Напалеон Орда ў мастацкай творчасці вызначыўся і як вучоны- этнограф, краязнавец, для якога малюнак — гэта гістарычны дакумент, у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра архітэктурныя помнікі Беларусі (сядзібы, палацы, храмы). Але, найперш, цікавы Н.Орда як майстар архітэктурнага пейзажу. Пейзажы – рознастылёвыя, напісаныя ў лірычным і эпічным плане, філасафічныя, напоўненыя патрыятычнымі пачуццямі, маюць культуралагічную значнасць.

1 - vorocevichi_usadbaВарацэвічы — сядзіба Ордаў. Малюнак Н. Орды.

На малюнках, прысвечаных палескаму краю (паўднёвая частка былых Гродзенскай і Мінскай губерній), Берасцейшчына паказана як прыгожая лясная краіна, дзе рамантычны «век» Напалеона Орды энергетычна злучаны з мінулымі гістарычнымі вякамі не толькі праз хараство манументальных будынкаў, але і праз вобразы паркавых дрэў. Жыццё адухоўленых палескіх дрэў (елак, дубоў, бяроз … ) не аддзеленае ад жыцця сядзіб і іх насельнікаў: Ордаў, Скірмунтаў, Касцюшкаў, Ажэшкаў, Нямцэвічаў і інш.

Мастак з Варацэвічаў найбольш ярка праілюстраваў стыль класіцызму і барока ў архітэктуры гістарычнай Берасцейшчыны. Трэба думаць, што ўзнікненню святлаценевых пейзажаў Н.Орда, найперш, абавязаны класіцызму. Ён не толькі вывучыў, дасканала ведаў стыль класіцызму ў архітэктуры і перадаў гэтыя свае зацікаўленні праз малюнак, але і часта выкарыстоўваў класіцыстычны «прыём святлаценю».

2 - skoki_usadbaСкокі — сядзіба Нямцэвічаў. Малюнак Н. Орды.

Гульню святлаценяў на малюнках («Сядзіба Ордаў», «Сядзіба Нямцэвічаў», «Сядзіба Касцюшкаў», «Кляштар картэзіянцаў», «Свята-Духаўскі касцёл», «Парафіяльны касцёл св.Крыжа» і інш.) сённяшні глядач можа тлумачыць па-свойму. Прааналізуем некаторыя малюнкі Н. Орды.

«Сядзіба Ордаў» — гэты малюнак Н.Орды (як і ўсе іншыя ) суправоджаны анатацыяй: На літаграфіі надпіс: «Варацэвічы 14 жніўня 1860. Месца нараджэння Напалеона Орды.» Сядзібны дом пабудаваны ў другой палове XVIII ст. пад уплывам стыляў — барока і класіцызм. Сядзіба ўся нібы заліта «сімвалічным святлом». Вобраз «святла» прачытваецца як настальгія па ідылічным старабеларускім (патрыярхальным) жыцці; як вяртанне ў часы Рэчы Паспалітай і як успамін пра вольную Радзіму.

3 - dvorets_skirmuntovПалац Скірмунтаў ў Моладава. Малюнак Н. Орды.

…У святле і шуме жнівеньскага лета. За агароджай пейзажны парк – як уваходзіны ў векавую даўніну. Дом і двор – у кальцы дрэў. Шырокалістыя верхаліны шчыльных дрэў, рухомыя ад ветру, арганізаваліся ў адну жывую масу. Прастора парку паветраная і настолькі напоўнена духам векавой даўніны, што, здаецца, перадае сваю энергію архітэктурным будынкам.

Трэба сказаць, што на многіх малюнках Н.Орды арганічная сувязь паркавага асяроддзя і сядзібаў менавіта такая… Можна ўявіць, як сядзібы напоўніліся галасамі сваіх насельнікаў… Як, напрыклад, у палац Нямцэвічаў, у вёску Скокі, паз’язджалася засцянковая шляхта. Былі і князі-магнаты Чартарыйскія. А Юльян Нямцэвіч, дзевятнаццацігадовы кадэт, чытаў гасцям на памяць творы Авідыя; Юльян пакуль не ведае, што стане вядомым паэтам, перакладзе з лацінскай мовы на польскую «Жалобныя элегіі» Авідыя.

Можна ўявіць, як Варацэвічы, сядзібу Ордаў, наведала ў 1844 г. семнаццацігадовая, будучая скульптарка, Хелена Скірмунт, маці якой — Гартэнзія — даводзілася сястрой Н.Ордзе. З нагоды прыезду Хелены ў доме Ордаў адбылася «вячэра», якая пачалася «Паланэзам»…

…Ці як у палацы Скірмунтаў, што ў вёсцы Моладава, дзе пэўны час у 1867 г. жыў Н. Орда5. Адзначым таксама, што ў суседняй вёсцы Парэчча ў 1868 г. спраўлялі нарадзіны хлопчыка. Імя яму далі – Раман6. Ён стаў вядомым беларускім палітычным дзеячам.

4 - duboiДубой — сядзіба Кужанецкіх. Малюнак Н. Орды.

Класіцызм у пейзажах Н. Орды выяўляецца і праз вобраз «ценю». «Цень» прачытваем як сімвал гістарычнага сну, забыцця, як сімвал страты нацыянальна-культурных каштоўнасцей.

