У райцэнтры Беразіно, што на Міншчыне, 4 чэрвеня адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычна-культурны патэнцыял Бярэзіншчыны. Захаванне і аднаўленне сядзібы Патоцкіх», прысвечаная 515-м угодкам з часу першай летапіснай згадкі пра горад.

Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 1

14 траўня. Удзельнікі талакі ў сядзібе Патоцкіх (здымак ecokraj.by)

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Офіс развіцця экалагічна-краязнаўчых ініцыятываў» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкаму пры падтрымцы аргкамітэту Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага і грамадскага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (Рыга, Латвія).
Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 2
Удзельнікі навуковых чытанняў
У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі,  госці з Мінска — археолагі Вадзім Кошман і Мікола Плавінскі, якія пазнаёмілі прысутных з гісторыяй вывучэння археалагічнай спадчыны краю і вынікамі яе даследавання, а таксама архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў і загадчыца Літаратурнага музею Петруся Броўкі Наталля Мізон. Зміцер Савельеў звярнуў увагу на метадалагічныя асновы рэстаўрацыі гістарычных сядзібаў краіны, а Наталля Мізон — на пытанне цэласнасці сядзібна-паркавага комплексу Патоцкіх.
Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 3
Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі
Бярэзінскі краязнаўца Ігар Жукоўскі апавёў пра герояў нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага самаўладдзя 1863-64 гадоў на Бярэзіншчыне. Гэтае даследаванне заслугоўвае асобнага выдання.
Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 4
Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі

У горадзе захаваўся выбітны помнік архітэктуры нацыянальнага значэння — класічная двухпавярховая мураванка першай паловы XIX стагоддзя на правым стромкім беразе ракі Беразіна, умацаваным бутавай падпорнай сценкай. У гэтым арыгінальным будынку, што патрабуе неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі, некалі знаходзілася сядзіба графоў Патоцкіх, затым школа і склад.

Менавіта з гэтай рамантычнай мураванкай над ракою з цікавым мінулым і прывабнай архітэктонікай мясцовая інтэлігенцыя звязвае будучую музейную экспазіцыю —  прысвячэнне выбітным ураджэнцам краю: мастакам братам Гараўскім, прадстаўнікам старажытных беларускіх шляхецкіх родаў Ваньковічаў і Свентаржэцкіх — удзельнікам паўстання 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а таксама кампазітару, дырыжору і музычнаму крытыку Міколе Равенскаму і літаратуразнаўцы-дысідэнту Міколу Прашковічу.

На пасяджэнні ішла гаворка пра неабходнасць зменаў у праект рэстаўрацыі будынку для ягонага прыстасавання пад музей, пра стварэнне ініцыятыўнай групы грамадзянаў, якія ўпэўненыя, што такая культурная ўстанова вельмі патрэбная людзям, вераць у ажыццяўленне сваіх мараў і гатовыя ахвяраваць сваім часам, каб здзейсніць задуманае, зважаючы на сусветны  досвед стварэння музейнай экспазіцыі.

Дарэчы, такая грамадзянскай супольнасць ужо ствараецца з ініцыятывы мясцовай грамадскай дзяячкі, харэографа Іны Яўмененка. Нядаўна грамадскія актывісты правялі талаку па прыборцы занядбанай сядзібы Патоцкіх ад смецця і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, а таксама неадкладныя працы па кансервацыі помніка дойлідства.
Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 5
З выставай знаёміцца дырэктар Інстытуту беларускай гісторыі і культуры, магістр эканомікі Віктар Яўмененка
Апроч таго, на канферэнцыі ўздымалася пытанне пра поўную інвентарызацыю помнікаў археалогіі Бярэзіншчыны для іх належнай аховы, даследавання і выкарыстання ў адукацыйна-выхаваўчых мэтах.
Матэрыялы канферэнцыі мяркуецца выдаць асобным зборнікам ў серыі «Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага».
Канферэнцыя адбывалася ў памяшканні цэнтральнай раённай бібліятэкі — помніку неакласіцызму XX стагоддзя, дзе з нагоды чытанняў былі разгорнутыя тэматычныя выставы.
Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно 6
Выстава аргтэхнікі ў бібліятэцы
Напрыканцы ўдзельнікі канферэнцыі пазнаеміліся з незвычайнай дубовай разной лыжкай даўжынёю каля 24 метраў, што ўпрыгожвае тэрыторыю мясцовага цэнтру рамёстваў. Бярэзінскі майстар разьбы па дрэве Яўген Осіпаў разам з калегамі Уладам Макавецкім і Алесем Паскробкам завяршылі працу над гэтым высокамастацкім творам з выявамі элементаў народнага арнаменту, гербу горада Беразіно і казачным сюжэтам пра прыгоды легендарнага Бярэзінскага цмоку. Ёсць намер прадставіць гэтую найвялікшую лыжку ў свеце для ўнясення ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
Лыжка — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінэса
Лыжка — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінэса
Марат Гаравы, http://novychas.by/