Перэферыйны статус Быхава у межах Беларусі ў пачатку ХХ ст. (напрыклад, чыгунка тут з’явілася толькі ў 1902 г.) абумовіў той факт, што малады беларускі нацыянальны рух тут амаль не выяўляўся. “Беларускае Адраджэнне” наогул мела мала структураў у правінцыйных павятовых цэнтрах і было ў правінцыі, за рэдкімі выключэннямі, амаль невядомае.

bychaw-panorama 17century

Аддаленасць Быхава ад Вільні яшчэ больш абцяжарвала доступ сюды беларускіх выданняў; калі дадаць сюды процідзеянне рускай адміністрацыі і спольшчаных памешчыкаў, атрымаем пералік тых аб’ектыўных і суб’ектыўных цяжкасцей, якія заміналі абуджэнню на Быхаўшчыне беларускай нацыянальнай свядомасці. Зразумела, для горада з багатай гісторыяй і культурнай спадчынай (чаго варты адны толькі быхаўская мураванкі XVI–XVII стст.!) такая сітуацыя была непрымальная.

Правядзенне ў 2013 г. у горадзе Дня беларускай пісьменнасці ўздымае пытанне вывучэння і рэактуалізцыі гарадской і краёвай гісторыі, культурных набыткаў (а гэтаксама і стратаў) мінулага, наогул кажучы – гістарычнай памяці. Уяўляецца, у гэтым шэрагу Вацлаў Ластоўскі будзе не выпадковай постаццю.

Vaclau Lastouski

Вось жа: больш за 100 гадоў таму, у 1911 г., на сельскаспадарчую выставу ў Быхаве прыяжджаў у спецыфічным статусе “культурнага пасла” Вацлаў Ластоўскі – вядомы дзеяч нацыянальнага адраджэння, літаратар, гісторык, крытык, прэм’ер-міністр БНР (1919–1922 гг.), кнігавыдавец, у канцы 1920-х гг. – дырэктар Беларускага Дзяржаўнага музею ў Мінску. Навукова-папулярны выклад ягонай надзвычай цікавай і павучальнай біяграфіі зрабіў за сваім часам беларускі архівазнаўца і гісторык Язэп Янушкевіч (Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння. Мн., 1995). Уяўленне пра маштаб постаці дазваляе зрабіць перавыдадзеная сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ягоная капітальная праца “Гісторыя крыўскай (беларускай) кнігі” – манаграфія, якая адна толькі здольная заняць цэлую кніжную паліцу. Яшчэ адзін цікавы момант: калі Дзень пісьменнасці ладзіўся ў Глыбокім, сярод ушанаваных там выдатных ураджэнцаў Глыбоччыны быў і Вацлаў Ластоўскі; гэты факт можа разглядацца як своеасаблівае сімвалічнае сведчанне непарыўнага адзінства беларускай гістарычна-культурнай прасторы.

Пра выставу, пра свае ўражанні ад быхаўскага грамадства той пары В. Ластоўскі пісаў у адмысловай нататцы, якая тут і прыводзіцца ў скарочаным выглядзе, з захаваннем аўтарскай пунктуацыі і правапісу (паводле факсімальнага перавыдання: Наша Ніва. Першая беларуская газэта з рысункамі. Вып. 4. 1911 г. Мн., 2003. С. 471–473).

* * *

Вось і Быхоў, мэта нашае падарожы. Гарадок так сабе – з двумя цэрквамі і адным касьцёлам ды дзесяцьцю жыдоўскімі бажніцамі. Ляжыць ён на ўзгорку, разбудаваўся на руінах колішняго пагранічнаго з Масквой літоўскага замку. Як усюды у нас, і тут больш корчэм ці, як іх цяпер па моднаму празвалі, “рэстараноў”, піўных і іншых гэтаго калібру “культурных” закануркоў, чым школ і хаўрусоў.

Byhau 19

Брыдзеш пешчанымі вуліцамі паміж старэнькіх дамкоў, і неўспадзеўкі ў вочы кідаецца шырокі прастор. Гэта з валоў від на Днепро і нізкую, затопную раўніну, каторая цягнецца з дзесятак вёрст у шыркі роўнай лукой, цяпер – пад восень – густа убранай стагамі сена. Днепро тут не шырокі, але гонкі і водны.

З берагу у нізе на права відаць шмат белых новенькіх багатых будоўлі, прыбраных флагамі; гэта – выстаўка. Шырокі пляц, абгароджэны, выраўняны, засеяны зялёнай травіцай; скрозь праведзены дарожкі, пасыпаные жвірам, насаджэны кветкі ў прыгожые узоры, харошые газоны, багатые павільёны, рэстаран, тэатр; праведзен і тэлефон; паны ў сурдутах, у фраках; падежджаюць карэты, коні у бронзе з мяцёлкамі на галавах па шасьці цягнуць пустую лакераваную павозку. Ўсё гэта адразу паказывае, што выстаўка устроена не для убогай беларускай вёскі, а дзеля забавы паном, каторым зажадалося мець у Быхове тэатр с францускай мовай (як адзін казаў, ім надаела слухаць беларускую мову ад парабкоў і эканомоў), з заморскімі вінамі, з абедамі ад аднаго рубля да дваццаці пяці.

Быў на той выстаўцы і аддзел з беларускімі кніжкамі, ды з “Нашай Нівай”. Шмат хто з беларусоў дагэтуль ня ведаў, што ўжо шосты год выходзіць газэта ў роднай мове, дык цяпер усе чыталі, знаёміліся. Адны з раскрытым сэрцам віталі родную мову, пекна выложэную ў кніжках, – другіе глядзелі, як на дзіва, – але і адны і другіе куплялі кніжкі, і шмат хто падпісываўся на газэту. Знайшоўся і адзін такі малады паніч, каторы вельмі абурыўся, што на выстаўцы былі беларускіе кніжкі, і гаманіў, што ў Могілёўскай губэрні німа беларусоў <…>

Цікава было, як вучыцелькі з народных школ, прывёўшы дзетак, як бобу, паказыала ім агародніцкі аддзел. Паказывае, напрыклад, адна пальцэм на вялізарны гарбуз і пытае дзяцей, ці бачылі такую “тыкву”? – “Не” – кажуць дзеці – “тыквы ня бачылі, але акурат гэткіе гарбузы ў нас растуць”! – “Гэта-ж” – кажэ вучыцелька – “па вашаму па мужыцку гарбуз, а па расейску тыква”. <…>

У канцы трэба дадаць, што бадай толькі адны перакіньчыкі беларусы крыва глядзелі на беларушчыну; праўдзівые велікарусы па большай часьці спагадалі беларусам і цікавіліся кніжкамі і газэтай беларускай, а нават выпісвалі газэту, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускім рухам.

Антон Лявіцкі, краязнаўца, http://www.bykhov.by