…Дрэвы, будынкі, людзі, якія пакрыты ценем, нібыта самі ператварыліся ў вобразацені; яны — як «цені забытых продкаў», якія блукаюць па сцежках гістарычных шляхоў. Адчувальна, што на малюнках Н.Орды вобразацені, такія, як, напрыклад, у «Дзядах» А.Міцкевіча…, альбо ў імпрэсіяністычнай аповесці «Шчабятун» Федара Одрача7… Васіль, герой аповесці Одрача, размаўляе з «ценямі продкаў» як творца-пісьменнік, філосаф; ён параўноўвае «людскую сутнасць» з уяўна-прывіднымі вобразамі: напрыклад, з мройна-прыгожай «дзяўчынай у рабінавым вянку»…

Калі далей назіраць стылёвыя адметнасці архітэктурных краявідаў Н.Орды, то бачна, што яго жывапіс — умоўна імпрэсіяністычны. Стылёвы почырк Н.Орды імпульсіўна-эмацыянальны; прыродныя вобразы выклікаюць у мастака (як і ў чытача) самыя розныя асацыяцыі : дрэвы як людзі, людзі як лялькі; лес як мора… Паназіраем стылёвую мову малюнка «Сядзіба Кужанецкіх»(в. Дубой, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць). Як вядома, сядзібна-паркавы ансамбль створаны ў 2-ой палове XVIII cт. у стылі барока. Да Кужанецкіх дом перайшоў ад пінскіх езуітаў. Гаспадар сядзібы (часоў Н.Орды) – Юзеф Кужанецкі, дзед знакамітай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч і муж Эміліі Орды — сястры мастака.

5 - sviato-duhovski_kostiolСвята-Духаўскі касцёл ў Язвіны. Малюнак Н. Орды.

Шапацяць дрэвы. І бярозка, і сосны, і яліны, што на першым плане малюнка, выяўленча глядзяцца як адухоўленыя, рухомыя ад ветру. Да сядзібы Кужанецкіх вядзе, нібы з тканага палатна, шырокая алея, якая выбеленая сонцам. Але ж уся пакрылася ценем старая лясная вёска – быццам схавалася ад святла ў гушчы лесу. Людзі (пан і паненка) – паказаны маленькімі, сілуэтна аформленымі ў цень. Людзі – як «лялькі», як «статуэткі». Дрэвы – як людзі. І тыя і другія скіраваныя ў бок святла.

Нельга не заўважыць, што мастацкая творчасць Н.Орды ідэйна-тэматычна і стылёва набліжана да паэзіі А.Міцкевіча. З А.Міцкевічам Н.Орда зблізіўся ў Парыжы8, у час эміграцыі. Як і А.Міцкевіч, Н.Орда – рамантык у светаадчуваннях і адначасова раэліст. Як і А.Міцкевіч, Н.Орда быў палітычна з’арыентаваны да адраджэння Рэчы Паспалітай. Стварэнне архітэктурных пейзажаў прадыктавана патрыятызмам Н.Орды, жыццё якога было цесна злучана і з такой падзеяй, як паўстанне 1830-1831 г. , у якім мастак непасрэдна браў удзел. Таму засяродзімся яшчэ на адным малюнку Н.Орды:»Свята-Духаўскі касцёл»:

На алоўкавым малюнку адлюстраваны Свята-Духаўскі касцёл, які знаходзіўся ў вёсцы Язвіны (цяпер Драгічынскі раён), недалёка ад Варацэвічаў. На малюнку надпіс: «8 чэрвеня 1861. Дзяды 1772». У 1769 г. каля Янава Аляксандрам Суворавым быў разбіты атрад канфедэратаў пад кіраўніцтвам Антонія Ажэшкі. Ля Язвінскага касцёла, напэўна, былі пахаваны барскія канфедэраты? Пасля разгрому Барскай канфедэрацыі адбыўся 1-ы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Значыць, «Дзяды», пра якія ўпамінае Н.Орда, — гэта «Дзяды» па загінуўшай Рэчы Паспалітай. Шкада, але гэты барочны мураваны храм , пабудаваны ў 1750 г., быў разбураны ў сярэдзіне XX стагоддзя; ад яго засталіся толькі камяні.

Храм і сцежка ля храма паказаны ў светлай, казачна-лясной прасторы. А вось хваёва-яловы лясок і цяпер здзіўляе язвінцаў сваёй таямнічасцю. Язвінцы гавораць, што ў самай гушчы ельніка ляжыць невядома з якіх часоў заімшэлы камень. У народзе гэтае месца называюць «Ля Яна». Хто такі ЯН з легенды?

Жыў калісь у Язвінах Ян – прыгожы, мужны, багаты пан. Чуткі хадзілі, што ён быў першым фундатарам мураванага храма. Аднойчы Ян сустрэў у лесе мядзведзя, які павадзіўся хадзіць у Язвіны палохаць жыхароў і, найперш, – вясковых прыгажунь. Ян і мядзведь пачалі біцца. Хоць пан і прагнаў звера з лесу, але сам быў моцна паранены. Не выжыў… Яна пахавалі на тым месцы, дзе ён біўся з мядзведзем . І каб ушанаваць памяць пра Яна, вяскоўцы паклалі ля магілы вялізны камень. Такі ж камень быў закладзены і ў падмурак барочнага храма.

Алена Ігнацюк, краязнаўца, http://brama.brestregion.com