Мала хто ведае, што ў музыкі знакамітай песні, якая пачынаецца са слоў «Купалінка-Купалінка, цёмная ночка», ёсць аўтар — выхадзец Случчыны, кампазітар, дырыжор, культурна-грамадскі дзеяч Уладзімір Тэраўскі (у некаторых крыніцах — Тэрраўскі).10 лістапада адбыліся 75 угодкі з дня гібелі гэтага вялікага беларуса і нашага земляка ў засценках НКУС.

Гісторыя знакамітай песні

Упершыню «Купалінка» прагучала ў 1921 годзе як фрагмент музычнага суправаджэння спектакля «На Купалле» Міхася Чарота ў Першам тэатры беларуская драмы (зараз Купалаўскі тэатр). Гэты спектакль меў вялікі поспех, у 20-я гады вытрымаўшы больш за 400 паказаў.

Дарэчы, Тэраўскі быў таксама аўтарам музыкі да вялікай колькасці іншых спектакляў, у тым ліку і «Кастусь Каліноўскі» Еўсцігнея Міровіча.

Шчыльнымі радамі

Аднак «Купалінка» не адзіны твор, які можна назваць візітнай карткай Тэраўскага. Ён стаў адным із аўтараў гімна «Ваяцкі марш», больш вядомага як «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», або «Марш Слуцкай брыгады», песні, якая неўзабаве стала гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Напісаў ён музыку і да песні «Адвеку мы спалі» на словы Аляксандра Мікальчука. Гэтую песню за патрыятычны і рэвалюцыйны пафас празвалі «Беларускай марсельезай». Абедзве яны гучалі падчас абароны ад савецкіх войскаў тэрыторыі Случчыны 1-й Слуцкай стралковай брыгадай войскаў БНР увосень 1920 года. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як Слуцкае паўстанне, ці Слуцкі збройны чын.

Дзейнасць Уладзіміра Тэраўскага не абмяжоўвалася напісаннем музыкі. Ён стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў — Менскі беларускі хор, асноўную частку рэпертуару якога складалі беларускія народныя песні.

Аўтар знакамітай песні «Купалінка» родам з-пад Слуцка 2

Узначальваючы музычную частку Першага Беларускага Таварыства драмы і камедыі, Тэраўскі быў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы. Пісаў песні і рамансы на словы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міхася Чарота і Змітрака Бядулі. Апошні ў сваім артыкуле «Штрыхi аб беларускай культуры» адзначаў, што хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, больш культурная за нашу.

Аўтар знакамітай песні «Купалінка» родам з-пад Слуцка 1

Усё жыццё Тэраўскага было неразрыўна звязана з музыкай. У 1920 годзе ён нават быў арыштаваны за выкананне песен «Каля хацiнкi» і «Панам мы песні не спяваем», але і гэта не стала падставай аставіць любімую справу.

Пацярпеў за музыку

За выкананне музыкі яму давялося і паплаціцца. Улетку 1920 года ў Асіповічах Уладзімір Тэраўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі за выкананне песен «Каля хацiнкi» і «Панам мы песні не спяваем».

Аднак калі першы раз справа скончылася толькі арыштам, то ўжо праз год, увосені 1921 года, разам з жонкай і шэрагам беларускіх культурных дзеячаў па сфабрыкаванай справе ён асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Пазней прысуд быў заменены на пяць гадоў турмы. Трэці яго арышт у жніўні 1938 года стаў апошнім. Праз два з паловай месяцы тройкай НКУС як «агент польскай разведкі» быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны 10 лістапада 1938 года. Па першай справе рэабілітаваны пракуратурай БВА ў жніўні 1996 года, па другой трыбуналам БВА — у лістападзе 1957 года.

***

Даведка

Нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі 11 лістапада 1871 года ў вёсцы Раманава Слуцкага павета (зараз в. Леніна). Быў малодшым сынам у сям’і праваслаўнага святара Васіля Тэраўскага, які кіраваў царкоўным хорам. Сястра Тэраўскага, Вольга, была жонкай пісьменніка Дзмітрыя Булгакоўскага. У 1889 годзе скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, пасля чаго навучаўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі. Ён любіў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй кашуля з саматканым поясам. Расстраляны ў 1938 годзе.

КАМЕНТАР. У большасці крыныц пазначаецца, што песня «Купалінка» — народная. Песня сапраўды стала народнай, але ж у яе музыкі ёсць аўтар — случчанін. Чаму яго імя знікла — можна толькі здагадвацца. І не апошняя версія: факт таго, что яго забілі савецкія ўлады, а пазначаць імя «ворага народа» у часы СССР было, мабыць, неяк незручна. Але і зараз не ўсе песні Уладзіміра Тэраўскага можна назваць «зручнымі» для ўжывання, бо звязаны яны з гісторыяй Слуцкага збройнага чына, Беларускай народнай рэспублікі і іншымі неадназначнымі падзеямі часоў Грамадзянскай вайны.

Алесь Дастанка, http://kurjer.info/