлях, які можа прывесьці чалавека да роднай мовы і культуры. На жаль, цяперашнія школьнікі больш ведаюць пра тое, што адбываеца ў Азіі ці Амэрыцы, чым тут, на сваёй зямлі. З гэтае прычыны краязнаўца і арганізаваў маштабную папулярызатарскую акцыю беларускай гісторыі і традыцыяў. Разам з паплечнікамі ён зладзіў шматлікія выступленьні ў школах і мясцовых біблятэках, дзе прэзэнтаваў вынікі сваёй працы — кніжкі.

Дзякуючы кампаніі “Зробім лепш!” пабачылі сьвет чатыры краязнаўчыя выданьні

Краязнаўца лічыць, што сваёй дзейнасьцю не толькі зьвяртае ўвагу на праблемы малых вёсак жыхароў гэтых мясьцінаў, але і падштурхоўвае ўлады і насельніцтва да захадаў па ўратаваньні спадчыны зьнікаючых паселішчаў.

Пасьля дзясяткаў праведзеных сустрэчаў спадар Пракаповіч адзначае, што ўсе ўдзельнікі яго мерапрыемстваў пераконваюцца, што любая вёска — ёсьць каштоўным складнікам нашай цывілізацыі і таму матэрыялы пра паселішчы варта зьбіраць, апрацоўваць і захоўваць для нашчадкаў.

Дасьледнікі гісторыі Пастаўшчыны Ігар Пракаповіч, Мікалай Арэх, Франц Хоміч, Аліна Латыш і іншыя краязнаўцы заклікаюць мясцовае насельніцтва дапамагаць у зборы матэрыялаў для будучых кніг пра вёскі Ясюкі, Полава(Пятровічы), Стары Двор, Дварчаны, Савічы, а таксама дапаўняць фактамі ўжо выдадзеныя кнігі.

Ігар Пракаповіч, краязнаўца, http://belngo.info/