Менавіта арыентацыя першага ардыната нясвіжскага М. Х. Радзівіла Сіроткі на Рым, Ватыкан, ордэн езуітаў, які праводзіў ідэалогію контррэфармацыі, спрыяла з’яўленню ў мастацкай культуры Рэчы Паспалітай стылю барока. У сакральных збудаваннях фундацыі Сіроткі відавочна падкрэслена канфесійная праграмнасць кампазіцыйных схем лацінскага паходжаня, абцяжараных, аднак, мясцовымі готыка-рэнесанснымі будаўнічымі традыцыямі. Сваёй грандыёзнай па тым часе будаўнічай дзейнасцю па пераўтварэнню Нясвіжа Сіротка імкнуўся, як адзначалі сучаснікі, «у цэнтры Сарматыі стварыць сапраўдную Італію». У гэтым кароткім панегірычным выказванні мясцовага ўраджэнца Сымона Старавольскага схавана каштоўная інфармацыя пра наяўнасць ужо ў той час двух генеалапчных міфаў. Пра першы, больш даўні, «рымскі», мы ўжо казалі. Дарэчы, арыентацыя ў сацыяльных паводзінах на ўзоры высокай грамадзянскасці, антычную героіку, запазычаныя з «Аналаў» старажытнарымскага гісторыка Тацыта, у культуралогіі атрымала назву «тацызм».

Адлюстраванне ідэалогіі славянскага сарматызму ў беларускім сакральным дойлідстве

А вось другі міф зашыфраваны тут у слове «Сарматыя». Нясвіж — цэнтр Сарматыі? У якім сэнсе? Агульнавядома, што сарматы — кангламерат ваяўнічых качавых плямёнаў (раксаланаў, саўраматаў, языгаў і інш.), якія ў ІІІ ст. да н. э. выцеснілі скіфаў са стэпаў Паўночнага Прычарнамор’я, вялі ўпартую барацьбу за тэрыторыю з краінамі Закаўказзя і Рымскай імперыяй, пакуль самі ў канцы ІV ст. н. э. не былі выцеснены гунамі са сваіх зямель на поўнач. Магчыма, што так яны б і зніклі ў гістарычнай цывілізацыі. Але заключэнне ў 1569 г. Люблінскай уніі паміж Каронай Польскай і ВКЛ і ўзнікненне на гэтай падставе новага дзяржаўнага ўтварэння — Рэчы Паспалітай — запатрабавалі ідэалагічнага грунтавання, агульнапатрыятычнага аб’яднання «вольных» пластоў грамадства, што спрыяла стварэнню «сармацкага» генеалагічнага міфа. Адпаведна яму шляхецкае саслоўе Рэчы Паспалітай, якое карысталася ў дзяржаўнай структуры вялікімі (у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі) юрыдычнымі правамі, нібыта мела адметнае ад простата люду этнічнае паходжанне — ад зняважаных гісторыяй, але моцных і незалежных духам сарматаў, якім надаваліся рысы гіпертрафіраванай саслоўнай годнасці, вольналюбства, рыцарства, адданасці грамадскім ідэалам.

Ідэалогія сарматызму падпітвала плынь «сармацкага» мастацтва, якому ўласцівы традыцыяналізм, праграмнасць, эмблематычнасць. Ужо з канца ХVІ ст. рысы сармацкага светапогляду выявіліся ў жанры рэпрэзентатыўнага партрэта, які даваў уяўленне пра высокую годнасць партрэтуемага прадстаўніка грамадства з дапамогай саслоўнай атрыбутыкі, нацыянальнага касцюма, гербаў, надпісаў і іншых сродкаў. Вельмі адчувальная нотка саслоўнай адказнасці прысутнічае ўжо ў помніках сакральнага каталіцкага дойлідства фундацыі князёў Сапегаў 1-й паловы ХVІІ ст., напрыклад, касцёле Міхаіла Архангела ў Вільні (1594-1625 гг.), Троіцкім касцёле ў Ружанах (1596-1617 гг.), касцёле Унебаўзяцця Маці Божай у Дзятлаве (1624-1646 гг.), Троіцкім касцеле бернардзінцаў у Друі (1643-1646 гг.) і інш. Ляпная аздоба скляпенняў гэтых святынь, па сутнасці, імітавала зорчаты малюнак сапраўдных нервюрных скляпенняў часоў беларускай готыкі. Прыхільнасць Сапегаў да «старасвецкіх» готыка-рэнесансных мясцовых будаўнічых прыёмаў (контрфорсы, «нягладкія» скляпенні) ускосна сведчыць пра іх «сармацкі» традыцыяналізм. Заўважым таксама, што ў каталіцкіх храмах, заснаваных Сапегамі, адпачатку адсутнічаў трансепт, а гэта, на нашу думку, азначае адсутнасць жадання надаць кампазіцыі збудавання форму лацінскага крыжа, у адрозненне ад праграмнай контррэфармацыйнай тэмы фундацый М. Х. Радзівіла Сіроткі.

