Ракетныя войскі і артылерыя – гэта тая зброя, якая не старэе і не траціць сваю актуальнасць з тэхнічнага погляду. Але ці многія ведаюць, што існуе сувязь паміж  сучаснымі ракетамі і ўраджэнцам беларускіх зямель далёкага XVII стагоддзя Казімірам Семяновічам?

Белорусский «ракетчик» XVII века 1На жаль, да нас дайшло вельмі мала звестак пра Казіміра Семяновіча. Асноўнай крыніцай аднаўлення ягонага жыццяпісу служыць кніга “Вялікае мастацтва артылерыі”, дзе рэдкія звесткі і ўспаміны рассыпаны дробнымі залацінкамі. Акрамя таго, біёграфы адшукалі ў архівах жменьку фактаў пра некаторыя старонкі яго жыцця. Агульны аналіз усёй сукупнасці фактаў дазваляе прасачыць жыццёвы шлях выдатнага вучонага.
Мяркуючы па дакументах, Казімір Семяновіч паходзіць з роду дробных князёў Семяновічаў, якія валодалі ў ХІV-ХVІ стагоддзях землямі на Беларускім Падняпроўі. Ім належаў тут “двор Быхово”, а таксама “земля пустая Дубровенская”. Такім чынам, абшар іх уладанняў займаў частку Магілёўска-Віцебскага Падняпроўя.
Відаць, пазней гэты род перайшоў у каталіцтва і належаў да дробнай шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта так – “шляхцічліцьвін” – называў сябе Казімір Семяновіч. Можна меркаваць, што нарадзіўся ён каля 1600 года.
Бацькі хацелі скіраваць Казіміра да заняткаў палітыкай, аднак ён пачаў спасцігаць таямніцы вайсковай службы, асабліва артылерыі.

Тыпы стабілізатараў да ракет

Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Удзельнік вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632-34 гг. і аблогі маскоўскага гарнізона ў г. Белым (сакавік-май 1634 г.), удзельнік бітвы 30.1.1644 г. войск Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе быў сведкам дзеяння татарскіх феерверкаў. Выехаўшы ў Нідэрланды, у 1645 г. удзельнічаў у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрландах Семяновіч атрымаў магчымасць пазнаёміцца з багатай еўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Назапасіўшы практычны вопыт, распачаў свае ўласныя доследы з мэтай спасцігнуць “таямніцы парахавых сіл”, авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Настойліва вывучаў механіку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізіку, хімію, матэматыку, асвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і метале, адліўка гармат з металаў і інш. Ёсць падставы меркаваць, што кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў ІV апекаваў таленавітага феерверкера і даваў патрэбныя сродкі, кааб Семяновіч меў магчымасць вывучаць зброю ў еўрапейскіх арсеналах.
У 1646 г. кароль адклікаў Семяновіча з Нідэрландаў і прызначыў яго інжынерам у кароннай артылерыі.
У 1648 г. Семяновіч прызначаны намеснікам начальніка артылерыі Польскага Каралеўства і разам з 12 гарматнікамі выязджаў на вайну з казакамі. Па ўласнай ініцыятыве, а часта і за свой кошт праводзіў эксперыменты па вонкавай і ўнутранай балістыцы, рабіў шматлікія запускі ракет.
Пасля паражэння польскага войска пад Піляўцамі ён выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрланды. У 1650 г. у Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда-Вільгельма Габсбурга выдаў на лацінскай мове трактат “Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая”. У 1651 г. гэта кніга была перавыдадзена на французскай мове з прадмовай аўтара, прысвечанай Вільгельму Фрыдрыху – начальніку артылерыі Рэспублікі Задзіночаных правінцый (такая тады была афіцыйная назва Нідэрландаў). Прадмова К. Семяновіча 1651 года да французскага выдання ягонай кнігі дагэтуль застаецца апошнім дакументальным сведчаннем яго жыцця. Хутчэй за ўсё, неўзабаве ён памёр. Што сталася прычынай смерці – невядома. Ці памёр ён ад якой хваробы, ці загінуў пад час доследаў з выбуховымі рэчывамі, ці, як мяркуе А. Штэрнфэльд, быў забіты рамеснікамі-піратэхнікамі за тое, што ў сваёй кнізе выдаў сакрэты і таямніцы свайго майстэрства, – пэўна сказаць немагчыма.
Кніга Семяновіча, перакладзеная на нямецкую, англійскую, галандскую, дацкую і інш. мовы, на працягу паўтара стагоддзя была адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац па артылерыі і піратэхніцы.
Семяновіч падрыхтаваў да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць не паспеў, захаваліся толькі звесткі пра існаванне такога рукапісу ў бібліятэцы Артылерыйскага музея ў Пецярбургу. У бібліятэцы Варшаўскага ліцэя (паводле сведчання гісторыка польскай літаратуры Фелікса Бянтоўскага) знаходзіўся бюст Семяновіча, на якім ён паказаны з ордэнскай стужкай і ордэнам Зоркі на грудзях. Мяркуюць, што гэтым ордэнам вучоны быў узнагароджаны галандцамі за сваю выдатную працу “Вялікае мастацтва артылерыі”, а магчыма, і за ўдзел у аблозе г. Гульста.

Белорусский «ракетчик» XVII века 3Тыпы і канструкцыя парахавых ракет Семяновіча

Казіміра Семяновіча можна назваць адным з тых беларусаў, якія змянілі свет. Таму што яго твор не страціў свайго значэння і сёння.
Сёння мы ўспрымаем яго, вядома, як помнік навуковатэхнічнай думкі, але ён паслужыў асновай для вельмі многіх вынаходніцтваў у галіне ракетабудавання. Да апошняга часу імя Семяновіча было вядома вельмі вузкаму колу спецыялістаў. Хоць і пры жыцці, і сёння Семяновіч быў і застаецца для ракетчыкаў і феерверкераў усяго свету адным з самых аўтарытэтных вынаходнікаў. Казімір Семяновіч дакладна прадказаў лёс сваіх адкрыццяў. Ён пісаў, што яго творы праз шмат гадоў будуць забытыя, а яго вынаходніцтвы прысвояць пазней іншыя аўтары.
Кніга Семяновіча для многіх стала адкрыццём у галіне артылерыі і піратэхнікі. У сваім творы наш зямляк, акрамя ўсяго іншага, апісаў уладкаванне шматступенчатай ракеты за 250 гадоў да Цыялкоўскага, што ў далейшым вызначыла шляхі развіцця артылерыі ў Еўропе.
Твор беларуса лёг у аснову будучага касмічнага ракетабудавання. Семяновічу належыць яшчэ і першынство ў распрацоўцы так званай “разумнай зброі”. У асобным раздзеле кнігі апісана ўніверсальная оптыка-механічная сістэма прыцэльвання і навядзення для зброі і ракет. У сістэме былі элементы памяці і аўтаматызацыі, што гучала зусім рэвалюцыйна па тых часах. Беларус прыдумаў яшчэ і своеасаблівую ракетную сістэму залпавага агню – правобраз усім вядомай “кацюшы”. Шляхціч з Віцебскага ваяводства Казімір Семяновіч зрабіў выснову аб выкарыстанні кінетычнай энергіі за 35 гадоў да таго, як Лейбніц увёў само паняцце… І гэта далёка не ўсё, што вынайшаў наш з вамі зямляк.


Падрыхтаваў Аляксандр Юшчук, http://www.ostrovets.by

Малюнкі з кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі».