Сёння сумная дата. У гэты дзень 23 студзеня 1938 года забілі Вацлава Ластоўскага, беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, пісьменніка, гісторыка, філолага, літаратуразнаўца, этнографа.

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883-1938) – нарадзіўся 8 лістапада ў фальварку Калеснікi Дзісенскага павета Віленскай губерні. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу, паступіў у Пецярбургскі інстытут, але з-за матэрыяльных цяжкасцей давучыцца ў ім так і не давялося.

Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху. У 1906-1908 гг. уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. З 1909 г. — сакратар рэдакцыі «Нашай нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (Вільня), у 1916-1917 гг. — рэдактар газеты «Гоман», у 1918 г. выдаваў газету «Крывічанін» (Вільня). У канцы 1918 г. узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ўрада БНР пры летувіскай буржуазнай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры летувіскім пасольстве ў Берліне. З 1919 г. — у партыі беларускіх эсэраў, са снежня ўзначальваў Раду міністраў БНР. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі, у 1920 г. яму дазволена вярнуцца ў Летуву. У красавіку 1923 г. выйшаў з урада БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923-1927). У 1927 г. урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, у Інстытуце беларускай культуры, у АН БССР. У 1930 г. пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 год у Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. У 1937 г. зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 10.06.1988 г.

Расстраляны 23.01.1938 г. Вацлаў Ластоўскі 2

Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец. Аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі» (Вільня, 1910), «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926). Склаў «Руска-беларускі слоўнік» (Коўна, 1924). Ім напісаны ўспаміны пра нашаніўскі перыяд. Выступаў як паэт, празаік, публіцыст. Выйшлі «Творы» («Мюнхен, 1956).

Памяць пра гэтага выбітнога дзеяча назаўсёды застанецца ў беларскай гісторыі. Бо тая справа, якой ён прысвяціў сваё жыццё, а менавіта папулярызацыя беларускай гісторыі, жыве і прыносіць свае плады. Так дзякуючы ў тым ліку намаганням Вацлава Ластоўскага пастала незалежная Беларусь.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, што стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў сьнежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.