У вельмі абстрагаванай мове архітэктуры рысы «сармацкага» светапогляду найбольш яскрава выявіліся ў 2-й палове ХVІІ ст., у гады праўлення Яна ІІІ Сабескага, абранага каралём пасля шматгадовай крывавай вайны 1654-1667 гг. паміж Рэччу Паспалітай, Маскоўскай Руссю і Швецыяй, ад якой у найбольшай ступені пацярпелі беларускія землі. Гэта ўжо быў час сталага барока ў сакральнай архітэктуры, але рыцарскі дух шляхты, перамогшай у вайне, карэнным чынам змяніў стылістыку храмабудаўніцтва, якую можна характарызавць як «сармацкае» барока. Намі вылучана група касцёлаў канца ХVII — пачатку ХVIII ст., для якіх уласціва канцэптуальнае падабенства кампазіцыйных, канструкцыйных і дэкаратыўных рашэнняў. Гэта касцёлы аўгусцінцаў у Міхалішках, кармелітаў босых у Глыбокім, кармелітаў старажытных правіл у Засвіры, дамініканцаў у Стоўбцах, Клецку, Мінску, францысканцаў у Оршы, фарны ў Наваградку і інш. Характэрна, што гэта пераважна святыні «жабрацкіх» каталіцкіх ордэнаў, якія ажыццяўлялі сваю місіянерскую і асветнbцкую дзейнасць сярод шляхты, што з’яўлялася галоўным фундатарам і заказчыкам гэтага тыпу будаўніцтва.

Асноўнымі прынцыпамі стварэння мастацкага вобраза ў «сармацкім» барока з’яўляюцца наўмысная архаізацыя, аскетызацыя вонкавага аблічча храмаў, наданне ім выгляду рыцарскага замка, што стварае ашаламляльны кантраст з пышнай барочнай дэкаратыўнасцю інтэр’ера. Па сваёй тэктоніцы яны могуць быць аднанефавым ці трохнефавым, мець розную форму прэсбітэрыя, аднак абавязковымі агульнымі рысамі з’яўляюцца: 2-вежавы галоўны фасад са спрошчаным плоскасным дэкорам і адсутнасць трансепта, што маскіруе канфесійную прыналежнасць святыні і адыгрывае прымірэнчую ролю у поліканфесійным грамадстве. Храм «сармацкага» барока ператвараецца ў сімвал хрысціянскага рыцарства яго фундатара, матэрыяльнае ўвасабленне яго заслуг перад Богам і Айчынай.

Мастацтвазнаўчы аналіз паказвае, што азначаныя помнікі каталіцкага сакральнага дойлідства Беларусі памылкова характарызаваць як гатычныя альбо рэнесансныя. Але гэта і не «найчысцейшае, найпякнейшае барока», як сцвярджаў гісторык культуры М. Марлёўскі, што можа датычыць толькі пышнага аздаблення інтэр’ераў касцёлаў. У іх архітэктоніку, безумоўна, закладзена эстэтычная канцэпцыя барока з яго тэатралізацыяй мастацкага ўспрымання, гульнёй кантрастаў, рацыяналізмам кампазіцыйных і канструкцыйных рашэнняў, але пераапрацаваная ў кантэксце сарматызму. Акрамя дэкаратыўна-знакавай сістэмы, уласцівай ідэалогіі тагачаснага грамадства і выяўленай у данатарскіх партрэтах, гербавых картушах, мемарыяльных надпісах, гэтаму колу помнікаў каталіцкага храмабудаўніцтва власцівы эмблематызм кампазіцыйных схем, традыцыяналізм архітэктурна мастацкіх прыёмаў. Ад класічнага, «італьянізаванага» барока славянскае «сармацкае» барока адрозніваецца не толькі і не столькі секулярызацыяй стылістыкі, колькі светапоглядам заказчыка, арыентаванага на нацыянальныя духоўныя каштоўнасці.

Крыніца: БЕЛАРУСІКА — ALBARUTHENICA кніга 21

Аўтар: Т. Габрус,  http://library.by/